Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.
Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.
Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў – «Стаўры! Гаўры!» і выклікалі іх цені з таго свету.
І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год – перад Сёмухаю.[81] Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:
– Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!
Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя,[82] духі зямныя[83]
]
]
Полацак
Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана,[88] на замкавай гары – царква св. Сафіі,[89] якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.
Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса[90] нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя;[91] тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкае моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў; невыказнае пачуццё навеяў на мяне гэты малюнак; душа пазірала на іх, як на анёлаў, што ляцяць на неба; старанна змовіў я малітвы і доўга стаяў задуменны, гледзячы на гэтае святое месца. Даўнейшыя часы, даўнейшае жыццё, даўнейшыя звычаі і набажэнства выразна маляваліся ў маіх успамінах. О, шчаслівыя! Яны бачылі лепшыя часы, спяць у роднай зямлі, а я да якіх прыплыву берагоў, дзе знайду спачын пасля гэтага бурлівага плавання? За Палатою, на шырокай раўніне, як люстэрка, адбівае сонечнае святло невялічкая плямка вады, якая завецца Валовае возерца. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі ля гэтае азярыны святыні[92] Перуна і Бабы Ягі,[93] але цяпер не засталося аніякіх слядоў ад тае старажытнасці.
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў апавяданнях тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку; на другім беразе Дзвіны за некалькі вёрст адсюль стаіць невялічкі касцёл св. Казіміра;[94] тут апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струнем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска; царква Барыса і Глеба,[95] нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія – маёнтак паноў Беліковічаў[96] ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад Полацак відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў, што плывуць у Рыгу; шмат таксама старажытных паданняў захоўвае гэтая мясцовасць у народных апавяданнях.
Якія перамены сустрэў я ў горадзе пасля васемнаццацігадовай адсутнасці! Толькі старажытныя валы, як і раней, зелянеліся травою, і дзве ракі, якія тут зліваюцца, плылі ў тых самых берагах; сям-там на асобных вуліцах закураныя мураванкі і папялішчы нагадвалі пра пажары, што няраз спусташалі гэты горад. Аддаўшыся думкам, я хадзіў па вуліцах, нібыта нікому не знаёмы іншаземец; прабіў гадзіннік на вежы – колісь езуіцкага – касцёла,[97] і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: калісьці адлічваў час вучобы і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы, але цяпер, здаецца, паўтараў сваім гучаннем: fugіt іrreparabіle tempus[98]
]
Голас касцельных званоў таксама крануў маю душу, узнавіў у памяці ўсё мінулае. Атоне, ты памятаеш той гучны званок, што збіраў нас калісьці на заняткі навукамі свецкімі ды рэлігійнымі і на штодзённую малітву ў святыні Божай; ён замоўк назаўсёды; адзываецца толькі ў сэрцы і ў памяці нашай.
Найпрыемнейшы ў жыцці чалавека час – вясна маладосці, калі, раскрываючы кветку свайго розуму, ён дае волю лятункам, песціць у сэрцы вялікія надзеі, не думаючы пра тое, што ёсць на свеце віхуры і страшныя буры, якія часта нішчаць усе чалавечыя намеры; гэтая шчасная пара мае дзіўную прывабнасць, дорыць чалавеку адчуванне нейкіх незвычайных райскіх уцех, і гэта бывае менавіта тады, калі вольныя ад працы юнакі вяртаюцца дамоў, разважаюць пра навукі, настаўнікаў і таварышаў.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю выконваюць усе рэлігійныя абавязкі! Рэкалекцыі,[99] падрыхтоўка да споведзі на Вялікдзень – якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты Чацвер кожны клас са сваім настаўнікам наведвае астрогі, шпіталі, раздаючы ўсюды, па магчымасці, грошы і міласціну ўбогім. Каменны той чалавек, якога гэты прыклад не навучыць любові да бліжняга!
У езуіцкіх школах вакацыі звычайна пачыналіся з першага жніўня; вучняў пасля экзаменаў пераводзілі ў вышэйшыя класы; імёны выдатнікаў друкавалі ў кніжачках дзеля заахвочвання да далейшых поспехаў у вучобе.
