3
Шыбуючы ўранні на працу, я застаў на школьным ганку Дзяніса Давыдавіча. Ён разгладжваў свае вусы і хітравата ўсміхаўся, нібы кагадзе прадаў на аўкцыёне «Сотбіс» шкуру ненамаляванага мядзведзя. Мне хацелася рыкнуць, але я павітаўся. – Віншую вас, Эрнест Скіргайлавіч, з новай пасадай.
– З якой? – абдумваючы імаверныя падставы яго гумару, спытаў я.
– Як жа ж? Класнае кіраўніцтва.
– Хто сказаў? – па сэрцы праехала танкавая дывізія Гудэрыяна.
– А ты вунь пачытай.
Іскаліеў паказаў рукой на вакно, да шкла якога знутры былі прымацаваныя розныя абвесткі для школьнікаў і іх бацькоў. Як ніндзя-чарапашка, я кінуўся туды. Сапраўды, там віселі спісы адзінаццатых класаў. У спісах 11 «А» і 11 «Б» не былі пазначаны прозвішчы класных. Я чмыхнуў: – Давыдавіч, з вашымі жарцікамі… – А ты не сюды глядзі, а вось сюды.
Ён тнуў пальцам у іншую паперку – «Графік выдачы падручнікаў». Ну дык што?
– А ты далей чытай. Хто «ашкам» выдае?
Вочы слізганулі па табліцы і спыніліся на адпаведным радку, дзе красавала, мала не падміргваючы: «Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі».
– Так што прашу вас, князь, прайдзіце ў апартаменты, – не тоячы незразумелай мне радасці, прамовіў Дзяніс Давыдавіч.
– Падумаеш кнігі! – выгукнуў я. – Гэта яшчэ нічога не значыць. Вунь «бэшкам» Аня Бялун выдае. А яна ў іх класнай не будзе.
Я памаршыраваў да Любартавай. Яна паясніла, што гэта з’явішча часовае, што дзеці павінны ўчасна атрымаць падручнікі, пакуль не закрылі вакансію класнага кіраўніка.
У бібліятэцы ўжо падрыхтавалі ўвесь належны выпускніку боекамплект. Разам з Ліяй Навумаўнай, якая паспела са мной памірыцца і нават паспачуваць небяспечнай верагоднасці атрымаць фатальную пасаду, мы пацягалі кніжкі ў кабінет гісторыі.
Неўзабаве то па адным, то групкамі сталі падыходзіць адзінаццацікласнікі з загадзя пашыранымі зрэнкамі. «А дзе Зульфія Захараўна?», «А вы ў нас класным будзеце?», «Мы так доўга гэтага чакалі, Эрнест Скіргайлавіч!»… Я глядзеў на іх і думаў: «Дзеці, як жа вы пасталелі». Мінула чатыры гады ад таго часу, калі я пазнаёміўся з бальшынёю іх. Нехта прыйшоў годам, двума, трыма пазней… Відавочны сантымент, нібы маладое віно, нечакана ўдарыў у галаву, і ў п’янкім захапленні хацелася бегчы да дырэктара, каб сказаць: «Так, я буду ў іх класным кіраўніком». Але ж не бег. Сядзеў у кабінеце, тлумачачы кожнаму новаму візітоўцу ўвесь тагачасны стан рэчаў, ажно набіў у роце аскоміну. Чакаў. Правяраў квітанцыі. Распавядаў. Выдаваў падручнікі.
У гэтым канвееры я раптоўна злавіў уласную думку пра тое, што вельмі хачу кагосьці пабачыць, але не мог скеміць, каго менавіта. Папраўдзе над усімі жаданнямі стаяла адно – зноў сустрэцца з Настассяй. Мне насамрэч не ставала проста аднаго яе позірку. Таго самага позірку, якім ён быў яшчэ колькі месяцаў таму. Пачуцці, нават пасля згаданага вышэй недарэчнага бачання ў школе, былі такімі шчырымі і моцнымі, што ім не заставалася нічога лепшага, як канвертавацца ў боль. Сапраўдны боль. Галава неўпрыкмет пачала расколвацца. Паветра ў класе гойдалася, быццам пустэльнае марыва. Магнаты Старой Беларусі праламляліся і наругліва пасмейваліся з мяне недарэкі.
