Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.
Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нібы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. І вось ён ізноў у дваццатым стагоддзі. Якую цудоўную гісторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апіша! Работа і бяссонніца стамілі яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкі і падняўся ў свой пакой.
Званок паклікаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплівага дварэцкага, і той праводзіў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзі Спенсэр-Свіфт.
– Добры дзень, пан Марсена, – прамовіла яна моцным мужчынскім голасам. – Мне далажылі, што вы мала спалі. Ну, як вам працавалася?
– Выдатна. Я ўсё прачытаў і зрабіў выпісак дваццаць старонак. Нечуваная гісторыя… Я не магу вам выказаць…
Яна мяне спыніла.
– А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
– Так, яна была створана для кахання. Але пікантнасць падзей у тым, што яна ніколі не была палюбоўніцай лорда Байрана.
Твар лэдзі Спенсэр-Свіфт наліўся чырванню.
– Што? – запытала яна.
Француз, прыхапіўшы з сабой выпіскі, расказаў гаспадыні ўсю гісторыю і паспрабаваў тут жа прааналізаваць характары двух галоўных персанажаў.
– Вось так, – закончыў ён, – першы і апошні раз у сваім жыцці лорд Байран уступіў дэману спагады, і гэтай слабасці прабабка вашага мужа ніколі не магла яму дараваць.
Лэдзі Спенсэр-Свіфт слухала француза не перабіваючы, але тут не вытрымала:
– Нонсэнс! – абурылася яна. – Вы дрэнна чыталі ці дрэнна зразумелі… Не была палюбоўніцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма ніводнай сям'і ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гісторыя… Не была палюбоўніцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэнні, пан Марсена, і, калі такое ваша апошняе слова, я не магу дазволіць вам карыстацца дакументамі… Падумаць толькі!.. Вы збіраецеся расказаць у Францыі і ў нашай краіне, што ніякага фізічнага збліжэння між імі не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!
– Чаму? Пандора ж ведае сябе больш, чым хто іншы. Яна сама напісала ў дзённіку, што спатканні іх былі самыя нявінныя.
– Гэты дзённік, – сярдзіта прамовіла лэдзі Спенсэр-Свіфт, – вернецца назад у сейф, і ходу яму адтуль не будзе. Дзе вы яго пакінулі?
– На стале ў падвале, лэдзі Спенсэр-Свіфт. Не было ключоў, а то я паклаў бы яго на месца.
– Паснедаўшы, мы туды зараз жа спусцімся і адновім усё, як было. Я не павінна была паказваць вам фамільны архіў. Небарака Аляксандр заўсёды быў супраць і меў рацыю… хоць у гэтым меў рацыю… Што датычыцца вас, пане мой, я вымушана прасіць вас захоўваць абсалютнае маўчанне наконт вашага… так сказаць… адкрыцця.
– Безумоўна, я не апублікую ні радка без вашага дазволу, лэдзі Спенсэр-Свіфт, ні за што на свеце я не пасмеў бы зрабіць вам прыкрасць. Аднак, павінен прызнацца, што не разумею…
– І не трэба, каб вы разумелі. Я прашу толькі аднаго – забыць.
Ён уздыхнуў:
– Няхай будзе так. Я адмаўляюся ад гэтых успамінаў… і ад маёй кнігі.
– Вельмі пахвальна і вельмі разумна. Меншага ад француза я і не чакала. А цяпер пагаворым аб іншым. Скажыце, пан Марсена, ці падабаецца вам ангельскі клімат?
Пасля снедання яны спусціліся ў склеп у суправаджэнні Мілера. Цяжкія дзверцы сейфа расчыніліся. Старая лэдзі ўласнаручна далучыла да скураных каробак і сярэбраных кафейнікаў белы альбом і пакет пажоўклых пісем, перавязаных ружовай стужкай. Пасля чаго Мілер замкнуў сейф.
– Тут ім ляжаць вечна, – весела прамовіла яна.
Калі яны вярнуліся, першая група турыстаў, вылезшы з аўтобуса, накіроўвалася ў хол купляць уваходныя білеты і паштоўкі. Мілер падрыхтаваўся разыграць сцэну з партрэтамі.
– Зойдзем на хвілінку, – прапанавала лэдзі Спенсэр-Свіфт свайму госцю.
Яна стала ў куток, далей ад турыстаў, але слухала вельмі ўважна.
– Вось гэта, – сказаў дварэцкі, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса, гэтак жа, як і партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.
Нейкая дзяўчына, каб лепш разгледзець, жвава высунулася наперад і з павагай прашаптала:
– Тая самая…
– Так, – адказаў ціха дварэцкі, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана.
Старая лэдзі кінула на маладога француза пякучы позірк і з трыумфам прамовіла:
– Ага, чулі!..
Часовы прыпынак
– Самае дзіўна здарэнне ў маім жыцці? – запытала яна. – Вы паставілі мяне ў тупік. У маім жыцці было шмат усякіх здарэнняў і прыгод.
– І, мабыць, яшчэ будуць.
– О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамі… Іначай кажучы, мне патрэбен спакой… Мяне цалкам задавальняе, калі я вечарам застаюся адна і магу перачытаць даўнейшыя лісты альбо паслухаць пласцінку.
– Быць не можа, каб ад вас адвярнуліся кавалеры… Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту і, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае… Гэта чаруе, прываблівае…
– Ласкавае слова прыемна чуць… Так, у мяне яшчэ ёсць паклоннікі. Але бяда ў тым, што я ім не веру. На жаль, я надта добра ведаю людзей: пакуль дабіваюцца, гараць як агонь, потым абыякавасць… альбо рэўнасць. І я сабе кажу: нашто мне яшчэ раз ублытвацца ў камедыю, развязка якой мне зараней вядома?.. У маладосці – іншая справа. Кожны раз мне здавалася, што я знайшла чалавека цудоўнага, які мяне вырве з няпэўнасці. Я імкнулася да яго з чыстым сэрцам. Ды вось, усяго пяць гадоў назад, калі я пазнаёмілася з Рэно, маім мужам, у мяне было ўражанне быццам новы свет мне адкрыўся. Ён быў дужы, нават звераваты. Ён развеяў усе мае падазрэнні, смяяўся з маіх страхаў, з маёй пераборлівасці. Я ўбачыла ў ім збавіцеля. І зусім ён не быў ідэальны – культуры мала, грубасці многа – але ён мне прынёс тое, чаго я ніколі не мела: цвёрдую глебу… Выратавальны круг… Ва ўсякім разе, тады я так думала.
– А цяпер так не думаеце?
– Не пытайцеся, самі ведаеце. У Рэно былі страшэнныя няўдачы. Я павінна была яго падбадзёрваць, супакойваць, падтрымліваць. Абараняла абаронцу… Людзі сапраўды моцныя – вялікая рэдкасць.
– А вам даводзілася сустракаць такога?
– Аднойчы даводзілася. І не вельмі даўно, у абставінах выключных… Ах, так!.. Вы ж просіце, каб я вам расказала самую дзіўную гісторыю з майго жыцця… Тады слухайце!
– Калі ласка, калі ласка.
– Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успаміны… І потым гэта даволі доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час ці вы проста так?..
– Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.
– Ну што ж, паспрабую… Скінем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, і вельмі маладая… Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волі бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхільнасць, ну так, прыхільнасць, як дачка да бацькі. Я любіла яго, мабыць, ад вялікай удзячнасці, але радасці асаблівай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакінуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекі радні і пасля мужавай апекі, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваіх учынкаў і свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нішто сабе, даволі прыгожая.
– Я сказаў бы: вельмі прыгожая.
