– Джэнтльмены, – прамовіў ён ціхім, выразным і незабыўным шэптам, які прабраў мяне да касцей, – джэнтльмены, я не выбачаюся за свае дзеянні, бо гэтымі дзеяннямі, я толькі выконваю свой абавязак. Сумняюся, што вы слушна праінфармаваныя наконт асобы, якая сёння выйграла ў лорда Глендэнінга значную суму ў экартэ. А таму я дам вам імгненную і неабходную магчымасць атрымаць такую важную інфармацыю. Калі ласка, праверце ўнутраную падкладку манжэты яго левага рукава і некалькі невялікіх скруткаў, якія могуць знайсціся ў крыху зашырокіх кішэнях яго халата.
Калі ён гаварыў, стаяла такая цішыня, што можна было б пачуць, калі б на падлогу ўпала шпілька. Дагаварыўшы, ён сышоў гэтак жа раптоўна, як і з’явіўся. Ці мае сэнс казаць, што я адчуў усе пакуты грэшнікаў у пекле? Але часу на разважанні ў мяне, вядома, не было. Мноства рук адразу ж схапіла мяне, свечкі зноў запалілі. Пачаўся вобшук. У падкладцы майго рукава знайшоўся ўвесь набор картаў, патрэбных для гульні ў экартэ, а ў кішэнях – некалькі калодаў, такіх жа, якімі карысталіся мы, з тым адрозненнем, што мае былі, як кажуць спецыялісты, arrondées:[16] казырныя анёры былі злёгку выпуклыя па краях, а малодшыя карты – па баках. Такім чынам, калі ахвяра здымае калоду, як правіла, уздоўж, яна непазбежна аддае суперніку старэйшую карту, у той час як шулер, здымаючы калоду па шырыні, вядома, не раздасць суперніку ніводнай выйгрышнай карты.
Любы ўсплёск абурэння на такое адкрыццё закрануў бы мяне менш за маўклівую пагарду і з’едлівы спакой, якімі сустрэлі гэтае адкрыццё ўсе прысутныя.
– Містэр Вільсан, – сказаў гаспадар, нахіляючыся, каб падняць з-пад ног вельмі дарагі плашч, аздоблены мехам, – містэр Вільсан, гэта вашае. (Надвор’е было халоднае, і таму, сыходзячы са свайго пакоя, я надзеў плашч, але скінуў яго, пачаўшы гульню). – Я мяркую, залішне шукаць і тут, – ён паглядзеў на складкі адзення са з’едлівай усмешкай, – дадатковыя доказы вашага майстэрства. Напраўду, дастаткова і ўжо атрыманых. Спадзяюся, вы разумееце, што вам варта пакінуць Оксфард, – у любым выпадку, пакіньце неадкладна мой дом.
Зняважаны, утаптаны ў бруд, я, можа, і адказаў бы на гэтыя дзёрзкія словы кулакамі, калі б усю маю ўвагу не забрала іншае. Мой уласны плашч быў аздоблены рэдкім мехам, настолькі рэдкім і дарагім, што не рызыкну сказаць. Яго крой таксама быў часткай маёй уласнай дзіўнай прыдумкі, бо ў такіх справах мая пераборлівасць часта даходзіла да абсурду. Таму калі містэр Прэстан працягнуў мне падняты з падлогі каля дзвярэй плашч, я адчуў неймавернае здзіўленне, якое пераходзіла ў жах, бо ўбачыў, што мой уласны ўжо вісіць на маёй руцэ (што я зрабіў, мабыць, абсалютна не заўважыўшы гэтага), а той, што мне працягнулі, быў дакладнай яго копіяй ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Я згадаў, што незнаёмец, які так згубна выкрыў мяне, прыйшоў захутаны ў плашч, а акрамя мяне, ніхто тут больш плашча не насіў. Спрабуючы захаваць прысутнасць духу, я прыняў той, што мне працягваў Прэстан, незаўважна паклаў яго на ўласны і пакінуў памяшканне з рашучым і пагардлівым позіркам, а наступнага дня таропка пакінуў Оксфард і ў ліхаманцы жаху і сораму скіраваўся на кантынент.
