«Тутэйшыя» не адпавядалі стэрэатыпам пра беларускую літаратуру, іх беларуская мова не была школьнаю, іх цікава было чытаць, іх не любілі настаўнікі што яшчэ трэба было, каб адчуць да іх сімпатыю? Наогул, мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала а мне гэтага і было трэба.
Ужо ў трынаццаць гадоў я быў вельмі палітызаванай асобай і перакананым антысаветчыкам. Я насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. Мой дзённік стракацеў надпісамі «Хай знікне Савецкая імперыя!», «Смерць камуністам!», «Маскалі, дамоў!», «Жыве незалежная Беларусь!». Я пісаў сачыненні тарашкевіцай і ўсю праблематыку твораў белсавецкіх пісьменнікаў зводзіў да таго, што камуністаў чакае Нюрнберг.
Потым я вышыў на пінжаку зялёнымі ніткамі загадкавыя слова «Так нельга» і апранаў яго ў школу. Я адказваў ля дошкі па-беларуску: спачатку на ўроках гісторыі, потым і на іншых. Я нахабна накідваў усім беларусацэнтрычны погляд на свет. У пачатку дзевяностых ужо наведваў палітычныя мітынгі, адкуль прыносіў розныя катэхізісы кшталту «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Са мной у школе праводзілі строгія размовы, стаўленне, аднак, было на дзіва ліберальнае, бо вучыўся я някепска і эпоха была ўжо не тая, лютаваў хіба настаўнік вайсковае падрыхтоўкі. Дарослыя азадкамі адчувалі, што Савецкі Саюз імкліва коціцца да свайго канца. Яны проста не ведалі, што рабіць. Здаецца, яны і цяпер не ведаюць, тыя пастарэлыя дарослыя з майго 1990 года.
У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць. Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой.
Беларускамоўны беларус гэта не эфірнае, празрыстае, безаблічнае стварэнне, завіслае паміж небам і зямлёй, якое невядома адкуль узялося і невядома чаму атрымала ўласную дзяржаву і хоча пры гэтым, каб яго прызнавалі за чалавека, за асобу, за роўнага.
Беларускамоўны беларус ведае, хто ён; ведае, што мае такое ж права быць роўным сярод роўных, як і іншыя; ведае, што ён еўрапеец; ведае, адкуль ён і дзе яго дом. Беларускамоўны беларус мае грунт для свайго існавання і здольны яго абараніць. Бо насамрэч «я» гэта тое, чым я адрозніваюся ад астатніх.
Аліна Радачынская: Жаданне быць беларускай жаданне быць сабой
Сямя мая расейскамоўная, і беларускамоўнага мэтаcкіраванага выхавання ніколі не было. Хутчэй закладаўся нейкі дух пярэчання. Калі б не ён, то, можа, існавала б сабе спакойна і не шукала прыгодаў на сваю псіхіку.
Мы жывем, ставім сабе пытанні, шукаем на іх адказы, спрачаемся з іншымі. Быць беларусам гэта спрачацца са сваім расейскамоўным наваколлем. Быць беларусам гэта адольваць свой шлях, які, магчыма, падштурхне іншых людзей рухацца да беларускасці.
Да пэўных рэчаў чалавек даходзіць сам, чытаючы кнігі, школьныя падручнікі. Пазней усе веды гуртуюцца ў нешта адно цэлае, і тады табе трэба вырашаць, хто ты ёсць і навошта? Для мяне апошнім штуршком да беларушчыны стаў пераезд на навучанне ў Менск, дзе зявіўся беларускамоўны асяродак і з гэтага магчымасць перайсці на родную мову. У Рагачове, маім родным горадзе, гэта было б цяжка.
Жаданне быць беларускай гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. Запаў у памяць выраз: «Чалавек можа цалкам рэалізаваць свае рэсурсы інтэлектуальныя, маральныя, духоўныя, толькі размаўляючы на роднай мове». Гэта былі словы выкладчыцы. Тады, на першым курсе, і пачаўся пераход на беларускую мову. Пры тым, што навучалася на расейскай філалогіі. Група была ў шоку. Першы дзень яны пыталіся, што са мной здарылася, другі дзень пасмейваліся, на трэці сказалі, што гэта ўжо не смешна, а цяпер прымаюць як факт.
Андрэй Саротнік: Супрацьпастаўляць сябе іншым
Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, але ўжо тады ўва мне прабіваўся беларускі нацыяналізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. У восем гадоў я ўжо ўспрымаў футбол як спаборніцтва, і калі «Дынама-Менск» гуляла ў фінале з «Дынама-Кіевам» і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.
Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я? Між іншым, у дзяцінстве чытаў беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам.
Мне далі ў школе медаль, і ён з «Пагоняй», як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Менск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. А потым была вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты яны заўсёды пратэстуюць Тады я і паспрабаваў вярнуцца да беларускай мовы, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расейскай.
Быць беларусам гэта супрацьпастаўляць сябе расейскамоўным не ў тым, дык іншым сэнсе. Беларускасць найбольш заўважна праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная адмета.
