Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша - Уладзіслаў Ахроменка


Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімовіч

Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша

апокрыф-правакацыя

© Уладзіслаў Ахроменка, 2017

© Максім Клімовіч, 2017

© ІП Янушкевіч А.М., 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

Прадмова да публікацыі

Гісторыі, як навукі, ніколі не існавала, не існуе і існаваць не можа. Гэта бясспрэчна і відавочна.

Вывучэнне далёкай і не вельмі далёкай мінуўшчыны пачынаецца з першакрыніцаў. Калі першакрыніца адна, аніякіх праблемаў у даследніка не ўзнікае. Гісторыку нічога не застаецца, як даверліва пераказваць напісанае папярэднікам і не думаць, кім той быў: праўдзівым сведкам падзеяў ці іх зламысным фальсіфікатарам.

Праблемы пачынаюцца, калі першакрыніцаў некалькі. І чым іх болей, тым цяжэй даследніку, бо першакрыніцы заўсёды супярэчаць адна адной. Мы доўга шукалі якіх-небудзь сведкаў, якія б цалкам супадалі ў апісаннях фактаў і ў іх трактоўцы і, як не дзіва, знайшлі. Толькі неўзабаве высветлілася, што адзін летапісец папросту спісваў у другога.

Але ж і старажытны плагіят бязлітасна перакручваецца цягам усіх наступных стагоддзяў. Незлічоныя легіёны гісторыкаў, ідэолагаў, паліттэхнолагаў, пісьменнікаў ды прадстаўнікоў іншых старажытных прафесій ствараюць велічную і бліскучую мінуўшчыну як альтэрнатыву прынізлівай рэчаіснасці і няпэўнай будучыні.

Такім чынам, больш-меньш вартай даверу крыніцай можа быць адно аб’ектыўна першасны дакумент. Збольшага сумленныя даследнікі час ад часу спасылаюцца на нейкія загадкавыя Скрыжалі Гісторыі, на якіх нібыта і фіксуюцца праўдзівыя лёсы народаў. Да нядаўняга часу Скрыжалі гэтыя ніхто і нідзе не бачыў.

Не так даўно ў адным беларускім мястэчку руйнавалі чарговую старасвецкую камяніцу. Падпітыя калдыры, якія расцягвалі сцены на цэглу, адшукалі ў падмурках вялізную каменную пліту з загадкавымі пісьмёнамі. Замбаваныя дзяржаўнай прапагандай п’янтосы вырашылі, што гэта – шыфроўка-інструкцыя з Захаду да беларускіх нацыяналістаў, экстрэмістаў ды іншых тэрарыстаў. Калі ж пад плітой не знайшлося парашута, рацыі, выбуховых рэчываў ды іншых традыцыйных шпегунскіх трантаў, калдыры супакоіліся і пацягнули знаходку ў камнедрабільню, каб раструшчыць пліту на жарству і такім чынам зарабіць на свае ўлюбёныя напоі.

На шчасце, побач апынуліся мы – аўтары гэтае публікацыі. І, як толькі пабачылі дзіўныя каменныя пісьмёны, то зразумелі адразу: гэта – тыя самыя Скрыжалі Гісторыі, пра нястачу каторых меланхалійна ўздыхаюць прыхільнікі аб’ектыўнай мінушчыны. Гістарычная сенсацыя была навідавоку – у нашых руках.

Расшыфроўка тэксту заняла колькі гадоў, але намаганні далі плён. На вялікі жаль, нейкі невядомы калдыр адбіў верхнюю частку пліты, і таму першыя радкі летапісу назаўсёды страчаныя для даследнікаў. Аднак мы шчыра перакананыя, што непадробныя Скрыжалі стануць найкаштоўнейшай крыніцай праўдзівай і незаангажаванай гісторыі трох сусветна знаных народаў – Кацапаў, Хахлоў і Бульбашоў.

Уладзіслаў АХРОМЕНКА Максім КЛІМКОВІЧ

…людзьмі звацца!

