Дзюбаносы доктар, які дамогся, каб Сафійка ўтульна ўселася яму на калені, фыркнуў, як пракудлівы шкаляр на апошняй лаве, і прабуркатаў:
– Я ж не вінаваты, што ўспадчынніў ад продкаў цёмныя патлы.
Саламея, каля якой, як прыклеены, сядзеў шчаслівы Алесік, дакорліва хітнула галавой, усміхнулася іранічна – калі пані ўсміхалася, ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ.
– Ды хай бы ты і маўрам быў, Баўтрамей Лёднік – не гэта людзей палохае. Спадзяюся, ты не забыўся, што князь Антоні Тызенгаўз адправіў цябе сюды да пана Жылібера дзеля пэўнай справы, каб пераняў досвед, як зладзіць на Беларусі медычную школу ды шпіталь? У мяне, дарэчы, ліст да цябе ад князя.
Бутрым, чый твар зараз быў зусім не суровы, а шчасліва-разгублены, пацалаваў улагоджаную шаптаннем на вушка ліцвінскіх пацешак дачку ў макаўку, прыкрытую карункавым каптуром.
– І медычнай школы план склалі, і шпіталя, і батанічнага саду, і школы павітух… У містыку не падаўся, бязбожнымі эксперыментамі мне таксама калісьці адбілі ахвоту займацца, – Бутрым зірнуў на сваю даланю са шнарам.
Пранціш памятаў, як у старэйшага сябра з’явіліся гэтыя шнары. Калі іх кампанія хавалася ад чумы ў мястэчку Тамашова, Лёднік сустрэў там біскупа, пад чыім кіраўніцтвам у Празе ўдзельнічаў у страшных эксперыментах над людзямі і іх душамі. Тады “чорнага доктара” ледзь удалося выцягнуць са спакусы зноў падобным заняцца, а выкупіць волю ўсёй кампаніі яму давялося, скарыстаўшы мясцовы звычай – набыць прылюдна стыгматы.
– Лекцыі, доследы, хворыя на прыём шчэмяцца… Матаюся матавілам паміж медычнай школай Ліёна ды ўніверсітэтам Манпелье… – нязграбна апраўдваўся перад жонкай доктар. – Паверыш, месяц за шаблю ўсур’ёз не браўся.
Для доктара, які спавядаў трэнінг фізічнага цела неаддзельным ад духоўнага развіцця і быў выбітным фехтавальшчыкам, гэта была нежартоўная ахвяра.
– Мяне пан Вырвіч біцца вучыць! – пахваліўся Алесь. – На шаблях, шпагах, эспадронах… Ён увесь наш клас трэніруе!
Саламея Лёднік зацікаўлена зірнула на блакітнавокага шляхціца.
– А вы, пан Вырвіч, хіба не студэнт?
Вырвіч трохі замяўся, кінуў спадылба позірк на Лёдніка, які іранічна скрывіўся.
– Ну, павучыў трохі паэтыку, але – куды мне ўжо на студэнцкую лаўку… Я на ёй столькі наседзеўся – не ўсе ж, як Лёднік, да здабыцця ведаў ласыя, як карасі да гразі. А мне пасля таго, як вайсковым камандзірам тры гады адтрубіў, ды паваяваў, з рознымі смаркачамі фіглі строіць… Ну а тут пасля аднаго двубою графчык мясцовы застаўся ўражаны маім баявым майстэрствам, папрасіў даваць урокі ягонаму старэйшаму сыну… Потым іншыя захацелі… Дэкларавалі месца выкладчыка баявых майстэрстваў у Ліёнскай вайсковай школе. Да мяне ім адзін збяднелы маркіз быў, так што ўрону гонару няма.
– Натрэніраваў на сваю галаву… Пашанцавала прафесарам філалагічным, што ад такога вучня ў час пазбавіліся! – з’едліва выказаўся Лёднік. – Я дык і цярпеў бы яго па звычцы – але пра медыцыну ягамосць Вырвіч і слухаць не хоча. Затое ў бойкі лезе, як машката ў свежую смаліцу. Пляменніка ліёнскага біскупа праткнуў так, што я ледзь зацыраваў!
