Алесь Бычкоўскі
Анамалія
© Бычкоўскі А., 2012
© ПВУП «Галіяфы», 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Анамалія
Два серабрыстыя “Су” ўзарвалі нябесную цішыню і з ровам праплылі на нізкай вышыні, ледзь не ломячы сасновыя макаўкі. Мінуючы маршрутны пункт над сакрэтнай вайсковай часткаю, эскадрылля заклала віраж і знікла гэтак жа хутка, як і з’явілася, толькі згуртовішча варон спалохана сарвалося з дрэваў, пакружыла і праз нейкі час вярнулася ў лес.
Унізе салдаты-тэрміноўшчыкі здавалі фізпадрыхтоўку. Новая партыя маладняка прыехала літаральна днямі, і зараз зусім зялёныя юнакі праходзілі інтэнсіўную “абкатку”. Хтосьці трушком наразаў кругі вакол базы, хтосьці адціскаўся на руках да сёмага поту. А вось радавы Карусь Яблонскі вісеў торбай на перакладзіне, закінуўшы голаў уверх, маліўся пра сябе ўсім вядомым святым і ў думках развітваўся з жыццём.
Побач стаялі хлопцы першага аддзялення разведроты і сяржант Вацлаў Кравец, які на чым свет крыў радавога Яблонскага, а заадно і ўсю яго радню, што выхавала “гультая, абібока, няздольнага ніводнага разу падцягнуцца”. Пачуўшы гудзенне самалётаў, сяржант на імгненне падняў галаву і падумаў: “Штурмавікі разлёталіся штосьці”.
Пазнаёміўшыся з норавам сяржанта, хлопцы панура маўчалі. Разумелі, калі навічок радавы не падцягнецца, быць бядзе – сяржант вымусіць усіх бегаць пяць кіламетраў у процівагазе, на поўнай баявой выкладцы.
Карусь трусіў нагамі і з усяе сіл намагаўся сагнуць рукі ў локцях, каб злавесная перакладзіна хоць на сантыметр наблізілася да падбародка.
– Турнік не вытрымае, – прашаптаў хтосьці з баявых таварышаў.
Небарака радавы баяўся “цёмнай”. Мучыў жах, што калі не адолее перакладзіну, з-за яго аднаго прымусяць усё аддзяленне бегчы крос, пакуль не схаваецца сонца.
Усе гэта разумелі, сціскалі сківіцы, і поспех радавога Яблонскага расцэньваўся перамогай не менш значнай, чым перамога айчыннай зборнай на Алімпійскіх гульнях.
У душы радавога Каруся Яблонскага жыла і заклапочанасць іншага роду. На ранішні сняданак армейская сталоўка частавала варанай фасоллю з мясам. Прынятая на пусты салдацкі страўнік, гэта ежа давала ў наступным неперадавальныя ўражанні, асабліва падчас фізічных практыкаванняў.
Карусь напружваўся мацней і мацней, падцягваючыся на турніку, і вось мацней і мацней вытворныя біяхімічнага працэсу пераварвання фасолі ў страўніку воіна прасіліся вонкі. Карусь не на жарт хваляваўся, што яшчэ крыху намаганняў, і пад ім хлопне ядзерны выбух з паралельнай хімічнай атакай. Але гэтага не ведалі іншыя байцы. Сяржант Вацлаў Кравец нечакана перастаў мацюкацца і выцягнуўся смірна. Наблізіўся старшына роты, мужчына гадоў пад сорак.
– …Праводзім фізпадрыхтоўку, – адрапартаваў Кравец.
– Вольна, – сказаў старшына і прыняўся прыдзірліва разглядаць перакладзіну з мучанікам Яблонскім.
Абліваючыся потам, з астатніх намаганняў, з дапамогай невядомых унутраных рэзерваў, радавы Карусь Яблонскі ўсё ж дабіўся пастаўленай мэты і адолеў перакладзіну, крануўшыся яе падбародкам. Пачуўся ўздых аблягчэння. Хлопцы ўміг павесялелі.
