Зборная РБ па негалоўных відах спорту - Павал Касцюкевіч 6 стр.


Недалёк ад дзіцячай чыгункі разлеглася кінаімперыя «Беларусьфільм»: павільёны і шырэзныя пляцы былі проста набіткаваныя вайсковай тэхнікай ваенных часоў. Аднойчы падчас чарговай несанкцыянаванай экскурсіі мне, малому га(лава)рэзу, аднаму з усёй пачэснай хеўры, выпала трапіць у прыхапкі вартаўніка.

Я не быў маруднейшым за сваіх сяброў: проста сярод гарматаў, каркасаў танкаў і самалётаў я заўважыў карэту з разьбянымі вокнамі і блазанскай жоўтай афарбоўкай, якая, пэўна, брала ўдзел у здымках якогасьці дзіцячага фільма. І вось замест таго, каб уцякаць ад пагоні, складзенай з пасінелага ад брэху тузіка і пары адтаптаных халявы па зямлі кірзавых ботаў, я сшэрх спасярод гэтага трыумфу бутафорскасці. Мяне схапілі ды некуды павялі: я валачыўся, сцяты ў запясці шурпатай клюшняй і ахутаны парамі амаль адчувальнай на дотык лаянкі. Але ж мне было на гэта напляваць. Хай забіраюць, хай міліцыя, хай дзіцячая калонія. Цяпер мне было ўсё роўна, бо ў маіх скронях пульсавала прыкрае адкрыццё: «На гэтай кінастудыі здымаюць не толькі пра вайну, але і ўсялякую лухту».

***


Нядаўна я наладзіў для сябе самога рэтрасеанс прагляду сваіх дзіцячых мараў. Гэта неяк спантанна атрымалася: маленькія трагедыі дарослага, вечар і крыклівая адсутнасць людзей, за якіх ты гатовы вокамгненна аддаць сваё жыццё. Паколькі ў дзяцінстве я выкшталтаваў свае ўявы да дасканаласці, то хутка адшукаў іх у памяці і паставіў на «плэй» улюбёныя сцэны з забойствам на лётнішчы ды выкладаннем русязу ў нью-ёркскай школе. Плёнка сям-там пасціралася, абрысы маёй сяброўкі адпаведна з цяперашнімі эталонамі прыгажосці змяніліся, але збольшага ўсё засталося на месцах. Трохі адстаронена гледзячы даўкае настальжы, я раптам звярнуў увагу на адну дэтальку. У апошнія моманты жыцця мой сябра, амерыканскі запраданец, быў апрануты ў храбусткі плашч афіцэра СС, які тады мне падаваўся цэрэушным.

Але гэта яшчэ трэць бяды, бо абгледзеўшы сцэну ў амерыканскай школе, я раптам заўважыў, што і сам я, як і маё тадышняе, на ўсё жыцьцё каханне, таксама апранутыя ў трохі зацяганыя, але вельмі скураныя і вельмі фашыстоўскія мундзіры афіцэраў СС! Вядома ж, у іх сярпастыя малаткі ў пятліцах, толькі што я, спадкаемны бээсэсэрчук, не адрозню эсэсаўскай вопраткі ад савецкага мундзіра?!

Зразумела, у падставе гэтай аблуды найперш быў эфектны фасон. Так атрымалася, што ў паваенных фільмах пра вайну, пакуль савецкая і амерыканская форма часоў Другой сусветнай заставалася такой, як была раней, фашыстоўская з фільма ў фільм рабілася ўсё больш моднай ды выкшталцонай. І што самае цікавае той апгрэйд форме ўчынілі не немцы (пасля вайны яны наагул палічылі за лепшае не здымаць фільмаў пра вайну), тут збольшага ўвіхаліся кіношнікі краінаў-пераможцаў: галівудскія кінастудыі і беларусьфільмаўцы. Камедныя галіфэ пад нажніцамі спрактыкаваных менскіх і санта-барбарскіх касцюмераў спакваля ператвараліся ў штаныэлегант, а нацысцкіх арлоў, здавалася, сталі выштукоўваць з чыстай плаціны гэтак яны зіхцелі ў кадры; да таго ж сцэнары парадкаваліся такім ладам, каб кожны другі нямецкі вайсковец апынаўся глянцавана-смаляным эсэсаўцам. Такім чынам, фашыстоўская лёгкая прамысловасць маіх мрояў проста не хацела адставаць ад сусветнай моды і з ног да галавы абшывала прывідных персанажаў паводле сучасных стандартаў.

А на парэшту хачу рашуча зазначыць, што асабіста я не вінаваты ў жахах вайны, якая адбылася слухай, свет, уважліва яшчэ да таго, як я нарадзіўся. Пане мой Божа! Я нічога благога не зрабіў і з гэтага не маю намеру занурвацца ў комплекс уласнай віны ці нешта падобнае. А калі да мяне залішне прычэпяцца, дык я, дарослы зямлянін, скажу настоеную на стагоддзях і правераную шматсотгадовым досведам рэпліку: «Fuck you all! /Ды ідзіце вы ўсе!...» Цікава, каго мараць забіваць дзеці цяпер?

Амаль

пераймаючы Этгара К.


Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуд-паліва для касмічных ракетаў. Не нарадзіўся на гэты свет увогуле ці пайшоў іншым прафесійным шляхам: напрыклад, улёгся ў гандаль кактусавай расады ці прыступіўся да распрацоўкі бензапілак для пазногцяў не важна. Адно адгэтуль вынікае пытанне: ці паднялася б касмічная ракета ў паветра пры такіх умовах? Бо, бачыце, у чалавецтва нават без хіміка Кіта нешта-нейкае было: бензін, газа, салярка. Сякія-такія распрацоўкі, кшталту вугалю або торфу. Таму варта дапусціць, што касмічны карабель хай сабе нехлямяжа, з дрыгаценнямі, але ўсё ж уздымаецца, і можа быць, не так шпарка, як хацелася, аднак ляціць. Так, вядома: на кожныя сто кіламетраў у яго выдаткоўваецца на якія дзве тоны літраў паліва больш і на другую ступень ён пераходзіць не адразу, а толькі мінуўшы якую-небудзь стратасферу. Аднак, далібог, зоркі пакрысе бліжэюць.

Пойдзем далей: дапусцім, людзі не вынайшлі тытанавых сплаваў дык навалам алюмінію, чыгуну ўрэшце. Так, няма гэтых бліскучых тумблераў з проціўдарным шклом, нікеляваных пускачоў і яркіх чырвоных кнопак. Аднак з лёгкасцю перабудзем без пластыку ды іншых зіхоткіх збыткоўнасцяў. Згода: касмічны карабель спакваля пачынае нагадваць шараговы аўтамабіль хіба нестандартны памерамі, што імчыцца па вертыкалі, у якім тваю хуткасць і ўсё астатняе паказваюць не кампютарныя датчыкі, а звычайныя спідометры і механічныя паказчыкі ўзроўню алівы.

Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.

Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.


Дапусцім, я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну. Бо, бачыш, нават без цябе ў мяне яўна маглі быць сякія-такія варыянты. Яна амаль як ты, досыць нішто сабе такая. Нешта-нейкае ёсць жа. Яна, можа, не надта эфектная, але вельмі эфектыўная. І ўсе сябры, якія бачаць нас разам, пагаджаюцца: я зрабіў слушны выбар. Больш за тое: калі мы з ёй няспешна ідзем па вуліцы, дык на нас заўжды азіраюцца мы, можа, не самая прыгожая пара, але дужа гарманічная. Ці, хутчэй, азіраюцца на нашых дзетак. Так, я забыўся: у мяне нарадзіліся ад яе дзеці-анёлы, якія ўвогуле па-за паскудствамі дарослых разбораў.

Ды што тут дадаць: усё, усё ў норме я ж увогуле не ведаю, што ты існуеш. І ў нас не адбылося гэтага пякучага расставання, бо не было наагул уцешнай сустрэчы. Усё нармальна: я бадай ніколі не плбчу ад любасці, калі гляджу на спячую жонку.


Дапусцім, што касмічны карабель усё гэтае прадпрыемства з кансаровымі бляшанкамі і роварнымі насосамі для напампоўкі свежага паветра з грахом напапалам адарвалася ад зямнога прыцягнення і цяпер мае на мэце скарыць Месяц.

Усё шэрае, грувасткае. Тушаніна з кансароўкі вытрыбушылася і дурным метэарытам лунае ў бязважкасці, а тлушч бязлітасна пэцкае абабітыя вагонкай сценкі карабля, а таксама касманаўцкае трыко. Рухавік карабля люта дрыгаціць ажно ў зямляніна крыху спыняецца сэрца. Мёртвым ухопам учапіўшыся ў чорную абаранку руля, касманаўт умываецца потам і агаляе торс, бо карабель, пазбаўлены нявынайдзеных кандыцыянераў, напаліўся да беласці. Праз недасканаласць замкоў яны навясныя прабіліся сякія-такія шлюзы, і ў задніх адсеках плёхаецца адкрыты космас... Аднак, па вялікім рахунку, жыць, а дакладней ляцець, можна.


Дапусцім, ты на нейкім этапе таксама знаёмішся з іншым хлопцам: паўгоду вы сустракаецеся, яшчэ год жывяце разам і ўрэшце вы з ім жэніцеся. Увогуле ён станоўчы чалавек, у меру прыгожы, можа, і не да канца табе падабаецца, але ат, сыдзе, і не робіць табе ніякіх праблемаў. Табе з ім някепска, спакойна. Калі б я сустрэў яго на вуліцы, дык абавязкова забіў бы, ці, прынамсі, зламаў нос. Але я і думаць не думаю пра яго як, дарэчы, і пра цябе, бо, бачыш, мы ж адно аднаму чужыя людзі.


І вось на сваім недасканалым караблі касманаўт усё ж да Месяца дапяў. І ён ужо гатовы расчыніць нагою шлюз, каб выйсці на паверхню, як раптам яму прыходзіць да галавы, што здзейсніць гэта няма ў чым. Памятаеце, мы ж сказалі, што ў нашым караблі ўсё будзе трошачкі горш, на ўзровень ніжэй? Дык вось, у гэтай выдуманай рэальнасці, трохі горшай рэальнасці, адпраўшчыкі касмічнага карабля забыліся вынайсці скафандр. Ну, ясная рэч, у іх было столькі праблемаў: з тарфяным палівам ды з іншымі нягеглымі прыстасаваннямі. Тыя адпраўшчыкі, можа быць, нават паспрабавалі вынайсці які бартавы кампутар, але ў іх ні халеры не атрымалася. І за гэтымі ўвіханнямі і змарнаваным імпэтам яны дазвання забыліся на вынаходніцтва такога, па сутнасці, простага аксэсуара, як герметычны скафандр. Рукі не дашлі да рэчы, без якой, пагадзіцеся, скараць Месяц досыць нязручна і недарэчна.


У давяршэнне няшчасцяў у ббках скончылася тое звычайнае паліва, якога выдаткоўвалася ўдвая больш, чым калі б у іх залівалася тое, якое мог бы вынайсці Барыс Кіт. Далёт назад яўна адмяняецца.

Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Мюнхене, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы.Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.

Назад Дальше