Дэпутацкі сеймік выбіраў дэпутатаў, ці інакш кажучы, суддзяў, у Трыбунал ВКЛ, то бок, у вышэйшы дзяржаўны суд краіны.
На гаспадарскім сейміку вырашаліся пытанні падаткаў.
Гарадзенскія сеймікі праходзілі ў розных месцах, напрыклад, у касцёле бернардынцаў, інтэр'ер якога быў распісаны гербамі мясцовай шляхты.
Галасаванне на сейміку ў касцёле. Я. П. Норблін, 1801. Нацыянальны музей, Кракаў.
Шляхцічы, абраныя дэпутатамі ў літоўскі трыбунал ці пасламі на сейм, натуральна, мелі ўсе падставы ганарыцца сваімі статусамі. Для прадстаўнікоў не надта заможных родаў сярэдняй шляхты, удзел у сеймах і трыбуналах мог стаць адным з найвышэйшых дасягненняў у кар'еры. Не выпадкова таму, што статус пасла і выкананне абавязкаў суддзі згаданы ў рыфмаванай эпітафіі гродзенскага шляхціца Міцуты, пахаванага ў фарным касцёле Гродна.
Адвакат у судзе. Я. П. Норблін, пасля 1750. Нацыянальны музей, Кракаў.
Выбраныя паслы рэгіянальных сеймікаў ездзілі на сеймы ў Варшаву, Кракаў або Гродна, дзе прадстаўлялі інтарэсы сваіх рэгіёнаў у спецыяльнай Пасольскай iзбе.
Верхняя праслойка шляхты, якая займала пэўныя вышэйшыя пасады краіны, мела месцы ў Сенаце. Такіх шляхцічаў называлі, адпаведна, сенатарамі. Сенатары і паслы, разам з манархам, вяршылі лёсы Рэчы Паспалітай, хоць удзел у сеймах, паводле некаторых звестак, прымалі яшчэ і мяшчанскія дэлегацыі асобных гарадоў, у тым ліку і Гродна, але ўсё ж улада ў краіне належала шляхце.
Самі паседжанні сейма часцяком напаўняліся звадамі, і палітычны працэс ішоў пад акампанемент мноства крыкаў разгарачаных шляхціцаў. Дадаткова ўскладняла гэтыя сесіі магчымасць выкарыстання знакамітага права «liberum veto», паводле якога любы дэпутат мог спыніць працу сейма, толькi па сваім жаданні. Некалькі парадаксальным, на гэтым фоне, выглядае захаванне дастаткова складанага цырыманіялу. Перад паседжаннямі адбывалася абавязковае набажэнства, шляхцічы агучвалi ўступныя прамовы, і нават рассаджваліся ўдзельнікі паводле іерархіі: на першых месцах у Сенатарскай залi сядзелі вышэйшыя царкоўныя саноўнікі, а потым ужо сенатары свецкія.
У Пасольскай iзбе паслы займалі месцы і галасавалі таксама ў пэўным парадку.
Старшынстваваў на сейме сеймавы маршалак. Для таго, каб суняць хаас, які напаўняў паседжанні, яму даводзілася прыкладаць немалыя высілкі. Тут маршалку быў вельмі прыдатны сімвал яго ўлады жазло. Вільгельм Шлемюлер успамінае, як на гродзенскім сейме 1752 года, сеймавы маршалак, і радавіты гродзенскі шляхціц, Юзаф Андрыян Масальскі, стукаў жазлом па падлозе, патрабуючы цішыні.
Арыстакратычныя сем'і, як было сказана вышэй, абапіраючыся на сваю эканамічную моц, кантралявалі размеркаванне вышэйшых пасад, таму менавіта магнаты займалі iх.
Зрэдку да верхавіны шляхецкай іерархіі мог дабрацца і які-небудзь сярэдні шляхціц, да прыкладу, Андрэй, прадстаўнік гродзенскага роду Катовічаў, змог стаць кашталянам віленскім і, адпаведна, увайсці ў Сенат.