І ў гэты самы момант здарылася непапраўнае. Салдацкія вантробы не вытрымалі напружання, і радавы Карусь Яблонскі, як кажуць у падобных сітуацыях, “садануў быццам з гарматы”.
Ва ўсталяванай цішыні не было чутна нават гудзенне мух.
– Выдатная падрыхтоўка, – з філасофскім выглядам прамовіў старшына і пакрочыў па сваіх справах.
Карусь саскочыў з турніка і вінавата зажмурыў вейкі. Хлопцы баяліся паварушыцца. Твар сяржанта чырванеў ярчэй і ярчэй, наліваўся крывёй. І хутка па ўсёй тэрыторыі часткі было чутна, што думае асабіста Вацлаў Кравец пра навічкоў у войску.
Пакуль раз’юшаны сяржант гучна абураўся, да хлопцаў страявым крокам наблізіўся салдацік вельмі ўжо небаявога целаскладу – нізенькі, вузенькі, у акулярах. На фоне астатніх стараслужачых разведроты, ён выглядаў даволі смешна.
Салдацік наблізіўся да сяржанта і моўчкі спыніўся.
– А гэта што за цуда? – Спытаў Кравец, закончыўшы сола.
– Радавы Андрэй Шмялёў. Адкамандзіраваны ў першае аддзяленне разведроты.
– Кім адкамандзіраваны?
– Таварышам старшыной.
– Так-так… – прамовіў Кравец. – Навічок значыць.
– Толькі з вучэбкі, таварыш сяржант.
– Чаму, радавы Шмялёў, вы адсутнічалі на ранішнім шыхтаванні?
– Выконваў загад генерала Стральцова, – адрапартаваў навічок.
– Загад значыць… – задуменна сказаў Кравец і дапытліва прыняўся разглядваць радавога Шмялёва.
Хлопцы назіралі за размовай і баяліся чхнуць. Штосьці наспявала на хітрай душы іх камандзіра.
– Адкажы мне шчыра, салдат, – украдлівым тонам вымавіў Кравец. – А як у цябе абстаяць справы з фізічнай падрыхтоўкай?
– Не ведаю, таварыш сяржант. Пакуль ніхто не скардзіўся.
– Пад’ём з пераваротам выканаеш?
– Магу.
– Колькі разоў падцягнешся?
– Пятнаццаць.
– Не брэшаш, салдат?
– Дазвольце…
Навічок скочыў на турнік, дзе нядаўна вісеў напаўзмучаны Яблонскі, адным махам выканаў тры пад’ёмы з пераваротам і пасля падцягнуўся чатырнаццаць разоў. Апошні пятнаццаты раз на палову не дацягнуў і скочыў уніз.
З хлопцаў ніхто не паварушыўся. Усе былі ўражаны. Спрыт навічка падзівіў сяржанта.
– Вучыцеся, – павесялеў Кравец. – Вось такімі я вас параблю за месяц службы. Ты чуеш, Яблонскі? Аддзяленне загагытала.
– Адставіць, – раўнуў сяржант і звярнуўся да радавога Шмялёва.
– Падрыхтоўка выдатная. Дзе навучыўся?
– Рэгулярныя заняткі спортам да службы.
– Выдатна… А ці ёсць у цябе, што я павінен ведаць?
– Ёсць, – пасля паўзы насупіўся навічок.
– Крый Божа, энурэз!?
– Баюся цемнаты, таварыш сяржант. Не магу заснуць без святла.
– Не праблема, – з палёгкай выдыхнуў Кравец і абнадзеіў: – Гэта ў нашай роце вылечваецца хутка. Гарантую, што першыя трое сутак ніхто з вас не засне. Не хопіць часу на сон, байцы.
Кравец адышоўся і скамандаваў:
– Аддзяленне! Вакол часткі два круга бягом марш! Хлопцы без прамядленняў кінуліся выконваць загад.
– Радавы Шмялёў! – паклікаў сяржант. – Адкажы, з якім загадам цябе пасылаў генерал Стральцоў?
