Кацярына Мядзведзева
Разламашкі майстра Люфта
© Мядзведзева Кацярына, 2015
© ІП Янушкевіч А.М., 2015
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Чараўнік для Дэйсі Мэй
Аповесць
Частка 1
Мая прабабуля Дэйсі была выдатнай вышывальшчыцай. І калі зірнуць уважліва на яе працы, можа падацца, што яна ўсё жыццё марыла мець свой фруктовы сад. Я доўгі час была ў гэтым упэўнена, бо вышывала прабабуля квітнеючыя абрыкосавыя дрэвы, шэзлонгі і ліхтарыкі, сакавітыя яблыкі на галінках, каменныя паілкі для птушак, гронкі гліцыній, клумбы ды палівачкі. Звычайная рукадзельная магія: вышый сваю мару і яна здзейсніцца. І хоць насамрэч ніякай мары не было, рукадзельная магія спрацавала і вышытае спраўдзілася. Але досыць своеасабліва.
Мне было пяць гадоў, калі прабабулі не стала. Зехалася радня, нават самыя далёкія прыбылі развітацца разам з дзеткамі ды ўнукамі нарэшце мне было з кім пагуляць. Дзяцей бралі з сабой і на могілкі (у нашым родзе так прынята) і, каб мы не шумелі ды не ўчынялі боек, нам раз-пораз совалі што-небудзь смачнае. Не занадта ўдаючыся ў сэнс таго, што адбывалася, мы стаялі за спінамі дарослых і ціха жавалі: хто яблык, хто персік, хто абрыкос. Абгрызкі і костачкі затоптвалі ў зямлю.
Мая прабабуля памерла дваццаць пяць гадоў таму. Цяпер вакол яе магілы высяцца фруктовыя дрэвы яблыні, грушы, персікі, слівы. Я люблю прыходзіць туды ўвесну. Сяджу на лаўцы, а вакол мяне плыве празрысты кветкавы водар і сыплюцца далікатныя пялёсткі.
Я веру ў рукадзельную магію. І спадзяюся, што мая мара спраўдзіцца. Толькі хацелася б здзейсніць яе пры жыцці. Калі б толькі я ведала, як вышыць тое, пра што мару. З бытавымі, зямнымі жаданнямі ўсё проста: патрэбна хата вышывай дахоўку ды ліштвы, імкнешся замуж выкарыстоўвай схемы з сэрцамі, купідонамі ды галубкамі, якія нясуць два залатыя пярсцёнкі ў дзюбах, марыш пра дзяцей шукай узоры з немаўляткамі
А вось як вышыць нешта нематэрыяльнае? Не пальмы і мора, не куфар з манеткамі, а тое, што не назавеш словамі, для чаго няма малюнка? Я не ведаю і не ўмею. І таму павесіла на сцяну пустую рамку. Сімвалічна, так? І вельмі трапна адлюстроўвае галоўную праблему майго жыцця Праўда, на наступны дзень давялося рамку зняць, бо яе ўбачыла мая цётка Аўгуста і выказалася ў тым сэнсе, што мая галоўная праблема гэта благі густ і адсутнасць уяўлення пра прыгажосць.
Але насамрэч праблема мая ў іншым.
Я невідзімка.
Не, не падумайце, мяне добра відаць тым, каму сумна і хочацца пачасаць языком. Малочніца Дора, згледзеўшы мяне на іншым баку вуліцы, не праміне загаласіць на ўсё горла: «Дэйсі, дзетка, стары бабулін шаль табе да твару! І зацыраваных дзюр зусім не відаць, гэтакая ты мастачка!» Суседка мадам Эклер, сустрэўшы мяне ў аптэцы, заўсёды гучна цікавіцца маім млявым страваваннем і раіць абавязкова выпіваць кубачак сыроваткі на ноч. Але вось маладыя людзі што дзяўчаты, што юнакі мяне не заўважаюць. Я для іх ніхто. Пустое месца. Нуль, а можа, і зусім адмоўная велічыня.
Знешнасць у мяне «нябачная». Бляклыя валасы, шэрыя вочы, амаль не заўважныя бровы ды вейкі, нават вяснушкі і тыя нейкія няяркія. Такую знешнасць часам завуць «мышынай», але мне няёмка карыстацца гэтым параўнаннем. Бо калі ў пакоі зяўляецца мыш, яна выклікае фурор: дамы віскочуць, падбіраюць спадніцы, могуць нават страціць прытомнасць, а джэнтльмены пагульваюць мускуламі і ператвараюцца ў адважных паляўнічых пачынаецца шум, гам, весялосць. А калі ў пакоі зяўляюся я, мяне не заўважаюць зусім.
Дантыст выглядае з кабінета, акідвае позіркам прыёмную і, гледзячы скрозь мяне, пытае ў сакратаркі: «На сёння больш ніхто не запісаны?» У аўтобусе кандуктар уздрыгвае ад нечаканасці, калі я спрабую купіць у яго квіток: «Прабачце, я вас не прыкмеціў». Бібліятэкар, ігнаруючы маю працягнутую руку з кнігамі, пытае чалавека, які стаіць за мной: «Што я магу вам прапанаваць?»
