Баторыю, аднак, трэба было займацца палітыкай, а не толькі прымаць замежных вядзьмакоў. Альбертрандзі так піша пра гэты перыяд:
«Пасля сейма кароль з'ехаў у Кракаў і там, а таксама ў Непаламіцах, ён правёў лета і большую частку восені. З надыходам зімы кароль паехаў у Гродна, дзе займаўся ўзвядзеннем будынкаў, але насамрэч яго займалі куды больш грандыёзныя задумы».
Па іншых звестках, Баторый быў у Гродне ўжо ў канцы лістапада і склікаў тут раду сенатараў. Абмяркоўваліся ўсё тыя ж маскоўскія пытанні. З гэтага моманту Гродна набывае па-сапраўднаму сталічны статус, бо Баторый перастае бясконца раз'язджаць па розных кутках краіны і пасяляецца ў горадзе над Нёманам. Увесь наступны 1586 Баторый праводзіць тут.
Чым жа займаецца манарх у Гародні? Ёсць легендарныя звесткі аб рамане ўладара з нейкай жыхаркай горада ці наваколляў. Нібыта ад гэтай сувязі нарадзіўся Лжэдзмітрый I, які на сваім самым вядомым партрэце нават падобны да Баторыя.
У лютым 1586 года з Баторыем нiбыта адбываецца непрыемны інцыдэнт. Перапраўляючыся праз змёрзлае возера ў наваколлях Гродна, кароль адчуў, што лёд пад ім трэснуў. Манарх забараніў набліжацца да яго і сам акуратна рухаўся па лёдзе, пакуль не дасягнуў бяспечнага месца.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, кароль дазваляў сабе забавы і нават, як лiчыцца, удзельнічаў у маскарадным балі.
У лютым 1586 года з Баторыем нiбыта адбываецца непрыемны інцыдэнт. Перапраўляючыся праз змёрзлае возера ў наваколлях Гродна, кароль адчуў, што лёд пад ім трэснуў. Манарх забараніў набліжацца да яго і сам акуратна рухаўся па лёдзе, пакуль не дасягнуў бяспечнага месца.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, кароль дазваляў сабе забавы і нават, як лiчыцца, удзельнічаў у маскарадным балі.
У маі гэтага года манарх прыняў свайго маскоўскага пасла Гарабурду. А затым і царскага пасла Траякурава, дамовіцца з якім па ўсiх пытаннях не ўдалося, хоць мір паміж краінамі працягнулі.
У Гродне Баторый выношвае планы персанальнай уніі з Расіяй, гэта значыць, кароль бачыў сябе кіраўніком аб'яднанай дзяржавы Польшчы, ВКЛ і Маскоўскага Царства. Такая дзяржава-цяжкавагавік магла б змясцi асманаў і вызваліць, родную для Баторыя, Трансільванію.
Тады да Баторыя заязджаў і яшчэ адзін вельмі цікавы госць князь Генрых XI (Henryk XI Legnicki) з польскай каралеўскай дынастыі Пястаў. Гэты арыстакрат кіраваў Лягніцкім княствам і ў пэўны момант не змог дамовiцца са сваім сюзерэнам імператарам Рудольфам II. У выніку, Генрых апынуўся ў вязніцы, адкуль змог уцячы ў Польшчу, а затым наведаў і Баторыя ў Гродне.
Генрых XI Лягніцкі. Liegnitzische Jahr-Bücher, Worinnen so wohl Thebesius G. Jauer, 17321733.
Найкаштоўнейшымі матэрыяламі, якія ілюструюць жыццё караля ў 1586 годзе, з'яўляюцца ўспаміны нямецкага падарожніка Самуэля Кіхеля.
Гэты госць горада над Нёманам бачыў як Баторый скача на службу з замка ў касцёл. Выгляд караля, у шапцы з чорнымі пёрамі, здаўся падарожніку надзвычай велічным і шыкоўным. Манарха акружала світа з рыцараў і самых шляхетных саноўнікаў, а паабапал вуліцы Замкавай стаялі каралеўскія гвардзейцы. Самуэль адзначае, што кароль застаецца ў горадзе толькі ў нядзелю, і менавіта ў гэты дзень у Гродне праходзяць прыёмы, астатні час манарх праводзіў на паляванні.
Кіхелю наверагодна пашанцавала, і ён убачыў вельмі запамінальную падзею, а менавіта: пажар у замку. Рэзідэнцыя, зрэшты, не надта пацярпела, бо дакладна вядома, што Баторый менавіта ў палацы Старога замка правёў свае апошнія дні.
