Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў


Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог

Вользе

Гэта прыгожая ілжа,
Гэта цудоўнае адмаўленне.
Такая прыгожая ілжа, што верыш ёй.
Джарэд Лета

А ўкруг мяне стаяць старожы, гатовыя вароты расчыніць, калі я мыта аплачу душы маёй аздобамі.

Вацлаў Ластоўскі
Сквозь
Толщу микросхем ваш взгляд,
Как звезда, далёк,
На пути на млечном.
Віктар Аргонаў
Заплыў сізы сілязенька,
Ой, заплыў сізы сілязенька
На чужую старану.
Беларуская народная песня
З мілосцю да цябе сыду ў зямлю,
З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.
Амар Хаям

© С. Балахонаў, 2015

© Логвінаў, выдавец, 2015

Ад рэдакцыі

Гэты раман павінен быў выйсці яшчэ на пачатку стагоддзя. З шэрагу інтэрв’ю Сяргея Балахонава і ўскосных звестак, якія паходзяць ад іншых людзей таго часу, вынікае, што твор меркаваўся да папяровай публікацыі ў перыяд паміж выданнямі празаічных зборнікаў «Імя грушы» і «Зямля пад крыламі Фенікса», то бок між 2005 і 2012 гадамі паводле старога календара адпаведна. Сам аўтар ні ў тыя часы, ні ў значна пазнейшыя не прызнаваўся, што ж менавіта стала загваздкай, якая не дазволіла раману з’явіцца на чытацкі суд.

У гутарцы з журналісткай партала «Дбалая вядзьмарка» (2045 г.) пісьменнік усяляк ухіляўся ад адказаў на пытанні наконт гэтага рамана, гаворачы нешта няўцямнае пра самалёт, які так і не здолеў узляцець. Схільнасць Сяргея Балахонава да містыфікацыяў спарадзіла ў даследчыцкіх колах гіпотэзу, што рамана «Інфанта і аднарог» папросту ніколі не існавала, што літаратар наўмысна ўводзіў у зман зацікаўленую публіку, а колькі чалавек з яго сяброўскага атачэння пры нагодзе падыгрывалі яму. Такая гіпотэза вельмі працяглы час лічылася адзіна дакладнай.

Падобнага кшталту ўяўленні не здолеў змяніць нават адшуканы ў сярэдзіне стагоддзя каталог з бібліяграфічнай прыгадкай урыўка з названага рамана, апублікаванага ў гомельскім літаратурным альманаху «Палац» (2014 г.). Па-першае, ніводны асобнік альманаху на той час не быў знойдзены. Па-другое, гомельскае паходжанне гэтага выдання спарадзіла здагадку, што і тут не абышлося без містыфікацыі з боку гамяльчаніна Сяргея Балахонава. Аднак у 2067 г., то бок праз два гады пасля смерці аўтара, адзін з супрацоўнікаў нашага інстытута зрабіў сенсацыйнае адкрыццё: на беластоцкім букіністычным кірмашы сярод выданняў, прысвечаных архітэктуры, выпадкова знайшоўся той самы нумар «Палаца», і фрагмент з рамана «Інфанта і аднарог» там сапраўды прысутнічаў.

Гэтае адкрыццё змусіла даследчыкаў заварушыцца. Пачаліся пошукі любой інфармацыі, якая магла б вывесці на іншыя фрагменты ці нават на поўны тэкст страчанага твору. У 2070 г. наш інстытут мусіў прадаць танк, каб атрымаць сродкі для комплекснай працы ў архівах старога інтэрнэту. Праца праводзілася па многіх напрамках. Пошукі слядоў рамана Сяргея Балахонава з’яўляліся між іх адным з прыярытэтных. Вынікам, на жаль, стала толькі знаходка аўдыёфайла з дзіўным музычным трэкам «Альбо я, альбо Аліса», які датуецца 2012 г. Рэфрэнам у ім паўтараюцца некалькі сказаў з рамана. Эксперты высветлілі, што голас на трэку належыць самаму аўтару.

