– Гэта ён табе пакажа, адкуль ногі растуць і дзе ракі зімуюць, – непадробна смяецца Барздыка, – адкуль ногі растуць, га… – I толькі пасля гэтых слоў Махахей як бы прыкмеціў Барздыку.
– Шкада, жалка, – гаворыць ён. – Ты глядзі, прыджгаў – і на кубло. Цяжкая будзе вясна ў яго. Паспачуваць яму трэба, а то б скінуў. Ей-бо, як піць даць, а так жалка.
– Жалка ў пчолкі, ведаеш, дзе… Жаласлівы да бусла, да нас бы так хто… Ану, пайшлі, ваўкарэзіны, пайшлі, спатыкачы, маць вашу за нагу…
– I то… – гаворыць услед Барздыку Махахей, брыдзе вадою да хлева, адчыняе яго насцеж, панура назірае, як спалохана туліцца да сцяны карова, добра хоць хлеў паставіў на бугры, на сухенькім стаіць яго карова. Махахей выносіць з хлева вясло і жак, кідае іх у човен і доўга стаіць нерухома, як і бусел, глядзіць на дарогу, па якой усё яшчэ едзе-плыве Барздыка. Ніколі яны не сварыліся, не біліся, але і мір іх не бярэ. Барздыка знішчыў дуброву, пра якую ён думаў, пакуль не выплыў на драбінах перад ім жа той самы Барздыка. Ён знішчыў не толькі дуброву, але й нейкую частку яго самога, Махахея, частку таго свету, у якім жыў Махахей.
Хто не ведаў раней Княжбора, той і сёння яшчэ памірае перад векавечнымі дубамі, што ацалелі на беразе рачулкі. На здзіўленне дубы, шапку перад імі аберуч трымаць трэба, здымаць трэба шапку, бо сама ўпадзе. На пні падвода развярнуцца магла. Гэта ён перабольшвае, канечне, але гавораць: раней і сапраўды былі такія дубы, што параконна разварочваліся на іх. Былі, ды сплылі весняй вадой. Весняй вадой спакон веку пад шатамі іх плылі іншыя дрэвы, а пад дубамі плытагоны, прычаліўшы плыты, адпачывалі, варылі славутую сваю кашу і кулеш, і колькі той кашы, колькі таго куляшу з'едзена было па берагах рачулкі, і ўявіць цяжка, паспытаў іх у свой час і Махахей. Уявіць немагчыма, колькі па дуброве паднята княжборцамі баравікоў. I Цімох Махахей збіраў іх таксама, касіў бадай што касой, пад'язджаў на драбінах, прыпыняўся ў цяньку і рэзаў мяхамі, як на воз ускласці. Баравікі ўсе былі ядраныя, дуброўныя, ты яго рукамі, а ён уголас крычыць на цябе, на зуб просіцца, рыпіць ажно. Але адной вясной, адным летам прапала ўсё: секлі дубы, а праваліліся пад зямлю і грыбы. Звалася дуброва княжборскай, стала звацца дубняком Махахея, толькі гэта яго ўжо не ўцешыла. Не вельмі што паспеў ён выратаваць ад былой прыгажосці Княжбора.
