Кузьма Чорны
Трэцяе пакаленне
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Частка першая
I
У ясную раніцу Кандрат Назарэўскі паволі ішоў паўз лес каляіністай дарогай. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Скрозь блішчала роснае ржышча і на ім – снапы. Фыркаў конь, выбіраючы траву.
Кандрат Назарэўскі аніяк не аддаваў увагі ні сонцу, ні цішыні на полі і ў лесе. За апошнія гады яму ўелася ў косці ўсё гэта і зімой, і ўлетку. Вайна заўсёды адбываецца і ў полі, і ў лесе, а Кандрат Назарэўскі з самага пачатку вайны з палякамі фронту ніколі не пакідаў. Ён нёс цяпер у сабе радасную здаволенасць. Уся мясцовасць, якою ён цяпер ішоў, была ўжо некалькі дзён савецкая. Чырвоная Армія ўжо далёка прайшла наперад. Праз дні два ён дабярэцца дадому, да бацькі, і за месячны водпуск паправіцца ад лёгкай вінтовачнай раны ў назе і тупога болю ў плячах і шыі.
Ён меў пры сабе нарад на фурманку з суседняга хутара. Гэтага хутара ён і шукаў цяпер. За гадзіну часу да гэтага ён пакідаў свой начлег у вёсцы, за лесам; перад адыходам сядзеў на прызбе, а гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад на Скуратовічаў хутар, каб там далі чырвонаармейцу Назарэўскаму фурманку. Даючы яму ў рукі паперу, стараста як бы апраўдваўся:
– Тут вёрст нават дзвюх не будзе, от так проста, паўз лес. Я вам з вёскі даў бы каня, дык усе ў абоз пад Варшаву паехалі, а ў каго дзе конь дома, дык на ім уся вёска з поля снапы возіць. А ў Скуратовіча трое коней, і, я ведаю, усе дома. Ён коні ў лесе хавае. Вы адно націскайце на яго добра.
Кандрат Назарэўскі заўважыў, што чым больш падаваўся ён на ўсход, тым больш згладжваліся на зямлі сляды нядаўняй вайны. А тут ужо зусім як бы забыліся людзі на гэтую страшную навалу – скрозь спакойна рабілі сваю работу. Чалавек на полі сказаў яму, што зараз будзе вузкая дарога ў лес, на Скуратовічаў хутар.
Лесам Кандрат Назарэўскі не ішоў доўга. Дарога ў лесе адразу пайшла ў лог. Пачаўся густы ельнік. Пры дарозе папараць зусім была мокрая ад расы. Каршачок плаваў над ельнікам, дзесьці блізка сакаталі куры. Неўзабаве бліснула паляна. Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку, вузкая дарога ўся была ў высокай траве. Дуплаватыя дзічкі сям-там раслі на полі. Скрозь быў іржэўнік з-пад жыта і ярыны. Авёс стаяў на полі ў крыжыках. Навокал быў лес – яліна і хвоя, толькі з аднаго боку поле злівалася з небам і ледзь відны былі з-за ўзгорка вярхі хатніх стрэх.
Кандрата Назарэўскага спаткалі сабакі страшэнным брэхам. Двор быў абгароджаны старым частаколам. Яловыя частаколіны парассоўваліся ў бакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі. Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы, стаялі над мураваным скляпком. Насупраць склепа адчынена была шырокая стайня. Кандрат Назарэўскі туды адразу і рушыў. Коней нідзе не чуваць было. I нікога нідзе. Два сабакі проста-такі рвалі чырвонаармейца, стараліся хапаць зубамі за абмоткі на нагах, аж захлёбваліся прарэзлівым брэхам. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі і з большай яшчэ заядласцю кінуліся зноў. Нарэшце адзін ірвануў-такі зубамі за нагу. Чалавекам апанавала злосць. Ён папусціў ламачынаю і якраз уцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Сабака заенчыў, падтуліў хвост і кінуўся наўцёкі. Імчаўся проста пад нізкую агароджу, за якой стаяў дамок з жоўтымі вокнамі. Недзе ўжо там сабака захлёбваўся немым енкам, а другі кідаўся на чырвонаармейца. Але з адным сабакам саўладаць было лягчэй. Чырвонаармеец пайшоў к дамку. Ніхто ніадкуль не выходзіў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых каменях і гнуліся пад нагамі. Дзверы замкнёны не былі, і чырвонаармеец увайшоў у маленькія сенцы на падлозе. Сабака астаўся на двары. Пасля сянец быў пакой, немалы паводле самога дамка.