У свіце манарха Кіхель асабліва вылучыў нейкага спадарожнiка, з якім у гісторыкаў звязана займальная загадка. Гэтага чалавека немец бачыў паблізу ад караля, а потым, падчас пажару, незнаёмец вылез на дах замка. Самуэль называе чалавека Scotus, што можна перавесці як «шатландзец» або зразумець, як імя ўласнае, што дазваляе выказаць здагадку: гэты той самы Скота з Пармы, які нярэдка, на старонках спецыяльнай літаратуры, называўся архітэктарам Старога замка яшчэ да таго, як галоўным дойлідам прызначылі Санці Гучы. У некаторых публікацыях Скота нават завуць «вядомым архітэктарам», i, мабыць, настолькі вядомым, што нават яго існаванне выклікае сумневы.
Замак Баторыя ў Гродне. Гравюра Т. Макоўскага, 1600 год.
Агледзеўшы Гродна, Кихель паехаў далей і наведаў яшчэ шмат гарадоў, напрыклад, Пскоў, аб насельніцтве якога ён распавёў у добра знаёмай манеры: дрэнныя дамы, зласлівыя жыхары і шмат гарэлкі.
Цікава, што рэдактар выдання шляхавых нататак Кіхеля, у сваім пасляслоўі да кнігі Самуэля, дзе пералічваюцца розныя яркія моманты вандравання аўтара, з усяго масіва дадзеных аб Рэчы Паспалітай абраў менавіта эпізод з гродзенскім Scotus-ам, якога заве zauberer (чараўнік).
Дакументы сапраўды паказваюць, што цікавасць Баторыя да акультыстаў не абмяжоўваўся англічанамі Дi і Кэлі.
Хоць манарх, як вынікае з запісак Кіхеля, працягваў выглядаць як моцны мужчына, аднак здароўе ўладара імкліва пагаршалася. Пры гэтым кароль і вялікі князь працягваў паляваць, у прыватнасці, у Кундзінскім лесе, які знаходзіўся ў раёне сучаснай Кузніцы.
Хвароба, смерць, рэчы караля і яго пахаванне
Хвароба Баторыя і яго апошнія дні нядрэнна апісаны сучаснікамі. Нейкі загадкавы чалавек Ежы Х'якор (Jerzy Chiakor) за імем якога хаваўся, як лічаць, адзін з лекараў караля Мікалай Бучэла, апісаў фінальны адрэзак жыцця выбітнага манарха. Вось пераклад, зроблены па тэксце ў кнізе польскага гісторыка Юліяна Урсын-Нямцэвіча.
«У той момант, калі Весяліні адпраўляе лісты да прымаса Яго Мосці і сенатараў, інфармуючы іх пра фатальную смерць Найяснейшага караля Яго Мосці, Пана нашага, я не хацеў упускаць выпадак для падрабязнага апісання таго, як гэта адбылося, таму што кожны дзень я запісваў усё, што мне, як сведцы, траплялася на вочы.
Не без праліцця многіх слёз даводзіцца мне выконваць гэты абавязак. Хто ж гэтую смерць аплакваць не будзе, а менавіта мы, венгры, засталіся ў гэтай краіне, як статак без пастыра, страціўшы з гэтым героем, усіх заслуг нашых узнагароды і надзеі.
Сграфіта з Баторыем. Стары замак Гродна, рэканструкцыя 10-х гадоў XXI стагоддзя. Першапачатковы варыянт (злева) і з выпраўленай тытулатурай. Фота аўтара.
Чацвёртага чысла, месяца снежня, 1586 года, Найсвятлейшы Пан вярнуўся ў Гродна і правёў тры дні на паляванні. Праз два дні пасля гэтага, кароль выдатна сябе адчуваў, і доктару Бучэла дазволілі паехаць да свайго маленькага пляменніка, які захварэў у яго маёнтку. Шостага, у нядзелю, кароль адчуў цяжар і нейкія болі ў целе, з усім гэтым ён быў на службе і публічна еў абед. Увечары ён не хацеў спаць, і згодна з рэцэптам Бучэла, ён хацеў, каб яму расцерлі ўсё яго цела, але доктар Сімоніус параіў толькі пацерці рукі і ногі, а каралю, каб заснуць, параіў два кубкі старога віна з кавалачкам хлеба. Так і сталася, і кароль пайшоў адпачываць.
З-за ліхаманкі, і ад галаўнога болю, кароль не мог заснуць, ён устаў і пайшоў у малы бакавы алькеж, дзе вокны былі заўсёды адчыненыя, каб астудзіцца. Калі ён вярнуўся адтуль, на яго навалілася слабасць, і так, што ён без пачуццяў упаў на зямлю і аб лаўку моцна, але не глыбока, параніў правае калена. На гэты шум прыбег Весяліні, падняў караля і агледзеў крывавае месца. Кароль не памятаў, якім чынам з ім адбылося такое; ён жа сам вярнуўся ў ложак.