У той дзень горад Полацак мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з’язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў дзень св. Ігнацыя Лаёлы;[100] другія – каб падзякаваць за клопаты тым, хто вучыў і выхоўваў іхніх дзяцей; іншыя – каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкае акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з’язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары.
Перад Калядамі таксама былі экзамены і спаборніцтвы між вучнямі пачатковых класаў, калі яны на вачах бацькоў, апекуноў і настаўнікаў задавалі адзін аднаму пытанні па граматыцы лацінскае мовы, перад імі на стале былі раскладзены ўзнагароды для пераможцаў, і гэтае іх саперніцтва заўсёды пачыналася такімі памятнымі словамі:
– Domіnі emule a quo іncіpіemus?
– A sіgno Sanctі Crucіs?
– Quіd est sіgnum Sanctі Crucіs?
– Est munіmentum corporіs et anіmae.
– Facіamus sіgnum Sanctі Crucіs:
– Facіamus.[101]
Тут усе кленчаць, а пасля малітвы пачынаюцца дыспуты і дэманстрацыя ведаў.[102]
Атоне! Успомні тыя шчаслівыя часы, успомні сяброў свае маладосці, таварышаў, настаўнікаў, якія столькі гаварылі нам пра веру, пра Бога, пра абавязкі хрысціяніна і пра навуку; свет у той час здаваўся нам раем, бо ў людзях, што былі побач, мы бачылі толькі зычлівых, шчырых і адданых сяброў. Цяпер мы прачыталі кнігу пра вандраванне па даліне няшчасцяў; прыйшла восень, і паспеў плод горычы!.. Часта паўтараю сам сабе гэты верш:
«Калі я выпраўляў карэктуру гэтага аркуша, міжволі апанавалі мяне пачуцці. Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю цудоўныя вежы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем, і працяжны гук арганаў, што ўлівае пабожнасць у сэрца. Памятаю пляц, запоўнены людам у час чуллівае працэсіі з абразом Святога Немаўляці, і знаёмае гучанне прыемнае музыкі трубаў з касцельнага ганка; памятаю нашых добрых настаўнікаў і адданых сяброў, высокі вал і мост над ціхаплыннаю рэчкаю, і ля самотнага слупа сярод залатога калосся роўны пясчаны гасцінец да Спаса, і нявінныя гульні на зялёным выгане, і спякоту прамяністага сонца, і халадок густога бору, і блакітнае неба, і чысціню душы, нявопытнай, бясхмарнай, – шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!»[104]
Рыбак Родзька
У ціхым балоце чэрці родзюцца.
Прыказка беларускага люду
Мой дзядзька зірнуў праз вакно на возера і сказаў мне:
– Што гэта такое, што Родзька дасюль не прывозіць рыбы; хутка і калядная куцця. Вяртаючыся з Полацка, пан Марагоўскі, можа, застанецца ў мяне на свята, а можа, і яшчэ хто-небудзь з суседзяў наведаецца.
– Пэўна, яму не пашанцавала, бо памятаю, рыбакі скардзіліся, што гэтымі днямі не было ўлову, дык і яго надзеі не спраўдзіліся.
– О, не, Янка! Ты ведаеш гэтага рыбака, ён у сваім рамястве чалавек незвычайны, ніколі не вяртаецца дадому з пустымі рукамі, ведае ўсе падводныя сховы; здаецца, што пад лёдам бачыць, дзе хаваюцца ляшчы, шчупакі ды іншая рыба. Увосень, калі неба закрываюць чорныя хмары і вые вецер, я з трывогаю паглядаю ў вакно, як ён закідвае нерат на возеры, бура ўздымае пакрытыя пенаю хвалі, а ён, нібы нырок,[105] то з’явіцца на паверхні ў рыбацкай лодцы, то знікае сярод шумлівых хваляў, а над ім лётаюць толькі белыя крачкі;[106] і ў такую буру ён няраз прывозіў мне рыбу і вяртаўся дадому, хоць жыве на востраве, які адсюль так далёка, што ў ясны дзень ледзь згледзіш.
– Надта смелы, а ці не зазнаў калі няшчасця?