Цяпер ужо нельга было не абазвацца, калі чужы чалавек увайшоў у хату, і з бакоўкі абазваўся жаночы голас:
– Хто там?
Старая жанчына ўвайшла з бакоўкі. Трэба думаць, што яна праз акно бачыла, на каго брахалі сабакі, бо нешта вельмі ж ужо адразу сказала:
– Чаго вам трэба, таварыш?
– Мне трэба фурманка, – адказаў Кандрат Назарэўскі. – От паперка ад старасты. Я ранены і хворы, еду дадому на папраўку.
Апошнюю фразу ён дадаў, убачыўшы халодны позірк старой жанчыны.
– А ці далёка вам ехаць?
– Вёрст сорак.
– Яно такі і трэба было б даць вам фурманку, але ж коней нашых няма дома. Усе ў абозе. Тры кані было, дык аднаго палякі пагналі з сабою, а два – у абозе. 3 чырвонаармейцамі паехалі… I ліха яго ведае, гэтага старасту, чаго ён ад нас хоча, чаго ён да нас чэпіцца. Ён жа ведае, што коней нашых дома няма.
Кандрат Назарэўскі паспрабаваў узяць па добрасці:
– Я скрозь не паеду на вашай фурманцы. Вёрст дваццаць, пятнаццаць праеду, а там фурманку змяню.
– Дык дзе ж я вам вазьму тую фурманку!
Кандрат Назарэўскі сеў на старасвецкую, абточаную шашалем, канапу. Пасля валтузні з сабакамі рана на назе пачала ныць. Занылі плечы, грудзі. Ён пайшоў на адкрытую:
– Давайце зараз жа фурманку!
Жанчына паціснула плячыма і таксама села ля дзвярэй на абабітае паркалем крэсла, старое, збітае цвікамі. Яна нарыхтавалася маўчаць. Чырвонаармеец чакаў адказу і разглядаў пакой.
Над камодам віселі фатаграфіі. Тутэйшы фатограф, можа, павятовы які ці местачковы, быў невялікі майстар: на адной фатаграфіі чалавек выйшаў з нейкім пагнутым носам (калі толькі сапраўды нос у яго быў просты), з адтапыранымі губамі. Вочы сядзелі глыбока, і ў іх было задавальненне. Вусы былі закручаны стрэлкамі. Ён сядзеў на нейкай мадэрнізаванай фатаграфскай ламачыне, а поплеч яго стаяла жанчына, паклаўшы яму руку на плячо. Ён сядзеў, а яна стаяла і здавалася высокай. Гэта была тая самая жанчына, што сядзела цяпер ля дзвярэй і старалася не глядзець на Кандрата Назарэўскага. На фатаграфіі яна была год на дваццаць пяць маладзейшая. У яе чалавека вісеў на грудзях на камізэльцы шырокі ланцужок ад гадзінніка. Вываксаваныя боты на здымку выйшлі белыя. Жанчына была адзета пад тагачасную моду. Такое адзенне магла падараваць тады якая-небудзь пані сваёй улюбёнай ахмістрыні.