З аднаго боку знаходка ўскосна пацвярджала здагадкі асобных даследчыкаў, што раман «Інфанта і аднарог» для спадара Сяргея быў вельмі важным творам. З іншага ж – маштаб даследаванняў пасля выяўлення згаданага аўдыёзапісу звузіўся да мінімуму. На пачатку 70-х гг. працу працягвалі, па сутнасці, толькі два чалавекі – Жыгімонт Цыбульскі і Крысціна Абрамовіч. Яны перакапалі масу ўспамінаў людзей, якія, так ці інакш, маглі быць звязаныя з гомельскім пісьменнікам. Сярод іх атрымалася выявіць згадку пра «зялёную тэчку» – адмысловую пластыкавую капэрту для папер, дзе захоўвалася, відаць, папярэдняя версія рамана, з якой Сяргей Балахонаў пазнаёміў, прынамсі, трох чытачак.

Ухапіўшыся за гэтую згадку, даследчыкі зладзілі выправу ў Гомель. Выправу вельмі рызыкоўную, калі ўлічваць тое, чым стаў Гомель пасля сумнавядомых здарэнняў 2051 г. Да таго ж наіўна было меркаваць, што «зялёная тэчка», пакінутая там блізу 2011 г., магла праз столькі гадоў захавацца. Ж. Цыбульскі і К. Абрамовіч, захопленыя прагай адшукаць страчаны раман, не зважалі ні на якія акалічнасці. Але іх літаратуразнаўчая авантура не дала жаданага плёну. Да таго ж абодвум давялося з баямі пакідаць частку Гомеля, кантраляваную чужаніцамі і перародкамі. Наша навука ледзь не страціла двух найбольш адданых сваёй справе людзей, а яснасці са знаходжаннем рамана «Інфанта і аднарог» так і не дадалося. Росшукі ў чарговы раз зайшлі ў тупік.

Сітуацыя кардынальным чынам перамянілася летась. Адзін з эстонскіх рэйнджараў, які мае пэўны сантымент да беларускай літаратуры, здабыў на Готландзе паўдзясятка «цвёрдых дыскаў» – перазапісвальных запамінальных прыладаў, якія яшчэ паўстагоддзя таму выкарыстоўваліся ў бальшыні кампутараў. Здабытыя прылады эстонец ласкава перадаў нашаму інстытуту на ўмовах захавання ананімнасці. Адзін з перададзеных ім дыскаў утрымліваў вялікую колькасць інфармацыі, якая так ці інакш тычылася Сяргея Балахонава. Адразу ўзнікла думка, што ў нашы рукі трапіў дыск з яго асабістага кампутара. Далейшае ж больш стараннае вывучэнне змесціва змусіла прыйсці да высновы, што гэта была запамінальная прылада з кампутара кагось з аматараў тагачаснай літаратуры. Да таго ж з набору файлаў, якія цудам захаваліся на прыладзе, цяжка зразумець, належала яна паспалітаму чытачу ці якомусь літаратуразнаўцу.

Даследчыкі працягваюць займацца высвятленнем гэтага пытання ў адной з лабараторый нашага інстытута. Але можна смела сцвярджаць, што галоўнае адкрыццё ўжо адбылося. Ім стаў тэкставы файл з літаратурным творам, ідэнтыфікаваным намі як раман «Інфанта і аднарог». Пакуль цяжка сказаць, з якой версіяй гэтага твора мы маем справу – пачатковай ці дапрацаванай. Апошнія змены ў файл уносіліся ў 2030 г., то бок незадоўга да першага піку «непажаданых падзеяў».

Змены якога парадку былі ўнесеныя тады, невядома. Сучасная тэхніка не валодае магчымасцямі для высвятлення падобных пытанняў. З іншага боку – немагчыма дакладна сцвярджаць, ці не рэдагаваўся гэты канкрэтны тэкст цягам колькіх дзесяцігоддзяў рознымі людзьмі. Асобныя прыкметы такога рэдагавання ў рамане можна заўважыць часам вельмі выразна.