Паклiканы былi, адразу ж, Весяліні і разам з ім доктар Сімоніус. Гэты прыклаў яечныя бялкі да раны з невялікай колькасцю міры і сказаў, што ў гэтым выпадку ўсё адбылося з-за галавакружэння паміж абуджэннем і сном, а, акрамя таго, з-за дуўшага ветру, але гэта не будзе мець найменшых наступстваў, калі толькі кароль прыме крыху манны на наступны дзень і застанецца ў ложку дзеля хутчэйшага гаення раны.
Кароль прачнуўся вельмі ранняй раніцай, выклікаў да сябе Весяліні і загадаў яму пайсці да канцлераў, каб яны не прыходзілі да яго ў гэты дзень з якімі-небудзь справамі. Больш за тое, ён строга рэкамендаваў нічога не згадваць пра выпадак, які адбыўся ўначы, і калі хто-небудзь спытае, варта сказаць, што з-за звычайнага гемарою ён застаецца ў ложку.
Ён таксама загадаў, каб ключы ад пакояў аддалі Весяліні. Нікому, акрамя трох гэтых людзей, не дазвалялася ўвайсці да караля.
Сімоніус прыгатаваў лякарства ў пакоях, даў яго каралю, а пазней сам прынёс абед. Абед складаўся з ячменнай кашы, цяляціны і сцю з каплуна. З дазволу Сімоніуса ён таксама піў віно і ваду з карыцай столькі ж, колькі піў звычайна, калі ўстрымліваўся ад віна. Тым часам ужытае каралём лякарства мала ці нічога не дало.
Увечары з'явіўся доктар Бучэла, выкліканы Весяліні, і, пачуўшы пра хваробу з вуснаў караля, ён папрасіў, каб сам Найяснейшы Пан некалькі дзён устрымліваўся ад віна. Але кароль сказаў:
Мне ж дазволіў віно доктар Сімоніус.
У дадзеным выпадку, сказаў Бучэла, замест віна павінен кароль піць прыгатаваны шалвей з цукрам або ліманад, як прыемны напой, што ўмацоўвае галаву.
Тым часам Сімоніус даведаўся, што Весяліні прывёз Бучэла з вёскі, і пачаў яго папракаць, што выглядае гэта так быццам уласных ведаў Сімоніуса недастаткова і трэба яшчэ кагосьці паклікаць. Угневаны ён на вячэру не прыйшоў да караля.
Падчас гэтай трапезы кароль настойліва прасіў віна, і Бучэла, хоць і доўга супраціўляўся гэтаму, але дазволіў нарэшце віно, змяшанае з вадой. Кароль, паспрабаваўшы толькі, палічыў за лепшае піць ваду з карыцай. Сімоніус прыйшоў пасля вячэры. У прысутнасьці Весяліні Бучэла сказала яму:
Па-мойму, гэта хвароба, з якой не трэба жартаваць, і перамагчы яе трэба альбо кровапусканнем, альбо моцным слабільным.
Няма нічога небяспечнага, адказаў Сімоніус, не патрэбны кровапусканне ці слабільнае, не трэба караля турбаваць, ён ледзь-ледзь і на гэтыя лекі згадзіўся, дастаткова даць хвораму персікавую цукерку, якую той хоча прыняць.
Бучэла доўга спрачаўся са сваім калегам, але ўрэшце яму давялося замаўчаць.
Баторый і Гейдэнштэйн, яго гісторык. Кіпрыян Дзільчынскі, 1886 год. Нацыянальны музей у Кракаве.
На наступны дзень кароль з дазволу Сімоніуса з'еў за абедам персікавую цукерку, выпіў віна і ўвесь астатак дня весяліўся.
Падчас вячэры, бачачы, што Бучэла вельмі крывіцца, калі прынеслі віно, ён выпіў толькі адзін кубак і два вады з карыцай.
На наступны дзень кароль з дазволу Сімоніуса з'еў за абедам персікавую цукерку, выпіў віна і ўвесь астатак дня весяліўся.
Падчас вячэры, бачачы, што Бучэла вельмі крывіцца, калі прынеслі віно, ён выпіў толькі адзін кубак і два вады з карыцай.
Пасля вячэры, перавязаўшы рану, Сімоніус сказаў:
Май добрую надзею, Твая Каралеўская Вялікасць, небяспекі ніякай няма.
Я добра ведаю, што няма, сказаў кароль нецярпліва, але тут жа выкінуў ногі з ложка, закаціў вочы і пачаў скрыгатаць зубамі. Напалоханыя людзi сталі рукі заломваць і крычалі, каб кароль супакоіўся.