Апавяданні розных гадоў (зборнік) - Глобус Адам


Адам Глобус

Апавяданні розных гадоў

© Адам Глобус, 2015

© Logvino Literaturos namai, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

1970

Апавяданне пра мужнасць

Помста

Шэрая раніца. Туман. Ісці ў школу не хацелася. Калі і каму хочацца ісці ў школу? Такіх не ведаю.

Я ішоў уздоўж драцяной агароджы дзіцячага садка і думаў, што адсяджу першыя ўрокі і ўцяку.

Маё меца ў класе за другой партай, што ў сярэднім з трох шэрагаў. Побач сядзіць Света. Яна добра вучыцца, як і я – без траякоў. У пятым класе хлопчык яшчэ павінен сядзець з дзяўчынкай, завядзёнка.

У шостым можна хлопцу сядзець з хлопцам, а ў пятым даводзіцца сядзець з абсыпанай рабаціннем Светай.

У шостым я буду сядзець з Валікам. Мы дамовіліся. На перапынку я прапаную Валіку разам уцячы са школы. Хацеў яшчэ перад урокамі прапанаваць уцёкі, але ён спазніўся. Аўтобус, які вёз школьнікаў з вёскі ў горад, затрымаўся, і вяскоўцы паспазняліся.

Першым урокам стаяла гісторыя. Выкладаў яе завуч старэйшых класаў. Урокі завуча лепей не прагульваць. Зразумела. Другім урокам была арыфметыка з чарговай кантрольнай. Кантрольную варта напісаць. Спевы, мову і батаніку я вырашыў прагуляць.

На перапынку я сказаў Валіку:

– Пасля арыфметыкі ўцячом. Проста ўцячом, нават у медпункт заходзіць не будзем. Аднаму яшчэ можна выпрасіць даведку, адразу дваім яны даведку не дадуць.

– Куды пойдзем? – пацікавіўся Валік.

– Можна ў кіно, можна ў горадзе пагуляць. . .

– Гуляць халодна, туман. Падобна на тое, што дождж пойдзе. Лепей адразу ў кіно.

– З партфелямі ў кіно не пусцяць. . .

Такая рэальнасць: усе кінатэатры атрымалі загад не прапусцаць у залу школьнікаў з партфелямі. Калі ты з партфелем кіруешся ў кіно, значыць – прагульшчык.

– Партфелі схаваем.

– Дзе ты думаеш хаваць партфелі? – у пытанні Валіка чуецца трывога.

– Пад мостам. . .

Пасля кантрольнай мы выбеглі са школы ў туман. Уцякаць са школы трэба хутка, каб адбегчыся як далей і не сустрэць на дарозе каго з настаўнікаў. Калі будзеш таптацца каля школы, дык абавязкова наляціш на якога географа ці фізкультурніка. Сустрэнеш школьнага ваўкалака і пачуеш:

– Прагульваем?

Давядзецца нешта выдумляць і хлусіць. Ілгаць не люблю. Таму мы хутка бяжым ад школы да вінзавода. Пад завадскім плотам адпачываем, пераводзім дых і далей павольна ідзём да моста.

Мост вялікі, пад ім ляжыць ажно шэсць чыгуначных дарог. Каля самога моста стаіць белы дамок чыгуначнікаў. За дамком пачынаецца высозны турэмны плот. Пад мостам, у бетоннай нішы мы пакідаем партфелі. Засоўваем іх як найглыбей, каб выпадковы мінак не заўважыў.

У кінатэатры «Беларусь» дзве залі. Там заўсёды можна набыць квіткі. Недаверлівая кантралёрка рве нашы квіткі і пытаецца:

– Вы, часам, школу не прагульваеце?

– Не! Мы на другую змену ходзім. У нас нават гальштукаў няма, – упэўнена кажу хітрай кантралёрцы.

Гальштукі мы знялі яшчэ каля вінзавода і пахавалі ў патрфелі.

Кінасвет радуе. Ён шырокі, шматколерны, гераічны і не падобны да нашага вечнага халоднага, золкага і затуманенага жыцця.

З кінатэатра вяртаемся на мост. Па дарозе абмяркоўваем дасканалае майстэрства галоўнага кінагероя кідаць вялікі нож.