І я не ведаю, абсалютна не ведаю, што б магло быць намалявана на палатне з назвай «Жаданне стаць прыкметнай». Таму я не вышыла яшчэ ніводнай карціны, толькі празаічныя ручнікі, навалачкі, грэлкі на імбрычак. І наогул, я аддаю перавагу вязанню. Вязальная магія больш грубая і простая, яна грэе. А калі думаць з любоўю пра тых, для каго вяжаш шкарпэткі ці тоўсты шалік, то гэтыя людзі не будуць хварэць узімку, нават калі наядуцца ледзякоў. Шчырая праўда, я правярала.
Частка 2
Частка 2
Калі маіх сясцёр у дзяцінстве пыталі, што яны любяць, Эма адказвала, што любіць маму і тату, Аліса згадвала слівавы ўзвар і прафітролі з персікавым джэмам, а я заўсёды маўчала. Таму што я люблю быць, проста быць. Быць дома ці ў садзе. Быць ля вады. Глядзець на дрэвы і траву, адчуваць скурай, як пячэ сонца ці кусаецца мароз. Слухаць, як стукае паціху дожджык. Вязаць. Чытаць. Думаць штонебудзь прыемнае. Марыць. Калі няма ні сябровак, ні жаніха, застаецца шмат часу на мары.
Дэйсі, ты зноў сядзіш дома, бурчыць бабуля. Чаму не пайшла з сёстрамі на танцы? Чакаеш, што ў кавалераў прарэжацца трэцяе вока і яны ўбачаць цябе скрозь сцены?
Бабуля старамодная. Маладых людзей называе «кавалерамі» і здзіўляецца, што Эма ды Аліса не бяруць з сабой нататнічак і аловак запісваць, каму абяцалі кадрылю. А зараз жа ўсё прасцей. Дзяўчыны пакорліва стаяць і чакаюць, хто іх запросіць. І іх запрашаюць. Амаль усіх. Акрамя мяне. Я ж невідзімка. Не, скрозь мяне не прасвечваюцца шпалеры, наадварот, гэта я зліваюся з імі. Ведаеце выраз «wall flower» «прысценная кветачка»? Так завуць дзяўчат на балі, незаўважных настолькі, што ўвесь вечар яны праводзяць ля сценкі. Прастаяўшы так раз і другі, я палічыла за лепшае заставацца дома там хаця б можна прысесці.
Мае ўлюбёныя колеры лавандавы і экру. Але ў цёткі Аўгусты свая тэорыя.
«Яскравай знешнасці спакойныя ўборы, кажа яна, сціплай знешнасці эфектную абгортку». У перакладзе на чалавечую мову гэта значыць, што страхоццю накшталт мяне варта апранаць яркую адзежу, каб мінакі яшчэ здалёку, за тры кварталы, маглі заўважыць гэткую агіднасць і своечасова збочыць з дарогі. Кожны раз, калі мы адпраўляемся ў магазін гатовай вопраткі ці па тканіны, цётка купляе бледна-ружовае Алісе, палевае Эме, а мне дастаецца фуксія ці аранж. Пэўна, цётка крыўдзіцца, што я не нашу ўсе гэтыя пярэстыя рэчы. Нічога, калі-небудзь яны зноў увойдуць у моду і мае ўнучатыя пляменніцы вельмі ім узрадуюцца. «Наша бабуля Дэйсі ў маладосці была заўзятая модніца», падумаюць яны, і я не стану іх пераконваць.
Наогул, цётку Аўгусту варта было б называць мамай, але я не магу, бо была ўжо занадта дарослай, калі бацька прывёў яе ў хату. У пяць гадоў я раскідвала пялёсткі руж на іх вяселлі. Не падумайце, мяне ніхто не крыўдзіць і падчаркай не кліча, у цёткі Аўгусты цудоўны характар, і мае малодшыя сёстры таксама лёгкага нораву, дружалюбныя і гаваркія, вось-вось выпырхнуць замуж. Яны пайшлі ў маці: цёмнавалосыя, смуглыя, высокія. А я бледная, рудаватая, праставатая. Адразу відаць, што іншай пароды.
З цыбуліны не вырасце ружа, кажа пра мяне бабуля. А ўжо ў ружах бабуля разбіраецца, яна заўзяты садоўнік і агароднік. Наша бручка нават перамагла аднойчы на сельскагаспадарчай выставе акругі. Я не крыўджуся на бабуліны словы, якая там з мяне ружа. Калі казаць шчыра, такіх, як я, бяруць за лядашчую шыйку і выдзіраюць прэч з градкі, каб не псавалі від.
Мне шкада Дэйсі, цяжка будзе знайсці ёй мужа, сказала неяк цётка Аўгуста, папіваючы з сяброўкай пасляабедзенную гарбату ў садовай альтанцы.
