Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - Лявон Карповіч 15 стр.


Дома іх чакаў Ісаак. З першай сустрэчы яны пакахалі адзін аднаго.


Габрэйская нявеста (1665). Рэмбрандт (16061669). Рейксмузэум, Амстэрдам. Картмаксімум пошты Бурундзі, выдадзены ў 1968 годзе


«Габрэйская нявеста»  адна з апошніх і самых загадкавых карцін Рэмбрандта. Адзеньне персанажаў падобнае на старадаўнюю, біблейскую, таму ў якасьці назвы прапаноўваліся «Артаксеркс і Эсфір», «Якаў і Рахіль», «Абрам і Сарра», «Ваоз і Рут». Але канчаткова абрана была назва «Ісаак і Рэбэка». «Габрэйская нявеста», лірычная і рамантычная, пяшчотная і загадкавая, паказвае ўсяго толькі адносіны сямейнай пары, поўныя пачуцьця і ласкі.

Вінцэнт Ван Гог казаў, што аддаў бы дзесяць гадоў свайго жыцьця за магчымасьць праседзець два тыдні перад гэтай карцінай з адным толькі боханам хлеба.

Сустрэўшы Рэбэку, Ісаак ажаніўся на ёй. Атрымаўшы каханую жонку, суцешыўся Ісаак у смутку па сваёй маці (Быцьцё 24). Рэбэка выйшла замуж за Ісаака і тры цуду, якія адбыліся пры жыцьці Сарры, былі адноўленыя. Калі Рэбэка запальвала сьвечкі ў пятніцу ўвечары, то яны гарэлі цэлы тыдзень; хлеб, які яна пякла, заставаўся сьвежым ад тыдня да тыдня; і воблака славы парыла над яе шатром.

Сюжэт наступнай карціны нагадвае Біблейскую гісторыю.

Быў голад і Ісаак перасяліўся ў царства Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.


Рэбэка і Ісаак. Блёк пошты Мікранэзіі, выдадзены ў 1998 годзе


«Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: гэта сястра мая, бо баяўся сказаць: жонка мая, каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду. Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю. І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе. Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх. І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці» (Быцьцё 26:711).

Сказаныя Рэбэцы словы на дарогу, калі яна адпраўлялася з бацькоўскага дома ў дом Ісаака, «сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч» (Быцьцё 24:60), да гэтага часу паўтараюцца рабінамі нявестам на габрэйскіх вясельлях.

Падман

дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў (Лявіт 6:4)

Ісаак і Рэбэка мелі двух сыноў-блізьнюкоў. Першым нарадзіўся Ісаў. «Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава» (Быцьцё 25:2628).

І здарылася адна з тых «брыдкіх» гісторый, якімі мае шмат Сьвятое Пісаньне. Аднойчы, калі стомлены і галодны Ісаў вярнуўся дадому, ён убачыў, што Якаў зварыў чырвоную сачыўку, і папрасіў у брата трохі гэтай сачыўкі. «А што ты мне дасі наўзамен, калі я дам табе сачыўкі? Прадай мне цяпер жа сваё першародзтва» (Быцьцё 25:31). Відавочна, паляваньне ў гэты дзень у Ісава не была пасьпяховым і ня было чым заплаціць брату за страву. Ісаў у адказ засьмяяўся  і толькі?! Ён быў малады і рашучы, удачлівы ў паляваньні і ва ўсіх справах; ён не сумняваўся, што заўсёды зможа здабыць сабе пражытак і жыць на тое, што здабудзе сам, і няма ў яго неабходнасьці чакаць бацькоўскай спадчыны, і бацька яшчэ здаровы і паміраць не зьбіраецца А цяпер ён жудасна галодны Ды прападзі яно  гэта права першародзтва! І Ісаў прадаў сваё права першародзтва брату за міску чырвонай сачавічнай поліўкі. Пра гэты выпадак ведала Рэбэка і яна яго выкарыстала разам з Якавам, калі надышоў час дабраслаўленьня. Рэбэка вырашыла падмануць мужа і зрабіць спадчыньнікам любімага сына  Якава.

Стары, сьляпы і нямоглы Ісаак паклікаў Ісава і папрасіў яго згатаваць бацьку добры абед з дзічыны і тады ён атрымае бацькоўскае бласлаўленьне. А Рэбэка паклікала Якава і загадала яму як мага хутчэй прынесьці двух маладых ягнят з бліжэйшага статка, хутка прыгатавала зь іх страву, якую хацелася зьесьці Ісааку, і загадала Якаву аднесьці гэтую страву бацьку, і сказаць, што ён  Ісаў, які прыйшоў з паляваньня і падрыхтаваў любімую страву бацькі. Якаў спалохаўся і «сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі; можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне. Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой» (Быцьцё 27:1113). «Не бойся, сынок»  сказала Рэбэка  «мы апранем цябе ў вопратку Ісава, а рукі і шыю абгорнем скурай казьлянят: бацька памацае, і паверыць, што гэта валасатыя рукі і шыя Ісава».