– Даставіць сакрэтны пакет у суседні авіяполк. Была чутка, хутка сумесныя вучэнні з натаўцамі. Пачуўшы навіну, Вацлаў глыбока задумаўся.
* * *
Наступнай раніцай прыехаў генерал Стральцоў. Ён доўгі час аб нечым размаўляў з камандзірам роты, пасля чаго ў казарму выклікалі сяржанта Краўца. Не чакаючы добрых вестак, Вацлаў завітаў у кабінет, дзе ўжо сабралася некалькі чалавек з камандавання.
Кравец выцягнуўся смірна і прыкідваў у думках, чым выклікаў увагу генерала.
На стале перад камандзірамі ляжала карта, памечаная чырвонымі кружкамі і квадрацікамі.
– Сяржант. У нас разгортваюцца вучэнні, сумесныя з войскамі НАТА. Сэнс вучэнняў – выпрацаваць зладжаныя мерапрыемствы супраць глабальных тэрарыстычных дзеянняў, – пачаў камандзір роты. – Наколькі ведаюць прысутныя, штогод павялічваецца моц азіяцкіх краін, што вельмі недаспадобы амерыканцам. Нахабныя натаўцы імкнуцца ўсюды панатыкаць свае базы, што ў сваю чаргу недаспадобы нам. Быццам бы ў саюзных краінах адсутнічае ўласная моц, якую можна супрацьпаставіць тэрарыстам.
Сцэнарый гульні наступны: аб’яднаная групіроўка тэрарыстаў “Зялёны сцяг” ідзе на захоп Еўропы. Частка іх арміі захапіла Турцыю, частка заняла Венгрыю з Югаславіяй, Чэхіяй і іншымі, частка засела ў Карпатах.
Ёсць звесткі, перададзеныя знешняй разведкай, што тэрарысты плануюць захапіць чацвёрты энергаблок атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі і з гэтай нагоды пасылаюць дэсантгрупу з некалькіх танкаў, грузавых аўтамашын і баявых машын пяхоты. Наша задача – выявіць групу і знішчыць паветраным ударам. Падрабязнасці растлумачыць таварыш генерал.
Генерал Стральцоў адкашляўся і ўзяў чырвоны маркер.
– Ролю тэрарыстаў па ходу вучэнняў узялі на сябе амерыканцы. Янкі занялі пазіцыі для наступлення вось тут і тут, – генерал пазначыў на карце. – Вось тут знаходзяцца нашы з натаўскімі войскі, якія будуць весці супраціўленне праціўніку. Аперацыя пачынаецца праз суткі. Чацвёрты блок – аб’ект стратэгічны. Амерыканцы баяцца мажлівасці здзяйснення тэракту ў ім, як баіцца і ўся Еўропа. Прынамсі, мы таксама. Наша галоўная справа – не памыліцца. Наконт прыгаданага дэсанта тэхнікі пакуль стаіць пытанне. Разведка магла і даць маху. Але з энергаблокам павінна штосьці здарыцца. Каб яго ўзараваць, дэсант тэхнікі зусім не патрэбны. Мы разлічвалі на паветраны ўдар па блоку. Але гэта адпадае. Супраць нашых і натаўскіх самалётаў тэрарысты не сунуцца. Застаецца мажлівым толькі касмічны ўдар. Якім чынам? Не разумею. Гэта гульня янкі. Верагодна, яны спусцяць што-небудзь зверху, штосьці, здольнае паўплываць на энергаблок. Таму неабходна шукаць не толькі верагодную калону тэхнікі, але яшчэ штосьці незвычайнае, нязвыклае, сам не ведаю што. Але ведаю, гэта павінна адразу кінуцца ўвочы. Зразумела?
– Адсюль, адсюль і адсюль, – генерал пакідаў рысачкі на карце. – Выйдуць разведгрупы сумеснай арміі – нашай і натаўскай. Ім належыць перайсці тэрыторыю праціўніка. Атрымаецца ці не – невядома, таму скажу асноўнае, – Стральцоў абвёў усіх позіркам. – Мы вырашылі пераплюнуць натаўцаў і адправіць нашага чалавека.