Я ўцякаў марна. Мая злая наканаванасць, нібы ў экстазе, пераследавала мяне, даказваючы, што праявы яе таямнічага валадарства яшчэ толькі пачаліся. Ледзь я апынуўся ў Парыжы, як атрымаў свежы доказ агіднай цікавасці гэтага Вільсана да мяне. Ішлі гады, але ён не пакідаў мяне. Злыдзень! Як не ў час, але з якой прывіднай урачыстасцю стаў ён у Рыме паміж мной і маімі намерамі! І ў Вене таксама, і ў Берліне, і ў Маскве! Ды і дзе ў мяне не было прычыны праклінаць яго ў душы? Ад яго невытлумачальнай тыраніі я ў паніцы ўцякаў як ад чумы, але і на край свету я ўцякаў марна.
Зноў і зноў у таямнічым падабенстве нашых душаў я шукаў адказы на пытанні: «Хто ён? Адкуль ён? Што яму трэба?» – але адказаў не было. Тады я ўважліва прааналізаваў усе формы, спосабы і галоўныя рысы яго нахабнага нагляду. Але нават тут мне амаль не было на чым будаваць здагадкі. Вартае ўвагі прынамсі тое, што ў кожным са шматлікіх выпадкаў, калі ён ставаў на маёй дарозе і зрываў мае планы, усё заканчвалася меншым для мяне злом у параўнанні з тым, якое напаткала б мяне, калі б намеры мае паспяхова ажыццявіліся. Але ж якое гэта нікчэмнае апраўданне для таго, каб так нахабна мною распараджацца! Кепская плата за маё натуральнае права вырашаць самастойна, так абразліва ў мяне аднятае!
Я вымушаны адзначыць, што мой кат за вельмі доўгі час (неверагодна і акуратна трымаючыся свае прыхамаці цалкам адпавядаць мне ў адзенні) ва ўсіх сваіх разнастайных умяшальніцтвах у мае справы схітрыўся ні разу не паказаць мне свайго твару. Кім бы ні быў Вільсан, гэта, прынамсі, было праявай капрызу і дзівацтва. Няўжо ён мог падумаць, што ў маім папярэджвальніку ў Ітане, у разбуральніку маёй рэпутацыі ў Оксфардзе, у тым, хто зашкодзіў маім славалюбным намерам у Рыме, маёй помсце ў Парыжы, майму жарснаму каханню ў Неапалі альбо таму, што ён ілжыва назваў маёй сквапнасцю ў Егіпце, у маім выклятым ворагу і злым генію можна не пазнаць Вільяма Вільсана, майго школьнага таварыша – цёзку, аднакласніка і канкурэнта, ненавіснага і страшнага суперніка з установы доктара Брэнсбі? Немагчыма! Але дазвольце мне неадкладна перайсці да апошняй, поўнай на падзеі сцэны гэтай драмы.
Да гэтага часу я маўкліва падпарадкоўваўся гэтай цяжкой уладзе. Глыбокае трымценне, з якім я заўсёды глядзеў на ўзвышаную натуру, велічную мудрасць, усюдыіснасць і ўсёмагутнасць Вільсана, змешвалася з пачуццём страху, разам з якім усе адзначаныя рысы і праявы яго характару дасюль вымушалі мяне прызнаваць уласную бездапаможнасць і з горкай неахвотай скарацца яго дэспатычнай волі. Але апошнім часам я цалкам аддаўся віну, і яго раздражняльны ўплыў на мой нораў вымушаў мяне ўсё болей і болей нецярпліва прагнуць вызвалення з-пад гэтага кантролю. Я пачаў наракаць, пярэчыць, супрацьстаяць. І, магчыма, толькі ілюзія нараджала веру, што чым больш узрастала мая непахіснасць, тым слабейшай рабілася настойлівасць майго ката. Як бы там ні было, цяпер я адчуваў пякучы ўздым надзеі і пеставаў у думках цвёрдую рашучасць пазбавіцца прыгнёту.
