Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - По Эдгар Аллан 5 стр.


З часам я з ягоных бязладных і няясных намёкаў даведаўся пра яшчэ адну асаблівасць ягонага душэўнага стану. Ім валодалі забабонныя ўяўленні што да ягонага дому, адкуль ён многія гады нікуды не выязджаў, – пра нібыта моцны ўплыў (аб чым ён паведаміў такімі цьмянымі выразамі, што я не ў стане іх узнавіць), які пэўнымі асаблівасцямі архітэктуры і матэрыялу і з прычыны шматгадовае звычкі зрабіў на ягоную душу ягоны фамільны замак: выгляд шэрых сценаў і вежаў, цёмнае возера, у якое яны глядзеліся, – усё гэта адбілася на духоўным боку ягонага жыцця.

Аднак ён прызнаўся, хоць і не адразу: надзвычайная прыгнечанасць, якая апанавала яго, была выкліканая прычынаю больш натуральнаю і нашмат больш значнаю – цяжкой і доўгай хваробаю, а дакладней, відавочна блізкай смерцю пяшчотна любімай сястры, яго адзінага сябра на працягу доўгіх гадоў, апошняй на свеце з іхнай сям’і. Яе скон, казаў ён з горыччу, якой я не магу забыць, пакіне яго (яго, роспачнага, кволага) апошнім са старажытнага роду Ашэраў. Пакуль ён гаварыў, лэдзі Мадэліна (менавіта так яе звалі) прайшла міма праз аддаленыя дзверы пакоя і, не заўважыўшы мяне, знікла. Я глядзеў на яе, неймаверна ўражаны і не без трымцення, не ў стане ўсё ж вытлумачыць гэтыя адчуванні. Я дранцвеў, сочачы за тым, як яна паступова знікала з вачэй. Калі ўрэшце за ёю зачыніліся дзверы, я інстынктыўна і нецярпліва павярнуўся да яе брата, але ён закрыў твар рукамі, і я заўважыў толькі, як яшчэ большая бледнасць разлілася па ягоных худых пальцах, скрозь якія няспынна цяклі гарачыя слёзы.

Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна – як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат – саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей – прынамсі, жывою.

Некалькі дзён ні я, ні Ашэр не згадвалі яе імя. Цягам гэтага часу я рабіў усё, каб развеяць тугу майго сябра. Мы малявалі або чыталі разам, а часам я, нібы ў сне, слухаў шалёныя імправізацыі ягонай гітары, якая быццам валодала дарам гаварыць. Па меры таго як расла і расла нашая блізкасць, адкрываючы мне доступ да таямніцаў ягонага сэрца, я з усё большай горыччу ўпэўніваўся ў марнасці сваіх высілкаў суцешыць душу, з якой змрок, нібы неад’емная і абавязковая яе частка, выліваўся на ўсё духоўнае і матэрыяльнае, бесперапынна выпраменьваючы тугу.

Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. З карцінаў, якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем – тым большым, што я не ведаў яго прычыны, – з гэтых карцінаў, што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў, выразны, без прыхарошвання, малюнак – усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў, сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.

Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая карціна выяўляла неймаверна доўгі прастакутны склеп або калідор, нізкі, з гладкімі белымі сценамі без аніякага ўзору або няроўнасці. Некаторыя дэталі малюнка давалі адчуць, што гэты склеп ляжыць вельмі глыбока пад зямлёю. Ніводнага выхаду не было відаць на ўсёй неагляднай яго прасторы, не было ніводнай паходні ці яшчэ якой-кольвек штучнай крыніцы святла. Тым не менш мноства яркіх прамянёў залівала ўвесь склеп, поўнячы яго дзіўным жудасным ззяннем.

Я толькі што згадваў пра хваравітасць слыхавога нерва, якая любую музыку рабіла для пакутніка невыноснай, за выняткам гучання некаторых струнных інструментаў. Магчыма, вузкая сфера, якою ён абмежаваў сябе, – гітара – у значнай ступені абумовіла фантастычнасць ягонага грання. Але нечуваную лёгкасць яго імправізацыяў гэтым патлумачыць немагчыма. Неўтаймоўныя фантазіі, выказаныя і ў гуках, і ў словах (зрэдку ён суправаджаў музыку вершаванымі экспромтамі), мусілі быць – і былі – вынікам напружанай разумовай засяроджанасці, якую, як я ўжо казаў, можна было назіраць толькі ў асаблівыя моманты найвышэйшай, штучна выкліканай экзальтацыі. Словы адной з такіх рапсодыяў я лёгка запомніў. Магчыма, яе выкананне так моцна ўразіла мяне, бо акурат тады я, зразумеўшы яе найглыбейшы схаваны сэнс, упершыню выразна адчуў: Ашэр цалкам усведамляе, што трон яго высокага розуму пахіснуўся. Верш, які называўся «Закляты замак», гучаў прыблізна, а магчыма, і дакладна так:

