Гэтыя гульні і радасць доўжыліся да позняе ночы. Змоўклі ўсе птушкі ў лесе, толькі крычалі няясыці. Прыляцела сава і, седзячы на чараўніцынай страсе, свяціла вачыма, і рагатала, і енчыла, нібы немаўля. Тут нечакана зашумеў лес і вада ў возеры пачала плёскаць аб бераг.[65] Русалкі закрычалі: «Поўнач! Поўнач!» – і адразу ўсе перамяніліся ў котак і пабеглі на Аксінін падворак; адны караскаліся на дах, другія праз вакно хаваліся ў хату. А я – зноў зрабіўшыся ваўком – пабег у лес, лёг пад густой ялінаю і разважаў пра гэтае здарэнне, шкадуючы, што нядоўга пабыў чалавекам; вырашыў застацца тут і хоць на кароткі час забыць пра сваё няшчасце.
Назаўтра прычакаў вечара, і гэтаксама коткі паператвараліся ў дзяўчат, а да мяне вярнулася чалавечае аблічча. Я бавіўся з імі, весела і непрыкметна бег час.
Тут адна з зачараваных дзяўчат, гледзячы на мяне з нейкай пагардаю, сказала:
– Мне ён не падабаецца.
– Чаму не падабаюся? – пытаюся, падыходзячы да яе.
– Таму што бачыла, як ты ператвараешся ў ваўка, а я ваўкоў ненавіджу, бо праз ваўка я няшчасная.
– Як гэта?
– Калі я жыла яшчэ з бацькамі, пасвіла гусі ў полі, воўк схапіў мяне і занёс у лясныя нетры, кінуў там, а сам знік. Блукала я па пушчы, плакала і крычала, не ведаючы, у які бок падацца. Раптам на мой голас прыляцела ў вобліку чорнае птушкі Аксіня, перамянілася ў кабету і, узяўшы мяне за руку, сказала:
– Ты не выйдзеш з гэтае лясное пустэльні. Нападуць на цябе дзікія звяры і разарвуць. Ідзі лепш у маю хату, у мяне жыць весела, штовечар скокі і песні. Ты ж маладая дзяўчына і, відаць, любіш паскакаць?
Не хацела спачатку яе слухаць, але, падумаўшы, што ў гэтых дзікіх лясах ніхто мне не дапаможа, згадзілася ўрэшце з яе прапановаю. Не ведаю, як я апынулася ў хаце ў гэтае чараўніцы. О, пракляты ваўкалак! Чаму ж ты мяне не разарваў ў лесе? Лепш памерці, чым быць цэлы дзень зверанём і толькі на хвіліну забываць пакуты.
Слухаючы Ганчыны нараканні, задрыжаў я ўвесь, імгненна ператварыўся ў ваўка. І адазваліся ў памяці: бацькава роспач, лямант няшчаснае дзяўчынкі, і сабакі пачалі рваць маё цела. Кідаюся ў лес, бягу ўсю ноч без спачынку – нідзе не магу схавацца ад жахлівага ўспаміну і пагоні тых страшных сабак.
Нясцерпнае зрабілася жыццё, нідзе не знаходжу спакою, бегаю ў роспачы па гарах і лясах; страціў ужо і надзею, што калі-небудзь хоць на хвіліну пакінуць мяне пакуты.
Блукаючы без адпачынку, прабягаў неяк ля палетка, дзе ў засені бярозы палуднавалі аратыя. Бачу: едзе па дарозе ксёндз, спыняецца, падыходзіць да сваіх парафіянаў. Пачалася доўгая размова пра розныя духоўныя рэчы: ксёндз іх павучаў, каб жылі між сабою ў згодзе і сяброўстве, даравалі адзін аднаму крыўды і не думалі ніколі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна прыніжае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.
Схаваўшыся ў густым кустоўі, я чуў усе словы ксяндза і адразу вырашыў не толькі не шкодзіць людзям, але нават старацца ім служыць і дапамагаць у чым толькі змагу: а можа, і нада мною Бог злітуецца, душа ж мая несмяротная. З гэтымі думкамі і пакінуў ксяндза і аратых.