…адкінуў хвост і злез з дрэва. Гэта быў валасаты полаваспелы самец з пахмурным позіркам і нязграбнай постаццю. Свае пачуцці калматы фацат выяўляў рыкам і мыканнем – у залежнасці ад настрою і ступені сытасці. Істота, вядомая біёлагам, як Homo Slavіanikus, толькі збольшага нагадвала чалавека, але пераўзыходзіла ўсіх астатніх суродзічаў інтэлектам і здольнасцю да навучання. Ягонымі паводзінамі кіравалі тры асноўныя жаданні – голад, смага і покліч плоці. Калі першыя два можна было спатоліць на самоце, то дзеля задавальнення трэццяга давялося пайсці на хітрыкі.

На дрэвах панавала бязладная палігамія: далёкія і блізкія сваякі Homo Slavіanikus’а кахаліся са сваімі сёстрамі, братамі і нават бабулямі. Інтэлект і дазволіў істоце вынайсці адпаведную ўмовам прынаду. Ён назбіраў ракавак-пярловіц, нанізаў іх на пруток, паклаў на паляне і свіснуў. З дрэваў неадкладна пасыпаліся самкі; за бліскучую біжутэрыю кожная жанчына згодная на ўсё.

Юрлівец меў з каго выбраць: самкі былі маладыя і прыгожыя, старыя і агідныя. Homo Slavіanikus адлавіў з дзесятак, але ўпадабаў толькі дзьвюх.

Праз дзевяць месяцаў, як і трэба было чакаць, у кожнае з самачак адзін па адным нарадзіліся хлопчыкі. Яны гадаваліся ў адной калысцы, сталелі, па-братэрску сварыліся-мірыліся ды набіраліся розуму.

Але неўзабаве бадзяжныя цыганы, якія прыцягнуліся з вугра-фінскіх земляў, падкінулі Homo Slavіanikus’у і ягоным жонкам малога бейбуса, якога разам з вучоным мядзведзем вадзілі па кірмашах і за грошы паказвалі публіцы. Той адразу выкінуў з калыскі родных братоў і абвесціў, што ён тут – старэйшы за ўсіх, і браты на тае падставе мусяць яму падпарадкоўвацца. Падкідыш не меў ані прозвішча, ані нават імя, і таму таксама запісаўся ў сыны Homo Slavіanikus’а.

Чужынец, як падрос, стаў брутальным, неасэнсавана злосным дзецюком, вялікім аматарам бражкі, якую выйнашаў шляхам доўгіх эксперыментаў. Улюблёным заняткам старэйшага Homo Slavіanikus’а было выходзіць нападпітку ў поле і заломліваць бярозы. Але нават болей за гэта ён любіў ладзіць жыдоўскія пагромы. Першай ахвярай старэйшага брата стаў Моўша Кац, за што пагромнік і атрымаў імя Кацап.

Сярэдні сын вызначаўся лірычным сантыментам і неспатольнай любоўю да варэнікаў. З дрэва, паваленага старэйшым братам, ён зрабіў скрыню, нацягнуў на яе кішкі і назваў гэтую спаруду кобзай. З біклагай крадзенай у старэйшага брата бражкі і вялікай торбай варэнікаў ён выходзіў у стэп шырокі і спяваў немудрагелістыя песні. Па-над стэпавым кавылём тырчэлі адно ўзнятыя ветрам валасы, за што сярэдняга брата і празвалі Хахлом.

Малодшы сын, як і алежыць, быў самы дурны. Ён пагаджаўся на ўсё: прыбіраць паскудствы старэйшага брата, са слязьмі на вачах слухаць спевы сярэдняга, абы не было вайны. Мовай не валодаў цалкам: калі бацька пытаўся яго, дзе браты, малодшы гучна шчоўкаў пальцам па няголенай шыі і нязменна адказваў: «Буль-буль».

За гэта малодшага брата і назвалі Бульбашом.

Калі браты дасягнулі полаваспеласці, бацька вывеў іх на скрыжаванне дарог і загадаў разыйсціся ў розныя бакі. – Спыніцеся, як натрапіце на тое, чаго раней ніколі не бачылі, – загадаў ён. – А там – пладзіцеся і памнажайцеся!