– Сам ніколі не паспытаў бяды, а неспрактыкаваных у гэтым рамястве яшчэ і ратаваў, калі гінулі ў буру. Пра яго такія цуды апавядаюць, што цяжка даць веры. Быццам Родзька, ведаючы, што адна рыба лепш ловіцца ў непагадзь, другая – у ціхі ясны дзень, выклікае вецер на возеры, бунтуе ваду, а калі гэта не трэба – вецер адсылае прэч, вяртае ясны дзень і па спакойнай вадзе, напоўніўшы лодку рыбаю, з песняю вяртаецца дадому. З гэтае прычыны некаторыя думаюць, што ён чараўнік.
– А можа, і служаць яму злыя духі? Ты ж, дзядзька, і сам верыш, што ёсць чараўнікі.
– Веру. Але Родзька – чалавек добры, так людзям здаецца. Чараўнікі ж, што знаюцца са злымі духамі, шкодзяць людзям, а я не чуў, каб ён каго пакрыўдзіў, у нядзелю ходзіць у касцёл і старанна моліцца; дарэчы, ён падданы езуітаў.
Калі мы так размаўлялі, загаўкаў сабака на панадворку, Завальня глянуў у вакно.
– Вось, – кажа, – пра пана памоўка, а пан на парог; дачакаўся я нарэшце: вязе Родзька рыбу.
Заходзіць Родзька, у руках зроблены са старога нерата залубянелы на марозе мех (здавалася, што сплецены ён з дроту); з мяха прасвечвалася срэбная луска свежае рыбы. Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы: у маіх вачах быў ён падобны ў гэты момант да Трытона,[107] які, усплыўшы з марскога дна, трубіў у ракавіну ў кампаніі Нептуна або Амфітрыты.[108] Рыбак пакланіўся і высыпаў рыбу на падлогу.
– Даўно чакаў, – сказаў Завальня. – Усё пазіраў у вакно, пачаў ужо хвалявацца, думаючы, што і цябе вось няшчасце напаткала.
– Дзякуй Богу, і сёння яшчэ мая праца не марная. Але ж цяпер час такі: усюды патрабуюць рыбы, мусіў і туды і сюды даставіць добрым панам і суседзям.
– А ўзімку, – сказаў я, – ці клічаш у памагатыя вецер, каб лепей лавілася? Кажуць, нібы вадзяніка,[109] слухаюць цябе вецер і хвалі.
Ён, гледзячы на мяне з усмешкаю, кажа:
– Мае паслы – белыя крачкі – наводзяць вецер і буру, але цяпер іх няма; адляцелі ў вырай. Не, паніч, не давай веры ўсяму, што людзі кажуць, езуіты не таму нас вучаць, каб мы выклікалі злых духаў на дапамогу; хто працуе, таму і Бог дапамагае, аніякіх не хачу я ведаць таямніц, ад якіх душы цяжка.
Мой дзядзька, перапыняючы гаворку, прамовіў:
– Янка – чалавек яшчэ малады, цяперашняга свету, не верыць ні ў якія чары, а толькі жартуе з цябе.
Пасля Завальня загадаў пазбіраць рыбу з падлогі, заплаціў Родзьку колькі належала, пасадзіў на лаве, прынёс гарэлкі і хлеба на прыкуску.
Выпіўшы і закусіўшы, Родзька, пазіраючы на мяне, сказаў:
– Маладыя людзі не бачылі і не чулі, што дзеецца на свеце, таму і не вераць. Я шмат расказаў бы пра гэта, але час позні; сонца нізка: трэба ехаць дадому.
Мой дзядзька рады – рыбак можа нешта цікавае расказаць – налівае госцю яшчэ кілішак гарэлкі і кажа:
– Раскажы нам якую цікавую гісторыю, што зазнаў сам або чуў ад старых людзей, дарэчы, цяпер неба яснае і ветру няма: не будзеш блукаць. Але хоць бы і завея дарогу замяла, табе кожная купіна лазы ці трыснягу густога пакажа шлях, бо ты з дзяцінства ведаеш на гэтым возеры кожны куток.
Родзька ўжо крыху захмялеў; твар ягоны палагаднеў і заружавеўся.
