У паўпустым салоне, дзе занятымі былі толькі сядзячыя месцы, мы стаялі за два метры адно ад аднаго. Наста заўважыла мяне і пасля секунднага здранцвення кіўнула галавою на знак прывітання, злёгку ўсміхнуўшыся. І ўсё. Яна не тое, каб кінуцца да мяне, яна нават з месца зварухнуцца не спрамаглася. Ды сто дзесяць тысяч іншых маіх вучаніц, на якіх я мог гадамі сварыцца і ляпіць ім на кожным ўроку па дзвесце калоў і двоек ва ўсе клеткі, і то б падышлі да мяне! А Настасся Цыпіна, якую ўся школа называла любіміцай Баластоўскага, стаяла пасярод збяёданага «Ікаруса», і не жадала зрабіць нейкія два-тры-чатыры крокі, быццам мы былі зусім чужымі людзьмі.
Зрэшты, каб не выглядаць у маіх вачах поўнай ідыёткай, яна ўсё ж наважылася са мной загаварыць.
– Ну, як вашы справы? Як там дзеці? Лепш за нас? – задала яна стандартны набор пытанняў, застаючыся на сваім месцы.
– Табе па пунктах расказаць ці ўперамешку? – прамовіў я з такой горыччу, што адчуў на языку і вуснах смак палыну.
Наста, якая і перад тым усміхалася дужа млява, спахмурнела і, паціснуўшы плячыма, адвярнулася ад мяне ў бок вакна. Яна дастала з сумачкі мабільны тэлефон, утаропілася ў яго і доўга перабірала кнопкі. У думках я павіншаваў яе з набыткам і, не зважаючы на сваю сярдзітасць, з дзіцячай наіўнасцю стаў чакаць, што зараз Настачка дашле мне sms’ку, якой патлумачыць усё, што не здолела патлумачыць словамі. Наіўны рамантык! Тоўсты аднарог, які дзеля гэтай дзяўчыны цэлае лета цягаў штангу і качаў прэс! Іншы на маім месцы ўсё зразумеў бы яшчэ ў канцы вясны, я ж працягваў жывіць лядашчыя ілюзіі. Sms’ка не прыходзіла. Цыпіна працягвала вазёкацца з тэлефонам, ніводнага разу не азірнуўшыся на мяне. Аўтобус хутка імчаў у мае родныя акалоддзі. Мая роспач шпарка набліжалася да высокага жалезабетоннага слупа, на якім вісела вялікая шыльда з надпісам: «Сардэчна запрашаем у Апагей!».
Калі аўтобусны робат абвясціў мой прыпынак, я яшчэ раз паглядзеў на Настассю. Тая, улавіўшы бакавым зрокам маю перадыслакацыю, павярнула галаву і, адстаронена ўсміхнуўшыся вачыма, развяла рукамі, нібы тым самым гаварыла: «Сэ ляві, Эрнест Скіргайлавіч». Не дачакаўшыся ад яе нават намёку на развітанне, я толькі кашлянуў і выскачыў з аўтобусных дзвярэй у абдоймы маёй роспачы. «Се лаве пекельной подобно», – утрапёна паўтараў я старабеларускую фразу, цудоўна ведаючы, што ў маім персанальным пекле пануе сцюжа.
Дома я кідаўся ў чатырох сценах ад безвыходнасці, намагаючыся ўскараскацца на кожную з іх. Я браў раменную дысцыпліну караля Ўладзіслава дзеля стлумлення парываў цела. Я хапаў напаленыя абцугі гаўляйтара фон Каўніца, каб вырваць з сэрца аскепкі кахання. Старэча Сімэнс, прыкаваны да падзараднага прыстасавання, адарваў мяне ад гэтых непрыглядных заняткаў, паклікаўшы зняць новенькую sms’ку. Падыходзячы да тэлефона, я злавіў сябе на думцы, што ўсё яшчэ спадзяюся прачытаць паведамленне ад Цыпінай.