І браты разыйшліся ў розныя бакі…

З гэтага моманту і пачынаецца гісторыя ўзнікнення сем’яў, дзяржаваў і прыватнай уласнасці.

Новая зямля

Прарадзіма Homo Slavіanikus’а знаходзілася на сутыку пракаветных лясоў, дзікага стэпу і загібельнай дрыгвы.

Кацап скарыстаў права старэйшага брата і першым абраў напрамак – пайшоў на ўсход сонца, у лясы. Ён ішоў за сонцам тры дні, пакуль хапала брагі ў біклажцы. Калі ж на чацьвертыя суткі старэйшы брат збольшага прачухаўся, то высветліў, што апынуўся ў матэчнай пушчы. Шумел камыш, деревья гнулись, и ночка темная была. Непраходныя зарасці зыркалі на Кацапа спалоханымі воўчымі вачыма. Абсалютна працьверазелы маладзён цвёрда вырашыў засіліцца. Ён угнуў голаў, заплюшчыў вочы і, у спадзяванні беспакутнае смерці, пабег да бліжэйшага дуба, каб раскраіць чэрап аб камель.

Раптам ягоны лоб упёрся ў нешта мяккае. Кацап узняў голаў і ўбачыў, што стаіць перад тоўстым пузатым дзядзькам з доўгімі пейсамі. За спінай пейсатага цямнеў церамок з прывабнаю шыльдай: «КАБАКЪ».

– Жыд! – узрадаваўся Кацап. – Што ты на маёй ісконнай зямлі робіш?

Не дачакаўшыся адказу, старэйшы брат забіў Жыда кулаком.

Кабацкі асартымент надзвычай уразіў забойцу. У піўніцы Кацап адшукаў халерную колькасць бражкі, піва і віна. Але больш за ўсё ён упадабаў белую каламутную вадкасць – самагон. Выпіўшы, мо, з вядро, старэйшы брат узяўся брыдка лаяць Жыдоў, якія свядома спойваюць Homo Slavіanikus’аў, пасля чаго заснуў.

Раніцою, з першым глытком самагонкі, Кацап вырашыў, што гэтая новая зямля і стане радзімай ягонага народа…

Сярэдні брат, звыклы да выгодаў жыцця, рушыў на поўдзень, у дзікі стэп. Хахол выправіўся ў шлях амаль цвярозы, бо Кацап на развітанне пазбавіў яго галоўнага тагачаснага энерганосьбіту – бражкі. Прыпякала сонейка, дзмуў вецярок, і чупрына на галаве Хахла варушылася, нібы жывая. Размілаваны сярэдні брат выцягнуў кобзу і заспяваў песню пра волю і долю. Ён даспяваў думу, дажаваў апошнія варэнікі і нечакана адчуў боль за бессэнсоўна пражыты дзень. Хацелася выпіць, але есці хацелася яшчэ больш.

Нечакана з-за спіны сярэдняга брата пачулася рохканне. Хахол азірнуўся і ўбачыў дзіўную істоту: брудна-ружовая скура з жорсткай шчэццю, доўгі лыч, агрэсіўны позірк заплылых вочак, дурнаватая ўсмешка закарэлага роту…

– Брат… Старэйшы! – прыгадалася Хахлу, і ён з асалодаю, што было моцы, даў у гнюсны лыч выспятка. Істота завішчэла і кульнулася дагары капытамі.

Ціхая стэповая ноч поўнілася пяшчотай: дыяменты зораў, жоўтая поўня і водар смажанага сала па-над бязмежным морам сівога кавыля…

З раніцы Хахол абсмактаў свінячую скуру, заспяваў песню пад акампанімент кобзы і зразумеў, што лепшага за гэтае месца яму ўжо не знайсці…

Малодшы ж брат абраў заходні шлях, бо нічога іншага, апроч дрыгвы, буслоў і жабаў яму не засталося. Бульбаш выправіўся ў дарогу без пітва і харчоў, бо выпіўку і закуску ў яго дарэшты забралі старэйшыя браты.