Сенатар і Смерць. Фрагмент палатна «Танец Смерці», манастыр брыгітак у Гродне, XVIIXVIII ст.
Паслы, якія, звычайна, прадстаўлялі не самыя бедныя, па мерках павета, сем'і, атрымлівалі інструкцыі ад свайго сейміка і павінны былі вырашыць мясцовыя пытанні на агульнадзяржаўным узроўні.
Часам шляхта магла аб'яднацца ў своеасаблівы саюз, закліканы забяспечыць інтарэсы шляхецкага саслоўя, так званую «канфедэрацыю». Зваліся канфедэрацыі, часцяком, па месцы стварэння.
Гародня з'яўлялася адным з самых папулярных месцаў для такіх саюзаў. У горадзе над Нёманам было створана некалькі канфедэрацый, у тым ліку і адно з апошніх шляхецкіх аб'яднанняў Гродзенская канфедэрацыя 1793 года.
Шляхта ВКЛ магла звяртацца ў розныя суды, а працэсы ў іх нярэдка мелі палітычнае значэньне.
Часам шляхта магла аб'яднацца ў своеасаблівы саюз, закліканы забяспечыць інтарэсы шляхецкага саслоўя, так званую «канфедэрацыю». Зваліся канфедэрацыі, часцяком, па месцы стварэння.
Гародня з'яўлялася адным з самых папулярных месцаў для такіх саюзаў. У горадзе над Нёманам было створана некалькі канфедэрацый, у тым ліку і адно з апошніх шляхецкіх аб'яднанняў Гродзенская канфедэрацыя 1793 года.
Шляхта ВКЛ магла звяртацца ў розныя суды, а працэсы ў іх нярэдка мелі палітычнае значэньне.
Дваранам, у тым ліку і гродзенскім, служылі, сярод іншых: асэсарскі, земскі, падкаморскі і гродскі суды. Кожны з іх меў пэўныя асаблівасці. Напрыклад, асэсарскі суд, ці інакш «асэсорыя», займаўся, апроч іншага, пытаннямі, якія былі звязаныя з каралеўскімі маёнткамі. Старшынстваваць там павінен быў канцлер ці падканцлер.
Вядома, што ў «асэсорыі», якая праходзіла ў Гродне ў 1751 годзе, старшыняваў князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, падканцлер ВКЛ і гарадзенскі стараста.
Па ўспамінах аднаго з асэсараў, Марціна Матушэвіча:
«На гэтую асэсорыю з'ехалася амаль уся Літва, і для спраў, і для розных выгод, і дзеля будучых сеймікаў дэпутацкіх, і каб спадабацца князю падканцлеру».
У гэтым паведамленні адлюстроўваецца найважнейшы момант палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай, а менавіта: важнасць пратэкцыі найбольш уплывовых магнатаў, якія запраўлялі не толькі дробнай і сярэдняй шляхтай, але нават менш магутнымі магнатамі. Падобная сістэма завецца «кліенцкай». Кліентам у такіх адносінах выступаў менш магутны шляхціц, а патронам больш уплывовы, які нярэдка валодаў магнацкім статусам. Менавіта тут залатое правіла «кліент заўсёды мае рацыю» можа быць пераасэнсавана ў іранічным ключы.
Патронам, дарэчы, магла быць і жанчына магнатка, і аб пратэкцыі «вяльможнай панны дабрадзейкi» прасілі не менш лісліва, чым аб пратэкцыі магната мужчыны.
Пасады
Кар'ера шляхціца не абмяжоўвалася атрыманнем статусу пасла на сейм ці дэпутата-суддзі ў судовым органе. Доўгі пералік дзяржаўных пасад вабіў дваран сваімі перспектывамі. Пасты шляхцічу маглі даць яго таварышы на сейміку, або манарх. Назвы пасад і фармальныя абавязкі гэтых чыноўнікаў XVI XVIII стагоддзяў, безумоўна, могуць быць вельмі цікавымi.