– Добра. Раскажу пану, як у нашых краях праз чары і праз шкодлівых людзей распладзіліся злыя духі.
– Ці ж злыя духі, – сказаў я, – могуць пладзіцца, як звяры?
– Могуць, бо людская злосць ім – найлепшая паша. У нашых ваколіцах старыя памятаюць шчаслівейшае жыццё, калі было яшчэ шмат пачцівых, старанных і працавітых людзей; у той час, кажуць, кожны гаспадар меў у дастатку зямлі, і радзіла зямля заўсёды добра, хапала хлеба і корму жывёле. У азёрах і рэчках было столькі рыбы, што моладзь, бавячыся ля вады з першай-лепшаю прыладаю, лавіла столькі рыбы, што ледзь магла забраць з сабою дадому. Паноў было не шмат, ды і тыя пабожныя, і жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною. Цяпер жа кожны паўпанак, маючы колькі ўбогіх хацін, дорага плаціць за карэты і багатыя строі, вымудраецца, каб здабыць грошы: прадае жывёлу і апошні хлеб, даводзіць бедны люд да таго, што той мусіць кожную вясну карміцца горкім бабоўнікам. А каб мець большы прыбытак з азёраў, наводзяць штогод зімою асташоў,[110] кажуць, што гэтыя рыбакі нібыта пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням; намарна пайшлі засцярогі ксяндзоў ды старых людзей. І ў нас развялося злых духаў столькі, што колькі разоў з’яўляліся яны перад мноствам люду, чаго раней у нас ніколі не бывала.
Примечания
1
У пяці томіках альманаха «Niezabudka» Я. Баршчэўскі надрукаваў наступныя балады: «Фантазія», «Русалка-спакусніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Прысяга», «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Ніна».
2
Выйшлі чатыры томікі. Відаць, напачатку Я. Баршчэўскі меркаваў уключыць у «Шляхціца Завальню» іншую колькасць раздзелаў, але з-за нейкіх (магчыма, фінансавых) прычынаў пазней давялося скараціць аб’ём; альбо гэтую ж колькасць раздзелаў планавалася раздзяліць на шэсць томікаў. Аднак няма падстаў гаварыць пра незавершанасць кнігі.
3
Цікава, што гэтую ж дату Рамуальд Падбярэскі паставіў пад уступным артыкулам да кнігі Я. Баршчэўскага, а цэнзар Ігнат Іваноўскі 9 верасня 1844 г. падпісаў у друк першы томік «Шляхціца Завальні».
4
Гэтак тамтэйшы люд называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагi Я. Баршчэўскага).
5
Полацкая езуіцкая акадэмія адкрыта 29.05 (10.06) 1812 г. на базе Полацкай езуіцкай калегіі. Мела правы універсітэта. Студэнты займаліся на тэалагічным, філасофскім, вольных навук і старажытных ды сучасных моў факультэтах. Закрыта 1.(13).03. 1820 г. у сувязі з выгнаннем езуітаў з Расіі.
6
Блізу маёнтка Гаўдэнтыя Шапялевіча Рудня, куды штолета наведваўся з Пецярбурга Я. Баршчэўскі.
7
Верш пад гэтай назвай змешчаны ў «Незабудцы» на 1841 г.
8
Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840;гг. Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.
9
Размова ідзе пра першую «опіумную» англа-кітайскую вайну 1840–1842;гг.
10
У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург – Царскае Сяло). У гэты час інтэнсіўна вялося будаўніцтва чыгунак на Захадзе.
11
У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію (дагератыпію).
12
Беларускiя словы, сказы i песні, напiсаныя Я. Баршчэўскiм лацiнкаю, выдзелены ў нашым выданнi курсiвам.
13
У кнізе «Россия: Полное георграфическое описание нашего Отечества» (Спб., 1905. Т. 9. С. 450), дзе пададзена гэтае ж паданне, курган называецца «Княжая Магіла».
14
Да верасня 1844 г. Я. Баршчэўскі выдаў пяць томікаў альманаха «Niezabudka». Калі пісьменнік кажа пра тры томікі, дык, відавочна, што напісаны ў 1842 г. артыкул без змен быў уключаны ў першы томік «Шляхціца Завальні».