– Я найменшага ўрону гонару не пацярплю, – цвёрда прамовіў Вырвіч. – Я – апошні з роду, з Вырвічаў герба Гіпацэнтаўр. На мне доўг перад продкамі і вернасць сармацкім звычаям, твае павучэнні недарэчы, Лёднік!
– Правільна, пан Вырвіч! – радасна азваўся натхнёны паніч Аляксандр. – Я таксама – за свой гонар… Любога… Шабляй!
– Твой дзед, Алесь, скуры ў полацкай гарбарні вырабляў, – строга прамовіў сыну Лёднік. – Я гэтага не саромлюся – і ты не павінен. Я шляхецтва на полі бойкі заслужыў. Але ты ўжо досыць вялікі, каб усведамляць, што наша галоўная годнасць – веды і духоўныя цноты! Сам Госпад у зямным жыцці быў сынам цеслі…
– У хлапцу цячэ і шляхецкая кроў, Лёднік, не забывайся! – сурова абарваў былога слугу Пранціш Вырвіч. Доктар стрымаў крыўдлівыя словы, што ўжо рваліся з вуснаў, і неяк сумеўся. Саламея збянтэжана пераводзіла позірк з аднаго суразмоўцы на другога – раней спрэчак наконт паходжання малодшага Лёдніка між імі не вялося… А як жа сам малы? Няўжо ведае пра свой складаны радавод? Яны ж дамаўляліся – захаваць таямніцу! Але пра гэта варта падумаць пасля. Гэта занадта… дзіўна і страшна. Што здарылася з дарагімі ёй людзьмі за гэтыя паўтара гады ў вінаградна-сырным, сонечна-марскім Лангедоку?
– А вершы пішуцца, пан Вырвіч?
Пранціш крыху сумеўся, правёў пальцам па светлых вусіках, што нарэшце самавіта прыкрасілі ягоную верхнюю губу.
– Віюцца, як слепні, спакою не даюць… Але каму мне іх…
І Саламея зразумела, што сардэчныя раны пана Вырвіча смыляць і крывавяць, і ў чарговы раз успомнілася з дакорам адна егіпецкая прынцэса Серафіна, яна ж – слуцкая прыгонная актрыса Раіна Міхалішыўна, што збегла ад свайго нарачонага, зухаватага драгуна Вырвіча, з самых лепшых меркаванняў – каб не псаваць радавод пана, не замінаць ягонай бліскучай кар’еры.
То ж ён спраўдзіў гэтую кар’еру, падрабляючы настаўнікам фехтавання ў французскіх недаросткаў…
Самыя страшныя справы чалавецтва ўтвараліся з самых лепшых меркаванняў.
– Піць хацу! – заявіла маленькая ліцвінка Сафійка, і Атлант асцярожна паставіў край нябеснага купала на траву, тры чарапахі прымарудзілі і без таго марудлівы свой ход у сусвеце, па якім яны валаклі пляскатую, як жорнаў, цвердзь зямную, а Чорны Доктар, растраціўшы рэшткі фанабэрыі, пачаў устрывожана раіцца з рамізнікам, дзе найлепш спыніцца, каб найхутчэй набраць самай празрыстай і свежай вады…
Хаця самая смачная, празрыстая і свежая была далёка – у крыніцах радзімы.
Раздзел першы. Як чорны доктар прагрэсіўных медыкусаў абедам карміў
Аднойчы Мішэль Настрадамус, студэнт універсітэта Манпелье і аматар адурманьвальных травак, прадказаў лёс двум ліёнскім парсючкам, чорнаму ды беламу. Белага, маўляў, воўк задзярэ, а чорнага на стол пададуць.
Гаспадар вырашыў правучыць самазванага прарока ды й загадаў кухару прыгатаваць белага свінскага сына… А таго ўжо сапраўды воўк панёс, каб яго самога крумкачы па кавалачку неслі! Кухар цішком і выкарыстаў замест белага парсючка ягонага чарнявага субрата… Тым самым засведчыўшы прароцкі статус месье Мішэля, а таксама што супраць лёсу не папрэш.