Пошукі новай зямлі выдаліся пакутлівымі і зморнымі. Бульбашовы ногі вязлі ў дрыгве, хмызы абдзіралі твар, а аднойчы яго ўкусіла гадзюка. Штовечар знясілены малодшы брат клаўся спаць на купіну і зацікаўлена аглядаў краявід – чырвоны захад над зялёным балотам. Так і засынаў з расплюшчынымі вачыма. А на раніцу ўжо самі сабою складаліся радкі: «…мая шыпшына – зялёны ліст, чырвоны цвет». Сярод братоў Бульбаш заўсёды лічыўся дурнем, бо быў схільны да паэзіі, якая не давала матэрыяльных выгодаў.

Малодшы брат доўга і марна шукаў месца, прыдатнага для жытла, і засынаючы штовечар на новай купіне, бачыў адно і тое ж: чырвоны захад над зялёным балотам. «Вось сымбаль твой, забытыкраю родны!» – склаўся ў яго новы радок. З тых часоў спалучэнне чырвонага і зялёнага колераў выклікала ў Бульбаша і агіду, і замілаванне адначасова. – Куды яшчэ ісці з тае зямлі, якая здольная нараджаць вершы? – запытаўся ў сябе малодшы брат і вырашыў назаўсёды застацца на балотнай выспе, ізаляванай ад усяго цывілізаванага свету…

Кацап, Хахол і Бульбаш пасяліліся на ўпадабаных імі землях назаўсёды. Яны пладзіліся і памнажаліся, аралі зямлю і пасвілі быдла. І вось аднойчы іх нашчадкі вырашылі сустрэцца…

Магутны Божа

Кацапы, Хахлы і Бульбашы выправілі на братэрскую сустрэчу сваіх князёў. Хахлы – Уладзімера, Бульбашы – Рагвалода. Нашчадкі старэйшага брата таксама накіравалі на сустрэчу свайго князя. Але той па нацыянальнай завядзёнцы так напіўся ў дарозе, што нават не здолеў назваць сваё імя летапісцу. З гэтае прычыны кацапскі князь назаўсёды застаўся невядомым для гісторыі Homo Slavіanikus’аў.

Сустрэча адбывалася на памежжы Кацапстана, Хахляндыі і Бульбашыі, у слынным горадзе Кіеве – рэзыдэнцыі хахляцкага князя.

Уладзімер з Рагвалодам селі за стол, а невядомага кацапскага правадыра паклалі пад лаву і сунулі яму ў рот памачаны ў самагоне лапаць з княскай нагі, бо нашчадак старэйшага сына Homo Slavіanikus’а брыдка лаяўся.

Князі па-сваяцку выпілі самагону, закусілі салам з цыбуляй, і пад гукі хахляцкае кобзы павялі няхітрую гаворку, як разам шукаць ім к шчасцю дарог.

Магчыма, князі і знайшлі б дарогу да шчасця, але нечакана ў палацы Уладзімера з’явіліся два дзіўныя фацаты: стары са срэбным бізуном і малады вершнік з дзідаю. Прыблуды без дазволу падыйшлі да стала. Маладзён падчапіў дзідаю самы смачны шмат сала. Дзядок ляснуў бізуном па руках Рагвалоду і ўмомант адабраў у яго жбан з самагонам.

– Ты шалёны стары, хто цябе дзе хаваў! – абурыўся князь Бульбашоў, гледзячы, як нахабны дзядок жлукціць чужое спіртное.

– Хто з’їв моє сало? – залямантаваў князь Хахлоў, зыркаючы вачыма на маладзёна з дзідай.

Невядомы кацапскі князь, што ляжаў пад лаваю, выплюнуў лапаць і радасна замацюкаўся, але гаспадар палаца ўдарам нагі прымусіў яго змоўкнуць. – Мы – магутныя Богі! – у адзін голас дакляравалі прыблуды. – Богі, якім вы моліцеся, але якіх вы раней ніколі не бачылі.

Вершнік праглынуў апошні кавалак сала, аблізаў дзіду і абвесціў: – Я – Ярыла, апякун усяго існага на зямлі, і таму Homo Slavіanikus’ы мусяць ахвяраваць мне штодня самага тлустага кабанчыка!

– А я – Бог маланак і агню Пярун! – назваўся дзядок, – і таму Homo Slavіanikus’ы мусяць штовечар ахвяраваць мне бочку вогненай вады!