Прайшло некалькі дзён. Блукаючы, думаў сам сабе: што я магу зрабіць добрага ў такім пагарджаным усімі воўчым абліччы? Ледзь падыду да чалавечага жытла, як усе крычаць на мяне і сабакамі цкуюць, дык мушу як найхутчэй уцякаць у лес. Аднак жа не адмовіўся ад свайго намеру. Колькі разоў адганяў лісіцу, што падкрадалася да гусей ці індыкоў, якіх неабачліва пакідалі ў полі. Калі заўважыў непадалёку ад гавяды мядзведзя, дык выбег першы з лесу, каб адагнаць статак з небяспечнага месца і папярэдзіць пастухоў. Няраз адбіраў барана, якога воўк выхапіў з чарады якой-небудзь беднае ўдавы. Так жывучы, я крыху супакоіў свае думкі, мог ужо заснуць, хоць і ненадоўга; у сне мілыя мроі нагадвалі мне мінулае, калі быў яшчэ чалавекам.
Было гэта ў жніўні ў добрае надвор’е. Я блукаў у родных ваколіцах, калі на палетках даспела збажына. Недалёка ад сябе бачу Алёну. Яна жала на сваёй ніве, а на мяжы, лежачы на снапах, спаў маленькі хлопчык. З прыемнасцю глядзеў я на гэты малюнак, цешыўся, што Алёна шчаслівая, спакойна жыве са сваёю сям’ёю. Бог блаславіў іх гаспадарку, і жыта добра ўрадзіла на іх ніве. Пакуль я любаваўся на ўсё гэта, выскоквае з лесу воўк, хапае хлопчыка. На крык дзіцяці кідаецца матка.
– Ратуйце дзіцятка маё! – крычыць яна і падае непрытомная.
Я даганяю ваўка, адбіраю не пакусанае яшчэ дзіця, адношу да маткі. Суседзі, што прыбеглі на ратунак, дзіваваліся з усяго гэтага, а я ўцёк у лес.
Нейкае прыемнае пачуццё і ціхамірнасць ахінулі мяне пасля гэтага здарэння. Я лёг пад дрэвам і заснуў у салодкіх мроях. Вярнуўся ў сне ў сваю шчаслівую маладосць, і так мне было лёгка, што, як птах, пералятаў з месца на месца. Бачу перад сабою такі прыгожы сад, якога ніколі ў жыцці не сустракаў; гай, поўны птушынага шчабятання, а пёры на іх лепшыя і прыгажэйшыя, чым нашы вясновыя краскі; чыстыя крынічныя воды струменіліся тут і там; некаторыя дрэвы былі ў пахучай квецені, а на іншых даспявалі плады. Заўважыў на пагорку келіхі велізарных лілей, якія разлівалі прыемны водар. Толькі хацеў сарваць колькі кветак – з’явілася перада мною Ганка (сукенка на ёй белая, як лілея) і кажа мне:
– Не рві маіх кветак. Я садзіла гэтыя лілеі на сваёй магіле, палівала слязьмі сваімі.
І, сказаўшы так, знікла.
З саду пералятаю зноў у нейкую дзікую пустэчу; блукаю сярод стогадовых хвояў, ледзьве знаходжу сцяжынку, якая выводзіць мяне да нейкае велізарнае гары; хачу залезці на вяршыню, агледзець ваколіцы, убачыць адтуль вёску, дзе колісь была хата маіх бацькоў, але з усіх бакоў гары – бездань, якая не дазваляе ісці далей. Тут сустракаю нейкага Волата. Ён бярэ мяне за руку, загадвае ісці за ім, выводзіць з лесу на нейкае велізарнае поле, дзе крыжуюцца дарогі, і мноства там падарожных, што едуць або ідуць пеша. Узыходзім на пагорак, дзе была магіла. На ёй стаяў драўляны крыж, а непадалёку тырчала ўбітая ў зямлю рыдлёўка. Волат загадвае мне адкапаць магілу і дастаць адтуль мерцвяка.
Ахоплены страхам, выконваю ўсе Волатавы загады, дастаю з зямлі велізарны шкілет.
– Гэта будзе тваё цела, – гаворыць мне велікан. – Мусіш плакаць у ім, пакуль не паклічуць цябе да новага жыцця…
Я дрыжаў увесь ад страху, прасіў, каб даў мне спакой, але Волат моцна штурхнуў мяне, і я ўпаў на велізарныя грудзі шкілета, а разам з ім – у яму. Барукаючыся са смерцю, я прачнуўся.
Бачу: я – чалавек. Вопратка тая самая. Якую я надзеў колісь, ідучы на Алёніна вяселле. Не верыў, што гэта было наяве. Баяўся скрануцца з месца, абы толькі не зніклі такія салодкія мроі. Доўга быў я ў задуменні, падняў вочы да неба і дзякаваў Богу, што ўратаваў мяне ад таго жаху.
Падняўся я з долу з невыказнаю радасцю. Здавалася мне, што ўсе дрэвы і птушкі віншавалі мяне з новым жыццём. О, як соладка спазнаць міласэрнасць Божую! Жахлівы лёс чалавека можа зраўняцца са звярыным.
Калі гэтак апавядаў Якуш, певень заспяваў ужо другі раз. Пан Марагоўскі выняў з кішэні старасвецкі гадзіннік, падобны да сплюснутага шара.
– Ого, – кажа, – мінула гадзіна пасля паўночы. А што, пане гаспадар, ці не час ужо адпачываць? Усіх прыгод ад Якуша не выслухаеш; у яго іх на цэлы месяц, а да таго ж яшчэ любіць пагаманіць і гатовы не спаць да самага світання.
– Вялікі дзякуй, пане асэсар, што зрабіў мне гэтую прыемнасць. Скажу пану шчыра: такія апавяданні заўсёды мне да душы, асабліва калі ўмее хто іх добра расказваць. Якуш, мусіць чалавек кемлівы: і якую мае памяць незвычайную; ніводнае драбніцы з жыцця таго гаротнага Маркі не прапусціў. Але ж пан асэсар заўтра ад мяне не паедзе рана, бо як сам пан чуе, яшчэ вые вецер за сцяною, і хто ведае, можа, і заўтра будзе завіруха.
– Удзень бура не страшная, як-небудзь знойдзем дарогу. Дабранач, пане гаспадар!
Якуш пайшоў у пакой для чэлядзі; Марагоўскі – у сваю пасцелю, што даўно ўжо яму падрыхтавалі. Я, пажадаўшы дзядзьку і госцю добрае ночы, пайшоў у свой пакой. Патушылі свечкі; усюды ціха; толькі выў вецер за сцяною і цвыркун абзываўся пад печчу…
Успаміны пра наведанне роднага краю
Край, дзе чалавек жыў у шчаслівую пару свае маладосці, дзе ў размовах і забавах сустракаў сапраўдную шчырасць і даверлівасць душы зычлівых і добрых сяброў, настаўнікаў і маладых прыяцеляў, – гэты край у памяці таго, хто жыве на чужыне заўсёды паўстае ў найпрыгажэйшых колерах; там, здаецца, яшчэ не скончыўся той залаты век, калі чалавек не разумеў, што такое нядоля і пакуты; і рэчкі там з малака і мёду. Хто ж з краёў далёкіх не сумуе па сваіх ваколіцах? Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крылах!..
Калісьці і я спяшаў з поўначы на берагі Дзвіны, каб пабачыць тыя ваколіцы, малюнкі якіх заўсёды хаваў я ў глыбіні свае душы. Ледзь набліжуся да радзімай старонкі, здавалася мне, што дубы і хвоі кланяліся, вітаючы даўно знаёмага госця. Горы і азёры, свецячыся здалёк, нагадвалі мне розныя памяткі мінуўшчыны. Вось шуміць хуткаплынная рэчка Дрыса, бяжыць да Дзвіны праз густыя лясы і пясчаныя гаі, абуджаючы шмат згадак. На гэтым беразе было некалі папялішча.