Невядома, хто прадказваў лёс парсючку, што прыкрашаў стол у гасцёўні запрошанага прафесара Ліёнскай медычнай школы Баўтрамея Лёдніка, ды і ці трэба лічыцца прарокам, каб прадказаць, чым скончыць свойская свіння. Вось каб было гэта ў далёкай Беларусі, на магнацкім застоллі, дык парсючка таго ніколі б у такім пазнавальным выглядзе на стол не падалі: няварта гэта магнацкай кухні! Ці крылы прышылі б яму ад няшчаснага лебедзя, замест лычыка б нешта змайстрачылі, ці прырабілі заднюю палову ад зайца… Хто зведае фантазіі панскіх кухараў Рэчы Паспалітай?
Але гаспадары гэтага дома наўрад займаліся падобнымі вычварэнствамі і на радзіме. Пан Баўтрамей Лёднік увогуле ўсім тлумачыў, наколькі шкодныя тыя прыкметы багатай шляхецкай кухні: каб тлуста (нават гарэлку – са сметанковым маслам), каб востра (чым больш дарагога перцу, шафрану ды імбіру ўваліць, тым ганаровей), ну і каб спалучэнні падзіўнейшыя (салёнае з салодкім, ялавічыну з рыбай).
А цяпер за сталом Чорнага Доктара нават звычайна засмажанага парсючка пакуль не елі… Дый за стол не садзіліся. Бо ганаровыя госці з Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, што мусілі прыехаць з Манпелье, спазняліся, а гаспадары ўсё яшчэ не паспелі нагаварыцца за дні, што прамінулі пасля з’яднання сямейства Лёднікаў.
У любым выпадку, цукровы пернік у выглядзе ружовага пеўня куды смачнейшы за любую “дарослую” страву, хай сабе і абсыпаную даражэзным шафранам. Сафія Баўтрамеева Лёдневічанка, чароўная ліцвінка амаль двух гадоў ад нараджэння і шляхцянка ў другім пакаленні, задумліва прыкусіла пернічак бялюткімі зубкамі і па-гаспадарску агледзела светлы пакой з высокімі скругленымі наверсе вокнамі. Падлога не гайдаецца, як у цеснай каюце – ужо добра. У шыбы просяцца вясёлыя зялёныя каштаны, заманліва падкідваючы на тонкіх галінках белыя кветкі – быццам анёльчыкі скачуць…
Сафійка і сама нагадвае анёльчыка – у белай доўгай кашульцы, з-пад якой паказваюцца абшытыя карункамі штонікі. Таненькая, з цёмнымі пышнымі валасамі і вялізнымі, чорнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку. Сонечныя промні прасяваюцца скрозь карункі лістоты і мігцяць на наваскаваным паркеце. Паміж кніжнымі шафамі з чорнага дубу, нібыта прывіды, таямніча святлеюць завешаныя тканінай стаўбуркі – з-пад тканіны выпірае нешта незразумелае.
А дарослыя ўсё балбочуць. Часцей за ўсё Сафійка чуе “барскія канфедэраты” – доўга і каструбавата, і “Цялок” – адрывіста і паблажліва. Навошта ёй ведаць, што гэта значыць, і чаму дарослыя так хвалююцца? Пасля, як падрасце, ёй, напэўна, распавядуць, што адбывалася ў годзе 1770-м ад нараджэння Хрыстова на ліцвінскіх землях. Як шляхта, абураная тым, што на польскі трон расейцы пасадзілі каханка сваёй імператрыцы Станіслава Панятоўскага па мянушцы Цялок, а той праводзіць нявыгадныя краю законы, з’ядналася ў Барскую канфедэрацыю. І Радзівіл па мянушцы Пане Каханку ім дапамагае, і гетман польны Аляксандр Сапега падумвае далучыцца, і вялікі гетман Міхал Багінскі… – І сам кароль Станіслаў Панятоўскі хацеў да барцаў, але яго адпрэчылі, – сумна гаварыла Саламея Лёднік, яе сінія вочы з прыхаванай мілосцю не адрываліся ад драпежнага профілю гаспадара дома, які сядзеў, панурыўшыся, і круціў у