Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікнення - Бахаревич Ольгерд Иванович 6 стр.


За гэтую ноч яны сталі адно адному неяк бліжэйшымі. Прынамсі, прачнуўшыся раніцай, Сафія зь нейкім дзіўным задавальненьнем падумала, што яна ў кватэры не адна, і вырашыла, што часам сьвякруха здольная прымаць разумныя рашэньні. Так ці інакш, прысутнасьць побач Данілы дапаможа ёй трымаць сябе ў руках. Не расслабляцца, сачыць за сабой, не дазваляць сабе гістэрык, жыць так, як павінен жыць чалавек, які чакае, проста – жыць.

«Табе, напэўна, праць шмат што трэба?» – спытала яна, і Даніла, нібыта даўно чакаў гэтага пытаньня, імгненна нахіліўся і з палёгкай сунуў ёй, трохі агаломшанай, вялікі пакет. Яна стала сартаваць ягоную бялізну, даведаўшыся пра некаторыя рэчы, датычныя Данілавага жыцьця: пра няведаньне ім сваіх памераў, пра самотныя ночы, пра бездапаможную эканомію, то бок любоў да таннае сынтэтыкі, пра мазалі, пра тое, што часам брат яе мужа ходзіць у шкарпэтках па нейкіх мурашніках, пра…

«У цябе… – яна прыйшла ў перадпакой, дзе ён абуваўся. – У цябе на правай… Не, на левай назе няма пальца. Вялікага».

Сафія была такая разгубленая, амаль вінаватая, нібыта гэта яна спрычынілася да страты таго пальца.

«Адкуль ты ведаеш?» – ён выпрастаўся.

Сафія моўчкі паказала яму ягоную шкарпэтку. Даніла агледзеў яе, абнюхаў, засьмяяўся.

«На нагу неяк адна рэч упала. Вялікая рэч. Цяжкая».

«Тэлевізар? Лядоўня?»

«Горш. Статуя».

«Што ж ты зь ёй рабіў?»

«Нічога асаблівага. Ну, я пайшоў?»

Разважаючы, што можна рабіць са статуямі, Сафія прыйшла да высновы, што там, за мяжою, Даніла працаваў грузчыкам. Ну, можа, не заўсёды, можа, падпрацоўваў – значыць, ня надта весела яму там жывецца. Яна вымыла падлогу ў кухні, разагнулася – і ўбачыла Данілу, які стаяў пасярод двара – там, каля кантэйнэра са сьмецьцем, таго самага кантэйнэра. Яна была ўпэўнена, што Даніла цяпер едзе ў мэтро, едзе кудысьці, дзе можна знайсьці хаця б нешта: зачэпку, дапамогу, грошы, сьляды, нешта, што засталося ад Сіманенкі, не магло ж ад яго нічога не застацца. Ёй раптам стала ясна, што ніякага пляну ў Данілы пакуль што няма, яна зразумела, штó ён робіць там, у двары, замершы ля сьметніку, ёй і самой часам карцела зрабіць гэта – стаць там, агледзецца, чакаючы, што знаходжаньне ў гэтым месцы само па сабе нешта падкажа. Але яна ведала, што падказак там ніякіх не было. І ёй не хацелася, каб суседзі бачылі такую бясьсільнасьць, бо што гэта, калі не бясьсільнасьць – прыходзіць на месца зьнікненьня і бязмэтна стаяць там; гэта тое самае, што наведваць пустую магілу. Ёй не хацелася шкадаваньня. Ёй хацелася гаварыць пра Сіманенку – гаварыць доўга, падрабязна, злосна, і чуць, як пра яго гавораць іншыя.