Я добра памятаю, што гэтая балада выклікала ў нас шэраг разважанняў, што рабілі яснай адну думку Ашэра, якую я згадваю тут не таму, што яна такая ўжо новая (бо так думалі і іншыя[9]), а праз настойлівасць, з якою ён яе трымаўся. У агульным гэтая думка зводзілася да таго, што ўсё жывое здольнае адчуваць. Але ў ягоным хваравітым уяўленні гэтая думка змянілася ў больш дзёрзкую, якая ў пэўных аспектах урывалася ў царства нежывой прыроды. Мне бракуе словаў, каб выразіць, як аддана ён трымаўся гэтай думкі і наколькі быў у ёй упэўнены. Гэтае ўяўленне, аднак, было звязанае (як я намякаў раней) з шэрымі камянямі замка ягоных продкаў. На ягоную думку, здольнасць гэтага дому адчуваць была абумоўленая спосабам злучэння камянёў і іх размяшчэннем, гэтаксама як і плесняю, што аплятала дом, і гнілымі дрэвамі, што яго атачалі, а перш за ўсё – доўгаю, бестрывожнаю непарушнасцю ўсяго навокал і яго падваеннем у застылых водах возера. Доказам існавання гэтае адчувальнасці, казаў ён (і я ўздрыгнуў, калі ён гэта сказаў), ёсць паступовае, але бясспрэчнае згушчэнне адмысловае атмасферы вакол возера й дому. А наступствы гэтага, дадаў ён, бачныя ў тым невідочным, але неаслабным і жудасным уплыве, які стагоддзямі вылепліваў лёсы ягонага роду і яго самога зрабіў такім, якім я яго бачу цяпер, тым, кім ён ёсць. Такія меркаванні не патрабуюць каментароў, і я ад іх устрымаюся.

Нашыя кнігі – кнігі, што доўгія гады былі важнаю часткай разумовага жыцця хворага, – як і варта было чакаць, цалкам адпавядалі ягоным незвычайным уяўленням. Мы ўважліва вывучалі такія творы, як «Вэр-Вэр» і «Манастыр» Грэсэ*, «Бельфагор» Мак’явэлі*, «Нябёсы і пекла» Сведэнборга*, «Падземнае падарожжа Нікаласа Кліма» Хольберга*, «Хірамантыю» Роберта Флада*, Жана д’Эндажынэ* і Дэляшамбра*, «Падарожжа ў блакітную далеч» Ціка* і «Горад Сонца» Кампанэлы*. Улюбёнаю кнігаю Ашэра была выдадзеная in octavo «Directorium Inquisitorum»[10] дамініканскага манаха Эймерыка дэ Жырона*, а над некаторымі ўрыўкамі з працаў Пампонія Мэлы* – пра старажытных афрыканскіх сатыраў і эгіпанаў – ён гадзінамі праседжваў у мроях. Але найбольшую асалоду ён знаходзіў ва ўважлівым вывучэнні надзвычай рэдкага тома in quarto, надрукаванага гатычным шрыфтам, настаўлення нейкае забытае царквы, – «Vigiliæ Mortuorum secundum Chorum Ecclesiæ Maguntinæ».[11]

Я не мог не падумаць пра дзіўныя абрады, апісаныя ў гэтай кнізе, і іх магчымы ўплыў на хворага, калі аднаго вечара, каротка паведаміўшы мне, што лэдзі Мадэліны больш няма, ён сказаў пра свой намер на два тыдні (да канчатковага пахавання) пакласці яе цела ў адзін са шматлікіх склепаў пад цэнтральнаю часткай будынка. Аднак прычына, якою ён патлумачыў мне свой незвычайны ўчынак, была такая, што я не наважыўся спрачацца. Зрабіць гэта ён вырашыў зважаючы (так ён мне сказаў) на незвычайную яе хваробу, некаторыя настойлівыя і неадчэпныя роспыты яе дактароў, а таксама на тое, што сямейныя могілкі былі далёка і ў адкрытым месцы. Не буду адмаўляць: згадаўшы змрочны выгляд доктара, якога я сустрэў на лесвіцы ў дзень прыезду, я не захацеў пярэчыць намеру, што падаўся мне, зрэшты, бяскрыўднай і цалкам натуральнай абачлівасцю.