руках парцалянавы кубак з незразумелымі залатымі вензелямі, нібы яму было зусім нецікава слухаць пра далёкія палітычныя мітрэнгі. – Кажуць, жаліўся ангельскаму паслу: “Калі адыду ад Расіі і супраць яе выступлю, мае непрыяцелі будуць першыя, якія з ёй пагодзяцца і мяне прынясуць у ахвяру. Якая ж з гэтага карысць для краю?” Сама больш абмяркоўваюць, што Пане Каханку зноў з’ехаў за мяжу. Ну, ведаеш, мусіць… Пад вёскай Лань разбіў войска князя Мяшчэрскага, але потым спалохаўся, што Нясвіж возьмуць, бо Суворава з войскам дзеля ўціхамірвання прыслалі, і ўцёк. Ды яшчэ ліст князю Рапніну пакінуў, што калі ягоныя гарады не зачапнуць – не будзе нічога супраць расейскай царыцы ўчыняць…
– Ага, паабяцаў… Магнаты што хочаш паабяцаюць, калі трэба, – скрозь зубы прагаварыў доктар Лёднік. – Зноў інтрыгуе наш Пане Каханку, войска збірае, вызваляць Айчыну… З французамі на пару з Багінскім змаўляецца, каб Панятоўскага дыктатарам абвесціць… Вунь, гэты маладзён, – кіўнуў доктар у бок Пранціша Вырвіча, які любоўна паліраваў суконкай сваю новую шпагу, – атрымаў ліст ад нашага старога знаёмца пана Рыся, з заклікам далучыцца да іх хаўрусу ды ехаць вызваляць Рэч Паспалітую ад расейцаў, Панятоўскага, а заадно ад усіх, хто не падабаецца.
Вырвіч горда страсянуў чубам.
– І далучуся! Шляхціц не павінен быць убаку, калі на радзіме вайна! Такіх, як я, тут шмат, адзін Тадэвуш Касцюшка са Слонімшчыны чаго варты! Мы яго Шведам празвалі, дасканалага ваяра з сябе выхоўвае, эксперыментуе над арганізмам уласным, як і ты, Бутрым, не здолееш. – Задурыў галаву сваім Касцюшкам! – сярдзіта азваўся доктар. – А чаму твой Тадзік не ў войску якога Касакоўскага пад Пінскам, а ў Парыжы маляванню вучыцца, ведаеш? Таму што не змог прымірыць свой патрыятызм – і нежаданне выступаць супраць сваіх дабрадзеяў Чартарыйскіх, родзічаў Панятоўскага. Вось і з’ехаў…
Лёднік уздыхнуў.
– Вечна адны разбураюць, другія ствараюць, і ўсё пад аднолькава прыгожымі лозунгамі. У гэты ж час сябрук Цялка ягоная мосць Антоні Тызенгаўз рэформы надалей праводзіць, мануфактуры ладзіць… Усе дзяржаўныя грошы ў свае задумы прэ. Спадзяецца, што праз паўгода я вярнуся ў Гародню з Жыліберам пад пахай і дапамагу яму зладзіць медычную школу… Ды вярнуся, зладзім! Калі яе не спаляць – адны за тое, што адчынена расейскімі паслугачамі, другія за тое, што ёю кіруюць заходнія блюзнеры…
Грукат змусіў захопленых палітычнымі развагамі дарослых ускочыць. Сафійка злаўчылася нарэшце пацягнуць за тканіну, што схавала адзін з таямнічых стаўбуркоў. Застрашлівы васковы муляж, які выяўляў чалавека са здзёртаю скурай – так, што былі добра відаць усе цягліцы, чырвоныя матузкі артэрый і сінія суплёты венаў – меланхалічна ляжаў на падлозе, страціўшы палову васковых мазгоў.
– Бумс! – весела прагаварыла Сафійка, узмахнуўшы густымі чорнымі вейкамі – як толькі не ўзляцела, Мятлушачка.
Спалоханыя дарослыя абмацалі дзіцяня, упэўніліся, што нават не напужалася…
– Хал-лера… Дваццаць ліўраў… Унікальная мадэль… – мармытаў скрозь зубы доктар, падымаючы з падлогі няшчаснага васковага калеку. На ніжэйшых паліцах адкрытага стаўбурка красаваліся не менш застрашлівыя творы мясцовага аптэкарскага майстэрства – бялелі штучныя косткі, пунсавелі цягліцы.