Год той быў круты, па вясне яшчэ, пры снезе, напаткала ўсіх вялікае гора. Княжбор уліўся слязьмі, плакалі амаль у кожнай хаце, разам з усёй краінай, як па бацьку родным убіваліся, нібыта ўсе ў адну хвілінку асірацелі, страцілі бацюхну-карміцеля. Але не паспелі прасохнуць вочы, як на табе, новая бяда, пазней і яна не падалася ўжо бядой, а так, бедкай, толькі паспрабуй, калі столь на цябе валіцца, дзе схавацца, дзе знайсці паратунак: узбуйнілі княжборскі калгас. I да гэтага ўзбуйнення жылі княжборцы не надта спраўна, але ад навіны да навіны чаго-чаго, а кардопляў хапала: абжываліся толькі ж, на даўгі, на пазыкі, на крэдыты – жывёлу і тэхніку рабілі. А зямлі ў калгаса было няшмат, можна сказаць, зусім не было, гектараў шэсцьдзесят, ад сілы – сто. I ўся яна на загонах, па дзялянках раскідана па акрузе. Не больш было той зямлі і ў калгасе, які злучылі з княжборскім, добры сабака за адну раніцу мог яе ўсю пазначыць. Аб'ядналі дзве гаспадаркі ў адну, загаласілі княжборскія бабы: куды ўлада глядзіць, мы без зямлі, яны без зямлі – старцаў толькі пладзіць будзем. Але нашы хоць робяць, а там жа зломак на зломку, паглядаюць толькі адзін на аднаго, мы гаравалі, тэхніку завялі, а яны і насенне праелі, і нас праглынуць і не каўкнуць. Але ніхто слёз гэтых не ўважыў, таго ж Аркадзя Барздыку, як вышэйшага ў Княжборы па вайсковым званні – старшыной ён вярнуўся з фронту – і тут у старшыні. Натуры, цягавітасці ў Барздыкі хапала, па-колішняму мог ён і ў кулак выбіцца, але і зараз ён не губляецца. На тым жа сходзе, на якім абралі Барздыку старшынёй, ён і абвясціў:
– Па гэтым жа леце выйдзем у перадавікі.
I выйшлі, бяды той сапраўднай не разгледзелі, выйшлі, як на свята, з песнямі, тварыць і памнажаць бяду і гароту ўласнымі рукамі. Дзве вёскі, усе мужчыны і бабы наперадзе іх. I паплылі па рэчцы дубовыя бярвенні і кражы ў вялікія гарады, на вялікія здзяйсненні. Працавалі хапатліва і прагна, прагна падлічвалі ўжо і грошы, прыглядаліся да абновак, прыкідвалі, хто што справіць, што прыдбае ў хату. Цімох Махахей спрабаваў перашкодзіць сякеры і як сам не трапіў пад сякеру.
– Ураг народа, – коратка сказаў Аркадзь Барздыка. – Вось ён перад вамі. Глядзіце, пакуль ён яшчэ тут.
Ад такіх слоў Махахей аслупянеў, забыўся нават і пра сваё. Не жартачкі гэта былі. Не жартачкамі ўскінуліся на яго людзі:
– Лес, дуброва чыя? Калгасная. А мы хто – калгаснікі. Ураг ты калгасніку і калгаснаму ладу.
– Які я ўраг, я карову сваю сенам абдзяляю, калгасных коней кармлю, – не хацеў добранькім выстаўляцца Махахей, а вымусілі.
– Трэба яшчэ разабрацца, – напёр Барздыка, – адкуль у цябе сена. I карове хапае, і коням застаецца. Адкуль?
– З-пад кур, вось адкуль. Твой стог з зімы ў гародзе прахне, ні жменькі нікому не пазычыў.
– Не лезь, Цімох, пасві коней, пакуль самога ў цуглі не зануздалі ды на аброці не павялі.– Гэта ці не Роўда заступіўся за яго. – Дрэва яшчэ вырасце, а мы з зямлі ніколі не падымемся. Пра людзей трэ думаць, шкадаваць жывое.
I гэта Антон Роўда так. Ён таксама быў з сякераю, як і ўсе мужчыны вакол. Але ім Цімох дараваў, а Антону не мог дараваць. Шмат пра што гаварылі яны, і адны ў іх былі словы, адны думкі, нават парадніцца мерыліся. I нясоладка было Цімоху слухаць і глядзець на Антона Роўду: калі ўжо ён узяўся за сякеру, значыць, няма ў Княжборы чалавека, які падтрымае яго, Цімоха Махахея, Княжбор супраць яго.