Настала паўхвілінная цішыня.
– Вось тут, – камандуючы паказаў на карце, – параўнаўча вузкі калідор забруджанай зоны, куды амерыканцы не адважацца паказаць носа. Сілы тэрарыстаў гэту тэрыторыю не занялі. Калідор даўжынёй дваццаць кіламетраў, пастаянна пашыраецца і далучаецца да дзесяцікіламетровай зоны вакол рэактара. Твая задача, сяржант, прайсці гэты калідор, выявіць актыўнасць праціўніка і навесці на яго групу нашых самалётаў. Заданне ясна?
– Спраўлюся, – па звычцы адказаў Кравец.
– Запомні, як толькі навядзеш самалёты, пакідай тэрыторыю. Бомбы і ракеты паляцяць сапраўдныя, не цацачныя. Мы павінны знішчыць дэсантыраваны натаўцамі пакуль што невядомы аб’ект. Назавіце яго бронекалонай ці іншай трасцай, сутнасць не зменіцца.
– А людзі? – раптам спытаў Кравец.
– Людзей там не будзе. Назва аперацыі “Паляванне на дзіка”. Ты павінен справіцца за сорак восем гадзін, зразумеў? Мы павінны паспець першымі. – Генерал Стральцоў павярнуўся да астатніх. – А мы выйграем у любым выпадку. Па-першае, мы пакажам натаўцам, што на сваёй тэрыторыі можам справіцца самі, па-другое… Лётчыкі адпрацуюць у справе новае ўзбраенне.
Калі сяржант выйшаў, яго пазваў старшына.
– Адзін справішся, Вацлаў?
– Спраўлюся…
– Глядзі, на ражон не лезь. Галоўнае, выйдзі на аб’ект, як толькі ўбачыш штосьці дзіўнае, не адкладаючы радыруй на базу.
З грудзей Краўца вырваўся працяглы ўздых.
– Не вяжыцца ў мазгах пачутае, таварыш старшына.
– У сэнсе?
– Дакладнасці няма. Пайдзі туды, не ведаю куды, вазьмі то, не ведаю што. Не разумею, пра што генерал плёў.
Старшына паціснуў плячамі.
– Я таксама не вельмі цямлю. Таму і раю, не лезь на ражон. Галоўнае ў нашай справе што? Манёўры, а не вайна.
– Там тэхніка, самалёты, штурмавікі, што я зраблю адзін?
З гэтымі словамі Вацлаў развярнуўся і пабрыў рыхтавацца да аперацыі.
– Бывае, адзін выйграе ўсю вайну, калі апынецца ў патрэбным месце своечасова, – прамармытаў у след старшына.
* * *
Верталёт завіс у самага краю лясной паляны ў пятнаццаці метрах над зямлёй. Вінты гналі вецер, які прыгінаў маленькія дрэўцы, кусцікі, перамешваў бруд з травой.
Унізе разгарнулася барацьба. Мацёры воўк напаў на здаравеннага дзіка, кусаў, хапаў за каўнер, паступова рваў на кавалкі. Хутка ўсё было скончана. Драпежнік прыняўся снедаць. Кравец даў знак пілоту знізіцца бліжэй.
– Пасля аварыі ў 1986 годзе тутэйшыя жывёліны амаль ніколі не сутыкаліся з чалавекам. Яны не баяцца людзей і размнажаюцца хутчэй, чым мы. Такое тут – паўсюдна, – запэўніў суправаджаючы.
Вацлаў хістануў галавой і скочыў вонкі. Воўк нават не звярнуў увагі.
Хто сказаў бы, што ў першай палове дваццаць першага стагоддзя ў самым цэнтры цывілізацыі яшчэ існуюць самыя дзікія мясціны на планеце? Мёртвыя, пакінутыя на дзесяцігоддзі вёскі, горад-здань і вялікія тэрыторыі, лясныя масівы, балоты, азёры – усё ўтварала небяспечную для чалавека Зону. Здаецца, хтосьці ўтварыў небывалы, неверагодны эксперымент, здзейсніў мары многіх фантастаў.