Натуральна, што знаходка патрабуе пільнай увагі з боку спецыялістаў. Яе рознабаковае даследаванне будзе працягвацца яшчэ не адзін год. Раману неабходны грунтоўны аналіз і вычарпальныя каментары. Спадзяемся, што другое яго выданне мы зробім з улікам плёну шырокага фронту даследчай працы. Сёлета ж да публікацыі выяўленага буйнога твора Сяргея Балахонава нас прыспешвае набліжэнне сотых угодкаў з дня яго нараджэння. Гэтая публікацыя, адмыслова зробленая на паперы, ёсць нашым жэстам павагі да аўтара, яго творчасці і памяці аб ім.

Ігнат Чарнаждан, камандзір партызанскага злучэння «Інстытут беларускай літаратуры», 2077 г.

1

Той жнівень выдаўся нагвалт спякотным. Я, як заўсёды, выйшаў на працу з летняга адпачынку адным днём раней. Не таму, што мне аж задужа карцела хутчэй прыйсці ў школу, а таму, што зноў аблічыўся з працягласцю адпачынку. Раней я ўвесь час забываўся даплюсаваць да агульнай колькасці адпачынкавых дзён вялікае дзяржаўнае свята – Дзень Рэспублікі. Але той жнівеньскай парою мне пашчасціла забыцца, што яшчэ адзін дзень мне быў гарантаваны кантрактнымі ўмовамі. Руслан Альгердавіч, наш паважаны дырэктар, традыцыйна зрабіў выгляд, што здзівіўся майму заўчаснаму з’яўленню. Я ж паціснуў плячыма і сказаў, што мне не шкада ахвяраваць лішнім вольным часам дзеля карысці роднае ўстановы адукацыі.

Можа быць таму я з казачнай асалодай штодня драбіў цагліны, каб атрыманай у выніку друзоўкай аздобіць школьныя клумбы. Работа не была ювелірнай і адбывалася пад праменнем бязлітаснага сонца, якое, здавалася, на паўстаўкі ўладкавалася ў гестапа. Шчыраваць на гэтай інтэлектуальнай ніве давялося не аднаму мне. Настаўнік чортава тузіна еўрапейскіх моваў Вальдэмар Мікітавіч Міроненка рабіў гэтую справу асобна ад астатніх у прахалодзе школьных сутарэнняў пры святле цьмянай лямпачкі на 40 ват і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.

Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.

А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.

На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.

– Дзяўбі, дзяўбі, Эрнесцік. Сонца яшчэ высока, – пакепліваў з мяне Іскаліеў. – Падзяўбеш, каб потым было спраўней дзеткам на ўроках аб правах чалавека расказваць.

– Аб натуральных? – з панурай усмешкай удакладніў я.

– Аб натуральных, аб звышнатуральных, аб усіх чыста, – крахтаў ён, разбіваючы чарговую белую блочыну.

– Але ж, Эрнесце, табе і шанцуе з тваімі прадметамі, – зарадзіў Майсюк. – Чалавек! Грамадства! Дзяржава! Проста песня! Прыйшоў на ўрок і размаўляй пра што хочаш, спрачайся колькі ўлезе. На фізіцы асабліва не паспрачаешся. Закон Ома ёсць законам Ома. А ўраўненне Ван-дэр-Ваальса ёсць ураўненнем Ван-дэр-Ваальса. Ні ўцяць, ні ўзяць, ні на выпіўку пазычыць.

– Каб жа яны хацелі спрачацца, – уздыхнуў я, разумеючы, што займеннік яны прагучаў з гэткай жа экспрэсіяй, як назоўнік aliens з вуснаў гераіні класічнага фантастычнага трылера пра барацьбу зямлян супраць касмічных монстраў. – Не, бываюць канечне ў кожным класе аматары языкі пачасаць. Але часцяком не дзеля развіцця шэрага рэчыва, а каб толькі мне зубы замовіць ды пацягнуць на ўроку час… – Дык ты ж і сам палялякаць не супраць. Асабліва з дзяўчатамі. Хіба не так? – упёк Ярык.