Ну што, што ён мог там убачыць? Ён пераступае з нагі на нагу, ён закурвае, ён думае, што ніхто не зьвяртае на яго ўвагі. Ён падобны да яшчэ не зусім зламанага лёсам бадзягі, які чакае зручнага моманту, каб пакорпацца ў сьметніцы. Даніла абводзіў вачыма навакольле, але навакольля не існавала – двор быў заціснуты між чатырох дамоў, паміж якімі былі вузкія заасфальтаваныя праходы. Палову двара займала дзіцячая пляцоўка, на якой дзяцей трэба было прымушаць гуляць – там рэдка хто лазіў, бо і лазіць асабліва не было па чым. Пэнсіянэры вадзілі ўнукаў да школы, дзе магчымасьцяў зламаць сабе шыю было непараўнальна больш. Потым быў лапік зямлі са штангамі ў выглядзе літары «т», на якіх калісьці, а раз-пораз і цяпер выбівалі дываны і сушылі рэчы, якіх не шкада – Сафія зрэдку думала пра тое, што была б яна дзіцём, гуляла б тут у Дастаеўскага. За імі быў абгрызены дажджамі і часам ходнік, на выступе якога і стаялі тыя кантэйнэры для сьмецьця, потым шэры, залатаны асфальт, па якім езьдзілі машыны і часам праходзілі, пазяхаючы, маладыя паліцэйскія, трое, часам двое, курачы, ліжучы марозіва, паглядваючы на бальконы ў пошуку млявых васьміклясьніц? Потым зноў ходнік, і – пад’езды… Іхныя норы, якія лепш было не пакідаць на доўгі час без гаспадароў. Таму народ бегаў, сьпяшаўся, злуючыся на тых, хто загароджваў выхады з гэтага двара. Налева пойдзеш – выйдзеш да крамы, банку, мэтро. Гэта – найшырэйшы выхад, гэта выезд, гэта тут ляжала тая жанчына, якую Сафія ўратавала, выклікаўшы сабе хуткую. Направа – выхад да крамы, аптэкі, школы. Пойдзеш праз пляцоўку – абагнеш супрацьлеглы дом і выйдзеш да гаражоў, каналу, вайсковай часткі. А абагнеш іхны дом – трапіш да іншага, паміж імі – засаджаная дрэвамі, закіданая недапалкамі і падзеленая крыж-накрыж пратаптанымі сьцежкамі палоска травы, у якой крыва, нібыта бясформенны мэтэарыт, што ўпаў зь неба, тырчыць трансфарматарная будка. Па траве паўзе цень. Туды выходзіць іхны балькон. А акно кухні выходзіць у двор, у звычайны двор, ад якога нельга было чакаць ні сюрпрызаў, ні падказак, ні падступнасьці. Толькі вось у той дзень, калі ён праглынуў Сіманенку, двор чамусьці быў пусты, як быццам кожны жыхар гэтых чатырох дамоў ведаў, што нельга ў гэты час, сьпякотны, ачмурэлы час, выходзіць, і нельга глядзець у акно, трэба адвярнуцца, бо ў двара – раз на год, раз на вечнасьць – узьнікла ягоная, дваровая патрэба, патрэба ў маленькім ахвярапрынашэньні, гэта не працягнецца доўга, толькі адвярніцеся на сэкунду, не выглядвайце з вокнаў, станьце да яго сьпінамі, не задавайце лішніх пытаньняў – і ўсё, можна, справа зробленая, можаце жыць далей. Лічыце, што гэтай сэкунды не было. Гэта ж лёгка – уявіць сабе, што нейкай сэкунды не існавала? Значна лягчэй, чым уявіць сабе, што не існуе вас саміх.

Ніколі не начуйце ў пустым доме і ня ўдзельнічайце ў ахвярапрынашэньні, калі вы ня жрэц. Так напісана ў адной са сьвяшчэнных індыйскіх кніг. Жудасны сказ, калі падумаць. Не начуйце ў пустым доме. Калі вы ня жрэц. Чаму пусты дом і ахвярапрынашэньне стаяць побач, нібы лягічна чымсьці зьвязаныя? І як дом можа быць пустым, калі вы ў ім начуеце? І калі вас усё ж запрасілі на тое прынашэньне, і вы ня жрэц, то хто вы тады?

Назад