Аднак адразу пасля гвалтоўнай смерці Міндоўга яго дзяржава яшчэ глыбей пагрузілася ў бездань усобіц.
Пасля ўзыходжання на прастол сына Міндоўга, Войшалка, той фактычна ператварыўся ў васала (паводле іншага меркавання, роўнага па статусе суправіцеля) галіцка-валынскіх князёў.
Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка.
У гэты смутны час валадаром ВКЛ паспеў пабываць нават адзіны за ўсю гісторыю існавання дзяржавы Рурыкавіч, а менавіта Шварн, сын Данілы Галіцкага, хаця роля Шварна і яго рэальная ўлада служыць прадметам дыскусіі, у якой князя часам аб'яўляюць «субманархам» і нейкім фіктыўным вялікім князем, стаўленікам Войшалка.
На думку аўтара, Шварн Данілавіч, падчас свайго сумеснага з Войшалкам праўлення, можа быць названы суправіцелем, ці нават «субманархам», бо Войшалк, паводле паведамлення Галіцка-Валынскага летапісу (далей ГВЛ) называе Шварна сынам, а сваім бацькам і гаспадаром галіцка-валынскага князя Васільку. Аднак пасля смерці Войшалка, пра Шварна прама гаворыцца, у дакладнай ГВЛ, што ён пачаў уладарыць у Літве, што можна разумець, як указанне на яго аднаасобнае кіраванне і цалкам рэальны статус вялікага князя.
Вядомыя дакументы не дазваляюць даследчыкам абсалютна дакладна высветліць рэальны аб'ём улады Шварна Данілавіча і дэталі яго княжання, але вядома, што яно было нядоўгім.
М. Барвіцкі. Шварн. Уяўны партрэт, 1908 год.
З вялікім князем літоўскім з дынастыі Рурыкавічаў звязаны даволі вядомы міф, які ідзе ад літоўскіх даследчыкаў. Сцвярджаецца, што ўлада пасля Шварна перайшла Тройдзеню, які нават, верагодна, выгнаў Рурыкавіча, бо нейкія «літоўскія эліты» хацелі бачыць вялікім князем «этнічнага літоўца». Як менавіта «літоўскія эліты» данеслі, праз стагоддзі, дакладную інфармацыю аб сваёй волі, да даследчыкаў, якія стварылі міф, застаецца загадкай, бо абставіны прыходу да ўлады Тройдзеня, яго паходжанне і абставіны смерці, дакладна не вядомыя з пэўных дакументаў. Акрамя таго, «шчыры літоўскі язычнік» Тройдзень, прыхільнік «нацыянальных каштоўнасцяў», меў, паводле, пэўнага ГВЛ, праваслаўных братоў. Цалкам пераканаўчай гіпотэзай будзе тлумачэнне праваслаўнага хрышчэння братоў вялікага князя тым, што яны кіравалі ў славянскіх гарадах дзяржавы Тройдзеня.
Хоць Міндоўг, Войшалк і Шварн ёсць у пераліку вялікіх князёў літоўскіх, фактычна, для таго, каб казаць пра існаванне нейкага маналітнага дзяржаўнага апарата, на гэтым адрэзку гісторыі ВКЛ, у даследчыкаў няма важкіх падстаў.
Дзяржава працягвала фармавацца і працэс гэты быў бурным і спалучаным з мноствам канфліктаў.
На думку аўтара, уладная чахарда ў землях Панямоння некалькі нагадвала сюжэт пацешнай савецкай камедыі «Вяселле ў Малінаўцы».
Цёмныя гады ранняга перыяду існавання Княства так слаба прадстаўлены ў вядомых крыніцах, што, па сутнасці, канструююцца навукоўцамі па макулінках, і гэта, зразумела, прыводзіць да моцнай варыябельнасці гістарычнай карціны, што малюецца спецыялістамі, якія часта падключаюць да навуковага працэсу фантазію і будуюць свае працы на дапушчэннях.
Вядома, што некаторыя даследчыкі выводзяць на першы план Войшалка, прадстаўляючы менавіта яго стваральнікам дзяржавы. У падобнай ролі гэты князь фігуруе, напрыклад, у Мікалая Ермаловіча, для якога праваслаўны ўладца, які карыстаецца падтрымкай наваградцаў і пінчукоў, быў больш хвацкі, у якасці пачынальніка дзяржавы, чым з'явіўшыся ў Навагародку, пры смутных абставінах, Міндоўг.
Варта адзначыць, што падобны погляд на летапісныя падзеі тых гадоў дэманструюць не толькі падобныя Ермаловічу прадстаўнікі рамантычнай гістарыяграфіі, схільныя да творчасці ў духу фолк-хісторы, але і некаторыя прадстаўнікі стражэйшай, акадэмічнай навукі.
Важную ролю ў станаўленні дзяржавы адыграў і вышэйзгаданы Тройдзень, які з'яўляўся, на думку аўтара, выдатным палкаводцам, чые ваенныя поспехі дапамагалі ўмацавацца ВКЛ, якое працягвала фарміравацца.
Тройдзень. Уяўны партрэт, XVI стагоддзе.
Нарэшце, не варта забываць пра Гедыміна, заснавальніка адной з самых магутных кіруючых дынастый Усходняй Еўропы, пры якім была выразна пазначана сталіца дзяржавы Вільня, а славянскія і балцкія гарады больш шчыльна зблізіліся ў рамках дзяржаўнага утварэння, якое пачало быць падобным на федэрацыю з дастаткова шырокай аўтаноміяй суб'ектаў, але аднак жа з яшчэ недастаткова развітым цэнтральным апаратам.