Януш Радзівіл сказаў: «Я ведаю, што прыйдзе час, калі мы выкінем усе балячкі праз вокны. Але пакуль яны з намі». Пры гэтым пасля слова «вокны» паляцела рэха «windows». Ян Геранім Хадкевіч таксама не стаў маўчаць: «А што тычыцца нашых болесцяў, дык мы ў іх роўныя з любым іншым народам. Нават больш за некаторых». «Знайшоў, чым ганарыцца, пане!» – так і карцела выгукнуць мне, але Леў Сапега мяне перабіў. «Чалавеку пачціваму нічога не мае быць даражэйшага за болесць», – урачыста вымавіў ён, нібыта абвяшчаў пра стварэнне трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага.
У той самы момант, калі ад усяго гэтага стала выразна патыхаць белаю гарачкай, дзверы расчыніліся, і ў клас увайшла Аліса Селязнёва. Не-не, гэта не трызненне. Так сапраўды звалі маю вучаніцу. Дзяўчынцы проста пашчасціла нарадзіцца ў пік папулярнасці савецкага фантастычнага фільму «Госця з будучыні», якім захапляліся і дзеці, і дарослыя. Таму яе бацькі, маючы прозвішча Селязнёвы, нават і не задумваліся, як жа назваць нованароджаную дачушку.
Аліса павіталася і, не адрываючы погляду ад мяне, узялася выпытаць тое, што незадоўга перад гэтым выпытвалі яе аднакласнікі. Дзіўна, але пытанні мяне зусім не раздражнялі, я сакатаў, быццам гаварыў усё ў першы натхнёны раз, а боль галавы кудысь прападаў. Я сам навыбіраў ёй больш ахайных падручнікаў. Яна глядзела на маю мітусню з чароўным захапленнем.
– Ну, Эрнест Скіргайлавіч, я сама ўсё вазьму, – няпэўна пярэчыла дзяўчына, але рашуча не спыняла мяне. Калі пакунак быў наладаваны, я ўзважыў яго рукою.
– Ого, цяжкаваты. Ёсць памочнікі?
Пытанне не было дарэмным, бо я ведаў, што ў Алісы ёсць хлопчык. Па аналогіі з астатнімі адзінаццацікласніцамі – «ашкамі», «бэшкамі» і, асабліва, «вэшкамі», дзе былі амаль адны дзяўчаты – мне думалася, што хлопчык прыйдзе дапамагаць сваёй даме сэрца цягнуць гэтую патужную ношку.
– Ёсць, – сарамліва прамовіла Аліса.
– Кліч сюды. Чаго саромеешся?
– Але ж тата на вуліцы з машынай.
Такі адказ быў для мяне трохі нечаканым, але я прапанаваў: – Давай да машыны данясу.
– Ой, ну што вы, Эрнест Скіргайлавіч, не трэба. Я сама. Вы ўжо і так стаміліся, – дзяўчына не пераставала дзівіцца маёй паслужлівасці.
– Ну тады бывай, пабачымся, мабыць, ужо на лінейцы.
– Да пабачэння. Шкада, што вы не будзеце нашым класным кіраўніком.
Нешта глеўкае заныла ў маіх грудзях. Але я гнаў гэтае ныццё прочкі. Цыпіна über alles!
4
Так, я быў аж праз лад разважлівым. Не маючы нічога пэўнага з Настай, я страшыўся новых ускладненых любасных геаметрычных фігураў. Мне ўдосталь хапіла ранейшых трохкутнікаў, пасля апошняга з каторых я надоўга забыўся пра здольнасць кахаць. А калі ціхім каханнем пачаў разгарацца да Настассі, дык быў пэўным на сто вялікалітоўскіх беркаўцоў, што ў гэтай дамачкі кавалера няма. Дзесяцігоддзе ўзроставай розніцы між намі я перастаў улічваць, згубіўшы галаву пад трамвайнымі коламі кахання. «Ганна Чарнушка праліла алей», – нягегла жартаваў безгаловы я, мяркуючы, што толькі казачны асілак быў здатны збегаць у дзясятае царства, на дзясятае гаспадарства, каб знайсці чароўнай вады і прыжывіць маю буйную галованьку назад.