Так, не пазайздросціш небарацы, з гэтымі вяснушкамі яна падобна тварам на жытнёвы блінчык. На здобны румяны блінчык, адказала чуллівая сяброўка.
Яны не ведалі, што блінчык палівае кветкі непадалёк і ўсё чуе. Здаецца, у той дзень я ўпершыню расплакалася з-за сваёй знешнасці. Раней я разважала проста: калі маме, на якую я, пэўна, падобная, пашчасціла знайсці сабе мужа, майго добрага і прыстойнага бацьку, то і я змагу сустрэць годнага чалавека, калі прыйдзе час.
Пасля ж той падслуханай гутаркі я зняверылася. Аказваецца, я непрыгожая. Калі мяне і заўважаюць, то я здольна абудзіць толькі жаль. Я стала радзей глядзець у люстэрка і часцей задумвацца. Цяпер, калі мне мінула трыццаць, я не задумваюся наогул. Проста жыву ды ўсё. Жытнёвы блінчык ці цыбуліна ну дык што, не ўсім жа быць ружамі. Роля ўсеагульнай цётачкі-векавухі не такая ўжо і дрэнная. Буду вязаць шкарпэткі ўнучатым пляменнікам і збіраць іх усіх на Каляды ў сваёй вялікай і пустой хаце. А можа, гэта хата застанецца Алісе ці Эме, калі іх жаніхі апынуцца недастаткова багатымі, і тады я стану нахлебніцай на старасці гадоў. «Слівавы пудынг сёння атрымаўся выдатны», скажу я за абедам, і ўсе здзіўлена павернуцца ў мой бок з тварамі: «Ой, хто гэта тут?»
Не думайце, я не жалюся на жыццё. Я з радасцю сустракаю кожны новы дзень, а калі і марнатраўлю часам разважаннямі, то выключна з нагоды шкоднасці і начытанасці, а не ад журбы. Журбой, на шчасце, ніхто ў нашай сямі не пакутуе. Ды і навошта пакутаваць, калі ва ўсіх ёсць справы куды больш цікавыя.
Я абвязваю і абшываю ўсю сямю, бабуля садаводнічае, цётка Аўгуста кухарыць, і Эма ёй дапамагае, а самая наша малюпасенькая, Аліса, занятая больш за ўсіх: цэлымі днямі, з раніцы да позняй ночы, яна шукае сябе ў мастацтве. То пляце кошыкі з лазы, то піша санеты, то лепіць збаны, а ў апошні час сурёзна захапілася маляваннем на шоўку. Сямя назірае за яе творчымі пошукамі замілавана і паблажліва. Так звычайна дарослыя глядзяць на маляня, якое «пячэ» кулічыкі з пяску: маўляў, няхай сабе цешыцца дзіцятка, ай-яй-яй, малайчына, як слаўна ў цябе атрымліваецца!
Я лічу, кожная сямя можа сабе дазволіць мець на ўтрыманні адну творчую асобу. Двое, трое гэта ўжо перабор, а адна у самы раз. Тым больш, што ўсе займальныя справы мыць, шыць, гатаваць ежу, выціраць пыл, мы разабралі сабе. Што ж заставалася рабіць небарацы Алісе, як не паглыбіцца па самыя вушы ў мастацтва. Яна ўсё яшчэ не знайшла ў ім сябе, але і мастацтва яшчэ далёка не скончылася, таму ў хуткай будучыні, падазраю, нас чакаюць гукі флейты ці грук разца па камені, а можа, балет. Вядома, усё можа павярнуцца значна лепш, калі Аліса ўсёткі прыме прапанову каго-небудзь са сваіх шматлікіх прыхільнікаў і выйдзе замуж. Цётка Аўгуста спадзяецца на гэта ўсёй душой. Калі ў Алісы быў перыяд захаплення опернымі спевамі, цётка ледзь утрымалася ад звароту да паслуг свацці. Але, на шчасце, Аліса хутка пераключылася на складанне філасофскага трактата пра сутнасць быцця, а гэты занятак, як вядома, патрабуе цішыні.
Бацька, ледзь не забылася распавесці і пра яго. Бацька таксама жыве з намі, але лічыць за лепшае рабіць выгляд, што яго тут няма. Адзіны мужчына ў хаце, поўнай жанчын, ён бліскуча выконвае свае абавязкі: чытае газету за сняданкам, паліць трубку на верандзе пасля вячэры, разразае гусака за святочным сталом. Яго цёплае паліто вывешваюць улетку на сонейка праветрыцца, а шкарпэткі цыруюць з асаблівым стараннем, яго клапатліва накрываюць пледам, калі ён кладзецца адпачыць пасля абеду. Не ўпэўнена, што цётка чуе ад яго што-небудзь, акрамя «добрай раніцы», «дзякуй» і «дабранач», але гэта іх асабістая справа. Ды і не тое, каб цётка Аўгуста нудзілася па гутарках, маючы ў наяўнасці бойкую на язык свякруху, дзвюх вельмі гаманкіх дачок і адну маўклівую, але ўсё ж здатную да маўлення падчарку. Часам жа прыемна і памаўчаць.