Па просьбе Ашэра я сам дапамагаў яму ў падрыхтоўцы часовага пахавання. Мы ўдвух паклалі цела ў труну і аднеслі яе ў склеп, маленькі, сыры, які не прапускаў ніякага святла. Яго так доўга не адчынялі, што нашыя паходні, напалову згаслыя ў цяжкім паветры, не далі нам шмат разгледзець. Ён ляжаў глыбока пад зямлёю, акурат пад той часткай будынка, дзе была мая спачывальня. Відавочна, у далёкую феадальную эпоху ён выконваў найнепрывабнейшую ролю турмы ў данжоне, а пазней – сховішча, куды складалі порах або іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы, бо частка падлогі і ўвесь скляпеністы калідор, па якім мы прайшлі, былі старанна абабітыя меддзю. Цяжкія жалезныя дзверы былі ўмацаваныя гэткім жа чынам. Праз сваю неймаверную вагу яны жахліва скрыгаталі, паварочваючыся на завесах.

Паклаўшы нашую сумную ношу на драўляны насціл у гэтым жытле жаху, мы крыху адсунулі яшчэ не замацаванае века труны і паглядзелі на твар той, што ў ёй ляжала. Надзвычайнае падабенства брата й сястры тады ўпершыню забрала маю ўвагу, і Ашэр, адгадаўшы, мабыць, мае думкі, прамармытаў некалькі словаў, з якіх я зразумеў, што яны са спачылаю блізняты і што паміж імі заўсёды існавала амаль неспасцігальная сувязь. Зрэшты, нашыя позіркі ненадоўга спыніліся на мёртвай, бо глядзець на яе без трымцення мы не маглі. Немач, што звяла яе ў магілу ў росквіце гадоў, пакінула, як звычайна бывае пры каталепсіі, слабое падабенства румянцу на яе твары й грудзях і тую дзіўна застылую ўсмешку на вуснах, што так жахае ў нябожчыках. Мы прыкруцілі века і, замкнуўшы жалезныя дзверы, з цяжкасцю пакрочылі ў ненашмат менш змрочныя пакоі наверсе.

А праз некалькі дзён, поўных глыбокае скрухі, характар разумовага расстройства майго сябра заўважна змяніўся. Ягоная звычайная манера паводзіцца знікла. Штодзённыя заняткі былі закінутыя і забытыя. Ён бязмэтна блукаў з пакоя ў пакой, то тут, то там былі чуваць ягоныя хуткія, няроўныя крокі. Бледнасць ягонага твару зрабілася, калі гэта магчыма, яшчэ жахлівейшаю, аднак бляск ягоных вачэй згас цалкам. Калісьці ягоны голас гучаў глуха, але не цяпер. Што б ён ні казаў, ва ўсім чулася неймавернае трымценне, быццам народжанае найглыбейшым жахам. Часам мне здавалася, што ягоны заўжды ўсхваляваны розум увесь час змагаецца з нейкай гнятлівай таямніцаю, і ён спрабуе набрацца мужнасці, каб пра яе расказаць. А часам я мусіў лічыць усё гэта папросту невытлумачальнымі выбрыкамі вар’яцтва, назіраючы, як ён гадзінамі сядзіць, з незвычайна пільнай увагаю ўглядаючыся ў пустату і нібы прыслухоўваючыся да ўяўных гукаў. Не дзіва, што ягоны стан жахаў і заражаў мяне. Я адчуваў, што мною марудна, але няўмольна завалодваюць ягоныя фантастычныя неадступныя кашмары.

Я цалкам адчуў на сабе ўладу гэтых пачуццяў, кладучыся ў ложак на сёмы ці восьмы вечар пасля таго, як мы паклалі лэдзі Мадэліну ў склеп. Сон не йшоў да мяне, гадзіна праходзіла за гадзінаю. Розумам я спрабаваў адагнаць неспакой, што ахапіў мяне. Я намагаўся ўпэўніць сябе, што многае, калі не ўсё, з таго, што я адчуваю, народжанае дзіўным уплывам змрочнае абстаноўкі пакоя – падранымі цёмнымі парцьерамі, якія пад подыхам блізкае буры парывіста гайдаліся з боку ў бок і трывожна шаргацелі ля балдахіна ложка. Але спробы мае былі марныя. Неадольнае трымценне паступова працяла мяне ўсяго, і цяжар беспрычыннага страху лёг мне на сэрца. Задыхаючыся, з неймавернымі высілкамі адганяючы гэты кашмар, я сеў на ложку і пільна ўгледзеўся ў непраглядны змрок пакоя. Прыслухаўшыся – не ведаю, чаму, мабыць, інстынктыўна, – я пачуў ціхія няясныя гукі, якія зрэдку, незразумела адкуль, даносіліся сюды, калі бура сціхала. Апанаваны ўсеўладным жахам, невыносным і невытлумачальным, я паспешліва апрануўся – бо адчуваў, што гэтаю ноччу мне ўжо не заснуць, – і паспрабаваў скінуць насланнё, хутка ходзячы туды-сюды па пакоі.