Выявілася, што sms’ку даслала Аліса Селязнёва. «Я рыхтуюся да алімпіяды па фізіцы і не змагу заўтра адказаць вам параграф па сусветцы. Прабачце, калі ласка», – з немалым для сябе подзівам прачытаў я. У тую хвіліну я мусіў бы набраць яе нумар і распытаць усё, як след. Але замест гэтага я прыняўся таропка набіраць адказ: «Добра. Вывучыш і раскажаш тэму пасля канікул. Як справы наагул?». Рукі мае дрыжалі. З язвачак на сэрцы ценькімі пасачкамі струменіла кроў. «Дзякуй! Справы нармалёк. А як вы?» – неўзабаве адказала Аліса. Я нервова ўсміхнуўся. Трэба было тэрмінова спыняць ліставанне. Каб бяды якой не было. Але сэрца ў крывавых язвачках не хацела слухацца парадаў памяркоўна здаровае развагі. Пальцы працягвалі націскаць на кнопкі: «Нешта быў засумаваў, але цяпер усё добра». За шыбамі пачынаўся халодны дождж, водарам якога я прагна дыхаў праз адчыненае вакно. «Правільна! Не трэба вам сумаваць!» – падбадзёрыла мяне вучаніца ў наступным паведамленні. Я проста заззяў. Мне зрабілася спакойна-спакойна, быццам зусім нядаўна не я, а хтосьці іншы ляжаў пад вялікагрузам лютых пакут.
На працы я стараўся трымацца зусім нейтральна. Нікому не паказваў слядоў ад сардэчных балячак, а то б ураз раскалупалі да крыві. Нідзе не афішаваў прадчуванне блізкага шчасця, каб на гэтых афішах чорным маркерам не падмалявалі гітлераўскія вусікі і не напісалі «лох». Але не было і дня, каб мяне не разрывалі на кавалкі. Рагнеда цягнула за руку, каб я ўпэўніўся, як шпарка б’ецца яе сэрца пры маім набліжэнні. Лія задзірала сабе блузку і прыспускала джынсы, каб я на ўласнае вока ацаніў змяю, вытатуяваную ў яе між спіной і падспіннем. Алеся, адпрошваючы з маіх урокаў сіх-тых актывістаў, абавязкова выцягвала мяне з класа і літаральна аблізвала гарачым позіркам. Усё гэта выглядала па-дурному, і я спяшаўся хутчэй выблытвацца з падобных сітуацый.
Мой 11 «А» працягваў выходзіць з-пад кантролю. Не ад злосці, а ад любові да мастацтва непадпарадкавання. Амаль усе хлапцы на перапынках бегалі ў бліжэйшыя елачкі, каб пусціць па коле цыгарэціну. Інгеборы Каленвалавай падабалася сядзець у холе на першым паверсе і цалавацца са сваім каханым з паралельнага класа. Лера Булатнікава і Карына Кляшторная ўпарта адмаўляліся хадзіць на заняткі фізічнай культуры. Усіх пастаянна хто-небудзь ганяў – ці я, ці сацыяльна-псіхалагічная служба. Практыканку Валю ў гэтае проціборства я нават не збіраўся падключаць, каб тая да часу не расчаравалася ў сваім прафесійным выбары. Бо што ў мяне, што ў сацыяльнага педагога з псіхолагам вынік атрымліваўся адным і тым самым: дзеці рабілі тое, што ім хацелася. Нават перад Днём настаўніка.
Да маіх слоўных грымотаў і стукання кулаком па стале падапечныя на дзіва хутка прызвычаіліся, рэагуючы прыкладна гэтак жа, як на брэх прывязанага ланцуговага сабакі ў намордніку. Нездарма перад самымі вакацыямі я не здолеў сабраць ніводнага чалавека, каб звадзіць на прагляд баскетбольнай гульні, што было часткай плана выхаваўчай работы. Атрымлівалася, што седзячы на глядацкай трыбуне разам з Галінай Альгімонтаўнай Мятлікавай ды яе 9 «А» класам, я займаўся выхаваннем самога сябе. Нутро маё гарэла, нібы шахты Сайлент Хіла. Ніхто з 11 «А» не прыйшоў, хаця Аліса і Алёна на прамілы бог запэўнівалі, што будуць у палацы спорту пры любым надвор’і і нават прывядуць сяброў.
