Карлік Нос (зборнік) - Папковіч Уладзімір Антонавіч 2 стр.


– Што табе трэба ад мяне, агідны карлік? – закрычала яна. – Прэч, прэч! Я не трываю такія жарты!

– Што ты, мама, што з табой? – пытаўся спалоханы Якаб. – Табе, відаць, нездаровіцца; чаму ты адганяеш ад сябе свайго сына?

– Я ўжо табе сказала: ідзі куды ішоў! – злосна адказала фрау Ганна. – У мяне ты нічога не заробіш сваім фіглярствам, агідны вырадак.

“Дапраўды, Бог замуціў ёй розум! – заклапочана падумаў малы. – Што ж мне цяпер рабіць, як завесці яе дадому?”

– Любая мамачка, апамятайся, – сказаў ён. – Паглядзі на мяне як след: я ж твой сын, твой Якаб.

– Не, гэта ўжо занадта бессаромны жарт! – крыкнула Ганна сваёй суседцы. – Толькі паглядзіце на гэтага агіднага карліка, вось ён стаіць тут, разганяе ўсіх пакупнікоў ды яшчэ адважваецца смяяцца з майго няшчасця. Кажа мне: я ж твой сын, твой Якаб. Нягоднік!

Тут суседкі паўставалі са сваіх месцаў і пачалі сварыцца, злосна, як толькі маглі, – а рыначныя гандляркі гэта добра ўмеюць – і лаялі яго, што ён насміхаецца з няшчасця беднай Ганны, у якой сем гадоў таму скралі прыгожага хлопчыка. Жанчыны прыгразілі яму разам накінуцца і падрапаць яго, калі ён зараз жа не пойдзе прэч.

Бедны Якаб не ведаў, што яму думаць. Ён жа, як яму ўяўлялася, сёння раніцай, як звычайна, пайшоў з маці на рынак, дапамог ёй раскласці тавар, пасля гэтага прыйшоў са старой кабетай у яе дом, з’еў смачны супчык, крышку паспаў, а цяпер зноў вярнуўся. А маці і суседкі чамусьці гаварылі пра сем гадоў! І яны называлі яго агідным карлікам! Дык што ж з ім адбылося?

Калі ён убачыў, што маці нічога не хоча слухаць, у яго на вачах выступілі слёзы, і ён у засмучэнні пайшоў уніз па вуліцы да будкі, дзе яго бацька займаўся шавецкай справай. “Цікава, – думаў ён, – бацька таксама не захоча прызнаць мяне? Я стану пад дзвярыма і паразмаўляю з ім”.

Падышоўшы да будкі шаўца, ён стаў каля дзвярэй і зазірнуў. Майстра так быў заняты сваёй працай, што не ўбачыў яго. Калі ж ён выпадкова кінуў позірк на дзверы, туфлі, дратва і шыла вываліся ў яго з рук на зямлю, і ён крыкнуў у адчаі:

– Божа мой, што гэта, што гэта?!

– Добры вечар, майстра, – загаварыў малы, зайшоўшы нарэшце ў будку, – як вашыя справы?

– Дрэнна, дрэнна, малады пане! – адказаў бацька на вялікае здзіўленне Якаба, бо, здавалася, таксама яго не пазнаў. – Мая справа зусім не ідзе на лад. Цяпер я адзін і ўжо старэю, а трымаць падручнага мне не па кішэні.

– А ці няма ў вас сынка, які мог бы дапамагаць вам у працы? – працягваў дапытвацца малы.

– Быў у мяне сынок, звалі яго Якаб, і цяпер ён быў бы стройным, спрытным дзевятнаццацігадовым хлапцом, які мог бы спраўна дапамагаць мне. Ха! Вось было б жыццё! Яшчэ калі яму было дванаццаць, ён быў кемлівым і спрытным і ўжо тое-сёе разумеў у рамястве, акрамя таго, ён быў сімпатычны і прыемны. Ён бы прывабліваў мне кліентаў, так што я неўзабаве больш не латаў бы, а шыў бы толькі новае! Але так ужо ўладкаваны свет!..

– А дзе ж ваш сын? – спытаў дрыготкім голасам Якаб.

– Бог ведае, – адказаў бацька. – Сем гадоў таму, так, сем гадоў ужо, як яго скралі ў нас на рынку.

– Сем гадоў? – з жахам усклікнуў Якаб.

– Так, панок, сем гадоў. Я памятаю яшчэ як сёння, як мая жонка прыйшла дадому, з плачам і крыкам, што дзень прайшоў, а дзіця не вярнулася, яна ўсюды распытвала і шукала і не знайшла яго. Я заўсёды думаў і казаў, што так атрымаецца: Якаб быў прыгожы хлопчык, гэта трэба падкрэсліць, таму мая жонка заўсёды ганарылася ім, і ёй падабалася, калі людзі хвалілі яго, і пасылала яго часта з гароднінай ці чым яшчэ ў знатныя дамы. І гэта было правільна: яго заўсёды шчодра абдорвалі. Але я казаў: “Прыглядай за Якабам! Горад вялікі, у ім жыве шмат кепскіх людзей, прыглядай жа за Якабам!” Так і здарылася, як я казаў. Прыходзіць аднойчы на рынак старая, агідная баба, купляе садавіну і гародніну і нарэшце бярэ столькі, колькі сама данесці не можа. Мая жонка, добрая душа, пасылае з ёй хлочыка і… з таго часу мы больш яго не бачылі.

– Вы кажаце, прайшло ўжо сем гадоў?

– Сем гадоў будзе вясной. Мы клікалі яго, мы хадзілі ад дома да дома і пыталіся; некаторыя людзі ведалі і любілі Якаба і шукалі яго разам з намі, але дарэмна. Ніхто і не бачыў ніколі жанчыны, што купляла тады гародніну. Але адна старэнькая бабуля, якая пражыла ўжо дзевяноста гадоў, сказала, што гэта можа быць злая фея Кройтэрвайс, якая адзін раз у пяцьдзясят гадоў выходзіць у горад, каб накупіць сабе ўсяго.

Так гаварыў бацька Якаба і пры гэтым біў па абутку малатком і дзвюма рукамі працягваў дратву. Малому ж паступова рабілася зразумела, што з ім здарылася: значыць, ён не трызніў, а сапраўды сем гадоў быў вавёркай-служкам у старой феі. Злосць і сум так напоўнілі яго сэрца, што яно ледзь не разарвалася. Старая скрала ў яго сем маладых гадоў, а што ён атрымаў наўзамен? Магчымасць націраць да бляску пантофлі з какосавых арэхаў, даглядаць за тым, каб пакой са шкляной падлогай заўсёды быў чысты? Навучыўся ў марскіх свінак усім таямніцам кухні?

Нейкі час ён проста стаяў і раздумваў пра свой лёс. Нарэшце бацька спытаў:

– Магчыма, вам нешта падабаецца з маіх вырабаў, юны пан? Напрыклад, пара новых пантофляў ці, – дадаў ён усміхаючыся, – можа, футарал для вашага носа?

– Што вы прычапіліся да майго носа? – сказаў Якаб. – Навошта яму футарал?

– Ну, – адказаў шавец, – каму што падабаецца. Але вось што я павінен вам сказаць: калі б у мяне быў такі жудасны нос, я заказаў бы на яго футарал з ружовай лакіраванай скуры. Гляньце, у мяне пад рукой якраз ёсць цудоўная скура; праўда, для гэтага спатрэбіцца не менш за паўметра. Але як цудоўна вы былі б забяспечаны, панок. А то ж натыкаецеся на кожную агароджу, на кожную падводу, ад якой хочаце ўхіліцца.

Малы стаяў анямелы ад жаху. Ён абмацаў свой нос, які быў тоўсты і даўжынёй ці не ў дзве далані! Значыць, старая змяніла і яго выгляд! Вось чаму яго не пазнавала маці, вось чаму яго абзывалі агідным карлікам!

– Майстра, – звярнуўся ён ледзь не са слязьмі да шаўца, – ці няма ў вас пад рукой люстэрка, каб мне паглядзецца?

– Панок, – сур’ёзна адказаў бацька, – Бог вам не даў такога выгляду, якім можна было б фарсіць, і ў вас няма прычыны кожную гадзіну пазіраць у люстэрка. Кіньце гэтую звычку, для вас яна – асабліва смешная.

Примечания

1

Кульба – палка, на якую абапіраецца чалавек, якому цяжка хадзіць.

2

Брук – дарога, укладзеная каменнем.

3

Фацэтна – пацешна.

4

Храпка – сцябло капусты.

5

Эбенавае дрэва – дрэвы пэўнай пароды, якія маюць цёмна-зялёны альбо чорны колер.

6

Пантофлі – хатнія туфлі.

7

Кухцік – хлопчык, які дапамагае кухару на кухні.

8

Фіміям – араматычная смала, якая пры спальванні прыемна пахне.

Назад