Даўно ўжо яно ўтравела; час знішчыў на зямлі тую памятку, але яна засталася ў маёй душы, яна нагадвае мне той год, калі жыхары гэтага краю хаваліся ў лясах ад віхураў памятнае напалеонаўскай вайны.[66]
Вечар быў пагодлівы; на захадзе румяніліся воблакі; на пясчаным беразе Дрысы гатавалі вячэру; гарэлі сухія хваёвыя дровы; у ціхай вадзе адбівалася полымя; знаёмыя і суседзі, сабраўшыся ў кола, сядзелі ля вогнішча; яны размаўлялі пра ўваход французскага войска ў Полацак,[67] пра сутычкі і баі на Белай Русі; і спагада, і смутак, і надзея чуліся ў іх гаворцы. Мяне тым часам займалі срэбраная рыбка, якая падскоквала над чыстай вадою, птушыныя крыкі ў пушчы і вавёрка, што, забегшы на дрэва і пераскокваючы з галінкі на галінку, вабіла мяне ў лясны гушчар. Калі я пагнаўся за гэтым звярком, дык нечакана нібыта гром абазваўся далёка за борам – там, дзе румяніліся на захадзе сонца воблакі. Грымела без супынку, як бы з-пад зямлі. Здзіўлены, я бягу да грамады і пытаюся:
– Што гэта? Пэўна, насоўваецца навальніца?
Мой бацька парушыў маўчанне і мовіў:
– Гэта бура ў Клясціцах,[68] на Пецярбургскім гасцінцы; з далёкіх краёў прыйшла яна сюды, сеючы свінцовым градам; дарэмна імкне на поўнач: і там моцныя вятры і маразы спаткаюць яе.
На тварах ва ўсіх відаць была трывога; палахлівыя кабеты са слязьмі на вачах шапталі пацеры: ім думалася, што там кожны стрэл разлучае з жыццём некалькі дзесяткаў чалавек. Яны дрыжалі, нібы перад Страшным Судом, і тая бяссонная ноч прайшла ў размовах. Старыя ўспаміналі мінулае, загадвалі пра будучае; нейкая надзея кволілася ў іх думках. Я ж на крылах хацеў бы ляцець туды, каб убачыць той тэатр вайны і смелых вояў.
А вось непадалёку і тыя цудоўныя малюнкі зарослых гор і лугоў, дзе зіхацяць на сонцы срэбныя струмені і люстэркі рэчак і азёраў. Атоне! Ты цяпер далёка ў чужых краях. Ці ўспамінаеш калі пра хараство роднае зямлі, ці прыходзяць табе ў думкі тыя нашыя вандроўкі, мары, размовы? Тут, захопленыя прыгажосцю прыроды, мы знаходзілі ў кожным месцы багоў старажытных рымлян і грэкаў; тут была наша Новая Аркадыя.[69] Ля тых ручаёў наяды[70] ўпрыгожвалі свае скроні вадзянымі лілеямі, скакалі па лугах німфы,[71] а казланогія сатыры[72] блукалі ў гушчарах. О, шчаслівыя лятункі цудоўнага юнацтва. Калі малады, зямля – рай, усюды дзівосы. Вобраз Старажытнае Грэцыі і ўся мінуласць адрадзіліся ў нашых марах і размовах. Памятаеш, гэтая гара была Алімпам,[73] прыстанкам Муз[74] і Апалона;[75] той расквечаны краскамі разлог мы назвалі Тампейскаю далінаю;[76] там – Фермапілы,[77] дзе загінуў з невялічкаю жменькаю воінаў Леанід, цар Спарты, што змагаўся з велізарным войскам персаў.
У гэты куток зямлі мы хацелі перанесці ўсе дзівосы свету.
Ці памятаеш той дзіўны захад сонца, які бачылі мы колісь, наведваючы гэтыя ваколіцы? Якое цудоўнае было неба! Пасмы густых хмараў расцягнуліся над даляглядам, а іх распаленыя краі гарэлі рубінавым агнём; з воблака лілося, накшталт вадаспаду, чырвонае святло, і, быццам на абразах, залатыя промні, падзеленыя ценямі, стралялі ўгору. Нас захапляў гэты пекны малюнак, а хмары ўсё больш і больш гусцелі, і ўрэшце знікла святло; агонь бліскавіцы прабег па небе, і безупынна грымела на захадзе. Пастух, гледзячы на неба, сказаў: «Будзе рабінавая[78] ноч!» – і са сваім статкам паспяшаўся да вёскі. І мы схаваліся ад навальніцы ў хату, якая там славілася дабрынёю і ветлівасцю гаспадара.