Я млява назіраў за гульнёй і думаў, што сябры маіх адзінаццацікласніц знайшлі лепшы спосаб баўлення часу ў суботні вечар перад восеньскімі вакацыямі. Галя зноў, як і на пачатку навучальнага года, суцяшала мяне. Казала, што з цяперашнімі адзінаццатымі цяжка ўправіцца ў прынцыпе. Я не згаджаўся з ёй і ківаў галавой на «бэшак» і «вэшак», якія хаця і няпоўным складам, але сядзелі з боку ад нас. Маё ківанне заўважылі Кіра Краўзэ і Ніна Дарошка і адразу ж адарылі прыязнымі ўсмешкамі і зграбным памахваннем пальчыкамі. Я адказаў ім у такой самай манеры. – Бачыш, як цябе дзеўкі любяць, а ты ўсё журышся, – заўважыла Мятлікава.
– Жорсткая, як смерць любоў, – не змог ўстрымацца ад цытаты я.
Трыбуны прагнулі відовішчнай гульні.
21
Блаславіўшы практыкантку Валю на шчаслівае заканчэнне універсітэту, я сышоў на кароткія восеньскія вакацыі. Яны міналі ў клопатах. Давялося пачысціць Аўгіевы стайні і зганяць на дзянёк у сады Гесперыд. Аўгіевымі стайнямі я заўсёды называў школьныя сутарэнні, якія ўсёй мужчынскай настаўніцкай грамадой даводзілася рэгулярна вычышчаць ад размаітага хлуду. Пачатак тых вакацыяў не стаў выняткам з нашага супольнага гераічнага эпасу. Міроненка ў адрозненні ад іншых калег гэтай вобразнасцю не прасякся, але грэцкую прыказку выдаў: «Паціху-патроху кіслы вінаград стане салодкім, як мёд». Асабліва яна спадабалася нашым тэхработнікам, якія адразу ж зашапталіся пра фаўстпатроны пладова-выгаднага. Што да другога клопату, дык назву «Залатыя дулі Гесперыд» мусіла мець мая кніга, пра выданне якой і было дамоўлена пад заслону вакацыяў за 1662 з нечым грэцкія стадыі ад школы – у мясціне, дзе атланты і карыятыды трымалі на худых плячах тутэйшы аналаг вавілонскай бібліятэкі, а воды падземнай нядрэмнай рэчкі казыталі ім ногі.
Зрэшты, паміж дрэнажнымі работамі і падпісаннем дамовы аб выдавецкай паслузе адбылася яшчэ адна падзея, пасля якой многае ў меркаванай чарадзе падзей змянілася. Трывала серада. Наша метадычнае аб’яднанне ў чарговы раз адзасядала і аддыхвалася пасля абмеркавання нейкай злабадзённай тэмы. Каб астыць ад чарговай гарачкі, я выйшаў на калідор і адразу ж сутыкнуўся з Алёнай і Алісай.
– Не сядзіцца ў хаце дзеўчынам-красуням? – перакруціў я класіка. – Мы на дадатковыя заняткі па фізіцы ходзім, – патлумачыла Караблёва.
– Да гарадской алімпіяды рыхтуемся, – дадала Селязнёва.
– І як поспехі? – спытаў я, не зводзячы вачэй з Алісы.
– Пакуль не вельмі, – прызналася тая.
– Добра, – адначасова з сяброўкай адказала Алёна.
Мы ўтрох засмяяліся. Калі рэсурсы для працягу смеху вычарпаліся, я ўзяўся падбадзёрваць маіх юных аматарак фізікі, зычачы ім перамогі. Яны падзякавалі мне і збіраліся сыходзіць, бо час перапынку, абвешчанага настаўніцай, падыходзіў да заканчэння. Аднак мяне не пакідала ўражанне пэўнай недагаворанасці, і я пытальна зірнуў на дзяўчат.
– Эрнест Скіргайлавіч, заходзьце, калі ласка, на мой сайт. У гасцёўні што-небудзь напішыце, – сказала Аліса і, перахопліваючы мой пытальны позірк, з чаканнем паглядзела мне ў вочы.
