Паляўнічыя акварэлькі з Палесся - Лучына Янка 3 стр.


«Но! но! стары буланку! Грышка панукае
Ды на каня і на дарогу наракае.
Удача, можа, будзе заўтра ў паніча,
Як пойдзем разам паляваць на рагача.
Надзеі мала сёння. Ёсць ласі далёка,
Дзе матачнік, я без пары не б'ю. Як вока
Пільную іх. А мо надарыцца пасля
Нам з панам хвіля на шляху да Базыля.
Калі там ні бываў, як нейкая мне кара
Той воўк, крадзе мой час. Задам калісь прыпаркі
Я шкодніку! крыві мне колькі ён псуе!
Не паддаецца воўк на хітрыкі мае,
Ў адным заўсёды месцы, шэльма, чыніць варту.
Бывалец ён, але ж і я натуры ўпартай».

Штораз гусцейшы лес, хіліцца ўжо зачаў,
Бо блізка тут вада. Дарога праз гушчак
Віецца. Елка, вольха, цёмны граб, асіна.
Прыемны халадок ад вільгаці ў нізіне.
Раўчак, як шыба, бліснуў у кутку лясным,
Тулілася сядзіба Грышкава за ім.

«Гэй! гэй! ёсць дома хто ці не?! сюды, і жыва!
Няма, напэўна, анікога, зараз жніва.
Што ж мне рабіць?.. Стаяцьме дворскі конь у той
Аборы, скемяць ах, Вінцук не знае мой,
Што ў Базыля мы будзем, ён прыйшоў бы ўночы,
Прыдаўся б заўтра, дапамог бы нам ахвоча.
Пацёгся ў поле мо?.. Што ж мне рабіць далей?..
Ага!.. пакінем торбу й стрэльбу на стале.
Пабачыць, здагадаецца тады, што клічам,
Пазнакай шлях падкажам Добра ўсё, панічу!
Паставіць трэ каня, сянца буланку даць,
І рушым. Запрашаю ў хату завітаць».

Гаспода. Посуд на паліцы. Чыста ў хаце.
Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Маці.
Таўстуха-печ, палаці, што амаль пад столь,
Дзве лавы, зэдлік і засланы просты стол.
На ім выглядваў хлеб з-пад чыстай палатніны,
Нож побач, соль на сподку. Ток чысцюткі з гліны
Заместа мосту, гаспадыніна хвала.
Пры печы вілы, качарга і чапяла.

Карцінкі на сцяне наклеены. Змест кожнай
Без повязі. Выяву ўбачыш Маці Божай,
А побач войска шыхт ваярскі за шыхтом,
Малюнак пекла плата за грахі агнём,
Святы чаргуе Юры ў шышаку стажковым
І этыкетка ад бутэлькі каньяковай,
Красуецца французскі надпіс «fine champagne»[4].
Пайшла і мода вось дзяўчынкі ля дзвюх пань,
Якісьці зноў святы з шатанам і анёлам.

Пад ложкам скрынкі розныя, пад самай столяй
На рыбу восці, невад, вязкі сушаных грыбоў,
Шмат усялякіх зёлак не злічыць пучкоў,
Вянкі цыбулі, белы часнаку вяночак.

Віселі стрэльбы, торбы шэрыя ў куточках,
Рагаціна ў куце выстойвала адна,
То ж ловы помніла на медзвядзя яна,
Стапырыўся над ёю цецярук напханы,
На ваб, няйначай, паляўнічым ужываны.

Назад