Анатоль Трафімчык
1939 год і Беларусь. Забытая вайна
У афармленні вокладкі выкарыстана фатаграфія, на якой адлюстравана сяброўская сустрэча савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў у Брэсце ў верасні 1939 г.
© Трафімчык А.В., 2014
© ІП А.М. Янушкевіч, 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Прадмова
Аўтару гэтых радкоў яшчэ з малалецтва, знаходзячыся іншым разам пад наглядам дзеда, даводзілася чуць аповеды пра жыццё «за польскім часам». Стваралася ўражанне, што ў тагачаснага пакалення жыццё разбілася на два перыяды: польскі і савецкі (нямецкая акупацыя і масавы прызыў у Чырвоную Армію ў 1944 г. з адсылкай на фронт стаялі чамусьці ўбаку і займалі месца няшмат). Зрэшты, так яно і было. Бо «за Польшчай» засталася маладосць таго пакалення.
У чутых аўтарам успамінах, зразумела, не было глыбокага аналізу падзей, супастаўленняў і параўнанняў. Некаторыя дзяды яшчэ доўга не выказваліся – баяліся. Хоць часы пасля развалу СССР насталі ўжо даволі спакойныя. Але ад аповедаў звычайна веяла нейкім метафізічным арэолам загадкавасці. Ужо тады карцела даведацца, куды і як тое знікла, растварылася. Тут звычайна наступаў прагал. Збольшага згадваліся «першыя саветы» – як заканчэнне «таго, што раньш было». Дзіцячая цікаўнасць заставалася незадаволенай.
Дзяцінства кожнага чалавека ў многім спрычыняецца да яго дарослага шляху. Гэта банальная ісціна спрацавала і ў дачыненні да кнігі, якую вы трымаеце ў руках. У гады студэнцтва ў сярэдзіне 1990-х гг. я зноў выйшаў да тэмы змены эпох – з польскай на савецкую. Дапамог выпадак (хоць сёння ён бачыцца пэўнай заканамернасцю) – сустрэча з прафесарам Міхаілам Андрэевічам Дабрынінам. Пратоптванне новых сцяжын вялося па яго каштоўных падказках. Далей – болей. Скрупулёзная праца ў беларускіх і польскіх архівах. Кансультацыі з навуковымі спецыялістамі розных краін. Абарона дысертацыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Шматлікія публікацыі ў айчынным і замежным друку. Чым глыбей даследаваўся той пераломны час, тым багацейшым ён адкрываўся на грамадскія з’явы, аналітычныя аспекты і ўвогуле розныя нюансы ды парадоксы…
Падзеі 1939 г., звязаныя з пачаткам Другой сусветнай вайны, не ўзніклі на голым месцы. Да іх чалавецтва ішло два дзесяцігоддзі. Пра гэта апублікавана нямала кніг і артыкулаў. Аднак у іх шматлікасці не знаходзіцца месца факусіраванню на беларускай краіне і яе народзе. А такі погляд, між іншым, выяўляе дадатковыя грані гістарычных падзей, часам нечаканыя павароты – як беларускай гісторыі, так і агульнаеўрапейскіх міжнародных адносін. Сёння, калі мінула тры чвэрці стагоддзя і жывых сведак становіцца ўсё меней, асабліва важна асэнсаваць шмат у чым шырокавядомы факталагічны матэрыял, прадставіўшы яго як праз прызму бачання тагачасных беларусаў, так і з гледзішча рацыі Беларусі як сучаснай дзяржавы і суб’екта міжнароднай палітыкі. Гэтая работа і паклікана дапамагчы разабрацца ў падзеях, якія паклалі пачатак Другой сусветнай вайне на Беларусі.
Задача ставіцца няпростая. У 1920–1930-я гг. беларускі край апынуўся паміж двух агнёў – панскай Польшчай і бальшавіцкай Расіяй, якія падзялілі яго паміж сабой у 1921 г. Таму і ўспрыманне сацыяльна-палітычных і ваенных калізій па абодва бакі мяжы, якая на дваццаць гадоў разлучыла беларускі народ, было адрозным.