– Трэба нам паехаць у лес і навучыцца кідаць нож! – кажу.

– Можна ў сутарэннях вучыцца. Паставім пару шырокіх дошак і будзем кідаць у іх нож. Ехаць нікуды не трэба.

У сутарэннях нож ніхто не адбярэ. У лесе могуць адабраць, – разважае Валік.

Ён з вёскі, ён бліжэй да лесу, яму можна верыць.

У нішы партфеляў няма. Мы абшукваем усе нішы пад мостам. Партфелі прапалі. Бяда. Мы маўчым. Сядзім на цэментавых плітах пад мостам, па якім з грукатам коцяцца грузавікі, і ледзь стрымліваем слёзы. Чакаем, самі не ведаем чаго.

З дамка чыгуначнікаў выходзіць рабочы з малаточкам на доўгай амаль метровай дзяржальні. Ён пастукаў малаточкам па рэйцы, так каб мы пачулі, і пачаў заклікальна махаць вольнай рукой, каб падышлі. Мы спусціліся да чыгуначнага палатна і падбеглі да рабочага. Ён быў моцна п’яны:

– Згубілі партфелі, галадранцы? Прадынамілі школу і пагублялі партфелі? Прыносце кожны па пяць рублёў, і я вярну партфелі. Не прынясеце грошы праз дзве гадзіны, і свае партфелі больш не пабачыце! Пабеглі! Я сказаў – пабеглі, засранцы, – рабочы-чыгуначнік зарагатаў гучна і мярзотна, так у кіно рагочуць паліцаі ды крымінальнікі.

– У мяне няма пяцёркі! – заскуголіў Валік.

– Знойдзеш! У бацькі, калі што, папросіш ці ўкрадзеш. Бяжы, у цябе дзве гадзіны.

Туман крыху развеяўся, але краявіды як былі шэрымі, такімі і засталіся.

Калі мы ўзняліся на мост, пайшоў дробны дождж. Мы прыспешвалі хаду, мы нават месцамі ішлі ледзь не подбегам, але дадому я прыйшоў ушчэнт мокры. Дома нікога не было. Я пераапрануўся ў сухое. Папіў насалоджанай гарбаты. Дастаў са схованкі грошы і пералічыў. Атрымалася тры рублі з капейкамі. На выкуп партфеля не хапала амаль два рублі. Іх я ўзяў у бацькавай шафе. Можна нават сказаць, што я скраў у свайго бацькі два рублі.

Тыя два рублі я пазней вярну. Буду збіраць і здаваць бутэлькі. Бутэлька з-пад піва – дванаццаць капеек, бутэлька з-пад малака – пятнаццаць. Дарагіх бутэлек з-пад малака на вуліцы не знойдзеш, давялося збіраць танныя – піўныя ды вінныя.

Добра, што дождж скончыўся, і добра, што Валік з’ездзіў у сваю Бараноўшчыну і пазычыў у дзеда пяцёрку. Мы вярнуліся пад дамок чыгуначнікаў у шарую гадзіну.

Чыгуначнікаў у дамку было ажно чацвёра. Яны сядзелі за маленечкім сталом, засланым парудзелай газетай. Пасярод стала стаяла гарэлка, вакол яе ляжала накроенае сала, цямнеў накроены хлеб і стаялі шклянкі. Рабочыя курылі. У дамку было ажно цемнава ад дыму.

Даўгатвары рыжы рабочы з мяшкамі пад каламутнымі вачыма забраў нашы грошы. Дастаў з-пад стала партфелі і прасіпеў пракураным голасам:

– Яшчэ раз убачу вас пад мостам ці каля чыгункі – адлуплю. Прэч пайшлі, вырадкі!

Мы выскачылі з дамка, як абвараныя кіпенем. П’яны, дурны, агрэсіўны рабочы мог і сапраўды пабіць, а мог і забіць.

– Як думаеш, чаму ён хацеў нас пабіць? – спытаўся Валік, калі мы ішлі вузенькай сцежкай уздоўж турэмнага плота.

– Пазабаўляцца хацеў. Пабіць чалавека, каб паказаць сваю сілу, паказаць сваю ўладу. Мазгі ён прапіў. Казёл рыжы. Трэба яго, казла, пакараць! Давай набяром камянёў, вернемся і з моста будзем кідаць камянямі ў дамок, пакуль не паб’ем шыбы.

