Play.by - Глобус Адам 5 стр.


А гісторыю пра дэманізм першамайскай дэманстрацыі і згубленага на ёй хлопчыка я цяпер распавёў сваім дзецям. Расповед мой быў, відавочна, запознены, бо іх усё яшчэ хвалявала сваё ўласнае здарэнне ў гіпермаркеце…

Хаванне за ружовым кадылакам нашаму Вову падалося недастаткова надзейным, і ён перабег за наступную вітрыну, а з-за яе – за наступную, а потым ён прабег палову «Акраполіса», бо спадзяваўся, што бацькі бачаць яго і крочаць следам. Калі ён спыніўся ды азірнуўся, калі ніякіх бацькоў і блізка нідзе не было, Вова разгубіўся і зарумзаў. Сердабольная жанчына завяла хлопчыка да ахоўнікаў, і тыя далі абвестку па радыё.

Юля сказала, што самы шчаслівы момант у яе жыцці быў тады, калі яна зноў убачыла згубленага сына, а той пабачыў яе і, вырваўшы сваю руку з рукі ахоўніка, пабег-паляцеў ёй насустрач.

16. Чыча

Заўтра, з панядзелка, з першага, на Новы год… Неадкладна, зараз вазьму ўсё кіну і пачну новае жыццё.

Я пачынаў і пачынаў: з мастака рабіўся рэстаўратарам, з часопіснага журналіста – афармляльнікам крамных вітрынаў, з паэта – празаікам, з літаратара – выдаўцом, з графіка – блогерам… Я мяняўся і змяняўся. Ніколі я не баяўся пачаць з нуля, не палохаўся пайсці ў невядомае, і я не шкадую пра зробленае, хутчэй турбуюся пра нязробленае ды няздзейсненае.

А нікога і нічога я не баяўся, бо дзед мяне навучыў працаваць на зямлі, навучыў авечкі пасвіць. Калі што якое, я пашлю ўвесь фанабэрысты, нахабны, пыхлівы свет дробных чалавечкаў у чортаву прорву і пайду ў поле да бараноў з ягнятамі. Ніхто мяне там не знойдзе, бо ўсім напляваць на вясковага пастуха, на чалавека ў кепцы і ватоўцы, на чалавека з бутэлькай самагонкі ў кішэні. Хіба не? Так!

Назад