У гарадзенскім павеце шляхціц мог заняць наступныя пасады ці, інакш кажучы, урады:
Войскі прыглядаў за парадкам у павеце. Пасада была па-свойму ўнікальнай, бо такi чалавек павінен быў забяспечваць жыццё сем'яў шляхты, што пайшла на вайну. Такім чынам, выконваючы абавязкі войскага шляхціц заставаўся ў адноснай бяспецы, пакуль яго таварышы па зброі ваявалі. Зразумела, на падобную «амаль сінякуру» лагічна было ставіць пажылых мужчын з добрай рэпутацыяй, аднак на практыцы часта атрымлівалася інакш.
Гараднічы павінен быў прыглядаць за гарадамі і замкамі, захоўваў ключы ад важных дзвярэй горада.
Земскі суддзя з'яўляўся кіраўніком земскага суда.
Лоўчы першапачаткова чалавек, які займаўся арганізацыяй манаршага палявання.
Маршалак земскі або павятовы маршалак кіраўнік мясцовых сеймікаў, які меў і некаторыя іншыя важныя паўнамоцтвы. Адзін з найважнейшых чыноўнікаў павета.
Гарадзенскі маршалак упаў з каня. Фрагмент роспісу лаў у Кангрэгацкай капліцы фарнага касцёла Гродна. Фота М. Супрон.
Мечнік асоба, якая наглядае за ўзбраеннем уладцы.
Пісар земскі той, хто клапаціўся пра кнігі земскіх судоў, займаўся напісаннем судовых пратаколаў.
Падкаморы галоўны суддзя ў падкаморскім судзе.
Падстараста намеснік старасты.
Падстолій першапачаткова намеснік стольніка, які нават нёс перад ім ягонае жазло.
Падсудак намеснік земскага суддзі.
Падчашы ураднік, які першапачаткова займаўся каралеўскім кубкам, клапоцячыся аб тым, каб патрэбны напой заўсёды быў даступны для манарха.
Стараста градовы адміністратар староства і старшыня гродскага суда.
Стольнік першапачаткова падобная пасада быў звязана з клопатам пра стол манарха.
Харунжы тытулярны сцяганосец, які аб'яўляў ваенны збор мясцовай шляхты і камандаваў ёй, часам з дапамогай памочнікаў ротмістраў.
Чашнік яшчэ адзін «алкагольны» пост. Абавязкі чашніка паходзілі на абавязкі падчашага, які першапачаткова быў яго памагатым.
Акрамя вышэй пералічаных існавала яшчэ мноства пасад-тытулаў, да прыкладу: мастаўнiчы, ляснічы, дзераўнiчы, крайчы, будаўнічы, неваднічы, піўнічы.
Большасць урадаў паступова сталі толькi ганаровымі пасадамі.
Жанчыны не займалі пасад, але выкарыстоўвалі тытул мужа ці бацькі. Напрыклад, жонка ваяводы гэта ваяводзіна, а дачка ваяводзянка. Чытачы могуць самастойна, у рамках практыкума, утварыць жаночыя формы тытула дзераўнiчы. А чытачкі, акрамя таго, спытаць сябе: хацелі б яны быць дачкой дзераўнiчага і насіць адпаведны тытул ці ўсё ж такі не.
У канцы існавання Рэчы Паспалітай, Гародня нарэшце атрымала сваё ваяводства, і ў іерархіі гродзенскай шляхты з'явіліся значныя пасады ваяводы і кашталяна.
Канешне, прадстаўнікі мясцовых родаў далёка не заўсёды абмяжоўваліся ўнутранай кар'ерай, і часам даходзілі да агульнадзяржаўных пасад. Некаторым удалося атрымаць нават найважнейшыя свецкія, ваенныя і духоўныя пасады ВКЛ, то бок, заняць урады маршалка вялікага, канцлера, вялікага гетмана і віленскага біскупа.
Паўсядзённае жыццё
Рэлігійны светапогляд і вучоба
Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.
Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.
Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.
Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.
Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.
Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.
Паляванне і рыбалка
Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.
Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.
Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.