– Дапусцім, калі вам так хочацца… Але як бы там ні было, кавалеры круціліся каля мяне роем. Маім абраннікам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернікі, падабаліся мне больш. Яны падзялялі мае густы, умелі дагаджаць, гаварыць кампліменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбіраўся, прызнаваў толькі джаз і блюзы, а ў жывапісе трымаўся за моду, як дзіця за няньку. У каханні прызнавацца не ўмеў, хоць ты яго за язык цягні. Заляцаўся ён прымітыўна: возьме мяне за рукі ў кіно, у тэатры альбо вечарам у парку пры святле месяца і скажа: «Сімпатычная вы…»
Чалавек як быццам нудны. Аднак я ахвотна бавіла з ім час. Ён мне здаваўся надзейным, шчырым. Было тое самае адчуванне бяспекі, што пазней пры першым збліжэнні з маім цяперашнім мужам. Іншыя мае сябры вагаліся, не ведалі, куды ім падацца: у мужы ці ў палюбоўнікі. Балбатні хоць адбаўляй, а яснасці ніякай. З Джэкам іншая справа. Сама думка аб часовай сувязі наводзіла на яго жах. Ён хацеў ажаніцца са мной, завезці мяне ў Амерыку і каб я яму нарадзіла двое дзяцей, прыгажунчыкаў, кучаравых, як ён, з прамымі носікамі, павольнай гутаркай трошкі ў нос, і такіх жа наіўных. Ён быў віцэ-прэзідэнт банка з перспектывай стаць яго прэзідэнтам і гаспадаром. Ва ўсякім разе ў нас было б усё, што нам трэба, і самы раскошны аўтамабіль. Так ён уяўляў сабе жыццё.
Павінна вам прызнацца, я спакусілася. Гэта вас дзівіць?.. Але ж яно зусім у маёй натуры. Жанчыну з характарам складаным, супярэчлівым, вабілі цэльнасць і прастата. Адносіны з раднёй у мяне былі дрэнныя, і, выехаўшы ў Злучаныя Штаты, я б вызвалілася ад прычэпак і прэтэнзій. Пасля некалькіх месяцаў стажыроўкі ў парыжскім філіяле Джэк збіраўся вярнуцца ў Ню-Ёрк. Развітваючыся, я дала яму слова прыехаць туды і выйсці за яго замуж. Заўважце, што я не была яго палюбоўніцай. І зусім не ад упартасці: я б уступіла, каб ён настаяў… А толькі ён не адважыўся. Джэк быў шчыры амерыканскі католік, трымаўся звычаяў строгіх і хацеў са мной павянчацца: касцёл Святога Патрыка, Пятае авеню, шаферы ў жакетах з белымі гваздзікамі ў пятліцы, шаферкі ў муслінавых плаццях… Вядома, я была не супраць такога вяселля.
Мы дамовіліся, што я прыеду ў красавіку. Джэк павінен быў заказаць мне білет на самалёт. Я была так упэўнена, што пералячу акіян на самалёце французскай кампаніі, што нават не палічыла патрэбным яму пра гэта сказаць. У апошні момант я атрымала білет Парыж – Лондан і Лондан – Ню-Ёрк ад кампаніі амерыканскай, якая ў той час прамой лініі да Парыжа не мела. Гэта крыху сапсавала мне настрой, але жанчына я лагодная, вы гэта ведаеце, і, каб не рабіць нікому турбот, згадзілася ляцець з перасадкай. У Лондан я павінна была прыбыць а сёмай гадзіне ўвечары, паабедаць у аэрапорце і вылецець у Ню-Ёрк тады ж у дзевяць гадзін.
Вы любіце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя і больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамікамі, клічуць пасажыраў у гарады далёкія і дзівосныя. Праз шырокія шыбы відаць, як прызямляюцца і ўзлятаюць паветраныя гіганты. Гэта фантастычна і мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купіну моху, і тут з дынамікаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавіла, але пачула слова «Ню-Ёрк» і нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азірнулася. Пасажыры ўставалі.
Па суседству са мной сядзеў у крэсле цікавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкімі, зграбнымі рысамі твару, крыху ўзлахмачанымі валасамі, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскіх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасці Шэлі. Разглядваючы яго, я падумала: «Пісьменнік альбо музыкант», і мне захацелася, каб ён быў маім спадарожнікам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць і запытаў па-ангельску:
– Прабачце, мадам… Вы павінны ляцець рэйсам 632?
– Так… А што аб'явілі?
– Што па тэхнічных прычынах самалёт затрымліваецца да шасці гадзін раніцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлі, кампанія дае аўтобус.
– Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзіне раніцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збіраецеся рабіць?
– О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, які жыве і працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакінуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну і вярнуся дадому.
Праз хвіліну ён дадаў:
– Не, лепш іначай… Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзіць па горадзе… Я – арганны майстар і мушу час ад часу правяраць якасць маіх інструментаў у некаторых лонданскіх цэрквах… І вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.
– Вы можаце заходзіць у цэрквы ўночы?
Ён засмяяўся і дастаў з кішэні вялікае вясло ключоў.
– Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавішы і трубы. Ціха, нікога не турбуеш…
– Вы іграеце самі?
– Стараюся.
– Гэта, мабыць, вельмі добра: арганныя канцэрты ў адзіноце і змроку.
– Добра? Не ведаю. Хоць я і люблю царкоўную музыку, арганіст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.
Ён падумаў хвіліну, потым сказаў:
– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае… Бачымся мы ўпершыню, і права на ваша давер'е ў мяне няма… Тым не менш, калі ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезці туды і даставіць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама іграеце.
– Іграю. А вы з чаго ўзялі?
– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памыліцца тут нельга.
Павінна прызнацца, камплімент гэты мяне крануў. Штосьці надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым – справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне і ў галаву не прыходзіла яму адмовіць.
– Паедзем, – сказала я. – А куды я дзену чамадан?
– Здадзім яго разам з маім у багажную камеру.
Я не змагу назваць ні тых трох цэркваў, у якіх мы пабывалі ў гэтую ноч, ні таго, што іграў на арганах мой таямнічы спадарожнік. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вітых лесвіцах, як месячнае праменне лілося праз высокія вокны, і цудоўную, велічную музыку. Я пазнавала мелодыі Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднік імправізаваў. І тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккіх, нябесных, поўных любві і ласкі.
Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала імя вялікага музыканта. Яго звалі Пітэр Дэн.
– Вас чакае слава. Вы – геній, – гаварыла я.
– Які я геній! Ноч і позні час стварылі вам ілюзію. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера і… ваша прысутнасць, на гэты раз.
Гэта яго заява не здзівіла мяне і не абразіла. Пітэр Дэн быў адной з тых асоб, з якімі збліжаешся хутка і лёгка. Ён быў з іншага свету, далёкі ад марнасці зямное. Калі наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хітрасці:
– Цяпер каля дванаццаці. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзіны тры-чатыры, якія мы павінны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты… Заўтра раніцай работніца прыбярэ.
Я адчула сябе шчаслівай, і, я ад вас не таю нічога, а таму прызнаюся, ва мне абудзілася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуцці жанчыны ў большай ступені залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуцці мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзіі і гармоніі, гэта моцная і пяшчотная рука, што падтрымлівала мяне ў змроку, – усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. І каб мой спадарожнік захацеў, я б не вызвалілася з яго ўлады… Такая мая натура.
Яго пакойчык, завалены кнігамі, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скінула капялюш і паліто і намерылася ісці памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухні, але ён адмовіўся:
– Не трэба, я сам. Вазьміце кнігу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.
Я выбрала «Санеты» Шэкспіра і паспела прачытаць з іх тры, змест якіх вельмі адпавядаў майму настрою.
Увайшоў Пітэр, паставіў перада мной столік, заслаў яго абрусікам і падаў мне ўсё, што меў.
– Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робіце. Шчаслівая тая жанчына, што падзеліць з вамі жыццё.
– Ніякая жанчына не падзеліць са мной жыцця… Расказвайце пра сябе, гэта цікавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?
– Так. Выходжу замуж за амерыканца.
Ён успрыняў гэта спакойна.
– Вы яго любіце?
– Я павінна яго любіць, паколькі вырашыла быць з ім разам да канца маіх дзён.