Дабраславеньне Якава Ісаакам (1638). Гаверт Флінк,. Рыксмузэум, Амстэрдам. Блёк пошты краіны Антыгуа і Барбуда, выдадзены ў 2000 годзе


На карціне Гаверта Флінка намаляваны момант падману Якавым сьляпога бацькі. Падбадзёрваны маткаю, ён атрымлівае дабраславеньне, а разам з тым і спадчыну, ад паміраючага Ісаака.


Ісаак Благаслаўляе Якава (1642). Гербранд ван дэн Экхаут (1621  1674). Музэй мастацтваў Метраполітэн, Нью-Ёрк. Марка пошты Нікарагуа, выдадзеная ў 1971 годзе


Якаў стаіць на каленях ля ложка свайго сьляпога бацькі Ісаака пад пільным вокам маці Рэбэкі, калі ён атрымлівае дабраславеньне замест брата Ісава. Якаў апрануты ў «лепшую куртку» свайго старэйшага брата (якая занадта вялікая), а яго рукі і шыя пакрытыя казінай шкурай. На сьпіне ў яго паляўнічы калчан са стрэламі, але на падлозе ляжыць лук, цеціва якога аслаблена, што паказвае на тое, што ён не паляўнічы. На бакавым століку, пакрытым дываном, нацюрморт з сурвэткай, сальніца і пляшка з віном. Гэта смачная казьляціна нібы прыгатаваная Якавам. Прадмет на стале  збан Амстэрдамскай гільдыі срэбных спраў майстроў, які адпавядае бацькоўскай тэме. Бацька Ван Экхаута быў членам Гільдыі срэбных спраў майстроў і збан мог быць адным зь яго твораў.

Пазьней Якава дабраславіў Бог, нягледзячы, што той быў хітры. Чаму? Інтрыган Якаў меў дзьве адкупляльныя якасьці. У атрыманай спадчыне ён цаніў духоўнае дабраславеньне і ведаў сілу малітвы. Падман Рэбэкі і Якава ўдаўся! Але ўсё далейшае жыцьцё Якаў вымушаны быў расплачвацца за гэты падман.

Загадкавы сон Якава

І калі мы не спасьціглі таямніцу Пісаньня, то які быў сэнс у тым, што ён выліў алей на камень? Яўсевій Сафроній Еранім

Пазьбягаючы помсты брата Ісава, які выказаў сваё жаданьне яго забіць, Якаў, па радзе сваёй маці Рэбэкі, павінен быў уцякаць і пераадолець доўгі шлях у Мэсапатамію. Ён меў з сабой толькі адзін дарожны посах, а галаву для сну схіляў на камянях. Дайшоўшы да Харану, што на паграніччу сучасных Турцыі і Сірыі, змучаны, затрымаўся на начлег. І тут пачынаецца шэраг загадак. Якаў знайшоў пляскаты камень і паклаў яго сабе замест падушкі. Далей Якаву сьніцца загадкавы сон.


Сон Якава (Лесьвіца Якава). Фрэска лоджыі Рафаэля. Музэі Ватыкана, Рым. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1983 годзе


Бачыць ён у сьне лесьвіцу ад зямлі да неба, а па ёй спускаюцца і падымаюцца Божыя анёлы. «І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім; і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе» (Быцьцё 28:1315).

Так Якаў атрымаў пацьверджаньне абяцаньня, якое раней дадзена было Абрагаму і Ісааку.

Многіх мастакоў натхніў на працу загадкавы сон Якава.


Лесвіца Якава (1737). Хрыстафор Жафаровіч (17101753) Кляштар Боджані. Марка пошты Югаславіі, выдадзеная ў 1970 годзе


У 1990 годзе ў Тэль-Авіве адбылася выстава «Дзеці і моладзь малююць Біблію». Малюнкі зь якой сталі зьместам сэрыі марак.


Сон Якава. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1994 годзе ў сэрыі «Дзеці і моладзь малююць Біблію»


На лілова-бэзавым фоне, які згушчаецца да цёмна-фіялетавага, Шагал зьмясьціў знакамітую лесьвіцу Якава. Якаў бачыць у сьне анёлаў, якія падымаюцца і спускаюцца па лесьвіцы, сымбалізуючы яго шматлікіх нашчадкаў. Анёлы танчаць, як акрабаты, вакол лесьвіцы, нагадваючы цырк, які любіў Шагал, і падкрэсьліваючы «сваяцтва» сакральных і мірскіх сюжэтаў.


Сон Якава (1963). Фрагмэнт. Марк Шагал. Ніца. Нацыянальны музэй Біблейскага пасланьня Марка Шагала. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2018 годзе


У правай частцы палатна, якая не разьмешчана на марцы, Шагал адлюстраваў Серафіма, які трымае Мэнору. За крылатым Серафімам Шагал адлюстроўвае ўкрыжаванага Хрыста, і гэта не выпадкова. У сярэднія стагодзьдзі сон Якава атаясамляўся з узьнясеньнем Хрыста.

Да гэтага сымбалічнага сну зьвяртае ўвагу сваіх вучняў Ісус Хрыстос на пачатку Сваёй грамадзкай дзейнасьці: « ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага» (Паводле Яна 1:51).

Назад Дальше