I калі б толькі княжборцы, Антон Роўда, чужыя людзі – родная жонка ўз'елася. Цімох папрасіў яе дагледзець коней.
– А ты што, бязногі ці бязрукі,– накінулася яна на яго. – Вунь, паглядзі, якія толькі працадні на лесе пішуць. I грашыма, гавораць, адразу разлічвацца будуць.
– Не хачу я тых працадзён, і грошай мне іх не трэ, пайду ў раён, каб забаранілі.
– Супраць грамады! А як жыць у вёсцы будзеш, з кім знацца станеш? Што табе, капейчына ў хаце лішняя, радзецель, парадчык. Гармоніку табе на іх куплю, грай сваім коням тустэпы, скачыце ноч навылёт… Вунь чацвёра ў куце, і кожнае рот зявіць. Праўдай сваёй пакармі іх… Ох, выпала ж доля, самай бы сытай была, калі б тваю праўду на хлеб памазаць. I ў каго ты толькі такі ўдаўся, у каго пайшоў.
– Пайшоў я, – сказаў Цімох.
– Ой, ды хоць хлеба скібку вазьмі на дарогу… Не пушчу, не пушчу, – Ганна стала каля парога, ён падышоў да яе, пацягнуў за нос, жонка адразу ж захлюпала ім: – Ты хоць прозвішча свайго не кажы там…
Але гэтых слоў яе Махахей ужо не чуў. Да горада, да ўлады свет быў не блізкі. Трыццаць кіламетраў, гаці, брады, і трынаццаць масточкаў: яго масточак, Махахееў, масточак Роўды… Пакуль гэта ён усе іх пералічыў, перадумаў, куды і навошта ён ідзе ды што скажа. Княжбор працаваў, плылі па рачулцы дубы. Плылі яны і потым, пакуль начальства з горада да іх наладзілася, а яно не надта прыспешвала: не было машыннай дарогі. Княжбор – сяло глыбіннае, і вядзе туды адна дарога. Вось так і скончыўся сказ пра княжборскую дуброву, казкі пачаліся.
Зноў з'явіўся пад Княжборам Жалезны Чалавек, зноў загаласіла ў Княжборы Галасніца. Чалавек жа той быў нядобры, таму што незразумелы, памяталі яго толькі старыя, што жылі яшчэ ў даўнім Княжборы. Хадзіў ён там кожную ноч па вёсцы, тупаў жалезнымі нагамі. I чаго хадзіў, чаго праг, шукаў чаго – пра тое ніхто не ведаў. Ці то была грэшная душа з саміх княжборцаў, ці прыблуда нейкая, таксама ніхто не мог адказаць. Але толькі змяркалася, людзям спаць класціся, з'яўляўся і ён, чорны, цёмны і бязвокі, крочыў вясковай вуліцай, крочыў так, што дрогка званілі вокны ў хатах і хісталіся хаты. Туліліся да платоў людзі, што рызыкнулі такой парой выйсці на вуліцу. Жалезны Чалавек не кранаў іх, хадзіў ён маўчком, што соўсень сунуўся, а недзе сярод поля галасіла Галоска-галасніца. Бегала ад мяжы да мяжы, шукала сваё дзіця, убівалася па ім. Галасніца была сваёй Княжбору, яе ведалі. Яна прыспала хлопчыка, прыдушыла ў сне і са скрухі павесілася. Пахавалі яе, але і ў зямлі не ведала яна спакою, усю ноч напралёт шукала свайго сына. Галоску княжборцы шкадавалі і любілі. Яна была як за лекарку ў Княжборы, лячыла княжборскіх дзяцей, калі сурочыць іх хто ці напалохае, пазбаўляла ад прастрэлу і шчацінкі, як толькі выпадала раса, пачуўшы Галасніцу, княжборскія маладзіцы хапалі сваё неспакойнае дзіця і беглі ў поле, на мяжу, пакідалі яго ў разорцы на мяжы, адыходзіліся самі крыху ўбок, чакалі, калі Галасніца знойдзе яго і прагоніць хваробу. I Галасніца знаходзіла, заціхала, супакойвалася сама і супакойвала дзіця. Маці забірала яго, кланялася нізка Галасніцы. I тры дні пасля гэтага Галасніца маўчала, тры дні не чуваць было яе жалобнага і скрушлівага голасу. А Жалезны Чалавек хадзіў і хадзіў, не зважаючы на надвор'е. Не баяўся ён ні дажджу, ні пылу, не пакідаючы і слядоў, ішоў у дуброву, і ўсю ноч стагналі і тужліва шумелі веццем дубы. На світанні толькі супакойвалася дуброва.
