Ноч цмока - Гапееў Валеры 3 стр.


Я прыўстаў таксама, і, унутрана задаволены сваім выхаваннем, злёгку нахіліў галаву, вітаючы жанчыну.

– Ганна Антонаўна, вы, думаю, здагадваецеся, з якой прычыны ў нас такія… госці і чаму я вас паклікаў. Мне вас пакінуць сам-насам? – зірнуў на мяне Віктар Паўлавіч.

– Не, дзякуй, не трэба. Тут не допыт, хачу папярэдне пагутарыць. Праўда, фармальнасці нейкія трэба выканаць, таму прашу вас, – звярнуўся я да жанчыны, – ваша прозвішча, дзе жывяце, пасада…

Ведаю, наколькі такі вось момант напружвае і часам нервуе чалавека – калі ты пачынаеш уносіць у ліст апытання біяграфічныя даныя. Мне і самому не падабаецца, але трэба…

– Ганна Антонаўна, Віктар Паўлавіч коратка, але дастаткова змястоўна выказаўся наконт Насці Грыцук. Што вы можаце сказаць пра яе як работніка, як чалавека?

– Ды добрая работніца… была, – уздыхнула з усхліпам зусім па-бабску медсястра. – Ніяк не верыцца… Адказная. Ніколі не трэба было падганяць. Зноў жа, як да хворых, дык не заўважалася, каб адным увага, а другім абы зрабіць. Для яе ўсе роўныя былі – ці малады хлопец з грыжай, ці стары дзед з гемароем. Дужая, сама амаль заўсёды спраўлялася, калі пад цяжкім кім прасціны памяняць ці самога памыць. Не, не магу нічога дрэннага згадаць.

– А які яна была чалавек? Як у калектыве?

– Ну што… звычайна… Не канфліктавала. Ну… папраўдзе, яна ні з кім асабліва не сябравала. Убаку ад усіх, хоць калі які стол агульны на свята, дык не цуралася. Трошкі дзікаватая як быццам. Але не сквапная. Не гаваркая, але ж і не маўчун які, бяседу падтрымае. Такая вось… ціхая, спакойная. Можа, занадта спакойная. Надта не пасмяецца, але і раздражнёнай яе не бачылі.

Усё больш у сабе хавала, відаць, былі ў яе нейкія іншыя цікавасці. Сярод санітарак толькі яна ў такім узросце, астатнія – амаль пенсіянеры. Ну, а з медсёстрамі… У нас, ведаеце, ёсць трошкі такое… ведаеце, прафесійнае. Калі медсёстры больш між сабой, малодшы персанал – між сабой…

– Зразумела, дзякуй… А як жанчына? Яна не была замужам. А жанчына ж статная, на твар – прыгожая. Характар, як вы кажаце, роўны, спакойны. Чаму яна не была замужам? У яе быў мужчына, не ведаеце? Прыходзіў да яе хто?

– Ой, тут і не ведаю, як казаць, – замарудзіла з адказам медсястра.

– Кажыце, як ёсць, – супакоіў-падахвоціў я. – Для нас самая нязначная дробязь можа стаць важным фактам. Кажыце, як думаеце, калі не ведаеце.

– Дык не было ў яе мужчыны, дакладна, – з уздыхам, асцярожна пачала Ганна Антонаўна. – Як прыйшла была, то пыталіся ў яе часам, жартавалі: давай табе хлопца знойдзем. А потым… не ведаю, ці казаць… Заўважыла я аднойчы, выпадкам, як яна глядзела на адну медсястру, калі пераапраналіся, на змену прыйшоўшы.

– Як глядзела?

– Ды так вось… Як мужчыны глядзяць, – зноў уздыхнула Гана Антонаўна. – А пасля і нашы ўсе пагаворваць сталі, што… ну, цікавіцца Насця жанчынамі. Дык ад яе трошкі асобна сталі трымацца. Бо дзіка ж. Пасля прывыклі, ды яна і не прыставала ні да кога… з нашых, не заўважалі. Але вось як пераапранацца, дык з ёй неяк і саромеліся. Адна яна заставалася.