– Здагадаюцца, што гэта мы зрабілі. Можа, яны лазілі ў партфелі, можа, прачыталі на сшытках нашы прозвішчы, можа нават запомнілі іх. . . Рызыкоўна вяртацца.

– Сёння рызыкоўна, а праз месяц, калі яны забуцца пра нашы партфелі, мы вернемся і камянямі павыбіваем ім вокны.

– Трэба думаць, – сказаў Валік, і я зразумеў, што біць вокны чыгуначнікам ён не пойдзе.

Каб як хутчэй вярнуць скрадзеныя рублі, я пару дзён басцяўся па раёне ў пошуках пустых бутэлек. Больш за ўсё я іх пазнаходзіў на старых, пазасыпаных жоўтым кляновым лісцем могілках.

Раённыя п’яніцы любілі выпіваць у зацішку, паміж магіл і крыжоў. На тых могілках я знайшоў і гладкі светлы падобны да курынага яйка камень. Ён ляжаў на ўзбочыне пясчанай сцежкі, паразмыванай кастрычніцкімі дажджамі.

Той камень быў першы ў маім узбраенні.

За ім быў другі і трэці. На могілках я назбіраў камянёў з дзесяць. Усе яны былі гладкімі і падобнымі да яйка. Кідаць такія камяні – адно задавальненне. Хацелася як хутчэй пайсці на мост і адтуль абрынуць сваю назапашаную злосць на пракураны дамок чыгуначнікаў. На мост я хадзіў, але без камянёў. Я старанна распрацоўваў маршруты ўцёкаў. З моста я мушу бегчы да кінатэатра «Нёман», ад яго завулкамі ляцець на старыя могілкі, а праз іх ісці дамоў.

Перад акцыяй я вырашыў яшчэ раз пагаварыць з Валікам. Падышоў да яго на вялікім перапынку ў школьным буфеце. Валік еў залацістую ватрушку і запіваў бурштынавым кампотам.

– Пойдзеш біць шыбы ў дамку чыгуначнікаў?

– Не! Дзед сказаў, што я магу і не вяртаць пяцёрку. Які сэнс цяпер біць вокны. Дарэчы, можна папасца, і тады дзясяткай не адкупімся. . .

– Не хочаш – як хочаш, – я крыху памаўчаў, пачакаў, пакуль ён дап’е кампот, і сказаў: – Я таксама адзін не пайду помсціць. Аднаму сумна. . .

– Правільна! Не хадзі. Пайшлі яны нафіг. Хаваць партфелі ў сарайчыку з бульбай значна лепей. Сарайчык зачыняецца. Партфелі ніхто не тыбрыць.

Можа, заўтра ўцячом з апошніх урокаў і сходзім у «Беларусь»?

– Заўтра паглядзім.

У наступны дзень я сышоў з урокаў. Узяў даведку ў медпункце, што захварэўпрастудзіўся, і сышоў. Пайшоў я на возера, каб патрэнiравацца ў кіданні камянёў.

Я спрабаваў закінуць камень з берага на невялічкі востраў, зарослы таполямі. Востраў быў далекавата ад берага, і закінуць камень мне не ўдавалася, але кідаў я досыць далёка. На возеры я набраўся ўпэненасці, што дакіну камень з моста да дамка чыгуначнікаў і пацэлю ў шыбу. Трапнасці я вучыўся, кідаючы камень у асінавую трэску, якую пусціў па вадзе.

Дачакаўшыся цемры, я ўзышоў на мост, дастаў з кішэні камень, размахнуўся і кінуў у залаты квадрат акенца. Першы камень трапіў у сцяну. Другі камень упаў на бляшаны дах і нарабіў грукату. У дамку чыгуначнікаў адчыніліся дзверы і з іх павылазілі рабочыя. Яны гучна лаяліся і паказвалі рукамі на мост. Трэці камень пацэліў у шыбу. Тая разляцелася. Рабочыя сціхлі. Я перабег мост і пабег па адхоне ў накірунку «Нёмана». Па адхоне я бег наўскасяк, але ўсё адно адзін раз паслізнуўся на мокрай траве і крыху праехаўся на дупе. Абмінуўшы кінатэатар, я пабег цёмнымі завулкамі да зусім цёмных могілак. Там схаваўся за капліцай, сеў на мокрае апалае лісце і стаіўся. За капліцаю я сядзеў доўга, пакуль не аддыхаўся і не супакоіўся.

