Найперш я задаў сабе пытанне, ці можа гэта быць праблемай, характэрнай для Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, якая служыцца па Імшале Паўла VI. Але мае шчаслівыя ўспаміны пра набажэнствы аратарыянцаў3, дзе той жа Імшал выкарыстоўваўся з бляскам і сурёзнасцю, змусілі мяне прызнаць, што праблема не ў самім Імшале (прынамсі не так проста і непасрэдна), хоць ён і мае хібы ў многіх адносінах. Бо, з аднаго боку, цэлебрацыю сучаснага рымскага абраду магчыма прывесці ў яўную, бачную адпаведнасць з папярэдняй формай, як гэта навучыліся рабіць аратарыянцы, але, з іншага боку, шмат у чым Імшал Паўла VI не заахвочвае і не патрабуе ўрачыстасці, тады як традыцыйны Імшал робіць гэта сістэматычна. Сярод іншых прычын, чаму некаторыя святары сёння не жадаюць вывучаць старую Імшу, напэўна, ёсць і тое, што яна вельмі пераборлівая і патрабавальная ў сваіх прадпісаннях наконт мовы, паставаў цела і жэстаў.
Калі я разважаў над гэтым пытаннем, усепранікальная адсутнасць урачыстасці здавалася мне хутчэй праблемай людзей і іх пастыраў. Яна выклікана тым, што бацькі называюць «кепскімі манерамі». Гэтыя манеры можна ахарактарызаваць як збянтэжанасць або (няхай дапаможа нам добры Бог) нудоту ад згадвання самой толькі ідэі ўрачыстасці, ад праяўлення выражанай пашаны хоць да чаго ці то мова ідзе пра пашану, якая выяўляецца ў анельскай музыцы, ці то пра ціхае сузіранне. На жаль, вынікам становіцца не проста «недахоп» урачыстасці, а занядбанне і пагарда той урачыстасцю, якой патрабуе эўхарыстычная таямніца. Звычайную форму рымскага абраду можна выканаць добра, аднак яна рэдка служыцца ў духу ўсеабдымнай урачыстасці, тады як для надзвычайнай формы ўрачыстасць, або прынамсі сакральная годнасць, гэта тая атмасфера, у якой яна жыве і рухаецца, у якой знаходзіцца яе самае існаванне. Асабліва моцна гэтую праўду ілюструе ўрачыстая спяваная Імша, хоць спяваная Імша, альбо Missa cantata, таксама не адстае ў гэтым, а прыватная Імша адданага манаха можа быць пераломным момантам у жыцці кожнага, хто меў прывілей удзельнічаць у ёй. Падтрыманы багатай літургічнай культурай Еўропы ХІІІ ст., св. Тамаш Аквінскі мог спакойна сцвярджаць: «Паколькі гэты сакрамэнт [Эўхарыстыі] заключае ў сабе ўсю таямніцу нашага збаўлення, мы цэлебруем яго больш урачыста, чым астатнія сакрамэнты»4. На ўвазе маецца, што ўсе іншыя сакрамэнты таксама цэлебраваліся (і павінны цэлебравацца) урачыста.
Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo. Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара5. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сурёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сурёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам6.
Страх перад рытуалам
Адной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Cant Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не зяўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»
На працягу доўгага часу мяне вельмі здзіўляла, што так мала людзей адчуваюць абсалютную несумяшчальнасць рытуальных манер і спосабаў звароту са штодзённымі. Калі ж я лепш абдумаў сваё меркаванне наконт беспарадку сучаснасці, мне стала больш зразумела, наколькі антырытуальным і антырэлігійным зрабіўся наш свет. Усё, што знаходзіцца па-за камфортнай зонай штодзённых дзелавых размоваў і задавальнення, сталася чужым, небяспечным і пагрозлівым, і таму людзі пазбягаюць гэтай зоны непадабенства, як толькі могуць. Каталіцкая літургія, цалкам засяроджаная на сакральных, неспасцігальных, таямнічых рэчах, стаіць на дыяметральнай адлегласці ад менталітэту заходняга «рынку ідэй»; яна ідзе супраць паўсюднага сучаснага вобразу жыцця, заснаванага на патуранні матэрыялізму. Усялякая традыцыйная літургія, падчас якой вочы і душы засяроджваюцца на тым, што вышэйшае і далёкае, зяўляецца сурёзнай пагрозай для трыумфу эгаізму эгаізму, які ўрад, школьная сістэма і прыватны сектар усімі сіламі імкнуцца прынесці ў кожны горад і ў кожны дом. Слоган «уратуй літургію, уратуй свет» ніколі дагэтуль не здаваўся мне такім трапным7.
Трэба ясна сказаць, што ў сучасным свеце вялася вайна супраць мучаніцкага сэнсу, які кажа, што абсалютная праўда вартая таго, каб за яе памерці, каб дзеля яе ўсё пакінуць. Адным з галоўных заданняў нігіліста Жан-Поля Сартра было пераканаць сваіх чытачоў, што не існуе «праўды», якой можна служыць, пакланяцца і за якую можна памерці, альбо, кажучы іншымі словамі, што адзіным сэнсам жыцця зяўляецца служэнне сваёй «праўдзе». Вайна супраць найвышэйшай, трансцэндэнтнай значнасці таксама праявілася ў наданні літургіі гарызантальнага характару і ў яе секулярызацыі. У многіх выпадках літургічныя цэлебрацыі больш не праяўляюць глыбокай засяроджанасці на Богу і не пераймаюцца духоўнымі рэаліямі: анёламі і святымі, ласкай, грахом, небам, пеклам. Вернасць духоўнай праўдзе гэта мучаніцтва для цялеснага эга: калі чалавек сапраўды верыць у вышэйшыя праўды веры, ён павінен утаймоўваць «цела», пад якім у дадзеным выпадку я маю на ўвазе заганную людскую схільнасць апашляць, занядбоўваць, забывацца і павярхоўна ставіцца да догматаў і рытуалаў веры. Кожная фраза традыцыйнай Імшы вартая таго, каб за яе памерці, таму што кожная фраза прыносіць нам (і прыносіць нас да) Хрыста Пана. У той момант, калі чалавек глядзіць на яе проста як на людскі канструкт, які можна лудзіць і на якім можна выпрабоўваць законы сацыяльнай інжынерыі, ён траціць мучаніцкую паставу ў адносінах да Традыцыі і да праўды, якою адзначаліся ўсе святыя нашага святога Касцёла. Ці можаце вы хоць на момант уявіць сабе, каб св. Аўгустын, св. Тамаш Аквінскі, св. Францішак Сальскі або св. Пій з Петрэльчыны гуляліся з тэкстам Імшы альбо засядалі ў камісіях, разважаючы над стварэннем новых эўхарыстычных малітваў? (Адна прымаўка кажа: «Бог так палюбіў свет, што ён не спаслаў камісію». ) Святыя з удзячным сэрцам прымалі тое, што было ім перададзена, і выкарыстоўвалі гэта для асвячэння свайго жыцця. Яны былі гатовыя тлумачыць і абараняць малітвы і практыкі сваіх продкаў, нават калі гэта азначала катаванні і смерць ад рук няверных і ерэтыкоў.
Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу8. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сурёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні9, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя зяўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.