За дзесяцігоддзі Зона зрабіла выклік цывілізацыі. Буйная раслінасць паланавала вызваленыя ад чалавека тэрыторыі. Адрадзіліся многія віды жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. Усталявалася свая, амаль першародная экасыстэма. Шматколькасная звярына абжылася ў лесе на месцах пакінутых людскіх селішчаў, якія нагадвалі пакінутыя індзейскія гарады ў Мексіцы. Лагічна меркаваць, што ў свой час насельнікі Амерыканскага кантынента таксама пакідалі свае абжытыя тэрыторыі з-за нейкай экалагічнай катастрофы.
Увесь свет існуе па сваіх законах, Зона – па сваіх. Сарцавіна зоны – саркафаг чацвёртага энергаблока. Ніхто на свеце дакладна не ведае працэсаў у разбураным рэактары. Пра тое, які ўплыў аказвае ён на Зону, уявіць зусім цяжка. І на галоўнае пытанне – калі гэта ўсё скончыцца – адкажа, бадай, толькі Усявышні. Факт, Зона ўварвалася ў наша жыццё, зрабілася часткай нашага існавання, паўплывала на нашыя лёсы і лёсы нашых нашчадкаў. “Самае горшае – мы яе ўтварылі ўласнымі рукамі, мы парадзілі Зону”, – разважаў Вацлаў Кравец.
Дзясятак кіламетраў праз лес амаль нішто для сяржанта, трэнірованага армейскай службай. За дзень павінен прайсці ўвесь намечаны шлях, ва ўласных сілах ён не сумняваўся.
Водар летніх траваў свярбеў у носе. Наваколле здавалася казкай. Лясныя гукі, птушыны гоман, трэск старых сосен, ідылія… Зусім не скажаш, што ідуць ваенныя вучэнні, і хутка хтосьці прыляціць, скіне бомбы.
Крок за крокам Вацлаў прасоўваўся далей. Пераадолеў яр, уткнуўся ў непралазны ельнік, абчэплены павуціннем, без асаблівых намаганняў выкараскаўся. Грыбоў вакол было шмат – пузатыя баравікі, падасінавікі, лісічкі. Кравец шкадаваў, што нельга іх браць.
Раптоўна за паласой гушчару намаляваўся вельмі сюррэалістычны відарыс: некалькі саржавелых чыгуначных цыстэрн, прымацаваных да цеплавоза.
Сяржант спыніўся нерухома, лічыльнік радыяцыі на поясе ледзь не захлынуўся, папярэджаваючы аб нябачнай пагрозе.
Ён наблізіўся да цягніка, увагу прыцягнула састарэлая шыльда. Кравец падняў першую патрапіўшую ў рукі галінку, прачысціў ёй металёвую бляшку на паверхні цеплавоза і прачытаў выціснутыя літары “Абслугоўванне ЧАЭС. 1986 год”.
– Рэшткі старажытнай цывілізацыі… – Сам сабе прамармытаў сяржант. Падобнага дабра тут зашмат.
Сонца неўзабаве пераваліла за поўдзень. Кравец абмінуў невялікае балотца, бурболіўшае невыносным смуродам. Ад тванлівага дурману ледзь не забалела галава. Потым ў чашчобе мільгануў воўк.
Кіламетры праз два сяржант вырашыў адпачыць і зрабіў прывал. Дастаў карту, пазначыў пройдзены шлях, задумаўся. Згодна з картай, маршрут разведчыка хутка выводзіў на пакінутае селішча, пазначанае як Трыполле. Мёртвая вёска была далёка па-за тэатрам баявых падзей і магла паслужыць далейшым арыенцірам. За селішчам праз некалькі кіламетраў у паўночна-ўсходнім накірунку пачыналася зона мажлівай высадкі варожага дэсанта.
Вацлаў зірнуў на гадзіннік. Летам сонца садзіцца позна, відно ў лесе будзе яшчэ гадзін да дзевяці-дзесяці. Часу поўна. Ён падняўся і пакрочыў далей у напрамку Трыполля.