Дадому я вярнуўся ў добрым настроі.

– Чаго такі вясёлы? – спытаў тата.

– Я лепш за ўсіх у нашым класе кідаю гранату.

1976

Апавяданне пра маладосць

Суперажыванні

У мiнскай мастацкай вучэльні Алена прыйшла да нас у групу на трэцім курсе. Алена Шыдлоўская – татарка са Смілавічаў, мела такія сакавітыя і такія вішнёвыя вусны, што ўсім неадкладна хацелася іх пацалаваць. Для пацалункаў Алена выбрала Алеся. Яна выбрала Алеся Лася не толькі для пацалункаў. У яго на той час была аднапакаёвая кватэрка ў шэрым дзевяціпавярховіку на вуліцы Багдановіча. Кватэрка засталася ад бабулі. На тую кватэру, акрамя Алеся, прэтэндавалі яшчэ ягоныя сёстры – рудавалосая Алена і шэравокая Ніна.

Сёстры бясконца сварыліся між сабой і ў адначассе сварыліся з Алесем. Пакуль яны ўсе сварыліся, у вялікі бабулін ложак легла залатаскурая Шыдлоўская. Яна прыйшла, цалкам распранулася і залезла пад коўдру. Алесь таксама залез пад стракатую коўдру да голай Алены. Пад той ватнай коўдраю яны праляжалі ажно тры дні. Уставалі толькі для таго, каб схадзіць у прыбіральню. Нават не елі тры дні. Дакладна ведаю, бо, акрамя Лася, у той кватэрцы жыў яшчэ і Сцёпа. Лось пусціў пажыць Сцёпу, каб сёстры пры чужым чалавеку меней сварыліся і каб самому было крышку весялей. Пасля смерці бабулі Лось моцна замаркоціўся, таму і запрасіў аднакурсніка да сябе пажыць. Сцёпа перабраўся з інтэрната ў кватэрку. Перанёс кнігі і апранахі. Эцюднік перавалок і планшэт для малявання ператарабаніў. Толькі ён пачаў абжывацца, а тут – на табе маеш – у ложку з’явілася голая дзеўка з шырокай усмешкаю на апетытных вуснах.

Пра голую Алену Сцёпа расказаў мне.

Мы тады сядзелі ў дыетычнай сталоўцы, што на праспекце, каля крамы «Прырода». Елі курыны булён. Сцёпа скардзіўся:

– Уяўляеш – яны ляжаць голыя пад коўдрай другі дзень. . . Заходжу. Яны ляжаць, пазіраюць на мяне, усміхаюцца. Даводзіцца сыходзіць. Цяпер нават не ведаю, што рабіць?

– Давай купім бутэльку віна.

Прыйдзем, сядзем на кухні і пачнём піць. Ім таксама захочацца выпіць.

Яны ўстануць, далучацца да нас, і мы ўсе пагаворым пра тое, як вам жыць далей.

Чамусьці я быў перакананы, што мне ўдасца спакусіць віном Лася і Шыдлоўскую.

– Думаеш, яны ўстануць? – У Сцёпы падобнай упэўненасці не было.

– Вядома. У нас будзе віно і закускі. Трэба будзе якога печыва купіць. Яны не змогуць ляжаць і слухаць, як мы з табою выпіваем, гамонім, смяемся.

– Выглядае крыху нахабна. Мы прыходзім у чужую кватэру, сядаем за чужы стол, бярэм чужы посуд. . .

Нахабна.

– Згодны, нахабна. Але Лось сам даў табе ключ ад кватэры. Ён сам запрасіў цябе ў яго пажыць, а цяпер ён ляжыць каля голай Шыдлоўскай, і ніхто не ведае, што будзе далей. . . Дарэчы, кватэра па дакументах яшчэ і не ягоная. Таму я не памылюся, калі скажу: нахабства больш у паводзінах Шыдлоўскай і Лася. Яны занялі ложак, яны займаюць кватэру і можна лічыць – выкідаюць цябе з кватэры ў інтэрнат. А ў тым інтэрнаце на тваім ложку ўжо спіць Тарас Карасік. Ты ж перадаў свой ложак Карасіку?