На другой фатаграфіі Кандрат Назарэўскі разгледзеў чалавека таксама з падкручанымі ў стрэлкі вусамі, але постаць гэтая куды была зграбнейшая. Калі на першай фатаграфіі так і відаць было адразу, што тут мужык выбіўся ў паны, то гэты, здаецца, спрадвеку каля паноў аціраўся. I манішка на ім была цвёрдая, і гальштук упоперак спрытна падвязаны. А побач была яшчэ трэцяя фатаграфія. На ёй быў знят малады хлапец. Зусім малады. Бязвусы, у галіфэ, у фрэнчы з кішэнямі і кішэнькамі ўсюды. Ён сядзеў, паклаўшы нагу на нагу; валасы на галаве намачыў і прыгладзіў, прабраўшы роўненькі прабор збоку. Кандрат Назарэўскі раптам падняўся з канапы і падышоў да фатаграфіі. Ён пазнаў гэтага хлапца. Ён глянуў на жанчыну.
– Ну, дзе ж я вам таго каня вазьму, – сабраўшы ўсю сваю штучную ласкавасць, сказала яна.
Кандрат Назарэўскі рашуча павярнуўся да жанчыны. У яе недзе над вачыма, у брывах, ішла рыса, уласцівая твару сфатаграфаванага хлапца. «Маці!» – падумаў Кандрат Назарэўскі.
– А дзе ж ваш Анатоль цяпер? – секануў ён, не зводзячы вачэй з жанчыны.
Старая раптам збянтэжылася, замыляла губамі, загаварыла:
– Вы нашага Анатоля ведаеце? Хто ж вы такі будзеце? Адкуль вы?
I раптам яна пасмялела. Нейкая новая думка, відаць, нарадзілася ў яе. Яна, здаецца, падумала, што гэты салдат свой чалавек, што ён зусім гэта не ў водпуск ідзе. «Мусіць, нешта тут іншае. Можа, проста ўцякае дадому з войска».
– Дык вы сядайце, – сказала яна. – Дадому ніколі не позна. Заедзеце. Можа б, вы з’елі чаго? Вы Толіка нашага ведаеце?
– Ведаю. Я з Анатолем Скуратовічам быў калісьці ў адной часці. Як палякі занялі былі гэтую мясцовасць, мы адступалі і праходзілі тут непадалёк. Я мясцовасць пазнаў. To ён тады і знік. Хто быў у нашай часці адгэтуль зблізку родам, то адразу і падумалі, што Скуратовіч астаўся тут, дадому пайшоў.
– Што вы гэта кажаце! Яго як змабілізавалі былі тады, як яшчэ палякі сюды не прыходзілі, дык ад таго мы яго і не бачылі. Можа, дзе галаву склаў!
– Наша часць была тады тылавая. Начавалі і мы разам у адной хаце. А раніцай прачнуліся – аж яго ўжо няма.
– He ведаю… He ведаю… Божа мой, Божа!
Рысы твару яе ахаладзелі, губы сцяліся.
– Мне трэба ехаць.
– Няма ніводнага каня дома.
– А што будзе, калі я найду?
– Шукайце. Я адна дома.
– А дзе ж гаспадар?
– Я ж вам казала, што ў абоз пагналі.
Нейкая новая думка, мусіць, зноў апанавала жанчыну, яна збянтэжана заварушылася, паглядзела ў акно, вярнулася да дзвярэй, сказала чырвонаармейцу:
– Я і сама не ведаю, дзе вам тую фурманку ўзяць. Хіба, можа, я так дзе-небудзь выстараюся. У нас ходзіць за гумном конь, што салдаты кінулі некалькі дзён таму. Ён, сказаць, і не наш жа, казённы. Няхай акрыяе крыху, а тады, можа, зноў якая часць забярэ… Хіба на ім вы паедзеце?
Яна ўжо не гаварыла больш, што гаспадара няма дома. Кандрат Назарэўскі думаў: «Яна ад мяне стараецца хутчэй пазбавіцца».
– Дзе ж ваш Анатоль цяпер? – зноў запытаў ён.
– Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль. Божа мой, Божа!
Яна пусціла слязу.
– А ён жа зняты на фатаграфіі зусім нядаўна.
Кандрат Назарэўскі перавярнуў фатаграфію на другі бок.
I фатаграфісцкі штамп быў ужо на польскай мове: павятовы майстар быў ужо дапасаваўся да новай улады.
– Пры паляках здымаўся ваш Анатоль?!