Чаму ж у гэтым безгалоўі я раптоўна падумаў пра красуню і разумнічку Алісу Селязнёву? Ці ж я хацеў ублытваць яе ў сваю бесталковую любасную геаметрыю? Не, не хацеў. Аліска вучылася ў нашай школе з восьмага класа. Чаго таіць, яна заўсёды мне падабалася. Я заўжды зайздросціў яе імавернаму выбранніку. Не больш.
Я сядзеў і думаў пра ўвесь вакольны гармідар, звязаны з няпэўнасцю майго прафесійнага і пачуццёвага становішча. Я думаў, амаль не разумеючы дзіўнага навароту тых дзён. Ад маіх думак нічога не залежала, акрамя майго штучна прыўзнятага настрою. На мой старэнькі, налева прашыты «Сімэнс» з невядомых нумароў прыляталі нечытэльныя sms’кі. Зусім верагодна, што самыя актыўныя школьныя добразычліўцы спяшаліся скласці мне свае мабільныя віншаванні. Але ўся іх шчырасць (ці хітрасць), давераная сотаваму ветру short message service, не вытрымаўшы сіта кадавання, ператвараліся ў пытальнікі. Я глядзеў на гэтыя сярпочкі з кропкамі, і прыўзняты настрой апускаўся ніжэй за плінтус. І даводзілася, як таму Трышчану слаўнаму рыцару, перабываць у жорсткім сэрцы. Але зусім ненадоўга, бо ірыгацыйная сістэма электроннае пошты несла ў палі маёй жорсткасэрнасці жыватворную вільгаць дасціпных каментараў на мае блогпасты ў «Жывым Журнале». Настрой сакалінай сям’ёй паднімаўся з нізін, і ніводнай звілінай свайго мозгу я не мог дапяць, што наступным днём без лішніх цырымоніяў мяне дэсантуюць у імглістых далінах за ракой Рубікон.
На той час з адпачынку вярнуліся амаль усе настаўнікі. Рамонтныя баталіі плаўна перамяніліся вытворчымі нарадамі, лятучкамі і паседжаннямі настаўніцкіх метадычных аб’яднанняў. Педагагічны фронт на наступны год абяцаўся быць, як заўжды, абсяжным. Пэўна, самі нябёсы, яшчэ больш давяраючы школе, ставілі перад настаўнікамі новыя выхаваўчыя задачы, якія прыродна мусілі б выконваць бацькі. Такі давер цешыў і выклікаў два вазы і цэбар здаровага энтузіязму ў імкненні рэалізаваць задуманае нябеснай акадэміяй рэфармаванне школы.
Паседжанне нашага метадычнага аб’яднання, якое гуртавала настаўнікаў не толькі гісторыі, але яшчэ і геаграфіі, было для мяне эпахальным. Кіраўніца аб’яднання Зінаіда Львоўна Данцова, з якой у нас заўсёды былі добрыя дачыненні, зачытвала гадавую справаздачу, дзе абычас у негатыўным кантэксце ўсплывала маё імя – курс па выбары заваліў, вечар прысвечаны ўгодкам Сталінградскай бітвы праводзіць адмовіўся, падставіў трусіка Роджэра і спаліў Александрыйскую бібліятэку… Так, усё было цалкам справядлівым. Я і сапраўды або нічога не рабіў, або рабіў не так, як трэба. Ці то ад неймавернай стомы, ці то ад простага лайдацтва, ці то ад нарастаючага тады пачуцця да Настассі. Данцова старалася выглядаць досыць суворай. Я строіў міну пакаяннага катаржніка, паўтараючы, што ў новым годзе абавязкова-абавязкова выпраўлюся і стану на шлях ісціны, каторым удала маршыраваў яшчэ пазалетась. Мабыць, такой рэакцыі ад мяне і чакалі, бо ў плане работы МА на новы год маё імя – ракам, бокам і з падскокам – было ўпліснута ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзіркі. Я неўпрыкмет, на колькі гэта было мажлівым, уздыхаў, спрабуючы ўявіць, што ж яшчэ такога прыдумала Зінаіда Львоўна, каб добра прапыласосіць маю карму. Мая другая каляжанка Галіна Альгімонтаўна Мятлікава намагалася мяне падбадзёрыць. Геаграфіні асабліва нічога не гаварылі. Паседжанне скончылася аднадушна прынятым планам работы метадычнага аб’яднання на чарговы педагагічны сезон. З не меншым аднадушшам была ўхвалена прапанова з’есці смачнага торціка ў гонар інтымнай блізіні новага навучальнага года ды з нагоды прызначэння шаноўнай Зінаіды Львоўны намеснікам дырэктара.