У Рыме падчас карнавалу 18… году я пайшоў на маскарад у палаца неапалітанскага герцага Дзі Бролья. Я піў нашмат больш нястрымана, чым звычайна, і цяпер душнасць перапоўненых людзьмі залаў пачала невыносна мяне раздражняць. Дадавала мне раз’юшанасці яшчэ і тое, што трэба было пракладаць сабе дарогу скрозь лабірынты кампаній; я страшна нерваваўся, бо нецярпліва шукаў (можна і не казаць, з якім нізкім намерам) маладую, бесклапотную і прывабную жонку старога й нямоглага Дзі Брольі. Крыху раней яна з бессаромнай даверлівасцю прызналася мне па сакрэце, у якім касцюме будзе, і цяпер, заўважыўшы яе, я спяшаўся наблізіцца. У гэты момант я адчуў лёгкі дотык да пляча і пачуў незабыўны, ціхі, ненавісны шэпт.
У шалёным прыпадку гневу я павярнуўся да таго, хто спыніў мяне, і моцна схапіў яго за каўнер. Яго касцюм, як я і чакаў, быў абсалютна такім жа, як мой: гішпанскі плашч з сіняга аксаміту, падперазаны малінавым пасам, што падтрымліваў рапіру. Маска з чорнага шоўку цалкам хавала твар.
– Нягоднік! – прамовіў я сіплым ад гневу голасам, і кожны гук, здавалася, толькі распаляў мяне. – Нягоднік! Самазванец! Пракляты зламыснік! Ты не будзеш, не будзеш пераследаваць мяне да смерці! Ідзі за мной, іначай я закалю цябе проста на месцы! – і я кінуўся з танцавальнай залы ў невялікі вестыбюль па суседстве, цягнучы яго за сабой і не адчуваючы супраціву.
Увайшоўшы, я ашалела адпіхнуў яго ад сябе. Ён, пахіснуўшыся, апынуўся ля сцяны, а я, з пракляццямі сяк-так замкнуўшы дзверы, загадаў яму рыхтавацца да абароны. Ён на імгненне завагаўся, але, пагардліва ўздыхнуўшы, моўчкі стаў у пазіцыю.
Бойка была кароткай. Я быў апантаны і надзвычай узрушаны, таму адчуваў, што мая рука мае сілу і моц цэлага натоўпу. За колькі секунд я прыціснуў яго да сцяны і, атрымаўшы ўладу над ім, з жывёльнай жорсткасцю шмат разоў пракалоў рапірай ягоныя грудзі.
У гэты момант нехта паспрабаваў адчыніць дзверы. Я паспяшаўся перадухіліць умяшальніцтва і адразу ж вярнуўся да паміраючага суперніка. Але якой чалавечай мовай можна дакладна перадаць здзіўленне і жах, якія завалодалі мной ад таго, што я ўбачыў? Кароткага імгнення, калі я адвёў вочы, было дастаткова для кардынальнай перамены ў іншым канцы памяшкання. Вялікае люстэрка – так спачатку падалося мне, збянтэжанаму, – стаяла там, дзе раней нічога не было, і калі я ў жаху зрабіў крок наперад, маё адлюстраванне, бледнае і акрываўленае, зрабіла няцвёрды крок насустрач.
Я сказаў, так мне падалося, але гэтак не было. Гэта быў мой супернік – гэта быў Вільсан, які стаяў перада мной у перадсмяротных пакутах. Ягоныя маска і плашч ляжалі на падлозе, куды ён кінуў іх раней. І аніводная нітачка ў ягоным адзенні, аніводная лінія ў яго беспамылкова пазнавальных і непаўторных рысах не адрозніваліся ад маіх уласных!
Гэта быў Вільсан, але ён болей не шаптаў, і мне нават падалося, што гэта я сам прамовіў:
– Ты перамог, і я скараюся. Але цяпер ты таксама мёртвы – для Свету, для Нябёсаў, для Надзеі! Ува мне ты існаваў – і ўпэўніся па гэтым абліччы, якое ёсць тваім уласным, як незваротна маёю смерцю ты загубіў самога сябе!
