– Яго вялікасць мяне бачыў, але не надта надае ўвагі майму існаванню. Я на ягоны густ занадта хударлявая, і ў Аленнім парку Версаля мяне не пасялілі. З дэ Вардам, дзякуй богу, таксама сустракацца не даводзілася… Я не зарабляю паслугамі ў ложку, не пераймайцеся, пан Вырвіч.
Вось жа, здагадалася, пра што былы жаніх думае… У Аленнім парку зладзілі цэлае пасяленне для каралеўскіх палюбоўніц – частку пастаўляла афіцыйная фаварытка караля мадам Дзюбары, кагось самі бацькі прысылалі – вой, якая дачушачка ў нас міленькая, зрабіце ласку, ваша вялікасць, пазбаўце яе цнатлівасці… Цьфу! Ды Станіслаў Панятоўскі на гэтым фоне мніхам выглядае. Тут не дзейнічае раздзел дзевятнаццаты, артыкул трыццаць шосты Статута Вялікага Княства Літоўскага: «Зводнікі i зводніцы дзеля ўтаймавання разбэшчанасці i падбухторвання жанчын да распусты не могуць быць цярпімымі, такім людзям трэба адразаць нос i вушы, калі ж яны будуць працягваць займацца тым самым i пасля гэтай кары, то пазбаўляць ix жыцця».
– Але ў мяне ёсць сяброўкі са спамянутага Аленняга парку, – запэўніла Раіна. – Тая самая Мары Бушэ, мы з ёй у адной трупе былі, прыехала сюды падлячыцца – баіцца, што кароль прагоніць хворую. Так што я вазьму ў яе рэкамендацыю да доктара Бяскоўскага, ну а сыграць сур’ёзна прыхварэлую фаварытку караля я змагу! Пан Вырвіч пацвердзіць, на што я здатная…
Раіна задзірыста засмяялася, адкінуўшы галаву з высокай прычоскай – у напудраных валасах, як слёзы, блішчэлі перліны, быццам нехта зверху аплакваў загінулую душу. А яна ж і сапраўды схуднела… Так, што аж свеціцца. Вочы вялікія, і цёмныя кругі пад імі запудраныя. А рукі ж як галіначкі… Пранціш здушыў жаданне прытуліць да сябе, адагрэць гэтыя худзенькія да сінізны рукі… Бо ведаў – ён пажадае, і яна дазволіць усё, каб пасля зноў збегчы, не ганьбіць высакароднага Вырвіча сувяззю з “нізкай жанчынай”.
– Што ж, у гэтым ёсць шанец, – вынес вердыкт Жылібер, ацэньваюча абмераўшы вачыма страйнюткую постаць госці.
– Яна не павінна ісці адна, – заявіў Пранціш. – Трэба пасвечаны назіральнік ды ахоўнік, каб разнюхаць што, пакуль усе будуць пацыенткай занятыя…
– Вы пра сябе, пан Вырвіч? – напружана папыталася Саламея. – Нават не думайце! Вы пабывалі ўжо ў доме дэ Варда… Нагадаць, чым скончылася?
Та-ак, паслалі сабаку па табаку – ані табакі, ані сабакі. Пранціш міжволі пацёр лоб, нібыта зноў адчуўшы, як галаву сціскаюць жалезныя абручы.
– Значыць, трэба прыдумаць якую маскіроўку! Як у Санкт-Пецярбургу… Памятаеш, Раіна, ты пераапранула мяне ў егіпцяніна, і я змяюку за табой у клетцы насіў?
Жылібер пачаў штось абурана звягаць – пра легкадумнасць ды балаган, але Раіна сур’ёзна задумалася. – Што ж, скарыстаем, што зараз у Парыжы модна трымаць незвычайных прыслужнікаў. Кітайцаў, маўраў, індусаў, чаркесаў, казакаў, туркаў… У Мары ёсць слуга-сарацын. Ходзіць такі ў чорным, у шальварах ды шырокай кашулі, за поясам дзве крывыя шаблі ды кінжал, на галаве чалма, фізіяномія да вачэй чорнай хусткай закрытая, толькі вачыма бліскае ды рычыць, як звер… Страх глядзець! Праўда, ніхто не ведае, што Мары загадала яму твар захінаць, бо ніякі ён не сарацынскі ваяр, а лёкай родам з Сардзініі, і аблічча, як ні рычыць, недастаткова жудаснае на густ гаспадыні. Так што пазычу ў Мары ейнага гардыяна, ну і вы яму да пары якраз будзеце.
– Гэта ў туарэгаў мужчыны твар захінаюць… – не вытрымаў па-навуковаму дакладны Жылібер, але сам махнуў рукой, разумеючы, што ў свеце маскарадаў на такія адпаведнасці ўсім начхаць. Сарацыны дык сарацыны.
– Я магу намяшаць рашчыння, каб скура смуглявая стала, – раптам падаў голас Давыд. – Вочы таксама можна цёмнымі зрабіць хаця б з дапамогай Hyoscyamus niger…[14]
– Лепш Atropa belladonna,.[15] – хуценька ўмяшаўся Жылібер. – Эфект устойлівейшы.
– Ну так, – меланхалічна пагадзіўся Давыд. – А мяне можна проста лёкаем. Я не асабліва прыкметны, падумаеш, студыёзус… Ніхто не пазнае.
Примечания
1
Чорны Доктар (франц.).
2
Нельга лячыць неспазнаную хваробу (лац.).
3
Між панам і рабом сяброўства быць не можа (лац.).
4
Урэшце (лац).
5
Поўнае аднаўленне (лац.).
6
У стане зараджэння (лац.).
7
У найлепшай форме (лац.).
8
Паводле доледу і назірання (лац.).
9
Трактат па чэрапава-мазгавой траўме (лац.).
10
Анатомія мозгу (лац.).
11
Прыйшоў! Паслухаў! Асудзіў! (лац.).
12
Эксперымент на малакаштоўным арганізме (лац.).
13
Добры дыягност – добры лекар (лац.).
14
Блёкат (расліна, лац.).
15
Беладона (расліна, лац.)