Інтэрпрэтацыі гістарычных падзей у гісторыкаў з розных краін часта абумоўленыя ідэалагічнай заангажаванасцю. А гістарычная навука Савецкага Саюза наогул не дапускала беларускага нацыянальнага пункта гледжання. Панавалі агульнасавецкія (марксісцка-ленінскія) трактоўкі, якія атаясамляліся хутчэй з расійска-імперскімі, чым з беларускімі поглядамі, падыходамі і ацэнкамі. Часта ў даследаваннях гісторыкаў меў месца аднабаковы падбор фактаў – прыхоўваліся звесткі, якія ішлі ў разрэз з прынятай дагматычнай канцэпцыяй. Так, савецкая гістарыяграфія настойліва абвяргала дзеянні кіраўніцтва СССР, якія былі скіраваны не на справу міру, супрацьстаўляючы ў гэтым сэнсе Краіну Саветаў усяму свету. У падручніках і абагульняючых працах тэме Заходняй Беларусі адводзілася нашмат меней месца, чым БССР, хоць краіна была падзелена прыкладна на роўныя часткі.
Бачанне падзей напярэдадні і на пачатку Другой сусветнай вайны праз прызму гісторыі Беларусі і яе народа па сённяшні час выглядае бедна ў беларускіх публікацыях – і ў навуковых, і ў папулярных. А без яго немагчыма асэнсаваць значэння таго гістарычнага пералому як у міжнародным кантэксце, так і ўласна ў рэчышчы беларускай гісторыі, культуры і ідэнтычнасці нацыі. Ліквідацыя гэтага прагалу – таксама актуальная задача. Напрацоўкі даследчыкаў з суседніх краін не заўсёды даюць вычарпальныя адказы, бо іх мала цікавіць Беларусь як самастойны, самадастатковы арганізм. Таму ў нашым выпадку прынцыповай справай стала канструяванне і тлумачэнне падзей 1939 г. – пачатку Другой сусветнай вайны і аб’яднання дзвюх частак Беларусі пад савецкім крылом – зыходзячы з іх значэння для Беларусі, засяроджванне ўвагі на беларускіх лініях і сюжэтах.
Па словах вядомага чэшскага пісьменніка Мілана Кундэры, «ніводную гістарычную падзею нельга лічыць агульнавядомай». Многія звесткі чытачам будуць збольшага (а часам шырока да банальнасці) знаёмымі. Але надзвычай важна нават «заезджаную» інфармацыю суадносіць і супастаўляць у святле значэння для Беларусі і для беларускага народа. Такі падыход іншым разам даваў неверагодныя вынікі, якім не раз даводзілася здзіўляцца і мне самому. Часам было неабходна толькі паглядзець на знаёмы матэрыял, даўно ўведзены ў навуковы зварот, пад беларускім ракурсам – як дзяржаўна-нацыянальным, так і чалавечым. Пакрысе рабілася зразумела, што кніга не толькі адкажа на многія пытанні, якія турбавалі з дзяцінства, але і адкрые новыя праблемы, даследчыцкія далягляды ў вывучэнні таго найскладанейшага часу.
Каб глыбей зразумець падзеі катастрафічнага для свету 1939 г., неабходна пачаць вывучэнне з вынікаў Першай сусветнай вайны. Беларусь тады ўпершыню акрэслілася ў якасці не проста краіны, этнічнай вобласці, але і адміністрацыйнай адзінкі. Калі дагэтуль Беларусь як такая існавала толькі для даследчыкаў, якія вывучалі яе культуру і этнаграфію, дык з утварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. і наступнымі бальшавіцкімі праектамі ў выглядзе савецкіх рэспублік беларускія пытанні стала занялі месца на міжнароднай арэне. Натуральна, сітуацыя падзеленасці Беларусі паміж Расіяй і Польшчай з адначасовым усталяваннем паняцця «Заходняя Беларусь» стала грунтам для кардынальных сацыяльна-палітычных трансфармацый у будучыні. Таму для яснасці ў рэпрэзентацыі матэрыялаў прысутнічаюць дзве плоскасці палітычных падзей:
• сусветны (еўрапейскі) кантэкст – як фон, на якім вылучаецца гісторыя Беларусі, і як глеба, на якой «гадавалася» палітычнае развіццё беларускай зямлі;
• непасрэдны беларускі фокус – калі ў цэнтр увагі ставіцца Беларусь як аб’ект і суб’ект еўрапейскай палітыкі.
Зразумела, найбольш пільная ўвага ў кнізе прыкавана да падзей восені 1939 г. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі:
• вызваленне / уз’яднанне / анексія / акупацыя Заходняй Беларусі. Тут стаяла мэта паказаць, як праектавалася дыпламатычнае, а затым і ваеннае разгортванне падзей;
• саветызацыя (усталяванне савецкага рэжыму) і яе наступствы. Тут цікавіць пытанне, з чым ішлі бальшавікі на заходнебеларускія землі і што насамрэч прынеслі.
