Валер Гапееў
Праклён
© Гапееў В., 2013
© ПВУП «Галіяфы», 2013
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Частка 1
1
– У вас гарыць нешта…
Голас прагучаў зусім без эмоцыяў, роўна і спакойна. Люба, дваццаціпяцігадовая Толікава жонка, стаяла на парозе пакоя, вываліўшы з-за крыса халата рыхлую левую цыцку, і соўгала яе правай рукой, спрабавала патрапіць тоўстым, доўгім, як палец на назе, карычневым смочкам у раток дзіцяці, якога няўклюдна прыціскала да сябе.
– Што ў нас гарыць? – падскочыў з канапы яе Толік, вырачыў вочы. – Валодзька! Гарыць нешта!
У Толікавай каржакаватай фігуры – ён быў невялікага росту, трошкі вышэйшы за сваю Любу, шыракаплечы, з доўгімі дужымі рукамі – было столькі разгубленасці і страху, што гэта мімаволі выклікала ўсмешку.
Уладзімір Жабрун з падсвядомай палёгкай – яго бянтэжыла белая, мяккая Любіна цыцка – імкліва нахіліўся, прынюхаўся да трансівера, памацаў яго рукой, потым правёў рукой па прайгравальніку, таксама панюхаў, урэшце абнюхаў, абмацаў тэлевізар, які цяпер працаваў. Звычайны пах электронікі ў час працы, дыму таксама нідзе не відаць…
– Нічога ў нас не гарыць, – мусіў узняць ён вочы на збабленую Любіну постаць.
Некалі яна была яго аднакласніцай, яе вабныя формы пачалі выяўляцца ў класе шостым, калі большасць дзяўчынак хадзіла “шалёўкамі”. А ў сёмым, на занятках фізкультуры, хлопцы ўжо елі вачыма яе постаць, немаленькія, выразна, па-жаноцку, акрэсленыя клубы, пругкія грудзі. Люба распаўнела яшчэ да замуства, а як нарадзіла першынца, дык во – новы махеравы халат, што прывёз сёння з Расеі Толік, ёй, відавочна, замалы. Крыссё сцягнутае адно на жываце, ніжэй расхінаецца вольна, відаць не толькі белае сцягно, але і лапік блакітных майтак, калі Люба сядае ў фатэль і шырока разводзіць калені… Раздаліся, растаўсцелі плечы, рукі, шыя стала зусім кароткая, і невялікая, нерасчасаная галава ў кароткіх русых кудзерках расла нібыта адразу з плячэй.
Уладзімір толькі што кончыў падлучаць спадарожнікавую талерку і наладжваць трансівер – Толік прывёз апаратуру сёння, і сёння ж захацеў усё паставіць.
– От тады сядзем і будзем з табой замочваць мае заробкі! – угаворваў ён і сябе, і Уладзіміра.
І праўда – не піў амаль да канца. А як толькі на вялізным плазменным экране з’явілася першая карцінка, не вытрымаў, хацеў хапнуць з рылца гарэлкі, а пляшка, халера, з дазатарам, чакай, пакуль нальецца… Давялося “цадзіць” у шклянку…
Пакой быў пазастаўляны парожнімі скрынкамі з-пад апаратуры. І наагул, нечым нагадваў саму гаспадыню. Тут усё было дарагое, новае: вялікая канапа ў куце, арыгінальная “сценка-горка”, адмысловы кампутарны стол у другім куце, два вялікія фатэлі, прыгожы часопісны столік са шкла. Гэта калі не лічыць вось цяпер падвешанага плазменнага экрана, тумбачкі з прайгравальнікам… Але, як Люба адзетая, так канапа засланая неахайна, абы накінуць.