– Няйнакш хтосьці з сваіх і Жалезны гэты чалавек, – гаварылі княжборцы. – Жывы нехта, няймецца камусьці жывому, таму што сярод тых, хто памёр, не ведаем нікога настолькі грэшнага ці настолькі святога, які і не адзываецца, і знаку нам не падае.
Але як толькі княжборцы пераехалі на новае месца, адчапіліся ад іх і Галоска-галасніца, і Жалезны Чалавек. З'явіліся апошні раз перад вайной ці то ў вайну, але не на доўга. Прыгадалі былое княжборскія маладзіцы, пацягнуліся з дзецьмі па мяжу, толькі дарэмна: нікому не дапамагала тады Галоска. Мо княжборцы і забыліся б пра іх. Але вось знішчылі дуброву, і зноўку ўсчаліся над палямі галашэнні, задрыжалі ў хатах вокны, зноў пачаў хадзіць па вясковай вуліцы Жалезны Чалавек. Гады два таму назад бачыў яго ў сваім дубняку і Цімох Махахей, як Барздыку бачыў сёння раніцай, зусім блізка падышоў ён да яго цяпельца і спыпіўся, нібыта адліты з медзі. Спыніўся і пачаў урастаць у зямлю, спакваля, паціхеньку так. Урос па калена, і далей зямля, мусібыць, не прымала яго ўжо, утапталася, цвёрдай стала.
– Ну чаго табе яшчэ? – спытаў Махахей. Жалезны Чалавек маўчаў, толькі агонь ад цяпельца скакаў па яго целе, і здавалася, што Жалезны Чалавек дыхае. А твар яго заценены і нерухомы.
– Ідзі, ідзі,– незласліва і без спалоху сказаў яму Махахей. – Чаго коней трывожыш, бачыш, як храпуць? – I Жалезны Чалавек пайшоў, знік у цемры, як і не было яго. Чаго прыходзіў, і спытаць некага. Раніцай Махахей агледзеў тое месца, дзе стаяў Жалезны Чалавек, урастаў у зямлю. Ніякага знаку. Прымроілася, падумаў ён, учадзеў ад дубовага пня, ад дымакура, што насіў з сабой ад з'яду, пазванілі ў вушы камары, намільгацелі перад вачыма, вось і лезе богвед што ў галаву.
Але сёння ноччу Жалезны Чалавек зноў прыходзіў да яго, і ўжо ў хату, калі ён спаў.
– Я ж прагнаў цябе, – сказаў яму Махахей. – Навошта ты зноў прыпёрся? – Жалезны Чалавек стаяў каля ложка і маўчаў. I Махахей цяпер, лежачы на ложку, бачыў ужо яго твар, нібыта ў хаце гарэла святло, невялічкае такое святло, але яго хапала, каб разгледзець твар госця. Быў ён і сапраўды невідушчы і ў воспінах, нібыта яго адліць адлілі, а адшліфаваць не паспелі, ці гэта ён плакаў увесь час і слёзы з'елі яго твар.
– Давай па-добраму, – прапанаваў яму Махахей, – каб паганства ў маёй хаце не было.