– Бацька называецца! – дакорліва прагаварыў Пранціш, падпіхваючы нагою пад шафу адляцелы кавалак васковага чэрапа. – Дзіця ж мусіла прыехаць, самы пракудлівы ўзрост. Трэба было прыняць свае анатамічныя аздобы, а не проста ўкруціць у анучы.
– Тата, далуй! – прамовіла Сафійка два чароўныя словы, гледзячы шчыра-шчыра вялізнымі цёмнымі вачанятамі на суровага доктара. Не тое, каб малеча ведала значэнне прамоўленых слоў, але ўжо добра ўцяміла, што варта іх вымавіць – і гэты суровы высокі чалавек з чорна-сівымі валасамі адразу растане, як воск на сонцы, ад яго проста пачне праменіцца пяшчота… Вось і цяпер: апусціўся на калені, абняў, цалуе сухімі няўсмешлівымі вуснамі – а вусны ажно дрыжаць ад любасці і замілавання:
– Красачка мая… Каралевічна мая… Гэта ты мне прабач. Я табе сапраўдную ляльку падару – парцалянавую, гожанькую, да цябе падобную!
Хоць вяроўкі з гэтых дарослых ві. Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.
Пані Саламея падскочыла і з цяжкасцю вызваліла з маленькіх, але ўчэпістых пальчыкаў дактароўны шкляное вока ад разбітага манекена – Сафійка мудра збіралася яго прыўлашчыць. Вока пазірала дзіка і дакорліва, чырвоныя сасуды, карпатліва прамаляваныя на ім, нагадвалі парванае павуцінне крывавага павука.
– Бутрым, гэта ўжо занадта! Алесік мне ўчора гадзіну распавядаў, як тузаюцца цягліцы мёртвай жабы пад уздзеяннем апарата нейкага італійскага вучонага, цяпер дачка твая будзе гуляцца з муляжом чалавечага вока… Бедлам, а не сямейны дом!
– Мама, шарык хацу!
Пранціш стоена хіхікаў, пакуль пані Саламея супакойвала пакрыўджаную дачушку, а Лёднік збянтэжана бегаў па пакоі, шчыльней укручваючы стаўбуркі, на якіх, як відаць, былі такія ж неапетытныя анатамічныя дапаможнікі – у аптэках Ліёна іх выраблялі дасканала.
Начышчаная былым каралеўскім драгунам Вырвічам шпага заняла сваё законнае месца на сцяне, побач з іншымі развешанымі шляхецкімі ўцехамі – шабля-серпанціна, шабля-карабэла, эспадрон, рапіра… А гаспадара цярпліва чакала ў вітальні радавая шабля Вырвічаў Гіпацэнтаўр, з гербам, выгравіраваным на дзяржальне. Вось што трэба шляхціцу ў руках трымаць, а не ланцэт альбо пяро!
– Усё роўна на баку барцаў – праўда! – упэўнена выгукнуў Пранціш, вяртаючыся ў палітычныя спрэчкі, якія спаконвеку грэюць сэрцы і самалюбства нават самых ціхамірных мужчын – а прысутныя ў гэтым пакоі ціхамірнымі ніякім чынам не былі. Цень ад галінкі каштана спалохана слізгануў па сцяне, абцягнутай трохі выцвілай светла-зялёнай тканінай, па вялікай старой карце з надпісам “Вялікае Княства Літоўскае”. Маленькія дрэўцы на карце пазначалі, дзе ў гэтай далёкай краіне лес, хвалістыя гарызантальныя рысачкі ўперамежку з вертыкальнымі – балоты. Мяркуючы па малюнку, балотаў у Вялікім Княстве было больш, чым пацукоў у парыжскіх катакомбах. Маленькія ганарлівыя замкі са сцяжкамі на вежах выяўлялі гарады, а паміж дрэў можна было пабачыць не адно смешнаватае страшыдла, ад фенікса і адзінарога да звычайных тураў ды зуброў.