Я змераў пакой такім чынам некалькі разоў, калі маю ўвагу забралі лёгкія крокі на лесвіцы побач. Я пазнаў хаду Ашэра. Праз імгненне ён ціха пастукаўся і ўвайшоў з лямпаю ў руках. Ён быў, як заўсёды, змярцвела бледны, але ў вачах свяцілася нейкая вар’яцкая весялосць – па ягоных паводзінах было бачна, што ён ледзь стрымлівае істэрыю. Я жахнуўся ягонага выгляду, але цяпер быў рады ўсяму, што пазбаўляла мяне доўгай невыноснай адзіноты, і ўспрыняў ягоны прыход як палёгку.

– Вы што, не бачылі? – адрывіста запытаў ён пасля некалькіх імгненняў, цягам якіх ён маўчаў, утаропіўшыся ў нешта акурат перад сабою, – не бачылі? Але пачакайце, яшчэ ўбачыце! – ён асцярожна прыкрыў лямпу, падбег да аднаго з вокнаў і рэзка расчыніў яго насустрач буры.

Імклівая ярасць віхуры ледзьве не збіла нас з ног. Так, гэта была бурная, але сувора прыўкрасная ноч, непаўторная ў сваім жахлівым шаленстве і харастве. Відавочна, дзесьці паблізу пачаўся ўраган, бо кірунак ветру часта і рэзка мяняўся, а надзвычайная гушчыня хмараў, якія віселі так нізка, што ціснулі на вежы замка, не перашкаджала нам бачыць, як яны, нібы жывыя, несліся насустрач адна адной, сутыкаліся, але не разыходзіліся далёка. Я сказаў, што іх надзвычайная гушчыня не перашкаджала нам гэта бачыць, хаця не свяцілі ні зоры, ні месяц, і маланка не бліскала. Але пад вялізнымі ўздыбленымі клубамі туману, як і паўсюль навокал нас, ззяла ненатуральнае святло, народжанае выпарэннямі газу, які ахутваў дом.

– Не варта, не трэба вам на гэта глядзець! – дрыжучы, сказаў я Ашэру і з мяккай настойлівасцю пасадзіў яго на крэсла, далей ад акна. – Тое, што ўсхвалявала вас, – не больш як звычайныя электрычныя з’явы. А можа, іх спарадзілі агідныя міязмы возера… Давайце зачынім акно, такі вецер шкодны для вашага здароўя. Вось адзін з вашых улюбёных рыцарскіх раманаў. Я пачытаю, а вы паслухайце – і мы разам дачакаемся канца гэтае жахлівае ночы.

Старажытны том, узяты мною, быў сачыненнем сэра Ланселота Кенінга «Небяспечнае спатканне»*, але я назваў яго ўлюбёным раманам Ашэра хутчэй нявесела жартуючы, чым усур’ёз, бо, шчыра кажучы, ва ўсім гэтым нязграбным і пазбаўленым фантазіі шматслоўі мой сябар, чыя ўзвышаная душа сягала ідэальнага, наўрад ці знайшоў бы хоць штосьці для сябе цікавае. Аднак гэта была адзіная кніга пад рукою, і я меў слабую надзею, што ўсхваляванасць, якая ахапіла яго, зменшыцца менавіта ад скрайняй бязглуздасці таго, што я збіраўся чытаць (бо хворыя на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю). Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.

Я дайшоў да добра вядомага ўрыўка, дзе Этэльрэд – галоўны герой рамана – пасля марных спробаў мірна ўвайсці ў жытло пустэльніка наважваецца ўварвацца туды сілаю. Тут, калі памятаеце, гаворыцца: «І Этэльрэд, ад прыроды надзелены мужнасцю, а цяпер яшчэ больш адважны ад віна, ім выпітага, не стаў больш весці размоваў з пустэльнікам, які, праўду сказаць, быў натураю ўпартай і зламыснай, адчуваючы, што набліжаецца дождж і баючыся буры, тут жа падняў сваю булаву і, цяжка дыхаючы, хутка праламаў драўляныя дзверы, а ў адтуліну прасунуў руку ў жалезнай рукавіцы, потым ірвануў іх на сябе, паламаў і разбіў на часткі, і грукат і трэск разбітае сухое драўніны пакаціўся па ўсім лесе».

Назад Дальше