О, які страх наводзіць такая рабінавая ноч на люд беларускі! У тую пару, калі на палетках даспявае ўраджай, яна, як найстрашнейшы непрыяцель, пагражае знішчыць усе надзеі земляробаў. Сустракае яе селянін, узносячы вочы да неба, з пацерамі на вуснах і з благаннем касцельных званоў.
Трывожна ў хаце ў нашага гаспадара: катоў і сабак выганяюць, бо уцякаючы ад перуноў, злы дух – паводле веры тутэйшых жыхароў – хаваецца звычайна ў целе гэтых жывёлін; кідаюць на жар свянцоныя зёлкі і пасля кожнае бліскавіцы дрыготкім голасам паўтараюць малітвы.
Змрок навокал: хмары зацьмілі неба і зямлю; перуны, як вогненныя вужакі, снавалі адзін за адным сярод чорных воблакаў; грымоты скаланалі будынак, дождж з градам сек у вокны, вецер выў за сцяною. Мінула поўнач, а пра сон ніхто і не думаў; уся сям’я, сабраўшыся разам, пасылала небу малітвы. Аліна стаяла ля маці, твар яе быў белы, як лілея; з надзеяю і спакоем душы, як анёл-суцяшальнік, казала дзяўчына бацькам пра волю і міласэрнасць Божую.
Атоне! Ты памятаеш тую ноч?! Ты ў той час не чуў ні выцця вятроў, ні навальнічных грымотаў; твае вочы і думкі былі занятыя Алінаю; у душы было найяснейшае надвор’е, бо прамень Алініных вачэй сустракаў твой позірк і пранікаў у сэрца. Гэтая ноч была для цябе светлай мараю. Цяпер, удалечыні ад бацькоўскае зямлі, ці бачыш яшчэ калі-небудзь гэтыя пекныя вочы ў смутным задуменні ці ў сне? Але час усё руйнуе!
Колькі зорак з’явілася на небе; вецер пагнаў на лясы і горы рэшткі хмар; заранка румяніла неба. Узышло сонца; відаць пазрываныя стрэхі некаторых будынкаў; на полі набрынялае вадою калоссе ўпала на зямлю; лугі, пакрытыя пяском, які ручаі нанеслі з пагоркаў; высокія хвоі і вязы ляжалі на зямлі, нібы грэцкія героі пасля слаўнае бітвы пры Фермапілах. Усюды страшныя сляды пакінула навальніца.
Сустракаю стогадовы дуб. Ён вытрываў, перамог непагадзь і віхуры, рабінавыя ночы не адолелі старога героя! Яшчэ раскіне зялёныя шаты, запрашаючы пілігрыма адпачыць у прахалодзе засені. Ён сведка даўняе мінуўшчыны, памятае прадзедаў, і праўнукаў нашых абароніць ад летняе спёкі.
Тут у святочныя дні збіраюцца сяляне з усёй ваколіцы. Я бачыў іх забавы. Яны выносяць з дамоў сталы, і старыя, сеўшы пры гарэлцы, гавораць пра мінулае жыццё, пра суседзяў, паноў і пра палітую потам зямлю, што скупа дзячыць за мазольную працу. Дудар у халадку пад дубам надзімае скураны мех; моладзь пачынае свае залёты, кружыцца кола танцораў. Тут сустрэнеш жаўнера, які, крануты іх гасціннасцю, забудзе пра сваю далёкую радзіну, захоча паскакаць, возьме на вока якую прыгажуню – і ў гэты час ён найшчаслівейшы з людзей.
Недалёка ад гэтых мясцін, над рэчкай Дрысаю, стаіць маёнтак Краснаполь,[79] акружаны з усіх бакоў лесам. Там ёсць месца, дзе, кажуць, жыў калісьці – яшчэ за паганскімі часамі – князь Бой,[80] што выславіўся на Белай Русі як магутны асілак. Ён княжыў над усім людам з гэтых дзікіх краёў на берагах Дрысы. Яго звычайнай забаваю было паляванне з лукам і стрэламі ў пушчах на ласёў і іншых дзікіх звяроў. Меў ён пару адданых ганчакоў; адзін з іх зваўся Стаўры, другі – Гаўры. Былі яны надзвычай дужыя і кемныя; найстрашнейшы мядзведзь у сутычцы з імі не мог вытрываць; яго адразу ж разрывалі, як харты зайца.