– Божа мой, чаго вы хочаце ад мяне? Мы нічога не чулі пра нашага Толіка.
I жанчына выйшла з хаты. Яна спусцілася з падгнілага ганка на маленькі дворык, адгароджаны ад вялікага нізкай агароджай, абсаджаны маладымі ліпамі, увесь у рэштках ранейшага кветніку: у некалькіх мясцінах у непарадку расла недагледжаная півоня, буялі жоўтыя сцеблаватыя кветкі; флёксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Скрозь была трава, мятліца – як паплавец які перад ганкам. Каля платца куры дзяўблі штосьці з каўша, чарада індыкоў і качак цягнулі шыі праз плот да яды.
Кандрат Назарэўскі бачыў праз акно, як жанчына адчыніла брамку, як пайшла кудысьці за скляпок. Там яна і знікла з вачэй. Кандрат Назарэўскі разглядаў пакойчык. На камодзе пажаўцела і запылела сарвэта. Счарнелы агрызак яблыка красаваўся на ёй. Адна на адной ляжалі тры ці чатыры кнігі: касцельныя зеленкаватыя кантычкі, «Практическнй, семейный и для молодых людей письмовник», «Сонннк – объяснение сновидений» і «Оракул». Над дзвюма дзвярыма вісела па карціне ў рамках і за шклом: на адной карціне лясная выжарына і на ёй сыходзяцца два цецерукі сярод сухіх верасоў, на другой – сабакі гоняць лося і паляўнічы страляе з-за дрэва. Карціны местачковага ўжытку, па капеек чатыры кожная ў даваенны час, аддрукаваныя на шэрай паперы. Вазоны стаялі на вокнах і каля іх. Кандрат Назарэўскі яшчэ раз глянуў на фатаграфію Анатоля Скуратовіча: малады круглы твар, у постаці імкненне трымацца дасціпна; пра гэта, відаць, і былі толькі думкі тады, калі здымаўся.
На двары загаварылі. Паўз вокны ішоў стараваты чалавек, за ім тая самая жанчына. «Дома ж, аднак, – думаў Кандрат Назарэўскі. – Як жа ён будзе апраўдвацца, што раптам апынуўся дома?» Але і гаспадар і гаспадыня стараліся не ўспамінаць пра гэта.
– Зараз паедзем, – сказаў чалавек, беручы з камода скрыпачку з тытунём. На твары яго ляжаў клопат; ён нават і не быў падобны да свайго здымка над камодам: там была навек усталяваная нерухомасць, тут чалавек жыў, трапятаўся, думаў. Ён закурыў, даў закурыць Кандрату Назарэўскаму і пайшоў запрагаць. 3 парога азірнуўся:
– Бяда толькі, таварыш, што вельмі неспакойна ў нас. Бандыты ў лесе ёсць, а лес жа ў нас усюды, куды ні глянь. Ці ў вас хаця зброя якая ёсць пры сабе? Я дык і ехаць пабойваюся.
Кандрат Назарэўскі не паверыў пра бандытаў:
– Зброя ў мяне ёсць, няма чаго баяцца!
Пакуль чалавек запрагаў, жанчына прынесла хлеба і малака. Яна старалася гаварыць добра. Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Жанчына разгаварылася:
– Якое гора – вайна! От за гэтыя дні колькі вёсак спалілі. I колькі людзей гіне! Мы самі, сказаць, жывём на адзіноце, дык праз некаторы ўжо год – абы стукне што дзе ўвечары ці ўночы, дык мы і памлеем, здаецца, ужо ідуць.
– Хто ідзе?
– Мала хто! Як прыйшлі былі немцы, дык у нас дзве каровы забралі. Палякі цялушку забралі.
Гаспадар увайшоў у хату:
– Раквізіца была. Скажыце, таварыш, а цяпер раквізіцы не будзе?