Спёка не спадала. Я папрасіў у каляжанак, каб да торта набылі ледзяной кока-колы. Мяне папрасілі не раскатваць губу, але адразу ж злітаваліся і пагадзіліся на кока-кольны варыянт. Па тым, як мала мне давялося іх угаворваць, я адчуў няладнае. І напраўду, як толькі Мятлікава з нашым абшчаком пакінула школу, мяне рэзка паклікалі да дырэктара. Усё. Я быў перакананы, што прычынай выкліку магла быць толькі адна акалічнасць.
Дыялог у дырэктарскім кабінеце быў надзвычай кароткім.
– Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?
– Вы наконт класнага кіраўніцтва?
– Так. 11 «А».
– І нічога не паробіш?
– Не. Ідзіце працуйце.
– Іду.
Пярэчыць не было сэнсу, бо рацыянальныя довады супраць маёй кандыдатуры адсутнічалі. Дый зусім нечакана з сярэдзіны наплыло тое самае замілаванне, якое я адчуваў, выдаючы падручнікі. «Год вытрымаеш», – гаварыла душа. «А каб цябе трасца, як жа ты ўкляпаўся», – канстатаваў мозг. Іхныя словы і настроі сутыкаліся, ператвараючыся ў навальнічныя грымоты. У тыя хвіліны ад мяне можна было без вялікіх праблем прыкурваць папяроску ці зараджаць мабільны тэлефон. Я павольна падымаўся на трэці паверх, і ўсе перада мной маўкліва расступаліся, нібы на маім шырокім лобе з’явіўся экранчык з надпісам: «Не чапай, бо лясне!». Пад самім кабінетам мяне чакалі дзве мае вучаніцы – Валерыя Булатнікава і Алёна Караблёва. Яны сталіся адзінымі, хто не ўбачыў на мне ніякага экранчыку і, міла павітаўшыся, спыталі: – Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?
– Вы наконт класнага кіраўніцтва?
– Так, – Лера гулліва пакусвала свае пульхныя вусны.
– 11 «Б»? – жадаючы памыліцца, спытала высокая Лена.
– Ці ўвогуле ніякі? – ішла на апераджэнне Лера.
Я глядзеў ім у вочы, квола ўсміхнуўся і выціснуў з сябе: – Я ваш класны кіраўнік, дзяўчаты… – Ура! – не закрычалі, але даволі гучна прадэманстравалі сваю радасць яны. Булатнікава нават кінулася мяне абдымаць са словамі: «Наш класны самы класны». Я папрасіў так не завіхацца.
– Павінна быць дыстанцыя, – пагадзілася яна. – Але ж яшчэ канікулы. І я вельмі радуюся за вас. І за нас. Можна я вас пацалую? Чыста па-сяброўску. У шчочку.
Караблёва пачала хіхікаць і штурхаць аднакласніцу ў бок: – Лера, што за прапановы? Ты бянтэжыш Эрнеста Скіргайлавіча.
Тая пачала манерна абурацца: – А што тут такога? Чаму нельга пацалаваць класнага кіраўніка ў шчочку? Я ж не прапаноўваю там абы чаго… – Абы чаго не трэба, – з усмешкай адцяў я. – Дый пацалункі гэтыя могуць быць няправільна…
Лера не дазволіла дагаварыць. Яна падскочыла ўшчыльную да мяне і ўклеіла бусечку ў левую нябрытую ланіту.
– Ты пабач, як каля маладога настаўніка уюцца, – пачуўся выратавальны голас Мятлікавай.