А посцілка – куды меншага памеру, што яшчэ больш нагадвала Любу. На паліцах “сценкі”, нават за шклом відаць добры слой пылу. Зрэшты, Любе, як заўважыў, пакуль працаваў, Уладзімір, тое зусім не рупіла. Яна толькі хадзіла, то па хаце, то па двары, насіла свайго трохмесячнага сына і совала яму ў твар смочкі то адной, то другой цыцкі. Здаецца, нічым больш і не займалася, і не думала займацца, бо Толік сам бегаў на кухню. А там такі самы гармідар – сярод новай і дарагой мэблі. Бачыў Уладзімір, калі хадзіў піць. Толік з кухні крычаў Уладзіміру, якую каўбасу той будзе есці (хацеў пахваліцца, што прывёз з Расеі аж некалькі гатункаў), сам і каўбасу рэзаў і хлеб кроіў, сюды насіў. Ёсць жанкі, заўважыў сам сабе Уладзімір, – і дзяцей дагледзяць, і мужа, і гасцей, і хату… А можа, Люба мудрэйшая за іншых? Усё ж драбяза! Апрача дзяцей…
– Што ў нас гарыць? – аж запсіхаваў Толік – у жончыных словах ён адчуў пагрозу таму моманту, калі засталося ўжо толькі найпрыемнейшае: наліваць, выпіваць-закусваць ды дзівіцца на любы з трохсот каналаў.
– Дык не ў нас, – павольна прамовіла Люба, пазіраючы, як дзіця ўрэшце лянотна пачало пасмоктваць, узняла галаву і дадала: – То ў Валодзькі там на пасёлку гарыць нешта… Я дзівіцца не стала, бо пажар жа, мне нельга… Быццам дом які гарыць, – дакончыла яна без аніякай трывогі і цікавасці, падкрэсліваючы: гарыць – ну і хай сабе гарыць, мне што з таго?
Яна яшчэ не дагаварыла, а ў Уладзіміра паўстала ў памяці палудзеннае: брат вярнуўся з чарговых “заробкаў” добра падпітым, здаволеным – нёс у кішэні зашмальцаванага фрэнча пляшку белай – далі і з сабой.
– Глядзі акуратна тут, – кінуў яму тады Уладзімір, заводзячы матацыкл.
– Не ссы, – ікнуў у адказ брат.
– Не куры на канапе, папрапальваў усю, згарыш нахрэн! – ужо гучна, праз стракатанне матацыкла крыкнуў Уладзімір, стаў выязджаць з двара і пачуў абыякава-разухабістае ў спіну:
– Што згарыць, то не згніе!..
Уладзімір кінуўся да дзвярэй, Люба нехаця адступіла ўбок, ён ледзь праціснуўся, каб не даткнуцца да яе адрузлага цела. Выскачыў на веранду, і ў гарод – адтуль за ляском быў відаць іх пасёлак.
І пабачыў зарыва, вялікае, нечым нават святочнае. Не барвова-крывавым свяцілася неба, а жывым, трапятка-памаранчавым.
– Што там гарыць?
Гэта Толік выйшаў у гарод, пачухваў пад пахай, пытаўся нездаволена: от ты скажы, такі вечар добры быў, зараз бы пасядзелі так файна…
– Не разабраць… ды чаму там яшчэ гарэць… пяць хат…
Уладзімір хутка выкаціў на вуліцу свой матацыкл, нервова тузануў нагой завадны падважнік.
Выехаў з цэнтральнай сядзібы на дарогу да пасёлка – кіламетры два заставалася, і зразумеў, што няма чаго цешыць сябе надзеяй: ён даўно ўжо вызначыў за гэтулькі гадоў кірунак на сваю бацькоўскую хату ад гэтага вось месца. Толькі яна магла зараз гарэць. Ці бабкі Праскоўі, яна стаіць якраз за хатай Жабруноў. Але з чаго сярод ночы гарэць бабінай хаце, калі яна і печ даўно не паліць?
За кіламетр апошнія сумневы зніклі. Добра відочныя на чорным небе языкі яскрава-памаранчавага колеру, чорны на тле зорнага неба хвост дыму ўздымаліся ад іхнай хаты. Дагнаў пажарную аўтацыстэрну – калгасную.
– Валодзька, дзе ў вас студня там блізка? – крыкнуў яму з кабіны Сяргей Вакульчык, пажарнік, хлопец на два гады старэйшы, з франтаватай вузкай паласою чорных вусаў, упакаваны ў спецадзенне, з шаломам на галаве.
– Адразу на ўездзе! Што, без вады едзеце?