Глеб Хамутоў: Я хацеў быць не як усе
Падлеткам я адчуваў сябе большасцю: слухаў тое, што ўсе, глядзеў тое, што ўсе. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. З гэтага пачаў шукаць нешта, што б мяне адрознівала ад большасці ў розных сферах жыцця. У беларускай мове найперш прывабіла яе пэўная элітарнасць.
Пошук альтэрнатывы прывёў да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і г. д. Неяк мяне запрасілі ў тусоўку, дзе ўсе размаўлялі на беларускай мове. А я не мог сказаць ані слова! Гэта мяне моцна засмуціла. Недзе ў 2007 годзе пачаў зрэдзьчас размаўляць па-беларуску.
Затым неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі на беларускай мове. У мяне паўжартам спыталі: «Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?». Я тады падумаў: «А чаму б і не?» Той момант стаў для мяне катарсісам. З той пары і навярнуўся на мову. Для большасці маіх знаёмых гэта быў шок мой пераход на беларускую.
Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.
Ксюша Юшына: Я аcэнсавана выйшла з інфармацыйнага вакууму
У 1995 годзе маці аддала мяне ў беларускамоўны клас. З гэтага і пачалася мая беларускасць. Дома мне ніхто па-беларуску размаўляць не забараняў, усе паставіліся досыць прыязна, за што маім хатнім вялікі дзякуй.
Самае цікавае, што ў сваім выбары маці турбавалася не пра маю мову, а каб я не трапіла да злой класнай. Гэтая настаўніца літаральна «тэрарызавала» клас маёй на год старэйшай сястры, але працавала яна выключна з расейскамоўнымі вучнямі.
Вось так родная мова ўзяла мяне пад ахову ўжо з маленства. Дзіўная выпадковасць. Хаця не, нічога выпадковага не бывае.
Але працэс усведамлення сябе як часткі нацыі адбываўся ўжо ў пару майго сталення. Я аcэнсавана выйшла з расейскага інфармацыйнага вакууму, у якім раней знаходзілася, і беларуская мова пераможна запанавала ў маёй галаве.
Цяпер я ў сферы, вельмі далёкай ад усяго «беларускага», і хто мяне блізка не ведае, дык лічыць, што проста я навучалася на філфаку ці гістфаку. Але гэта ўсё ад стэрэатыпаў, а я вельмі люблю парушаць стэрэатыпы.
Быць беларусам для мяне гэта ўсведамляць сябе часткай вялізнай сямі, імя якой беларусы. І тут нельга не сказаць пра мову.
Кожны сам абірае, на якой мове яму «любіць сваю Радзіму», і я не хачу нікога прымушаць, але ж калі мы жадаем захаваць сябе як нацыю, пагарджаць роднай мовай недапушчальна.
Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.
Вераніка Бурак: Быць сабой
Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.
Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.
Вераніка Бурак: Быць сабой
Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.
Я не патрапіла ў дзіцячы садок, і маім выхаваннем займаліся прабабуля і бацька. Прабабуля нават не ведала рускай мовы, размаўляла на сумесі беларускай і польскай. У дзіцячыя і школьныя гады я шмат часу бавіла ў вёсцы гэта таксама пакінула свой адбітак. На вёсцы я гаварыла па-беларуску ў знак пратэсту. Бо мясцовыя хлопцы і дзяўчаты перада мной пачыналі размаўляць па-расейску (натуральна, з беларускім гэканнем, дзеканнем, цеканнем). За такую «добрую» звычку я атрымала не вельмі добрую мянушку.
Мая цётка жыве ў Віцебску, і я да яе езджу ў госці. А яе сыну вельмі не падабаецца беларуская мова. Таму раней кожны раз, калі я прыязджала і ён ішоў са мной побач, я пачынала на чысцюткай беларускай мове гучна размаўляць на ўсю вуліцу. Ён уцякаў на іншы бок і крычаў, што не ведае мяне.
А яшчэ праз мову праяўлялася маё падлеткавае жаданне вылучыцца з натоўпу. Тых, хто размаўляе і жыве па-беларуску (думае па-беларуску, праяўляе сябе беларусам), у нас адзінкі, раўнуючы з астатнімі.
Бацькі да маёй беларушчыны ставіліся спакойна. Больш за тое, яны мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць.
Але насамрэч усведамленне сябе як беларускі (а не пратэст, не жаданне вылучыцца з натоўпу), пачало фармавацца толькі ў старэйшых класах.
Чалавек павінен трымацца за сваё, бо яно яму роднае.
Алесь Наркевіч: Галоўнае беларуская мова
Мая беларуская свядомасць прыйшла да мяне, зразумела, не з дзяцінства. Мае дзяды і бабулі размаўлялі па-беларуску, бацькі на трасянцы, але не па-расейску. У дакументах, якія яны рэгулярна перабіралі і перачытвалі, праскоквала: беларус, выдадзена такому і такому, беларусу.
У час калі я вучыўся ў школе, маладыя людзі з вёскі яшчэ размаўлялі па-беларуску. Нашыя крутыя вілейскія «пацаны і дзіфчонкі» клікалі іх «крэсты». Часцяком былі бойкі. У СПТУ-200 людзі з вёсак прыязджалі вучыцца на камбайнёраў і трактарыстаў. Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць іх проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў.