Оскар Ўайлд
Саламея
© Маціеўская К., пераклад, прадм., 2013
© ПУП «Кнігазбор», 2013
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Danse macabre сямі пакрывалаў
Калі ў мяне атрымліваецца прыдумаць афарызм, я ніколі не спрабую прыпісаць яго сабе: усе мы ведаем, што гэта ўжо сказаў Ўайлд.
Дораці Паркер
Пачынаючы размову пра Оскара Ўайлда, варта падрыхтавацца да таго, што з вялікай імавернасцю не скажаш нічога новага – і нічога пра Оскара Ўайлда. Маштаб легендаў, чутак, скажэнняў і прыхарошванняў, якімі ахутаная фігура «лонданскага дэндзі», даўно перасягнуў усе магчымыя межы. І бадай вось тут Ўайлда акурат можна было б абвінаваціць у «непрыстойных паводзінах», але, мяркую, ён ведаў, на што ішоў: «Горшай за чуткі пра вас можа быць толькі іх адсутнасць».
Эдгар По напісаў цэлае апавяданне пра найлепшую схованку, якая ва ўсіх на вачах. Гаворка ніжэй пойдзе пра тое, што ўсе ведаюць, але не заўсёды ўлічваюць. Так, перад намі сфінкс без загадкі, але зняць сем – ці колькі атрымаецца – пакрывалаў падманных уяўленняў пра яго часам хочацца.
«Саламея» стаіць асобна ад астатніх п’есаў Ўайлда і па стылі найбольш блізкая да ягоных вершаў прозай, якія падалося мэтазгодным змясціць з ёй у адной кнізе і якія могуць пацвердзіць, што крытык, які ў рэцэнзіі на «Саламею» адзначаў «арыгінальныя вершы» Ўайлда, не так моцна памыляўся, як можа падацца на першы погляд.
Як вядома, п’еса напісаная па-французску, што не перашкаджае ні змяшчаць яе ў зборах твораў у ангельскім перакладзе, ні перакладаць яе з гэтых самых збораў твораў. Не ўсюды можна нават знайсці згадку, што гэта пераклад і хто ў ім вінаваты. Колькі б ні абвінавачвалі Ўайлда ў недастатковым валоданні французскай для таго, каб пісаць на ёй мастацкі твор, пасля паралельнага прачытання двух тэкстаў нічога не застаецца, як пагадзіцца, што лорд Алфрэд Дуглас ведаў французскую яшчэ горш, і нават праўкі аўтара пераклад не ўратавалі. Незразумела, навошта множыць памылкі, давяраючы, так бы мовіць, другаснай крыніцы, але што да «Саламеі», то памылкі праз яе ангельскі пераклад множацца дасёння. Калі ў рускага філолага-класіка Міхаіла Гаспарава спыталі, ці варта захоўваць памылкі аўтара перакладанага твора, перакладчык Авідыя і вагантаў адказаў: «Выпраўляйце. Усё адно сваіх наробіце». Sapienti sat, гаворачы мовай Авідыя і вагантаў.
Недастатковае валоданне аўтарам французскай, як на мяне, пайшло п’есе на карысць. Калі б Ўайлд ведаў мову лепей, ён бы, цалкам магчыма, не ўтрымаўся і выкарыстаў некалькі тузінаў пышных і вычварных словаў, якімі часам злоўжывае ў вершах прозай, закруціў бы сінтаксіс і аздобіў тэкст мноствам лішніх карунак. А так раскошная дэкадэнцкая карціна намаляваная вельмі стрыманымі фарбамі, у чорна-белых тонах, практычна тушшу – практычна як ілюстрацыі Обры Бёрдслі. А пластычнасць тэксту дасягаецца менавіта з дапамогай простасці: адзінае ўпрыгожанне, якое дазваляе сабе Ўайлд (ці дазваляе яму французская), – гэта паўторы.
У сваім артыкуле, прысвечаным «Саламеі», які таксама быў перакладзены для гэтай кнігі, Роберт Рос напісаў: «Адзін музычны крытык надзвычай непрыхільна паставіўся да некаторых біблійных цытатаў (у прыватнасці, з кнігі Езэкііля), якія прамаўляў Іяканаан. Ён палічыў іх «тыповымі для ўайлдаўскага разбэшчанага ўяўлення і поўнымі нецікавых і няўдалых метафараў». Уяўленне пра Ўайлда і яго творы часам сягае недалёка ад уяўлення «аднаго музычнага крытыка» пра Біблію. Але каб зняць гэтае пакрывала, трэба толькі прачытаць. І перш чым гаварыць «Лухта!», і перш чым гаварыць «Геній!» Многія паўсюдна злоўжываюць і тым, і другім.
Вобраз Саламеі Ўайлда пасля выхаду п’есы, ды і пазней таксама, выклікаў у крытыкаў гнеўныя пярэчанні. Ператварэнне дзяўчынкі, якая здзейсніла страшнае злачынства толькі таму, што цалкам давярала сваёй маці, і якая абсалютна нявінна папрасіла ў айчыма галаву прарока, у ахопленую жарсцю жанчыну, што танчыць сапраўдны танец смерці, многіх абурала. Але што зробіш – цяпер Саламею абсалютная большасць ведае па ўайлдаўскай трактоўцы. Ды і калі крытык спачатку нагадвае ўсім, як важна быць сур’ёзным, а потым блытае Ўайлда з Езэкіілем, разумееш, што быць сур’ёзным часам не варта. Іначай высветліцца, што Біблію таксама напісаў Оскар Ўайлд.
Кацярына МаціеўскаяВершы прозай
Мастак
Аднаго вечару яго душу напоўніла жаданне стварыць статую радасці, што трывае імгненне. І пайшоў ён у свет, каб знайсці бронзу. Бо толькі бронзаю мог ён думаць.
Аднак уся бронза свету знікла, і нідзе ў цэлым свеце не было іншай бронзы, апроч бронзы для статуі скрухі, што доўжыцца вечна.
І цяпер гэтая статуя ў яго была: ён стварыў яе сваімі рукамі і паставіў над труной адзінага, каго кахаў у жыцці. Над труной мёртвага, найбольш ім каханага, паставіў ён створаную ім статую, знак любові, што не памірае, і знак скрухі, што доўжыцца вечна. І ва ўсім свеце не было больш бронзы, апроч бронзы для гэтае статуі.
І тады ўзяў ён статую, якую стварыў, і паклаў яе ў самую вялікую печ, і аддаў агню.
І з бронзавай статуі скрухі, што доўжыцца вечна, стварыў ён статую радасці, што трывае імгненне.
Дабрадаўца
Была ноч, і Ён быў адзін.
І ўбачыў Ён удалечыні гарадскія муры, і рушыў да горада.
І наблізіўшыся, пачуў Ён у горадзе крокі радасных, смех шчаслівых і нізкае гучанне шматлікіх лютняў. І пагрукаў Ён у браму, і нехта з варты адчыніў Яму.
І прыкмеціў Ён дом, збудаваны з мармуру, і прыўкрасныя мармуровыя калоны перад ім. Кветкі гірляндамі абвіналі калоны, а ўнутры і звонку гарэлі кедравыя паходні. І ўвайшоў Ён у дом.
І калі мінуў Ён залу з халцэдону, і залу з ясмісу, і пайшоў да доўгай бяседнай залы, то ўбачыў юнака ў вянку з чырвоных ружаў, што ляжаў на канапе колеру марской пурпуры. Вусны юнака чырванелі ад віна.
І стаў Ён за яго спінаю, і дакрануўся да яго пляча, і спытаў яго: «Чаму ты жывеш так?»
І юнак павярнуўся, і пазнаў Яго, і мовіў у адказ: «Калісьці я быў пракажоны, а ты ацаліў мяне. Як яшчэ мне жыць?»
І пакінуў Ён дом, і пайшоў прэч.
І неўзабаве ўбачыў Ён жанчыну з нафарбаваным тварам, у каляровых строях і абутку, упрыгожаным перлінамі. І за ёй ішоў, бязгучна, бы лавец, юнак у плашчы двух колераў. Твар жанчыны быў як панадны твар стода, і вочы юнака гарэлі пажадаю.
І паспешліва дагнаў Ён юнака, і дакрануўся да яго рукі, і спытаў яго: «Чаму ты так глядзіш на гэтую жанчыну?»