– Дык, тваю маць, во бочку завезлі ў Плянту! Гулянка там…
Плянта – месца знакамітае. Нейкі прыезджы прыватнік узяў у арэнду возера ў лесе, на беразе паставіў дом адпачынку. З басейнам, бо возера само праз сябе топкае і плыткае, не пакупаешся. Месца ўпадабалі і мясцовыя начальнікі, і з раёна як хто прыязджаў, то цэлілі туды патрапіць – як далей ад людскіх вачэй…
Першая палова хаты ўжо ўся была ахопленая полымем. Некалькі старых у разгубленасці стаялі перад надворкам, не ведаючы, як даць рады бядзе – вёдрамі тут нешта рабіць было бессэнсоўна.
Уладзімір кінуў матацыкл на траву, падскочыў:
– Брат дзе? Бачылі?
Нехта з жанчын спалохана ўскрыкнуў; забожкала, зашапталася ўстрывожана і рэшта.
Уладзімір кінуўся да тыльнага боку хаты, да другой паловы, якая яшчэ чарнела звонку і ўнутры.
– Ой, Валодзечка, не лезь! Не лезь, бо зарэ, як акно разаб’еш – чмыхне, спаліць! – загаласіла нейкая бабця за спінай. – Не ўратуеш ужо яго, як ён там застаўся…
Уладзімір наблізіўся да акна, што было ў ягоным пакойчыку, зазірнуў. Нічога не пабачыў – як малака хто наліў у пакой па самую столь – так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы – гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.
Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант – і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы.
Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся – от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей – усю сваю хатнюю бухгалтэрыю – і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча…
Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся – яна амаль уся была ў агні.
– Цэлы, Валодзька? – кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.
– Цэлы, дакументы во… Не бачылі брата?
– Ды ніхто не бачыў… Беглі – толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло – трэсь, а яно як шугане – да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў… Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу – праз столь… Дзе тыя пажарныя?
– Ваду набіраюць… У нас, са студні.
– Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады – на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі… – вылаяўся стары.
Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту – што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене…
Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар – тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.
Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.
Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў – брата шукаюць.
Брат-алкаголік – трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі пад хатай у братоў, калі прачнецца старэйшы, Ігнат, А ён выходзіў, чухаючы запалыя, зарослыя рэдкім валоссем грудзі, аглядаў суседзяў, важна пытаўся, у каго работа пільнейшая, вызначаў час і зарплату. А іншым разам і адмаўляў, паблажліва кідаючы: “У мяне ўжо на тыдзень усё распісана”.
Горай было познай восенню, зімой, калі ніякай такой працы для Ігната не было, і ён канькаў ува Уладзіміра на пляшку чарніла, выпіваў, сядаў перад тэлевізарам на старой канапе, напоўніцу пускаў гук, пстрыкаў пультам, выбіраючы сабе перадачу па душы. Гучна рагатаў, гучна каментаваў бачанае, намагаючыся перакрычаць тэлевізар.
І пад тое курыў адну за адной смярдзючую “Астру”, гарачы попел часам сыпаўся на канапу, і на той расла колькасць чорных плямаў і круглых, з чорнымі берагамі дзірак.
Яго і знайшлі на рэштках канапы, дакладней тое, што засталося ад чалавека: абгарэлыя косткі.
Стоячы ў ранішнім сутонні перад пажарышчам, дзе грувасціліся і дымілі яшчэ чорныя бярвенні і два коміны дэманстравалі сваю чырвона-цагляную аголенасць, якую хавалі дзесяцігоддзямі на гарышчы, Уладзімір пакуль што адчуваў страту толькі аднаго: таго архіву запісаў, артыкулаў, які збіраў па сеціве ў свой кампутар. І самога кампутара з самаробным сталом, за якім так утульна пачувалася, за якім наступала новае жыццё, трываў свой асаблівы сусвет.
Тое месца, дзе быў ягоны пакойчык, здавалася цяпер, без сценаў, вялікім. Ад новага манітора засталася чорная горка расплаўленага пластыку, металічны корпус сістэмнага блока быў чорным, але цэлым, недзе варухнулася думка, што, можа, і дыск яшчэ запрацуе… Але потым веды і досвед тэхніка-электрыка згасілі кволую надзею.