Гэтай кнігі як выніку працяглых даследаванняў і рэфлексій не атрымалася б без інтэнсіўных кантактаў і плённага супрацоўніцтва з даследчыкамі самых розных краін, перадусім Беларусі і суседзяў. Акрамя М. Дабрыніна (Брэст), якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, у першую чаргу трэба згадаць Уладыслава Фёдаравіча Версцюка (Кіеў), Фёдара Данілавіча Клімчука (Мінск), Яўгена Мірановіча (Беласток), Захара Васілевіча Шыбеку (Хайфа). Усім ім я выказваю асаблівую ўдзячнасць.
Выданне, якое вы трымаеце ў руках, на жаль, не змогуць прачытаць бацькі аўтара. Народжаныя «за Польшчай» Віктар Трафімчык і Яніна (у дзявоцтве Муха) – адпаведна ў 1937 і 1939 гг. – не так даўно адышлі ў вечнасць. Іх светлай памяці і прысвячаецца гэтая кніга.
* * *
Спадзяюся, што гэтае знаёмства з драматычнымі падзеямі 1939 г. не проста запатрабуе, а прымусіць шаноўнага чытача дадаткова думаць, разважаць, шукаць. Прымусіць кожнага, хто гэтым выданнем не пагрэбуе.
Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны
Першая сусветная вайна і новая канфігурацыя сіл у свеце
1914–1918 гг. былі азмрочаны для чалавецтва вайною, у якой прынялі ўдзел вядучыя дзяржавы свету, уцягнуўшы ў бурхлівы вір і многія невялікія народы. Лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін пасля першага года вайны справядліва выказаўся:
«это есть война между двумя группами разбойнических великих держав из-за дележа колоний, из-за порабощения других наций, из-за выгод и привилегий на мировом рынке».
Галоўнай прычынай вайны стала імкненне перадусім Германскай імперыі, якая ўтварылася толькі ў 1870 г., да перадзелу свету, у прыватнасці, заморскіх калоній. Зразумела, ні Вялікабрытанія, ні Францыя, ні іншыя краіны не жадалі страчваць набытыя рознымі шляхамі землі на глобусе, які з пачатку ХХ ст. пачаў увачавідкі цяснець.
Расійская імперыя таксама разраслася. Аднак у адрозненне ад іншых вялікіх дзяржаў, якія павялічвалі свае плошчы за кошт заморскіх уладанняў, Расія ад ХVІ да ХІХ ст. узбуйнілася на еўразійскім мацерыку: з’яўляючыся спачатку Маскоўскім княствам, абвясціла сама сябе царствам. Яна ўвесь час захоплівала землі суседзяў, а затым, пры Пятры І, ператварылася ў Расійскую імперыю і з поспехам паднявольвала тэрыторыі, дзе дзяржаўнасць:
• толькі зараджалася, – напрыклад, у Сібіры;
• мела старажытны характар, хоць агульны культурны ўзровень заставаўся параўнаўча адсталым (лепей сказаць, спецыфічным), – краіны Сярэдняй Азіі;
• узнікла раней, чым на землях паўночна-ўсходняй Русі, і мясцовыя народы паспелі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, – сённяшнія Беларусь і Украіна, а таксама прыбалтыйскія краіны.
Апетыты заходніх каланіяльных дзяржаў за ХІХ ст. трохі зменшыліся, бо больш ужо не было куды разрастацца. А ў Расіі наадварот – выспела дактрына «вызвалення» славянскіх братоў на Балканах і Канстанцінопаля як галоўнага праваслаўнага цэнтра, які ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў складзе Асманскай імперыі (Турцыі). Мара пра Басфор і Дарданелы – пралівы па шляху з Чорнага ў Міжземнае мора – зрабілася навязлівай у галовах расійскіх цароў, палітыкаў і генералаў. Яшчэ адным падобным трызненнем стала фантастычная ідэя «памыць боты» ў Індыйскім акіяне.
У заключнай трэці XIX ст. у Еўропе паўсталі дзве амбітныя дзяржавы – Германія і Італія – з магутным інтэлектуальным патэнцыялам і глабальнымі каланізатарскімі замашкамі. Да Першай сусветнай вайны на міжнароднай арэне ўтварылася наступная расстаноўка сіл: з аднаго боку паўстаў Чацвяртны саюз у складзе Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый, а таксама Балгарыі, з другога ўтварылася Антанта, дзе рэй вялі Вялікабрытанія (Англія), Францыя, Расія.
Усяго ў вайне прынялі ўдзел 38 (з 55 існуючых) дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек (87 % ад усяго насельніцтва зямлі), у войскі было мабілізавана каля 75 млн чалавек (так, на Беларусі ў расійскую армію быў рэкрутаваны кожны другі мужчына).