І юнак павярнуўся, і пазнаў Яго, і мовіў: «Калісьці я быў сляпы, а ты даў мне зрок. На што яшчэ мне глядзець?»
І паспяшаўся Ён наперад, і дакрануўся да каляровага строю жанчыны, і спытаў яе: «Няўжо нельга ісці іншай дарогай, апроч дарогі граху?»
Вучань
І жанчына павярнулася, і пазнала Яго, і засмяялася, і мовіла: «Але ты дараваў мне мае грахі, і даспадобы мне гэтая дарога».
І пакінуў Ён горад.
І калі пакідаў Ён горад, то ўбачыў юнака, што сядзеў пры дарозе і плакаў.
І падышоў Ён да юнака, і дакрануўся да яго доўгіх пасмаў, і спытаў яго: «Чаму ты плачаш?»
І юнак падняў вочы, і пазнаў Яго, і мовіў у адказ: «Калісьці я быў мёртвы, і ты ўваскрасіў мяне. Што яшчэ мне рабіць, як не плакаць?»
Калі памёр Нарцыс, ставок, што радаваў яго, з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, і арэады, плачучы, выйшлі з лясоў, каб спяваць яму і несці супакой.
І калі яны ўбачылі, што ставок з келіха чыстае вады зрабіўся келіхам салёных слёз, яны распусцілі свае зялёныя косы, і плакалі, і казалі да яго:
– Мы не дзівімся гэтай журбе па Нарцысу, ён быў такі прыгожы.
– А Нарцыс быў прыгожы? – спытаў ставок.
– Хто ведае гэта лепш за цябе? – адказалі арэады. – Ён не зважаў на нас, імкнучыся да цябе, і ляжаў на тваіх берагах, і глядзеўся ў цябе, і ў люстры твае вады адбівалася яго прыгажосць.
І ставок адказаў:
– Але я любіў Нарцыса, бо, калі ён ляжаў на маіх берагах і глядзеўся ў мяне, у люстры яго вачэй я бачыў адбітак сваёй прыгажосці.
Настаўнік
Калі цемра агарнула зямлю, Іосіф Арымафейскі спусціўся ў даліну, несучы запаленую сасновую паходню, бо меў што зрабіць у доме сваім.
І ўкленчыўшы на цвёрдых камянях Даліны Скрухі, убачыў ён юнака, што быў аголены і плакаў. Яго валасы былі колеру мёду, яго цела было як лілея, але ён зраніў цела сваё шыпамі, і ляжаў попел на валасах яго замест вянку.
І той, хто меў шмат, сказаў юнаку, што быў аголены і плакаў: «Мяне не дзівіць твая бязмежная туга, бо Ён напраўду быў беззаганны».
І адказаў юнак: «Я плачу не па ім, але па сабе. Я таксама ператвараў ваду ў віно, ацаляў пракажоных і вяртаў зрок сляпым. Я хадзіў па вадзе і выганяў д’яблаў з тых, каго зракліся. Я карміў галодных у пустэльні, дзе не было ежы, я падымаў памерлых з іх цесных жытлаў, і па слове маім перад незлічоным натоўпам высахла бясплодная смакоўніца. Усё, што рабіў гэты чалавек, рабіў і я. І тым не менш яны мяне не ўкрыжавалі».
Дом Суду
І было маўчанне ў Доме Суду, і Чалавек стаў голы перад Богам.
І разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Ганебным было жыццё тваё, і быў ты нялітасцівы да тых, каму патрэбная была абарона, і да тых, хто прасіў дапамогі, быў ты люты і жорсткі. Няшчасны благаў цябе, а ты не слухаў, і вушы твае былі закрытыя для плачу пакутных Маіх. Спадчыну сіротаў браў ты сабе і пускаў лісаў у вінаграднікі суседзяў сваіх. Ты адбіраў хлеб ад дзяцей і кідаў яго сабакам, і пракажоных Маіх, што жылі ў спакоі на пустках, славячы Мяне, ты выганяў на гасцінцы, і на зямлю Маю, з якое Я стварыў цябе, праліваў ты нявінную кроў».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І зноў разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Заганным было жыццё тваё, і хараство, што Я паказаў табе, ты збэсціў, і дабра, што Я схаваў, ты не заўважыў. На сценах твайго пакоя былі выявы куміраў, і з ложка тваіх распустаў ты падымаўся пад гукі флейтаў. Ты збудаваў сем алтароў грахам, за якія Я пакутаваў, ты еў тое, чаго не належыць есці, і на пурпуры адзення твайго былі вышытыя тры знакі ганьбы. Твае стоды не з золата ці срэбра вечных, але з плоці смяротнай. Ты масціў іх валасы парфумамі і ўкладаў плады граната ім у рукі. Ты націраў іх ступні шафранам і рассцілаў перад імі кілімы. Сурмою фарбаваў ты іх павекі і целы іх мазаў міраю. Ты падаў перад імі ніцма, і стальцы тваіх куміраў ззялі на сонцы. Ты паказваў сонцу сваю ганьбу і месяцу свой шал».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І трэці раз разгарнуў Бог кнігу жыцця Чалавека.
І сказаў Бог Чалавеку: «Злом было жыццё тваё, і злом ты адказваў на дабро, і зламыснасцю на спагаду. Рукі, што кармілі цябе, ты зраніў, і грудзьмі, з якіх піў, ты пагарджаў. Той, хто нёс табе ваду, сыходзіў, пакутуючы ад смагі, і выгнаннікаў, што хавалі цябе ноччу ў сваіх жытлах, ты выдаваў яшчэ да світання. Вораг, што злітаваўся над табою, трапіў у тваю пастку, а сябра, што ішоў з табою, ты прадаў, і тым, хто даваў табе любоў, ты адказваў пажадай».
І мовіў Чалавек у адказ: «І так рабіў я».
І закрыў Бог кнігу жыцця Чалавека, і сказаў: «Сапраўды кажу, у пекла дарога табе. Проста ў пекла твая дарога».
І ўскрыкнуў Чалавек: «Не будзе гэтага!»
І спытаў Бог Чалавека: «Чаму гэтага не будзе? Чаму ты думаеш, што не ў пекла табе дарога?»
«Бо ў пекле я жыў заўсёды», – адказаў Чалавек. І было маўчанне ў Доме Суду.
І парушыў маўчанне Бог, і сказаў Чалавеку: «Бачу, што не магу Я адправіць цябе ў пекла. Сапраўды кажу, у рай дарога табе. Проста ў рай твая дарога».
І ўскрыкнуў Чалавек: «Не будзе гэтага!»
І спытаў Бог Чалавека: «Чаму гэтага не будзе? Чаму ты думаеш, што не ў рай табе дарога?»
«Бо ніколі і нідзе не мог уявіць я раю», – адказаў Чалавек.
І было маўчанне ў Доме Суду.
Настаўнік мудрасці
Яшчэ ў дзяцінстве поўніла яго дасканалая веда пра Бога, а калі ён зрабіўся юнаком, многія святыя, як і некаторыя дабрадзейныя жанчыны з вольнага горада яго маленства, узрушана дзівіліся глыбокай мудрасці яго адказаў.
І калі бацькі далі яму адзенне і пярсцёнак сталасці, ён пацалаваў іх, і пакінуў іх, і пайшоў у свет, каб гаварыць свету пра Бога, бо тады было шмат такіх, што не ведалі Бога, альбо ведалі Яго дрэнна, альбо хвалілі несапраўдных багоў, тых, што жывуць у гаях і ніяк не клапоцяцца пра сваіх прыхільнікаў.
І павярнуўся ён тварам да сонца, і рушыў у падарожжа басанож, бо бачыў, што так ходзяць святыя, і нёс на пасе скураную кайстру і біклагу з абпаленае гліны.
І калі ішоў ён гасцінцам, яго напаўняла радасць дасканалае веды пра Бога, і ён нястомна ўзносіў Яму хвалу, і неўзабаве дасягнуў незнаёмых земляў, дзе было шмат гарадоў.