Пераклаў Віталь РыжкоўПраўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам
Безумоўна, я не збіраюся ўдаваць здзіўленне з нагоды таго, што надзвычайны выпадак з містэрам Вальдэмарам выклікаў столькі чутак. Было б дзіўна, калі б сталася наадварот, асабліва ўлічваючы абставіны. Праз тое, што ўсе, хто меў дачыненне да гэтае справы, хацелі пазбегнуць агалоскі, хаця б у найбліжэйшы час альбо да таго, як мы знойдзем магчымасць працягнуць даследаванні, менавіта праз нашыя спробы абысці гэта маўчаннем абставіны справы дайшлі да публікі ў перабольшаным і скажоным выглядзе, нарадзіўшы мноства непрыемных і памылковых тлумачэнняў, а гэта, натуральна, выклікала вялікі недавер.
І таму неабходна, каб я цяпер паведаміў факты, наколькі я сам здолеў іх зразумець. Калі сцісла, то вось яны.
Апошнія тры гады маю ўвагу неаднаразова прыцягвала пытанне месмерызму*. Каля дзевяці месяцаў таму мне раптам прыйшло ў галаву, што да сённяшняга часу гэтыя эксперыменты мелі адзін істотны і невытлумачальны недахоп: яшчэ нікога не падвяргалі месмерычнаму ўздзеянню in articulo mortis.[17] Варта было высветліць, па-першае, ці паддаецца чалавек у такім стане гіпнозу, па-другое, мацнейшае ці слабейшае яго ўздзеянне ў такім выпадку, і па-трэцяе, ці можна такім чынам запаволіць надыход смерці, і калі можна, то на які час і ў якой ступені. Былі яшчэ некаторыя пытанні, якія няблага было б высветліць, але гэтыя тры, і асабліва апошняе – зважаючы на вялізную важнасць меркаваных вынікаў, – цікавілі мяне найбольш.
Шукаючы ў сваім атачэнні таго, з чыёй дапамогаю я мог бы гэтыя дапушчэнні праверыць, я ўспомніў пра свайго сябра – містэра Эрнэста Вальдэмара, вядомага збіральніка «Bibliotheca Forensica»[18] і аўтара (пад nom de plume[19] Ісахара Маркса) перакладаў на польскую «Валенштайна»* і «Гарганцюа». Містэр Вальдэмар, які з 1839 года жыў пераважна ў Гарлеме, у штаце Нью-Ёрк, звяртаў на сябе ўвагу, прынамсі раней, надзвычайнай худзізною – ягоныя ніжнія канцавіны вельмі нагадвалі ногі Джона Рэндалфа*, – а таксама белымі бакенбардамі, якія рэзка кантраставалі з чорнымі валасамі, і праз гэта іх вельмі часта памылкова ўважалі за парык. Надзвычайная нервовасць рабіла яго вельмі прыдатным аб’ектам для месмерычнага эксперымента. Два-тры разы я ўсыпляў яго без асаблівых цяжкасцяў, але ў астатнім ён не апраўдаў надзеяў, якія выклікалі ў мяне асаблівасці ягонага целаскладу. Ягоную волю мне ні ў якай ступені не ўдалося падпарадкаваць сабе ні разу, а што да clairvoyance,[20] то я не здолеў дасягнуць нічога з таго, на што спадзяваўся. Я заўсёды тлумачыў свае няўдачы ў гэтым ягоным расстроеным здароўем. За некалькі месяцаў да нашага знаёмства ягоныя дактары выявілі ў яго сухоты. Зазвычай ён гаварыў пра свой блізкі скон спакойна, як пра непазбежнасць, не вартую шкадаванняў.Калі вышэйзгаданыя думкі ўпершыню прыйшлі мне ў галаву, я, натуральна, адразу згадаў пра містэра Вальдэмара. Я добра ведаў ягоную філасофскую цвёрдасць і быў упэўнены, што вагацца ён не будзе. Сваякоў, якія маглі б перашкодзіць, ён не меў. Я шчыра пра ўсё яму расказаў, і, на маё здзіўленне, ён вельмі жыва гэтым зацікавіўся. Я сказаў «на маё здзіўленне», таму што, хаця ён заўсёды лёгка згаджаўся на мае эксперыменты, нішто не сведчыла пра тое, што ён іх ухваляў. Характар ягонай хваробы дазваляў дакладна вызначыць час надыходу ягонае смерці, і мы дамовіліся, што ён пакліча мяне прыкладна за суткі да сканчэння тэрміну, дадзенага яму дактарамі.