На гэтых яго словах Жалезны Чалавек насунуў лаўку, змёў на падлогу карэц з кіслым малаком, што паставіла нанач баба Ганна, калі ён ужо спаў, змёў і сеў. Махахей толькі ўздыхнуў:
– Што ж, прыйшоў, дык гавары ўжо.
А Жалезны Чалавек сядзеў і маўчаў. I маўклівасць яго была не цяжкай, карцела толькі даведацца: хто ён і адкуль і чаму ён абраў яго, Махахея, каб вось так хадзіць за ім і памоўчваць. I яшчэ здавалася Махахею, што ўсё ж нагадвае яму некага Жалезны Чалавек, а каго – і ў галаву не прыходзіць. I толькі калі прачнуўся, перабраў усё, калі ўжо баба Ганна забурчала: каму тут спакою ноч не было, хто тут лазіў, шастаў ноччу, перакуліў малако, спаганіў посцілку, – успомніў Махахей, на каго быў падобны Жалезны Чалавек: на дзеда Дзям'яна, бацьку Антона Роўды. Дзед Дзям'ян таксама чыгунна хадзіў па зямлі, чобаты свае яшчэ з грамадзянскай, здаецца, не здымаў, яны як прыраслі ўжо да ступакоў яго. I твар у дзеда Дзям'яна такі ж шэры, як з чыгуну, і слова ён захоча – вымавіць, а не – тры дні маўчаць будзе. Не схацеў гаварыць з ім, з Махахеем, і Жалезны Чалавек. Адседзеў па лаўцы да золаку і пачаў раставаць. Але словы яго, гаворку яго Цімох, здаецца, чуў – толькі не праз голас, а нібыта знаходзіўся ў хаце нехта нябачны трэці і пераказваў Махахею ўсё, што карцела сказаць госцю. Расказваў усё пра Княжбор, толькі не пра яго Княжбор, не пра тое сяло, у якім жыў цяпер Махахей, а пра іншае, якое было на гэтым месцы колісь, так даўно, што і сам Жалезны Чалавек не надта памятаў, і вакол таго старажытнага сяла быў бор, і хвоя з таго бору яшчэ расце, а нябачна яе, таму што расце яна наадварот, у зямлю. Сёння наадварот, а заўтра мо ўжо як і трэба, у неба будзе. I наадварот – гэта толькі надаецца так Махахею і людзям, таму што яны не бачаць яе. А ён, Жалезны Чалавек, бачыць, так і павінна расці: хвоя яму. Ці не людзі, ці не сам Махахей вымушае яе расці так. Вось знішчылі яны дуброву, і дубы ўсе зараз таксама растуць наадварот. А яшчэ перадаваў Жалезны Чалавек сум свой і тугу, шэрую, жалезную, таму і ходзіць ён па зямлі і не стамляецца, што не ведае спакою, што ўсё больш і больш паўсюдна людзей, якія таксама жывуць наадварот, ходзяць наадварот, уніз галавой. Гэтага пакуль таксама ніхто не прыкмячае, звыкліся, але ён, Жалезны Чалавек, бачыць усё, толькі нічога не можа перамяніць, хоць ён і Жалезны, і непатрэбным ён адчувае сябе на гэтай зямлі, лішнім.