Гедымін. Уяўны партрэт, XVII стагоддзе.
Аб тым, ці быў захоп продкамі літоўцаў земляў будучай Беларусі
Як вядома, тэза аб захопе земляў Навагародскага княства літоўскім нобілем Міндоўгам з'яўлялася папулярнай канстантай у савецкай гістарыяграфіі, а пазней, у рамках работ беларускага гісторыка-рамантыка, Мікалая Ермаловіча, была перавернута з ног на галаву, у выніку чаго Міндоўг ператвараўся з захопнiка Навагародка, які дзейнічаў у інтарэсах літоўскіх феадалаў, у захопніка земляў літоўскіх феадалаў, які дзейнічаў у інтарэсах навагародскага баярства.
Варта адзначыць, што акрамя работ Ермаловіча, існавалі і іншыя публікацыі аб утварэнні ВКЛ, якія выводзiлi на першы план менавіта славянскі (чытай: беларускі) фактар. Гаворка тут пра працы гісторыка-эмігранта П. Урбана, які прадэманстраваў беларускім (і не толькі) аматарам гісторыі ўжо зусім дзікі, з пункту гледжання акадэмічнай навукі, канцэпт літоўцаў-лютычаў, здатны для выкарыстання ў рамках мастацкай літаратуры, але мала прыдатны для рэканструкцыі рэальных працэсаў утварэння ВКЛ.
Аднак менавіта працы Мікалая Ермаловіча сталі адкрыццём для беларускіх аматараў гісторыі і запусцілі зерне, якое вырасла потым у цэлае буйное дрэва сучаснага літвінізму. Пра з'яву літвінізму, дарэчы, будзе падрабязна расказана ў наступных главах.
Але як жа было насамрэч і што захапіў літоўскі ўладар? Просты і кароткі адказ, на дадзеную «дылему Міндоўга» будзе гучаць так: навукоўцам дакладна невядома, як Міндоўг аказаўся ў Навагародку. Таму, калі вы чытаеце катэгарычныя сцвярджэнні аб захопе Навагародка Міндоўгам ці ж аб яго паступленні на «пасаду служылага князя» па волі навагародскага баярства, будзьце ўпэўненыя, што аўтар, нават калі ён валодае моцным навуковым аўтарытэтам і носіць мноства званняў, проста дае вам недастаткова абгрунтаваную версію, якая, з той ці іншай прычыны, яму спадабалася.
Калі прыняць маладакладныя, як лічыцца, звесткі аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга, то можна цалкам абгрунтавана сцвярджаць, што валадар наўрад цi захопліваў горад. Выпадак хрышчэння Даўмонта Пскоўскага, які быў мірна прыняты пскавічамі на службу і сапраўды служыў гораду верай і праўдай, стаў бы аналагічным выпадку Міндоўга.
Аднак, як сказана вышэй, хрышчэнне Міндоўга ў праваслаўе выклікае вялікія сумневы спецыялістаў.
У прыхільнікаў тэорыі захопу Навагародка ёсць і адносна пераканаўчае пацвярджэнне падобнай пазіцыі. Гаворка пра ўжо згаданную булу Папы Рымскага, дасланую да Міндоўга. У ёй пантыфік закранае пытанне захопленых Міндоўгам земляў «Рускага каралеўства», пад якім можна разумець Галіцка-Валынскае княства. Кіраваў гэтай дзяржавай, каранаваны папскімі пасламі Данііл Галіцкі. Папа, у сваім пасланні, не пярэчыць супраць таго, каб захопленыя землі былі замацаваны за Міндоўгам. Аднак некаторыя даследнікі жадаюць бачыць у гэтых землях маёмасць наўгародскага князя Аляксандра Неўскага, з якім у Міндоўга былі канфлікты. Супраць разумення, пад загадкавым каралеўствам, Галіцка-Валынскай дзяржавы прыводзяць наступны аргумент: папа не мог ухваліць захоп земляў аднаго каталіцкага караля, іншым каталіцкім каралём. Існуе таксама версія аб тым, што «Рускім каралеўствам» з'яўляецца Полацкае княства. Такім чынам, названыя без дакладнай прывязкі да якога-небудзь горада, землі, выклікаюць вялікія пытанні і ўскладняюць лакацыю.
Папа Аляксандр IV. Партрэт XV стагоддзя.
Ці ідзе там гаворка пра саму Навагародскую зямлю, ці іншыя землі, да прыкладу, пра Слонімшчыну, ці Полацкае княства, а можа быць землі аддаленага Вялікага Ноўгарада?
Нават захоп некаторых земляў валынцаў, зразумела, не азначае, што гэтымі землямі былі менавіта землі Навагародскага княства.
Выклікае пытанні і пазіцыя жыхароў Навагародскай зямлі, якія, у тэорыі, маглі падтрымаць знішчэнне (або выгнанне) з Навагародка валынскага гарнізона, бо ў мясцовага насельніцтва, якое жыло ў поліэтнічным Панямонні, маглі быць свае матывы для збавення ад улады звязаных з татарамі валынцаў.
Абвешчаны Мікалаем Ермаловічам статус Міндоўга, які паказвае літоўскага нобіля толькі служылым князем, узятым, так бы мовіць, на працу, навагародскім баярствам не знаходзіць прамога пацверджання ў вядомых спецыялістам, дакладных крыніцах. Аднак аналіз паводзін мясцовай эліты дазваляе зрабіць некаторыя здагадкі аб яе стаўленні да літоўскіх уладароў старажытнарускіх княстваў рэгіёна.