Прайшло ўжо больш за сем месяцаў з таго дня, калі я атрымаў ад містэра Вальдэмара наступную ўласнаручную запіску:
Шаноўны П.,
Думаю, Вам варта прыйсці цяпер. Д. і Ф. пагадзіліся на тым, што я не працягну даўжэй за заўтрашнюю поўнач, і думаю, што яны вылічылі час даволі дакладна.
ВальдэмарЯ атрымаў гэтую запіску праз паўгадзіны пасля яе напісання, а яшчэ праз пятнаццаць хвілінаў быў у пакоі паміраючага. Я не бачыў яго дзесяць дзён і быў уражаны зменамі, што адбыліся з ім за такі кароткі час. Ягоны твар набыў шэры колер, вочы страцілі ўвесь бляск, і схуднеў ён настолькі, што косці скулаў амаль прарывалі скуру. Ён часта адхаркваў макроту, а пульс намацваўся з цяжкасцю. Тым не менш ён захаваў ясны розум і нават пэўную фізічную моц. Ён выразна вымаўляў словы, самастойна прымаў некаторыя лекі, што палягчалі ягоны стан, і, калі я ўвайшоў, штосьці пісаў алоўкам у нататніку, паўседзячы на падушках. Пры ім былі дактары Д. і Ф.
Паціснуўшы Вальдэмару руку, я адвёў дактароў убок, і яны падрабязна расказалі мне пра стан пацыента. Ягонае левае лёгкае за паўтара года напалову кальцынавалася і, безумоўна, было ўжо абсалютна нежыццяздольным. Верхняя частка правага таксама часткова, калі не цалкам, сцвярдзела, а ніжняя ператварылася ў суцэльную масу гнойных туберкулёзных вузельчыкаў. Там было некалькі вялікіх кавернаў, а ў адным месцы лёгкае зраслося з рабрынай. Гэтыя змены ў правым лёгкім былі параўнальна нядаўнімі, а кальцынацыя ішла незвычайна хутка: месяц таму яе не было яшчэ ні знаку, а зрашчэнне заўважылі толькі цягам трох апошніх дзён. Апроч сухотаў у Вальдэмара падазравалі яшчэ анеўрызму аорты, аднак сцвярдзенне не дазваляла дыягнаставаць яе з дакладнасцю. Абодва лекары сыходзіліся на тым, што ён памрэ на наступны дзень, у нядзелю, недзе апоўначы. Тады ішла восьмая гадзіна суботняга вечара.
Калі дактары Д. і Ф. адышлі ад ложка хворага для размовы са мною, яны ўжо развіталіся з ім. Яны не збіраліся вяртацца, але па маёй просьбе згадзіліся зазірнуць сюды назаўтра каля дзесяці гадзінаў вечара.
Яны сышлі, і я адкрыта загаварыў з містэрам Вальдэмарам пра ягоны блізкі канец і – больш падрабязна – пра меркаваны эксперымент. Ён пацвердзіў сваю поўную згоду на ўсё і нават выказаў жаданне неадкладна пачаць дослед. Пры хворым былі санітар і сядзелка, але я не мог дазволіць сабе пачынаць такую справу без больш надзейных сведкаў, чым гэтыя людзі, на выпадак якое-небудзь непрадбачнасці. З гэтае прычыны я вырашыў адкласці дослед да васьмі гадзінаў наступнага вечара, калі прыход містэра Тэадора Л-ла – студэнта-медыка, з якім я быў крыху знаёмы, – вызваліў мяне ад гэтых перашкодаў. Спярша я збіраўся дачакацца лекараў, аднак давялося пачаць раней праз настойлівыя просьбы містэра Вальдэмара, падмацаваныя тым, што я бачыў, як ён на вачах слабее, і часу застаецца няшмат.