Раніца разгаралася, святлела і спакваля адкрывала Уладзіміру ўсю велічыню яго страты. У чорным папялішчы былі незваротнасць і рэчаіснасць: трэба заказваць труну для брата, прасіць, каб капалі магілу, трэба недзе шукаць сталы на хаўтуры, набываць прадукты і гарэлку, гатаваць…
Нечаканыя хаўтуры – не запланаванае вяселле. Два дні мінулі ў тлуме і беганіне, Уладзімір амаль не адрозніваў гадзін. Балазе, дапамаглі ў калгаснай кавярні – толькі заплаціў, усё зрабілі. Дый сам калгас дапамог і з труной, і з машынай. Суседзі, вядома ж. А найбольш Алена, яго колішняя аднакласніца, развядзёнка з двума дзецьмі. Яна, кухар у кавярні, лічы, і была галоўнай распарадніцай на неспадзяваных хаўтурах, і ў вёсцы адкрыта казалі, што цяпер Уладзіміру адна дарога – да яе парога, бо што рабіць адному на папялішчы? Алена ж – жанчына спраўная, характарам добрая, дзеці дагледжаныя і парадак у хаце, і на твар не благая, і да работы не гультайка, і што ж ёй адной векаваць, і чаго Уладзіміру нешта думаць, і гэта ж некалі яны і ў кіно разам хадзілі, і на лавачцы, было лета адно, праседжвалі да трэціх пеўняў. А што не дачакалася Алена Уладзіміра з войска, дык маладосць, што тут паробіш, ды яшчэ бацькі ўгаворвалі, упадабалі яны былі маладога тэхніка-асемянатара. Ну, хіба што работа такая – быком працаваць, дык і такую работу некаму трэба рабіць, а плацяць яму добра, во і дамок новы калгас дае на сядзібе…
Калі людзі разышліся з кавярні, Алена запрасіла Уладзіміра сама – проста пакуль што пажыць, бо начаваць жа няма дзе.
Уладзімір адмовіўся, як мог падзякаваў, адводзячы вочы ўбок – ён адчуваў сябе абавязаным перад Аленай, перад усёй вёскай, у якой пасля пахавання, за хаўтурным сталом, толькі і гаманілі пра іх, і мужчыны проста сцвярджалі, што не бывае шчасця без няшчасця. Уладзімір цяпер як бы ішоў супраць усіх, разбураў акуратна складзены агулам і ёй, Аленай, няхітры план, у якім усім было добра і хораша.
Можа, ён і пайшоў бы ў той вечар да Алены, што прагла мужчынскай ласкі. Калі б не яшчэ адна погаласка, што шамацела ў размовах бабулек ды дзядоў.
“Праклён”.
Даўны, на ўсю вёску накладзены, а найперш на іхны род – Жабруноў, з якога адзін Уладзімір цяпер і застаўся. Нікога болей няма, апрача яго, ніхто болей у вёсцы не носіць гэтага прозвішча, а некалі ж – ого! – Жабруноў палова вёскі было, успаміналі старыя. Цяпер няма. І ці не кожную сям’ю напаткаў вось такі лёс: нехта гінуў у агні, а калі хто і ратаваўся, дык гінула ўсё на надворку ў бязлітасным пажары: дом, гаспадарка, жывёла.
Уладзімір застаўся ў дзеда Мірона на колькі дзён – хата ў дзеда вялікая, то далі адзін пакойчык. Дзеці ўнукаў яшчэ не папрывозілі, пакуль што ў летніках… Уладзімір разбіраўся з паперамі. Раптам у яго ў руках апынулася вялікая сума грошай: і страхоўка за дом, і што на пахаванне давалі, не ўсё патраціў, і ад калгаса, і людзі пазбіралі. Ён меўся ехаць на сесію, узяў адпачынак, адразу за два гады, бо леташні не адбыў – захварэў механізатар, давялося ісці памочнікам камбайнера. Дык і адпускныя далі за два гады. Прыкупіў сабе што з адзення на лета.
Яшчэ тыдзень заставаўся да ад’езду на сесію. Адзіная справа, якой ён змог заняць сябе – разграбаць папялішча.
Пажарныя ўсё ж адну карысную рэч зрабілі – не далі агню перакінуцца на блізкі хлеўчык. Жыўнасці там не было ніякай, а вось інструменту шмат. Галоўнае – бензапіла. Уладзімір цяпер выцягваў чорныя бярвенні, абчэсваў сякерай вуголле, потым рэзаў і адразу шчапаў. Што ж, будуць вось дровы дзеду Мірону, не прападаць жа… Абмые яшчэ дожджыкам, прасушыць сонцам…