Я сумеўся. Такога кшталту пытанні звычайна заганялі мяне ў анталагічны тупік, клікалі на дапамогу кагнітыўны дысананс, каб супольнымі намаганнямі добранька набіць морду маральнаму закону ўва мне. Скажаш праўду – кепска, схлусіш – заўважаць, што хлусіш. Акурат таму я прамаўчаў, узяўшыся перасыпаць набітую друзоўку з посцілкі ў кардонную пушку.

– Я на клумбы, – змрочна прамармытаў я.

– Бач які суворы, – усміхнуўся Дзяніс Давыдавіч.

Трымаючы пушку за днішча, я павалок каштоўны ладунак задворкамі школьнага будынку. У вузкаватым праходзе між майстэрнямі і бетоннай агароджай давялося абмінаць кабет з нейкай суседняй канторы. Бабёнкі старанна ўсмоктвалі дым сваіх ментолавых цыгарэтаў і глядзелі на мяне, як сарокі-вароны на параненага волата. Урэшце я дабрыў да запаветных земляў, дзе ўжо былі падрыхтаваныя паглыбленні ў выглядзе прамянёў. «Як на колішнім сцягу Японіі», – міжволі падумалася мне. Я выгрузіў змесціва сваёй тары, нахіліўся і стаў рукамі размяркоўваць кавалачкі цэглы па ўсёй паверхні, уяўляючы сябе сівагаловым японцам у садзе камянёў будысцкага храма рёандзі.

Што Захад, што Ўсход…Паўсюль халодны вецерСтудзіць мне плечы.

Працуючы настаўнікам, я прызвычаіўся практычна да ўсіх магчымых і немагчымых работ па-за межамі службовага абавязку. Таму на свае рачкаванні ў клумбах асабліва не наракаў. «Толькі б без класнага кіраўніцтва», – ці не ўголас сфармуляваў я свой галоўны на той момант прафесійна-экзістэнцыйны пасыл.

– Вы яшчэ не кончылі? – пачуўся за спінай голас настаўніцы ангельскай мовы Ліі Навумаўны Келдышавай.

– З вамі кончыш, – неахвотна азваўся я.

– Ну, і грубіян жа ты, Баластоўскі! – зусім не жартам раззлавалася каляжанка.

Лія мела наконт мяне пэўныя намеры. І як толькі я дазваляў сабе рэплікі падобныя згаданай вышэй, у нашых дачыненнях надараўся кароткатэрміновы карыбскі крызіс. Але нораву яна была адліглівага і звычайна на наступны дзень пачыналася міжнародная разрадка. Памятаючы гэта, я пакінуў яе словы без каментараў і толькі памахаў рукой, стуліўшы вусны банцікам. Несупадзенне пачуццяў. Так бывае. Што паробіш? Як і ўсякі закаханы я быў эгаістам і адстаронена назіраў за рознага кшталту заляцаннямі да мяне. Можа паўстаць пытанне: чаму я назваў сябе закаханым? А таму і назваў, што сэрца маё было ў палоне гэтага безразважнага пачуцця.

Вярнуўшыся да каменяломняў, я застаў ля сваіх калегаў новаспечанага выпускніка Алеся Альхімовіча. Той меў пэўныя гешэфты з Майсюком і завітаў акурат да яго. Але распавядаць пра няўдальства з паступленнем давялося для ўсіх прысутных.

– Ну, нічога страшнага, – разважна прамаўляў Дзяніс Давыдавіч. – Найцяжэй, пакуль з месца. А там упарадкуецца, паступіш і ты… – А як не паступіш, то пойдзеш да нас у дворнікі, – падшпільнуў хлапца Ярык. Алесь ані кроплі не пакрыўдзіўся, нібы так і мусіла быць.

– А ў войска? – між іншым заўважыў я.

– Адпадае, Эрнест Скіргайлавіч, – запярэчыў Альхімовіч. – Здароўе не тое. Сэрца. Пралабаванне мітральнага клапана без рэгурытацыі. Дзеці Чарнобыля.

– Я з такім самым дыягназам боты таптаў, – запярэчыў я.

Дальше