Мой мозг ператварыўся ў расплаўленую сталь, у якой плёскаўся тэрмінатар. Здавалася, што гарачая юшка вось-вось хлыне з маіх вушэй. Пад вачыма пачало страшна пячы. Трэба было нешта адказваць.
– Цікава, цікава… – выцадзіў з сябе я. – А які адрас?
– Aliska.tk. Вы запомніце? Ці вам на паперцы напісаць? – Аліса прыкметна ўзрадавалася.
– На глінянай таблічцы, – пажартаваў я і, выпярэджваючы пытанні, сцвердзіў: – Запомню, канечне. Aliska.tk. Толькі не абяцаю, што зраблю гэта хутка.
– Калі зможаце, тады і зайдзіце, – літасціва дазволіла мне Селязнёва і, схапіўшы здзіўленую сяброўку за руку, пацягнула яе на працяг дадатковых заняткаў па фізіцы.
Нейкі час я працягваў стаяць і глядзеў, як аддаляюцца мае вучаніцы. Сталь у галаве паступова астывала. Зразумець сэнс прапановы Алісы ў мяне не атрымлівалася. Мне бачыўся ў гэтым чарговы вотум даверу з яе боку. Мне падавалася, што яна такім чынам імкліва змяншае адлегласць між намі. Мне мярэсцілася, што я раблюся ёй неабыякавым. Мне хацелася хуценька бегчы дадому, каб падлучыцца да сеціва і ўвесці ў камандны радок браўзера запаветныя літары: aliska.tk.
Дома, забыўшыся на дакоры халоднага чайніка і паўзабытай кілбасы «Кіндзюк класічны», я шпарка пабег да кампутара. Скінуўшы толькі куртку і чаравікі, я не даў сабе клопату пераапранацца ў хатняе, а прыняўся трываць няроўны бой dial-up мадэма з перагружанай тэлефоннай лініяй. Мадэм следам за маёй упартасцю набіраў належны нумар правайдара. Але набор разоў сорак скідваўся. Частыя тэлефонныя гудкі пасля гэтага нагадвалі злавесныя пахмылкі недружалюбных істот берберскай пустэльні.
Урэшце мадэму ўдалося падканэкціцца. Наэлектрызаванымі пальцамі я націскаў належныя клавішы. Успатнелай далонню я моцна трымаў старую аптычную мышку, быццам баяўся, што тая зараз уцячэ. Галоўная старонка сайту загрузілася даволі хутка. Яна была высакародна беласнежнай. У цэнтры месцілася невялікая фатаграфія Алісы з распушчанымі валасамі, якія нядбала падалі на аголеныя плечы. Вочы дзяўчыны поўніліся выпрабавальным агнём. Вусны прамяніліся ледзь заўважнай усмешкай. Пад здымкам знаходзілася немудрагелістае меню сайта, якое складалася ўсяго з двух пунктаў: «Фота» і «Гасцёўня».
Я навёў курсор на першы пункт меню і перайшоў па спасылцы ў фотагалерэю. Там мяне чакала такое самае снежнае поле, як і на галоўнай старонцы, толькі з бардовым надпісам-папярэджаннем: «Асцярожна – прыгажосць!» і акуратнымі каляровымі квадрацікамі-прэўюшкамі. Я стаў спрытна клікаць па прэўюшках, адчыняючы фатаграфіі ў поўных памерах. Большасць з іх была зроблена ў стылі «сфатаграфуй сябе сам».
Аліса на здымках выглядала абсалютна рознай. Здавалася, што фатаграфіі падабраныя не проста так, а адмыслова, каб адлюстраваць розныя эмацыйныя станы і душэўны настрой. Радасць чаргавалася з сумам. Безразважнасць – з задуменнасцю. Какетлівасць – з наіўнасцю. Збянтэжанасць – з кплівасцю. Я глядзеў на ўсё гэта з неймаверна безгаловай захопленасцю, метадычна захоўваючы сабе на кампутар кожную сустрэтую ў галерэі выяву, нібы нёс дадому з Луўра ці Эрмітажа найвыдатнейшыя палотны сусветна вядомых жывапісцаў.