Князі пераглянуліся, намысліліся і пасуворылі. Нават неадэкватны кацапскі правадыр незадаволена замычэў пад лавай.

– А пайшлі вы ў дупу, магутныя Богі! – у адзін голас параілі князі. – Гэй, дружына, узяць іх!

Целаахоўнікі Уладзімера ўмомант схапілі Перуна і павалаклі яго да Дняпра. Ревів тастогнав Дніпр широкий, і сівая галава бездапаможна лунала па-над хвалямі, покуль не захлынулася. Зляканы Ярыла прышпорыў каня і ўцёк куды падалей.

Нараніцу князі пахмяліліся і прыйшлі да высновы: жыць без Багоў не выпадае. Уладзімер на правах гаспадара вырашыў абвесціць адкрыты конкурс на пасаду Бога. Гэты рэлігійны тэндар увайшоў у гісторыю Homo Slavіanikus’аў як «Іспыт вераў».

Першымі на запрашэнне, як і мае быць, прыбеглі Жыды. І хаця гэтыя аматары мацы, замешанай на крыві хрысціянскіх цнатлівак, з пенаю ў роце нахвальвалі сваю веру і лаялі чужыя, высокаму журы не спадабалася ў іўдаізме дзве рэчы: абразанне і забарона есці свініну. Хахляцкі князь Уладзімер, які меў да свініны генетычны сантымент, раз’юшыўся і прагнаў Жыдоў.

Наступным днём у Кіеў прыехалі Магаметане. Але запаветы Карану падаліся Homo Slavіanikus’ам абсалютна антыгуманнымі. Да абразання і забароны есці свініну дадалося бязглуздае табу на алкаголь. Калі пахмельны кацапскі князь пачуў пра апошнюю забарону, дык накінуўся на Магаметанаў з мячом. – Алах усё адно Акбар! – прамовілі перад смерцю місіянеры Магаметанаў, – а ты, Кацап, яшчэ тысячу разоў пашкадуеш за тое, што зняважыў Алаха…

Уладзімер загадаў прыбраць трупы ісламскіх фундаменталістаў, падцерці падлогу, пасля чаго паставіў на стол чарговы жбан самагону.

Вялікія шанцы на поспех мелі пасланцы Ватыкану. Папа Рымскі, які выпраўляў у землі Homo Slavіanikus’аў сваіх легатаў, забавязаў іх перадаць князям воз віна і статак свінняў. Але схільныя да алкагалізму легаты выпілі ўсё віно яшчэ пры пераходзе цераз Альпы. На шляху да Кіева Папскія місіянеры слушна вырашылі, што закуска без віна – рэч непатрэбная. Усю дарогу да земляў Homo Slavіanikus’аў яны мянялі свінняў на віно, і таму прыбылі да рэзыдэнцыі Уладзімера толькі са Словам Божым…

Хітрыя Грэкі, хоць і дабраліся да Кіева апошнімі, але падрыхтаваліся да сустрэчы, як след. Бізантыйскія місіянеры спярша выставілі князям хабар: бражку, піва, мёд і віно, ды падкацілі да княскага стала воз заедкаў. Уладзімер, Рагвалод і невядомы кацапскі князь пілі, закусвалі, але, між іншым, пазіралі ў вакно: разбэшчаныя ўвагай міжнароднае супольнасці, яны чакалі яшчэ пасланцоў Індыі і Кітаю.

Але Грэкі, абазнаныя ў загадкавай душы Homo Slavіanikus’аў, выдатна разумелі, чым купіць князёў. Паслы канстантынопальскага Патрыярха загадзя ведалі, што пасля п’янкі Homo Slavіanikus’аў абавязкова пацягне ў блуд.

Грэкі не памыліліся… Не паспеў невядомы кацапскі князь вымавіць сакраментальную фразу: «Бабу бы цяпер», як грэцкія святары вывалаклі з натоўпу ладную бізантыйскую дзеўку – імператарскую дачку Ганну. Уладзімер, на правах гаспадара, пацягнуў да яе перапэцканые салам рукі.

Дальше