Жаночы голас праз селектар перапыніў нашу размову:

– Віктар Паўлавіч, тут Святлана Мікалаеўна чакае…

Галоўурач запытальна павярнуўся ў мой бок, і я паспешліва кіўнуў:

– Запрасіце.

Святлана Мікалаеўна – як я зразумеў, загадчыца аддзялення – зайшла ў кабінет. Глыбока пасаджаныя вочы і выразныя цёмныя кругі з адвіслымі складкамі пад вачыма надавалі яе твару стомлены, нават непрыгожы выгляд. Больш за тое, мільганула думка: жанчына толькі выйшла з запою. Але пастава яе, тое, як яна прысела на крэсла – упэўнена, але не з нахабнай самаўпэўненасцю, – а больш яе ўважлівы, прафесійна-дапытлівы позірк падказвалі мне, што паўкружжы пад вачыма – ад захворвання, магчыма, нешта з ныркамі. Ці сапраўды, ад стомы. Пасля таго, як я запісаў дадзеныя, асцярожна спытаў наконт цікавасці Насці Грыцук да жанчын.

– Так, я ў курсе яе сэксуальнай арыентацыі.

Але Насця выключна сціплая ў гэтым плане. Яна – дастаткова разумная маладая жанчына.

– Была, – паправіў нехаця галоўурач.

– Так, была, – нечакана ціха пагадзілася загадчыца аддзялення і зірнула на мяне: – У Насці Грыцук не было ворагаў, я дакладна ведаю. Сяброў блізкіх не было таксама, але і ворагаў, хто б пайшоў на смертазабойства, не было. А што яе знайшлі, як тут кажуць, цалкам аголенай на полі – тое ўвогуле з вобласці ірэальнага.

– На жаль, рэальнасць, – паправіў я доктарку. – Мне трэба будзе паразмаўляць з кожным работнікам вашага аддзялення. Няўжо ў вашай санітаркі не было хоць якой сяброўкі, якой бы яна больш-менш давярала, з кім дзялілася сваім набалелым?

– Яе сяброўкі – у інтэрнэце, – упэўнена адказала Святлана Мікалаеўна. – Некалькі разоў я бачыла, як яна там бавіла час, карыстаючыся сваім тэлефонам. Звярнула ўвагу: у яе быў самы сучасны тэлефон. Яна мне пра тое сама казала, калі я пацікавілася. Шукайце там яе сяброў…

Мабыць, сакратаркі не было на месцы, бо дзверы асцярожна прыадчыніліся, галоўурач зірнуў на іх і тут жа запрасіў:

– Заходзьце, Раіса Ананьеўна…

Загадчыца гінекалагічнага аддзялення, невысокая жанчына перадпенсійнага веку, зайшла і разгублена агледзела прысутных, затрымаўшы позірк на мне.

– Следчы пракуратуры, – патлумачыў ёй галоўурач.

– Ятады скажу, усё адно яму даложаць, – нібыта сама сабе прамовіла жанчына, быццам набіралася смеласці, бо разумела: выдае прафесійную тайну. Аднак у навіне, якую прынесла ўрач, было нешта вельмі істотнае для яе самой, для кіраўніцтва і калектыву бальніцы, што здавалася больш важкім, чым правілы невыдавання.

Яна не стала сядаць і пасля кароткай паўзы прамовіла:

– Мяне выклікалі… Анатаміравалі нашу санітарачку. Дык вось… Насця Грыцук нарадзіла сама больш за трое-чацвёра сутак да сённяшняга дня. Маса маткі больш за 600 грамаў, невялікія разрывы яшчэ не зацягнуліся…

Яна абвяла позіркам усіх прысутных у кабінеце, і ў ім чыталіся выразныя асуджэнне і абвінавачанне.

Войкнула, не ўтрымаўшыся, старшая медсястра. Галоўурач нечакана густа пачырванеў, устаў і ціха спытаў, і было бачна, што спакойныя словы даюцца яму з цяжкасцю:

– Святлана Мікалаеўна, як так магло здарыцца? Я падпісваў паўтара месяцы таму яе заяву на два тыдні адпачынку без утрымання – у яе вельмі слабы бацька, так Насця патлумачыла ў заяве. А пасля ў яе быў планавы адпачынак. Цяжарнасць… Яна павінна б была стаяць на ўліку ды і… Як не заўважылі?

