Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.
Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.
Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.
Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.
Тут падарожны змоўк.
Скажы ж, просіць пан Завальня, а што сталася з Агапкаю?
Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.
Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? спытаўся пан Завальня. Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.
Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.
А ці жыве Парамон?
Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.
А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі чалавек вучоны.
Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае праўды.
Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія словы: «Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў».
Ну, будзем жа зараз слухаць, сказаў Завальня, што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. страшныя і цікавыя[55].
Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа і слухаць не хочуць.
І я памятаю, сказаў пан Завальня, лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.
Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.
О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, сказаў ён да падарожнага.
Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы. Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра[56], і Васіля таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:
Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!
Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія бары:
Паглядзіце, што дзеецца.
Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па бары, галава вышэй за хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператвараецца ў карузліка, і адразу ж з поля і лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколіцу.
Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:
Згінь, прападзі!
Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:
Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце. Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.
Што мне да таго, адказаў Васіль. Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.
Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.
Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.
Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:
Як маешся, браце!
А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.
З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.
Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:
Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.
І пан яго не чапаў.
Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.
Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.
Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер абяўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту[57], што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.
Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.
Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:
Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.
Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з дяблам, трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.
Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.
Я і не прашу ні ў кога нічога, адказаў Васіль. Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.
Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.
Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад нашае вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі «Цмокаў Камень». Старыя людзі так пра яго апавядалі.