І прайшоў ён праз адзінаццаць гарадоў. І адны з тых гарадоў ляжалі ў далінах, другія месціліся на берагах вялікіх рэк, а іншыя стаялі на ўзвышшах. І ў кожным горадзе ён знаходзіў сабе вучня, што любіў яго і йшоў за ім, і вялікія натоўпы людзей з кожнага горада ішлі за ім, і веда пра Бога пашыралася па ўсёй той зямлі, і многія ўладары прынялі яе, а жрацы храмаў, дзе багомілі стоды, убачылі, як сплыла палова паднашэнняў, і калі пачалі яны гучна біць у свае бубны, амаль ніхто не прыйшоў да іх з павамі і з ахвярным мясам, як вялося ў гэтых землях раней.
І чым больш людзей ішло за ім, і чым большым рабілася кола яго вучняў, тым хутчэй расла яго скруха. І не ведаў ён, чаму скруха яго бязмежная, бо ўвесь час гаварыў ён пра Бога, поўны дасканалае веды пра Яго, якую Бог Сам даў яму.
Неяк пад вечар пакінуў ён адзінаццаты горад, што быў у Арменіі, і вучні яго і вялікая грамада людзей пайшлі за ім. І ўзышоў ён на гару, і сеў на камень, што ляжаў на гары, і сталі вучні вакол яго, і ўкленчыў натоўп у даліне.
І закрыў ён твар далонямі, і заплакаў, і запытаў сваё сэрца: «Як сталася так, што я поўны скрухі і страху, а кожны мой вучань – вораг, што прыходзіць апоўдні?» І сэрца мовіла ў адказ: «Бог напоўніў цябе дасканалаю ведаю пра Яго, а ты перадаў гэтую веду іншым. Найкаштоўнейшы скарб ты падзяліў і непашыты хітон разарваў на кавалкі. Той, хто раздае мудрасць, рабуе сябе самога. Ён падобны да таго, хто аддае сваё багацце рабаўніку. Ці ж Бог не мудрэйшы за цябе? Хто ты такі, каб раздаваць таямніцу, якую раскрыў табе Бог? Калісьці я было багатым, а ты пазбавіў мяне багацця. Калісьці я бачыла Бога, а ты схаваў Яго ад мяне».
І ён зноў заплакаў, бо ведаў, што сэрца сказала яму праўду, што аддаў ён іншым дасканалую веду пра Бога і зрабіўся падобным да таго, хто чапляецца за Боскі падол, і чым больш тых, хто верыць у яго, тым меншая яго вера.
І сказаў ён сабе: «Я не буду больш гаварыць пра Бога. Той, хто раздае мудрасць, сам сябе рабуе».
І праз колькі гадзінаў вучні ягоныя падышлі да яго, нізка схіліся й мовілі: «Настаўніча, скажы нам пра Бога, бо маеш дасканалую веду пра Яго, і ніхто, апроч цябе, не валодае ёю».
І мовіў ён ім у адказ: «Я буду гаварыць вам пра ўсё, што ёсць у нябёсах і на зямлі, але пра Бога я не буду гаварыць вам. Ні цяпер, ні пасля не буду я гаварыць вам пра Бога».
І ўгневаныя, сказалі яны яму: «Ты прывёў нас у пустэльню, каб мы слухалі цябе. Ты хочаш пакінуць неспатоленымі ўсіх, каго сабраў, каб ішлі за табой?»
І мовіў ён ім у адказ: «Я не буду гаварыць вам пра Бога».
І сказаў яму натоўп, наракаючы: «Ты прывёў нас у пустэльню і не наталіў нас. Гавары нам пра Бога, прынясі нам спатолю».
Але ён не адказаў нічога, бо ведаў, што калі будзе гаварыць ім пра Бога, то раздасць сваё багацце.
І вучні ягоныя пайшлі ад яго ў скрусе, і людзі вярнуліся ў свае дамы, а многія памерлі ў дарозе.
І застаўшыся сам, павярнуўся ён тварам да месяца, і рушыў у падарожжа, і ішоў, пакуль не мінула сем поўняў, і не размаўляў ні з кім, і нікому не адказваў. І калі мінула сёмая поўня, дайшоў ён да пустэльні, пустэльні Вялікай Ракі. І натрапіўшы на пячору, дзе некалі жытлаваў кентаўр, ён абраў яе сваім домам, і сплёў сабе кілім з трыснягу, каб спаць на ім, і зрабіўся пустэльнікам. І кожную хвіліну пустэльнік славіў Бога за тое, што мае яшчэ веду пра Яго і Ягоную дзівосную веліч.