– Так, я саступіў ложак Карасіку-Тарасіку, бо разлічваў на гасціннасць Лася.

– Таму мой варыянт з віном добры.

З дыетычнай сталовай мы пайшлі ў «дваццатку» – краму на першым паверсе інтэрната тэатральна-мастацкага інстытута. У «дваццатцы» мы ўзялі бутэльку «Ізабэлы». Пашанцавала. Мы разлічвалі ў лепшым варыянце на партвейн ці ў звычайным выпадку – на вермут. «Ізабэла» сярод таннага віна вылучалася тым, што мела праўдзіва вінаградны смак. На закуску мы выбралі пачак печыва «Сонейка». Мы ўжо выходзілі з крамы, калі я перадумаў, вярнуўся і вырашыў узяць яшчэ адзін пачак «Сонейка». Мы ў той час былі не проста беднымі студэнтамі. Мы былі зусім беднымі. Два пачкі таннага печыва для нас былі раскошай.

Ад «дваццаткі» да Багдановіча мы вырашылі прайсціся. Не хацелася стаяць на прыпынку і чакаць перапоўненага, шэрага ад пылу тралейбуса. Была восень, было цёпла, вечарэла, і стаяла бабіна лета. Самы час прайсціся па Мінску з бутэлькай віна ў кішэні. Прайсціся і пагаварыць з таварышам пра вялікія справы, што нас чакаюцьнаперадзе.

Замест размовы пра вялікія справы мы гаварылі пра Шыдлоўскую.

– Ты не ведаеш, чаму яна пайшла ў акадэмічны адпачынак? – спытаў я ў Сцёпы.

– Каб не выключылі з вучэльні. Яна прагуляла палову лекцый. Нават на іспыты не прыходзіла. Яе пашкадавалі, дазволілі схадзіць у акадэмку і вярнуцца. Яна вярнулася і замест таго, каб сядзець на лекцыях і працаваць у майстэрні, ляжыць сабе голая ў ложку з цнатлівым Ласём.

– Нарэшце Лось страціць цнатлівасць. Шыдлоўская – выдатны варыянт, каб страціць мужчынскую цноту. Яна сакавітая, яна яркая, яна салодкая, як мёд. Яму прыемна будзе ўспамінаць, як ён страціў цноту з такой запамінальнай жанчынай.

– Ведаеш. . . Падумалася, што Лось можа застацца цнатлівым і пасля Шыдлоўскай. Паляжыць-паляжыць і перадумае. . .

– Ну ты і вычварэнец. Думаеш, можна паляжаць пад коўдрай з голай Шыдлоўскай і выпаўзці з-пад той коўдры цнатлівым? Зрэшты, калі ён праляжаў з ёй цэлы дзень і ў іх нічога не атрымалася, твой варыянт падзеяў не такі і фантастычны.

Пасля сонечнасці і духмянасці вулічнай восені, у кватэры было змрочна і задушліва. Мы прайшлі на кухню і адчынілі акно. Мы сядзелі пад адчыненым вакном і пілі «Ізабэлу» маленечкімі, з напарстак, чарачкамі. Мы пілі віно і заядалі яго печывам. Было смачна. Мы чакалі, што да нас далучацца Шыдлоўская і Лось, але яны да нас не далучыліся. Мы дапілі віно, зачынілі вакно і сышлі з кватэры.

– Заўтра пачну перавозіць рэчы ў інтэрнат, – сумным голасам сказаў Сцёпа.

– Выглядае на тое, што іншых варыянтаў у цябе і няма. Будзеш спаць валетам з Карасікам-Тарасікам!

Толькі ў гэтай гісторыі здарыўся іншы і для мяне зусім не чаканы паварот.

Пра тыя падзеі мне расказаў Лось. Мы сядзелі з ім у дыетычнай сталоўцы і елі сырнікі са смятанай. Мы елі сухаватыя сырнікі і запівалі іх салодкай гарбатай. З гарачай гарбатай кіславатыя сырнікі здаваліся нават смачнымі.

Дальше