Жанчына загаварыла зноў:
– Я от толькі не разумею, таварыш… вядома, мы, сказаць, простыя людзі, мы пытаемся пра ўсё. Нашто чапаць ралігію? Цара скінулі, паноў прагналі, ну, добра. Ну, а ралігія? Усё ж такі без ралігіі чалавек як звер будзе, калі ён не чуцьме над сабою Бога. Чалавек павінен мець у сэрцы нейкую літасць да другога чалавека. А без Бога – як жа ён будзе?
– To Бог ёсць, ці толькі трэба, каб быў?
– Як жа гэта Бога няма?! Адно што веры ёсць усялякія. А сярод іх адна вера павінна быць праўдзівая. Што ж, скажам, руская вера! Там найбольш было ашуканства. Мошчы, мошчы – крычалі. Пакладуць пару касцей, абложаць ватай, абмажуць воскам, і кланяйся, і маліся. А пасля – бальшавікі гэта добра зрабілі. Як паглядзелі на ўсё гэтае ашуканства, дык і… каталіцкая вера заўсёды з гэтых мошчаў смяялася. Наш Толік, як быў у войску, сам гэтыя мошчы бачыў.
Яна збянтэжылася і пашкадавала, што неабдумана лішні раз успомніла пра свайго сына.
– А вы каталікі?
– У нас напалам. Я сама каталічка, а муж праваслаўны.
Тут загаварыў гаспадар:
– Я ўвесь свой век вялікі меў клопат. Іншаму здаецца, што калі хто што мае, дык гэта з неба гатовае скінулася. Я некалі, як прыйшоў быў з салдатаў, то мне казаў сам прыстаў, каб я ў стражнікі падаваўся, але я не захацеў, бо ў мяне натура такая, што не магу з бізуном або з штыхом над чалавекам стаяць. А паліцэйскі з гэтага хлеб еў. Я люблю, каб у злагадзе з людзьмі. Жылі мы на паўвалоцы з бацькам, там у вёсцы, за лесам, вы калі ішлі, дык бачылі тую вёску. Я паўвалоку прадаў, а сам купіў тут, якраз панскі клінок у сялянскае заходзіў, сяляне травілі. Пан і прадаў. Грошай у мяне не хапіла, то я ў мястэчку крамку быў адчыніў, пасля свінні і каровы перакупліваў 3 даўгамі разлічыўся. Але здаў быў гэтую зямлю людзям на палавіну рабіць, а сам пайшоў да таго самага пана ў маёнтак за аканома. Пяць год служыў, а тады тут забудаваўся. А на ўсё гэта клопат патрэбен быў. Турбота вялікая… Цяпер яно так усё як да часу. Трэба было б будынкі пааглядаць, агароджу паправіць, але, можа, хіба паспакайнее на свеце: вайна, рэзрух…
– А чаму ж вы пры паляках не агледзелі свайго хутара? Спакойна ж было. Улада была цвёрдая, – сказаў Кандрат Назарэўскі, паглядаючы на гаспадара.
Той раптам змоўк. Больш не гаварыў пра сябе. Толькі сказаў пра пана:
– За ўсімі ўладамі цяпер цяжка – вядома, вайна. За палякамі пан сюды прыязджаў, той, што я ў яго зямлю гэтую купіў. Збяднеў за гэты час і ён. Яшчэ з пачатку рэвалюцыі ён быў з маёнтка свайго ўцёк і жыў у нашым гарадку, у павеце. Перад самымі палякамі яшчэ паехаў я раз у горад, спатыкаю яго, а ён мне «дзень добры» першы дае. Дастаў з кішэні партабак, пачаў круціць папяросу і кажа мне: «Вас я сваім тытунём не частую». Закурыў ён; я чую па дыме, што нейкі дзіўны тытунь. Што гэта, пытаю, пан курыць? «Вішнёвае лісце», – кажа. I паказаў. Гляджу – праўда.
– Божа мой, Божа! – абазвалася гаспадыня.
– Небарак пан, – паківаў галавой Кандрат Назарэўскі.
Пайшлі садзіцца ў воз. Запрэжаны конь быў высокі, худы – адны косці і скура – з казённым кляймом на сцегняку. Пярэднюю нагу ён трымаў падняўшы, сагнуўшы ў калене.