Я назіраў за тварам загадчыцы аддзялення, на якім акрамя ўвагі да субяседніка нічога не адбілася. Яна адказала спакойна і ўпэўнена:

– Віктар Паўлавіч, калі жанчына пажадае, ёй няцяжка схаваць сваю цяжарнасць ад непатрэбных вачэй. Тым больш такой жанчыне, як наша Насця. У яе буйныя формы цела, пэўнае павелічэнне аб’ёму жывата лёгка прыкрыць адзеннем. Яна насіла касцюм, які даваў практычна поўную гарантыю трымаць цяжарнасць у таямніцы. Да пэўных тэрмінаў, зразумела, хоць ведаю выпадкі, калі жанчыны прыхоўвалі свой стан да апошняга тыдня. Трэба ўлічыць, дзеля спецыфічных адносінаў да Насці ў жаночым калектыве, яна, наколькі я ведаю, пераапраналася без сведкаў. Таму я не здзіўляюся факту ўтойвання цяжарнасці. Здзіўляюся таму, што яна зацяжарыла… улічваючы яе відавочныя лесбійскія схільнасці… І ў той момант быццам нехта нябачны збоку нашаптаў мне прама ў галаву: калі б Насця Грыцук не нарадзіла, яна б засталася жыць.

3

Нават самы бязглузды на першы погляд рытуал некалі быў важным і асэнсаваным дзеяннем.

Для Тамары курэнне даўно стала і патрэбнасцю, і рытуалам – я ў гэтым быў перакананы. Варта было толькі пабачыць, як яна нетаропка дастае наступную цыгарэту, нейкі час круціць яе ў руках, потым бярэ ў левую руку запальнічку, пстрыкае і зноў нейкае імгненне марудзіць, глядзіць на язычок полымя, і толькі потым прыкурвае. Зацягваецца, заўсёды два разы запар, і павольна выпускае дым тонкім струменем праз сціснутыя вусны. Потым адкладвае цыгарэту ў попельніцу, падсоўвае на сярэдзіну стала патрэбны ёй дакумент, апускае з ілба на вочы невялікія, у тонкай жоўтай аправе акуляры. Чытае, цыгарэта дыміць, дым выцягваецца ў расчыненае акно…

Курыць яна пачала даўно, адразу пасля разводу. Мясцовым пляткаркам развод пракурора з мужам, начальнікам буйнога ПМК, даў мала навінаў для плётак: няхай сабе Тамара і злавіла свайго мужа, як кажуць, на гарачым – нечакана завітала на дачу, дзе ён бавіў час са сваім эканамістам, – але скандалу ніякага не ўчыняла. Больш за тое, развяліся яны так, як даўнія сябры маглі б разабраць падстрэленага на паляванні секача: спакойна, памяркоўна падзялілі кватэру і іншую маёмасць, дамовіліся аб пытаннях далейшай дапамогі дзецям – старэйшая дачка ўжо працавала на той час у сталіцы настаўніцай, ёй збіралі грошы на кватэру, а малодшы сын вучыўся ва ўніверсітэце на трэцім курсе юрыдычнага факультэта. Праз год пасля разводу былы муж з усіх сілаў дапамагаў Тамары на дачы: прывозіў гной, шукаў гаспадара з конікам, каб узараць зямлю пад грады. Тамара большую частку зямлі засеяла травой, зрабіла адмысловую зону адпачынку з альтанкай і мангалам, але парнік з памідорамі быў заўсёдным на яе ўчастку. У пракуратуры пасля чэрвеня аж да позняй восені мы частаваліся памідорамі з таго парніка. Іншым разам Тамара брала ў былога мужа іх некалішні агульны аўтамабіль, а яму давала ключы ад дачы – на выхадныя ці ў які іншы дзень. І пры праверках выканання працоўнага заканадаўства яго ПМК не ставілася Тамарай пад асабліва жорсткі кантроль. Карацей, як кажуць у такіх выпадках, разведзеныя муж і жонка засталіся сябрамі. Праўда ці не, але гуляла пагалоска, што адну ўмову Тамара паставіла надзвычай жорстка: муж перад разводам мусіў знішчыць усё з асабістых рэчаў, якія мелі дачыненне да іх сямейнага жыцця. Пачынаючы ад падараванай ручкі з сапраўдным залатым пяром і заканчваючы ношанымі шкарпэткамі і бялізнай. А вось ці захавала сама Тамара што-колечы са свайго мінулага замужняга жыцця, тое нікому не вядома. Як заставалася тайнай і яе асабістае жыццё пасля разводу: ніхто не бачыў пракурора ў кампаніі якога мужчыны ці ў горадзе, ці за горадам. Ну, калі не лічыць сустрэч па пракурорскіх справах.