Булатнікава вомільгам адскочыла ад мяне. «Толькі б Лера не пачала дыскутаваць з Галінай!» – маліўся ў думках я, ведаючы яе гарачы нораў. Наўздзіў дзяўчына не выраніла ні слоўца. Галіна Альгімонтаўна, адчуўшы агульную напружанасць, вымавіла прымірэнча: – Ладна, дзяўчынкі, не бянтэжцеся, я ж ведаю, што вы ўсцешаныя навіною… – І вельмі, – Валерыя ўсміхнулася, схапіла аднакласніцу за руку і рушыла прэч, развітваючыся і прымушаючы рабіць тое ж Алёну.
Мы зайшлі з Галяй у кабінет.
– Смешныя яны ў цябе, – як нічога ніякага заўважыла яна.
– Ты ўжо ведаеш?
– Пра тваё класнае? Яшчэ ўчора ўся школа ведала. Не хацелі табе настрой псаваць заўчасна. Думалі, хай яшчэ Эрнесцік вольным птахам у аблоках палётае.
– Колы купіла? – стрываў я свой гнеў, замяшаны на крыўдзе.
– І колы, і калёсы, – з усмешкай адказала Мятлікава. – Давай, кліч усіх, маладзенькі ты наш.
– Ты мяне падшпільваеш? Мне ж неўзабаве дваццаць дзевяць стукне… – Ага, праз нейкіх дзевяць з паловай месяцаў. Я помню. Не грузіся ты, Эрнесцік, сваім узростам. І з-за класнага не пераймайся. Усё будзе добра. Можа мы праз год на тваім вяселлі пагуляем.
Апошняй намінкі я не зразумеў, але перапытваць не ўзяўся. Каляжанка даставала з шафы кубачкі, сподачкі, лыжачкі, адным словам, накрывала на стол, а дакладней на парту. «Нэсэ Галя колу», – напявала яна сабе ціхутка пад нос. Я выправіўся збіраць нашу гісторыка-геаграфічную грамаду. На гэты раз мой шпацыр па калідоры выліўся ў бясконцую чараду віншаванняў, бо экранчык на маім лобе напэўна больш не прыкмячаўся. Скрозь скрогат зубоўны я кідаў свае «спасібы», не ведаючы якому богу маліцца. З тым самым скрогатам я сядзеў за нашым імправізаваным бяседным сталом, назіраў, як каляжанкі падымаюць кубкі з кавай ці колай за новаспечаных завуча (за Зіну) і класнага кіраўніка (ясна, за каго). Я ледзьве варочаў сківіцамі, паядаючы ладны кавалак арэхавага торту. Ён здаваўся мне вялізным кавалкам астэроіда, які ў старажытнасці ляснуўся аб нашу планету, знішчыўшы Атлантыду. Цяпер ён хацеў знішчыць мяне. Знутры. Нечакана і падступна. З самага прадоння маіх думак ірваліся словы песні айчынных рок-партызан:
Ганьба зноў.Схавай мяне.Ён прыйшоў.Няма вяртання. Не.Алах акбар!Алах акбар!З такім настроем і такімі песнямі можна было без цяжкасці навярнуцца ў іслам…
5
Хоць мне і ўяўлялася, што я крочу над пеклам па тонкім, нібы самае вытанчанае лязо, мосце Сірат, нічога надзвычайнага не адбылося. Я не парэзаўся нават падчас брыцця. Заставалася трываць. Дакладней, змушаць сябе да трываласці, прывідна спадзеючыся, што ўсе працоўныя цяжкасці будуць пераважаны шчасцейкам кахання, якое стане ўзаемным. Такім дурнем быў я. Дурнем, які разлічваў на тое, што стаўленне Настассі Цыпінай да яго чароўным чынам пераменіцца. Дурнем, які верыў, што свой чарговы (і вельмі важны!) дзень народзінаў Наста сутракацьме ў ягоным таварыстве. Сіры а ўбогі фантазёр. Слабы і нікчэмны спадзявунчык. Я суцяшаў сябе гэтай надзеяй, быццам гаючым бальзамам ад матухны д’Артаньяна.