На адным са здымкаў Аліса была адлюстраванай з паперкай у руках. На паперцы было намалявана сэрца, а пасярэдзіне стаяў надпіс. Разабраць яго я не здолеў, але падумаў, што там хлапечае імя. Я нават здагадваўся якое…
Прыспеў час зайсці ў гасцёўню. У ёй таксама панавала бель, па якой былі раскіданыя літаркі колькіх дзясяткаў паведамленняў. Я ўзіраўся ў нікнэймы і з дзіцячай весялосцю разгадваў людзей, што маглі хавацца за імі. King Stakh рэкамендаваў дапоўніць галерэю больш разняволенымі фоткамі. AlonKa пыталася пра бадзёрасць духу. St.Sestra радавалася за малодшую сястрычку – прыгожую і разумную. Багуслаўская раіла змяніць вэб-дызайнера. А Cutting Diamond напісаў літаральна наступнае: «Зая, я очень сильно по тебе скучаю». Мяне праняло цыганскім потам. Тысячы шкларэзаў з вострымі колцамі-дыяментамі ўзяліся паласаваць мне скуру. «А вось і Дзімка», – не маючы зусім ніякіх доказаў, зрабіў выснову я і добра нэбнуў кулаком па бязвіннай клаве.
Я зазнібеў увесь без астачы. Мяне біла ў крымска-кангалезскай ліхаманцы. Мне даводзілася шалёна матляць галавой, каб прагнаць статак дзікіх ружовых сланоў, што віліся навакол. Прыходзіла разуменне – загваздка ў рэўнасці, якую я раптоўна адчуў да незнаёмца, што схаваўся за нікам Cutting Diamond. І мне было напляваць быў гэта Дзіма ці іншы боўдзіла. Я проста нястрымна зараўнаваў. Кончыкі вушэй гарэлі сінім полымем. З носу зацурчэла кроў.
Выцягнуўшы з кішэні насоўку, я выцер ёю кроў і прыкрыў наздрыны, адкінуўшы галаву назад настолькі моцна, наколькі гэта дазваляла канстытуцыя. Адной рукой я падсунуў клавіятуру бліжэй да манітора і нягеглым рухам пальцаў пачаў рабіць гасцявы запіс. Пароць гарачку і кідацца ў віртуальную бойку з безасабовым гіцлем уяўлялася цалкам бессэнсоўным заняткам. Акурат таму я вырашыў пакінуць запіс толькі для Алісы, нібы ніхто іншы больш ніколі пасля гэтага не завітае на яе сайт.
«Германцы былі цікавымі людзьмі, – пачаў здалёк я. – Яны вырошчвалі гарох, верылі ў нібелунгаў і расказвалі пра сябе няйнакш, як у гераічным эпасе. Нашым продкам – старажытным балтам і славянам – ад гэтага было шмат непрыемнасцяў, рысу пад якімі яны падвялі на Грунвальдскім полі. Спрабавалі сябраваць, гандлявалі, запазычвалі розныя словы. Але ўрэшце нашым продкам сярод пушчаў, балот ды суседствам з Маскоўскай дзяржавай не хапіла французскай вытанчанасці, каб ператварыць германскае жаночае імя Adalheid у мілагучнае Alice ці адразу ў Аліса. Толькі мадэрнізацыя і глабалізацыя новага і найноўшага часу прынеслі нам – беларусам – радасць гэтага цудоўнага імя, якое ад пачатку азначае – высакародства. Гледзячы на цябе, дарагая Аліса, нельга не пагадзіцца з такой этымалогіяй».
Я адняў насоўку ад наздрын (кроў больш не цякла) і прабегся вачыма па тэксце, які адной рукой натайпаў у форме для адпраўкі паведамленняў. Напісанае падалося мне рэдкасным трызненнем. Аднак прыдумаць нешта іншае не ставала ні сіл, ні тарыфных адзінак інтэрнэт-карты. Адзінай зменай у допісе стаўся смайлік з падміргваннем, што быў дададзены ў самым канцы. Падпісаўшыся Знаёмы Табе, я адправіў паведамленне. Праз некалькі секундаў яно красавалася ў гасцёўні Алісінага сайта самым першым. Я дурнавата пасміхнуўся і пайшоў есці «Кіндзюк класічны».