Як мне расказвалі, Тамара практычна ніяк не змянілася, калі засталася адна ў кватэры. Такая ж, як і была: дзе трэба – стрыманая, дзе можна – дазваляла сабе разняволіцца. І адносіны да мужчынаў у пракуратуры не змяніліся. Толькі адно было новым: Тамара пачала курыць. І за апошнія гады, як сцвярджала наша сакратарка, звычка адбілася на Тамарыным твары: скура стала тонкай і дарэшты страціла сваю ружовасць, яшчэ больш завастрыліся скулы, нос і падбародак.

Уся сухаватая, з тонкімі кісцямі рук, са схуднелым тварам Тамара нагадвала драпежную птушку. І цяпер я міжволі ўзгадаў гэтае параўнанне: Тамара схіліла галаву над заключэннем медэксперта, і здавалася, яна не чытаць яго ўзяла, а вышукваць штосьці карыснае, ядомае, прыдатнае…

Яна раз-пораз брала цыгарэту, зацягвалася, потым доўга дробным пастукваннем пальца па цыгарэце страсала попел – і ўсё чытала. Не, не чытала, я быў упэўнены: разважала. Нарэшце акуратна, бы шкляныя, паклала лісты заключэння медэксперта падалей ад сябе, наколькі хапала яе рукі. Як я і падумаў, дастала пляшку з рэшткамі каньяку і чаркі. Разліла ўвесь напой, зірнула ў акно, быццам там мог быць вывешаны дазвол на піццё. Міжволі я таксама зірнуў – за акном выразна пашарэла, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але гэта было падманам, да якога немажліва было прывыкнуць.

– І што думаеш? – Тамара ўзяла чарку, не прапаноўваючы мне зрабіць тое ж: не маленькі, колькі мяне трэба запрашаць.

Я пацягнуўся за сваёй доляй, пакруціў кілішак у руках, каторы раз разглядваючы няроўны ніцяны ўзор:

– Мяне напружвае толькі адзін момант – чым яе забілі.

Тамара ўважліва глянула на мяне, быццам хацела ўпэўніцца, ці кажу я сур’ёзна, і працытавала на памяць радкі з заключэння:

– Уваходная адтуліна раны дазваляе зрабіць вывад, што прадметам яе нанясення стаў металічны, злёгку загнуты па дузе стрыжань круглай ці авальнай у разрэзе формы, каля двух сантыметраў таўшчыні, на канцы крыху завостраны. З улікам таго, што рана – скразная, прадмет меў даўжыню не менш за сорак сантыметраў. Што цябе непакоіць?

– Не магу даўмецца, які такі прадмет… Тамара хмыкнула, адпіла крышку з чаркі.

– Вось што значыць не жыць у вёсцы… А той факт, што ўваходная адтуліна раны забруджаная рэшткамі самага звычайнага гною, табе нічога не падказвае?

– Тамара Сяргееўна! – усклікнуў я. – Не лічыце ж вы, быццам жанчыну насадзілі на гаспадарчыя вілы! У тых зубы ў два разы карацейшыя, адно. А другое… У целе толькі адна рана, аднак там як ні калі, астатнія зубы – мінімум яшчэ адзін – павінны былі пакінуць след.