Лічбы ахвяр уражваюць: больш за 10 млн забітых і памерлых ад ран салдат, каля 12 млн мірных жыхароў былі забіты ці памерлі ад эпідэмій і голаду, не менш за 20 млн было паранена альбо пакалечана. У розных крыніцах лічбы могуць адрознівацца. Але іх маштаб паўсюль аднолькавы: лік ішоў на дзясяткі мільёнаў!
Першая сусветная вайна, як прынята лічыць, закончылася 11 лістапада 1918 г. Па яе выніках Германія прайграла і моцна абмяжоўвалася, перадусім у ваенным патэнцыяле. Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі зусім распадаліся.
Адбыўся своеасаблівы «парад суверэнітэтаў» – дзяржаўнасць атрымалі многія малыя народы Еўропы. Дастаткова ўспомніць суседзяў Беларусі: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію. Але не ва ўсіх спраўдзілася спроба здабыцця незалежнасці ў канцы Першай сусветнай вайны: не стала паўнавартаснай дзяржавай Беларуская Народная Рэспубліка, дый Украіна не ўтрымалася як незалежная дзяржава – і гэта нягледзячы на мацнейшую нацыянальную самасвядомасць насельніцтва і мабілізацыю баяздольных узброеных сіл, а таксама знешнюю падтрымку.
Калі кажуць, што па выніках Першай сусветнай вайны распалася і Расійская імперыя, гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Бальшавікі, якія на працягу 1917 г. змаглі змяніць царскую ўладу і Часовы ўрад, захавалі нядаўнюю «турму народаў» (па трапным выказванні У. Леніна), утрымаўшы ў яе лоне не толькі Беларусь і Украіну, але і каўказскія і сярэднеазіяцкія народы. Стратамі аказаліся Фінляндыя, Польшча, Прыбалтыка. Аднак і гэтыя аддзяленні Крамлём разглядаліся як тактычныя і, адпаведна, часовыя. А створаны самімі бальшавікамі міф пра распад Расійскай імперыі быў ім выгадны: пасля знішчэння «турмы народаў» («стары парадак мы зруйнуем») на яе расчышчаным месцы мела паўстаць светлая камуністычная будучыня («і свет на новы лад збудуем» – вядомыя словы з камуністычнага гімна «Інтэрнацыянал»).
Геапалітычная сістэма пасляваеннай светабудовы атрымала назву Версальска-Вашынгтонскай – ад гарадоў, дзе на працягу 1919 г. былі ўкладзены асноўныя дамоўленасці. Тым не менш, адзін з французскіх генералаў публічна заявіў, што насамрэч вайна не скончана – наступіў толькі перапынак у баявых дзеяннях. Час паказаў рацыю вайскоўца.
Галоўнай прычынай адтэрміноўкі заканчэння Першай сусветнай вайны сталі надзвычай умелыя, эфектныя – як у тактыцы, так і на перспектыву – палітычныя дзеянні бальшавікоў. Бальшавіцкая партыя на чале з Леніным змагла дамовіцца з Берлінам аб вялікіх субсідыях на дэстабілізацыю абстаноўкі ўнутры Расіі шляхам рэвалюцыі і забеспячэнні яе далейшага выхаду з вайны. Германія ваявала на два франты, што вяло яе да паражэння, а добраахвотны выхад з вайны Расіі ліквідаваў бы адзін фронт, нават больш таго – узмацніў бы нямецкую эканоміку і армію рэпарацыямі. З іншага боку, бальшавікі адпусцілі ў незалежнае жыццё некалькі краін з Расійскай імперыі, не столькі з-за сваёй дабрыні і дэмакратычнасці, колькі з прычыны адсутнасці магчымасцей утрымаць фінаў і палякаў у лоне «турмы народаў» (а спробы ўтрымаць былі). На пачатковым этапе савецкай уладай ставілася задача замацавацца прынамсі на абмежаванай тэрыторыі і захаваць «ачаг» камуністычнай рэвалюцыі.
Бальшавікі глядзелі далей, чым кіраўніцтва заходніх краін, і тым больш, чым палітыкі новапаўсталых дзяржаўных утварэнняў. Галоўнай, канчатковай мэтай, якую бачыў Ленін, была сусветная рэвалюцыя, у тым ліку ў Германіі. Таму ён быў гатовы аддаваць (і тым больш абяцаць!) любыя матэрыяльныя багацці (грошы, каштоўнасці, землі), спадзеючыся, што скора ўсё вернецца пад іх уладу. Прывядзём словы лідара савецкай Расіі: