Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства - Алег Грушэцкі


Алег Грушэцкі

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства

© Грушэцкі А., 2022

© Козел В., ілюстрацыі, 2022

© Афармленне. ТДА «Выдавецтва Чатыры чвэрці», 2022

* * *

У госці да бабулі і дзядулі

Машына запаволіла хаду, зехала з шашы на жвіроўку, і колы зашамацелі па пяску, уздымаючы невялікія аблачынкі пылу. Кіроўца зірнуў у люстэрка і заўсміхаўся. Там, на задніх сядушках, круціліся ў сне яго сын і дачка. Мужчына павярнуўся да жонкі, што сядзела побач і прамовіў:

 Бач ты, як угайдала ў дарозе!

 Дарога была нагэтулькі доўгай, што я сама ледзь не заснула.

 Але ўжо відаць хаткі нашай вёскі,  падбадзёрыў ён жонку.

 Урэшце прыехалі. Час будзіць соннае каралеўства!

 Сапраўды, а то мае бацькі падумаюць, што мы іх дарэшты замарылі.

 Гэй, соні!  павярнулася маці да сваіх дзетак.  Прачынайцеся, падязджаем!

Дзеці, пацягваючыся, расплюшчылі вочы і зірнулі ў акенцы. Вёска была невялікай. Дамы ў ёй  прасторныя, падворкі  шырокія. А дом нашых герояў вылучаўся нават на тле ўсіх іншых  ён быў найвялікшы. Не палац, але і не проста так сабе хатка. Старым было сумна жыць удваіх у такой сядзібе, і яны пачуваліся шчаслівымі, калі да іх прыязджалі дзеці і ўнукі. Так адбывалася і цяпер. Яны з вялікім нецярпеннем чакалі сваіх родных.

У дзяўчынкі было надзвычай прыгожае імя  Мілана. Відаць, нездарма. Яна выглядала мілай і прывабнай, рыхтык юная каралеўна. Сёлета на раённым школьным конкурсе прыгажосці сярод аднагодкаў яе абралі найпрыгажэйшай. І цяпер яна везла паказаць улюбёным дзядулю і бабулі свой шыкоўны прыз  інкруставаную каменьчыкамі дыядэму, нібы дыяментамі, зіхоткімі і пераліўнымі.

Ды і хлопец Янка быў не зломак які. На школьным імправізаваным рыцарскім турніры ён так бліскуча выступіў, што выйграў адзін з галоўных прызоў  хоць і пластмасавыя, але амаль праўдападобныя рыцарскія даспехі  нагрудныя латы, шалом, шчыт і меч. Так файна размаляваныя срэбнымі і залатымі фарбамі, што кожны хлопчык ягонага ўзросту пазайздросціў бы гэткім. Здалёк іх і насамрэч можна было прыняць за сапраўдныя.

Словам, прыемных неспадзяванак бабулі і дзядулю ад іх улюбёных унукаў мусіла ставаць. Праўда, самі Ян з Міланай тады яшчэ не ведалі і нават не здагадваліся, якія сюрпрызы і прыгоды чакаюць іх наперадзе. Але на ўсё свой час.

Бацька падехаў да брамы, прыпыніўся і націснуў на гукавы сігнал. Курачкі, якія павольна шпацыравалі ўсцяж дарогі, падскочылі, закудахталі і кінуліся бегчы, лопаючы крыламі. Дзверы машыны адчыніліся, і ўсе, пацягваючыся, выйшлі, стомленыя доўгім вандраваннем.

 Іду, іду,  пачуўся радасны голас бабулі ў двары за плотам.

За брамкай паказалася ўсхваляваная і светлая ад шчасця бабулька. Пачуўся грукат завалы варот, якія спяшаўся расчыніць дзядуля.

 Мае даражэнькія! Ну ўрэшце! Як жа я рада вас бачыць,  не магла нацешыцца бабуля гасцям.

 А хіба ж ты адна?!  паказаўся з-за брамкі і дзед.  Мы абое шчаслівыя вас сустракаць! Ледзь дачакаліся, родныя!

 Дзякую, мае дарагія нашы дарагія,  выправіўся бацька.  Мы таксама радыя, што да вас выбраліся. Самі разумееце, раней не маглі  праца.

 Вядома ж. Ну, і колькі мы зможам цяпер пабыць разам?

 Ды ўвесь месяц. Нам,  зірнуў бацька на жонку,  разам пашчасціла ўзяць адпачынак.

 О, то проста выдатна!  пляснула ў ладкі задаволеная бабуля.  І як там нашы ўнукі, дайце я імі палюбуюся, цэлы год не бачыла.

Янка і Мілана, таксама задаволеныя сустрэчаю з роднымі, падышлі і абняліся з бабуляй і дзядулем.

 Аёй, як выраслі, і не пазнаць!  пахвалілі іх старыя.

 Так, растуць дзеткі, як на дражджах,  пагадзілася маці.

 Сапраўдныя рыцар і каралеўна!  усміхалася бабуля.

 Менавіта так!  раптоўна ўсхвалявалася маці, нібыта нешта ўзгадала.  Нам жа ёсць чым пахваліцца!  звярнулася яна да мужа.

 Там, у багажніку,  узгадаў бацька дзяцей.  Я зараз адчыню.

Бацькі пачалі нешта шукаць. А дзеці пры гэтым трохі ганарліва заўсміхаліся. Матуля зашамацела пакетамі, нешта дастаючы, і паклікала дзяцей да сябе.

Пакуль яны чынілі нешта таемнае за адчыненым вечкам, бацька дастаў з машыны новую тэлескапічную вуду, яшчэ запакаваную, і з шырокай усмешкай на твары скіраваў да старога.

 Вось, тата,  звярнуўся ён урачыста да свайго бацькі,  табе! Як і абяцаў. Лаві шмат вялікіх!

 Вой!  узрадаваўся такому падарунку стары.  Якая шыкоўная! Ну, дзякуй, сынку, дагадзіў старому! Ай, добрая вуда!  ён памахаў ёю, нібы ўяўляючы, як будзе яе закідваць.

 Прыемна, што табе даспадобы. Доўга абіраў найлепшую.

 Дзякуй, дзякуй. Дарагі падарунак.

Урэшце з-за машыны выйшлі Янка з Міланай. У дзяўчыны на галаве ззяла незвычайна прыгожая дыядэма. Ды сама Мілана свяцілася ад шчасця і гонару не меней за ўпрыгожанне. А побач з ёй стаяў юны рыцар у шыкоўна пафарбаваных даспехах.

Бабуля так і пляснула ў далоні ад замілавання. Але дзед Усе пачулі, як ён упусціў вуду, і ад нечаканасці яны нават скалануліся, зірнулі на старога. Ён, здаецца, нават спалатнеў без дай прычыны і знерухомеў.

 Бацька, ты чаго?  першы запытаўся тата.  Ты з твару зблажэў, нібы здань пабачыў.

 Я-я  ледзь прамовіў той.  Не, нічога,  паспрабаваў ён адвесці ўвагу ад сябе.

Тут і бабця зірнула на яго.

 Ты ў парадку? Можа, што з сэрцам?

 Ды не,  супакоіў ён сваю жонку.  Усё добра. Проста спякотна нешта сёння, хадземце ў хату.

Усе здзіўлена зірнулі на неба. Так, неба было пагодным, ясным, але наўрад ці можна было назваць сённяшняе надворе спякотным. Досыць цёплым  так, але не болей за тое. Аднак усе, хоць і бачылі, што дзеду ніякавата, паслухалі яго.

 Усё, не хвалюйцеся, са мною ўсё добра, кажу я вам,  супакоіў яшчэ раз усіх дзед.  Пэўна, стаміліся з дарогі? Зараз бабуля вам гарбаты запарыць.

 Так, сапраўды,  пагадзілася тая.  Будзеце піць?

 Ды не кепска было б,  не адмовілася маці.  Доўга ехалі, дзецям варта падесці.

 Вось і выдатна, адразу стаўляю імбрычак. У мяне ёсць найсмачнейшае малінавае сочыва. Хатняе, сама варыла,  пахвалілася бабця.  Любіце такое?

 Любім! Любім!  весела закрычалі Янка і Мілана.  Асабліва тваё, бабуля.

 Вось і выдатна,  расчулілася яна.  Я і бліноў да вашага прыезду напякла.

Бабуля скіравала на кухню, а дзед з вудай рушыў у камору. Дзеці ў ёй ніколі не былі, ды і не звярталі на гэты пакойчык аніякай увагі. Але чамусьці менавіта цяпер гэтая камора зацікавіла Янку. Ён праводзіў дзеда вачыма да самых дзвярэй. А калі той адамкнуў іх і зайшоў унутр, хлопец ажно выцягнуў шыю.

Дзед паставіў вуду і хутка вярнуўся. Яго позірк на імгненне сустрэўся з зацікаўленым позіркам унука. Стары толькі сціпла ўсміхнуўся, замкнуў дзверы і пайшоў да стала. Праходзячы каля Янкі, ён правёў рукой па яго галаве і паляпаў па плячы.

 Вой, добрая ж у вас гарбата!  пахваліла маці сваю свякроўку.  Ды з гэткімі смачнымі блінамі! М-м-м,  пахітала яна галавой, атрымліваючы асалоду.  Тое, што трэба з дарогі.

 На здароўе. Пазней вам нечага больш уежнага насмажу, можа, бульбы з салам і яйкамі ці з грыбамі.

 У мяне ўжо слінкі пацяклі,  сказаў тата.  Як уявіш водар тваёй смажанкі, дык адразу апетыт разгараецца.

 Гэта вам не ў вашым горадзе! Харчуецеся немаведама чым. Вунь як схуднелі. Ну нічога, я тут за вас вазьмуся, неўзабаве ў мяне да людзей станеце падобныя!  жартавала бабуля.

Усе паделі, падзякавалі бабулі за смачны пачастунак і сталі раскладваць свае рэчы па пакоях.

Янка, праходзячы паўз камору, паглядзеў уважліва на дзверы, нібы імкнуўся знайсці хоць нейкую шчыліну. Што ж такое ў ёй? Чаму дзед яе гэтак старанна замкнуў?

 Слухай, Мілана,  ціха звярнуўся да сястры.  А ты хоць раз бачыла, што там?

 Дзе?

 У каморы.

 Не,  матлянула яна галавой.  Ды і навошта? Напэўна, рознае халусце. Што там можа быць цікавага?

 Але чаму тады дзед заўжды яе замыкае?

 Мо яму там і ёсць што каштоўнае, але мне ўсё адно.

 Ат,  махнуў рукой Янка, разумеючы, што яе гэта не цікавіць.


Рыбалка. Таямнічы падарунак. Аповед пра продкаў

Наступнага дня дзед з Янкам вырашылі парыбачыць. Дзеду карцела выпрабаваць новую вуду, і ён пабудзіў унука.

 Ну што, рыбак, не перадумаў?  жартам запытаўся дзядуля.

 Не, мы ж дамовіліся.

 Слушна. Ранкам рыба сама лепей бярэцца, прынамсі ў нас. Так што ўставай, хутка снедай і хадзем.

 А Мілану не будзем будзіць?

 Ды не, хай спіць. Прагне сёння з сяброўкамі сустрэцца, даўно не бачыліся.

 Ага, пахваліцца,  усміхнуўся Янка.

 Мо і так. Чаму б і не пахваліцца, як ёсць чым? Яна ў вас ужо як каралеўна. Ды яшчэ з гэтай каронай!..

 Дыядэмай,  выправіў унук.

 Хай сабе і так, я ў гэтым не знаюся.

 Я, прызнацца, гэтаксама. Каб не сказалі, мо і не ведаў бы.

Дальше