– Ну і што? – паціснула плячыма Тамара. – Чаго ты чапляешся да ўсякай непатрэбнай на цяперашні момант дробязі? То адсутнасць слядоў табе спакою не дае… то вілы табе давай асаблівыя. Ну, кажу як ёсць: забойца мае вось такія вялізныя вілы… імі і забіў. А пасля ўзяў прыхаваны ў хляве паветраны шар, на ім прынёс і скінуў на поле цела. Разабраліся, будзем лічыць. Што па астатнім?

– Ну, калі так… – я пабоўтаў вадкасць у шклянцы, выпіў залпам, дастаў цыгарэты і, трошкі ніякавеючы ад сваёй нахабнасці, закурыў. – Калі так, то Насця Грыцук – інкубатар.

Тамара толькі незразумела паківала галавой, ці то згаджаючыся са мной, ці то асуджаючы маю думку.

– Працягвай, – прамовіла яна мякка, не загадна. – Што маем?

– Маем… Насця Грыцук, 27 гадоў, санітарка. Адзіная дачка ў сям’і. Маці памерла рана з-за траўмы ад падзення. Жыла з бацькам, простым вяскоўцам, работнікам мясцовага калгаса. Вучылася добра, але нічым асаблівым не вылучалася. Характарызуюць Насцю станоўча, падкрэсліваюць яе адасобленасць ад калектыву, хоць яна сябе калектыву не супрацьпастаўляла. Сяброў не было. Пасля школы пабыла на курсах ад цэнтра занятасці, уладкавалася ў краму прадавачкай. Працавала ў прыватніка, потым у райспажыўсаюзе. Характарыстыкі таксама добрыя. Сумленная, ураўнаважаная, халаднаватая ў адносінах. Ва ўсякім разе не ішла першая на кантакт. Пяць гадоў таму нечакана ўладкавалася ў бальніцу санітаркай…

– Чаму нечакана? – перапыніла мяне Тамара. – Для каго нечакана?

– Нечакана з пункту гледжання здаровай логікі, – спакойна адрэагаваў я. – Маладая жанчына без фізічных заган ідзе працаваць туды, дзе ад безвыходнасці знаходзяць сабе месца жанчыны, не здольныя больш ні на якую працу. У райцэнтры поўна сёння самых розных магазінаў і шапікаў, дзе такая, як Насця Грыцук, магла знайсці месца. Далей…

– Твая здаровая логіка мае сэнс у межах такіх жа здаровых абставінаў. Але мы, па сутнасці, а правільней, згодна з нашай агульнай логікай, маем справу не са здаровай жанчынай, забыўся? – нечакана жорстка перабіла мяне Тамара і, нібы перапрашаючы за сваю рэзкасць, закончыла ціха: – Насця Грыцук была лесбіянка. У нашых умовах ёй нічога не заставалася.

– Не разумею, – шчыра разгубіўся я. – А яе арыентацыя тут якую ролю адыграла?

– Ой, Васіль, Васіль, – са скрухай прамовіла Тамара. – Табе, як дзіцю, расказваць пра адносіны ў нашым грамадстве да асобаў з нетрадыцыйнай арыентацыяй? Ды яшчэ ў нашым горадзе, дзе калонія на пяць тысяч зэкаў і кожны школьнік ведае значэнне слова «апушчаны»… Ты паглядзі на яе характарыстыку. Яна паўсюль заставалася адна. Значыць, ведала пра сваю схільнасць змалку. Мяркую, гэта той самы выпадак, калі ў жаночым целе жыў праўдзівы мужчына. Вунь як участковы яе апісаў – мужык мужыком яна была ў сваёй хаце. Такое не схаваеш. Партнёра яна сабе відавочна знайсці тут не магла, а хутчэй, баялася пагалоскі. Працаваць санітаркай – значыць, мець магчымасць кантакту з жывым целам. Мужчынскім і жаночым, маладым і ва ўзросце… Яна такім чынам задавальняла свае патрэбы, наколькі магла.

Назад Дальше