I тут Махахею стала прыкра і ніякавата. Нешта вельмі дзіўнае было ў яго гутарцы з Жалезным Чалавекам. Цікаўнасць да пары да часу не давала выявіцца гэтаму дзіву. I раптам цікаўнасць знікла, сугучнасць нейкая атрымоўвалася, нешта вельмі знаёмае, чутае апавядаў яму Жалезны Чалавек, і жах пачаў апаноўваць Махахея, невядомы яму раней жах, халодны. Ён ускінуўся, прыслухаўся і зразумеў, што гэта ён сам, Махахей, гаворыць. I жах, з якім ён ужо справіўся, зноў ахапіў яго: выходзіць на тое, што ён, Махахей, і ёсць Жалезны Чалавек, недарэмна бабы языком менцяць, што з сялян, з іх вёскі той Жалезны Чалавек. Што ж гэта ён творыць, непакоіць людзей, падумаў Махахей, як след яшчэ не прачнуўшыся, думае, што пасвіць коней, а сам па вёсцы шлэндае, зусім здзяцінеў, добра, што ніхто не здагадваецца, хто ён такі. Махахей спахапіўся: калі ён і ёсць Жалезны Чалавек, то з кім гэта ён толькі што гутарыў, куды дзеўся яго госцейка. Але нікога перад ім ужо не было. Жонка і Надзька яшчэ спалі, жонка пад бокам, а Надзька на сваім ложку. Не спала толькі маці на печы, цікавала за ім чорным нядрэмным вокам. Ён яшчэ муляўся, не ведаў, як спытаць яе, ці быў тут хто, старая апярэдзіла яго; пахітала галавой; ён засаромеўся яе і захутаўся з галавой у коўдру.
I цяпер сярод вады ў чоўне яму таксама было няёмка і прыкра, як раніцай у хаце. Ён плыў праз былую дуброву, тую самую, якую ратаваў, але так і не ўратаваў, ад яе засталіся толькі пянькі, нябачныя, праўда, таму што высокая вада, човен плыве не датыкаючыся да іх, а ўсё адно як скрабком хто скрабе па сэрцы. Няўтульна яму глядзець на зямлю без дрэва, прыкра ведаць, што там, дзе колісь раслі дубы, расце трава. Сенажаці цяпер тут, іх вясковыя сенажаці, таму і не карчуюць пнёў, а калі раскарчуюць, то сенажаці будуць калгасныя, пройдзе па іх ужо і сенакасілка. Сярод жа пнёў ёй няма развароту, толькі літоўкай магчыма выдзеўбці траву.
Слізгаціць на вадзе човен, цененька, па-птушынаму скварчыць разламаная, адрынутая вада, і аднастайнае яе шапацепне і лопат супакойваюць Махахея. Вось чаму ён і любіць човен, дашчанікі-душагубкі, тыя на вадзе сыкаюць злосна, што гадаўё, а човен ляціць, нячутны і вёрткі, як бабёр. I Махахей можа спакойна думаць аб тым, як у лагчыне сярод дубкоў паставіць свой жак. Ведае ён, дзе рыба ходзіць. I не міне жака чырванапёры, раз'ятраны ад несвабоды язь. На лагчыне, да якой ён кіруецца, язь ходзіць нераставаць, ідзе вясной так, што, здаецца, на куст каліны ўз'ехаў. Махахей не перашкаджае язю ісці ў возера, а вось калі ён ужо аднерастуе, адаб'ецца, тут ён і бярэ яго, небагацька, пяць-дзесяць галоў, каб наспелі прывяліцца, пакуль не ўзнялася муха. I ўлетку, калі скрылёк сала прыхаваны недзе бабай толькі для касы, тады прыдатная будзе і рыбіна, добра яна і ў шчавель, і ў бацвінне, і юшка неблагая, калі няма часу па свежую рыбіну на рачулку збегаць. Махахей спыняе човен, але не спяшаецца ставіць жака. Круціцца човен, круціць галавою ва ўсе бакі і ён; нібыта не рыбаліць прыехаў, а на нерастовішча нейкае. Перад ім, як на далоні уся яго вёска, бы нехта знарок расставіў хаткі сярод вады, і з няўстойлівага чоўна яму здаецца, што плывуць да яго гэтыя хаткі, плывуць і далёкія, ацалелыя дзе-нідзе дубы, хістаецца неба, люляецца на ім сонца, і верыцца, што зямля сапраўды круглая, усё па крузе ідзе. Закруцілася, закарагодзілася, насунулася на яго, каб і яго ў гэтую калаверць уцягнуць і не адпускаць да апошняй хвіліны, да скону самага.