Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорный 3 стр.


«У самыя трывожныя свае хвіліны ён не пакідае думаць пра сваю цвёрдую ўладу», – падумаў Кандрат Назарэўскі і ўжо больш не падаваў свайго голасу. А той усё гаварыў, гаварыў без канца, маючы ў гэтай сваёй гаворцы сваю асалоду. Ён гаварыў пра новыя гатункі скарбовага жыта, што ён гэты гатунак ужо і сам ад пана сабе завёў. Што, каб не вайна і рэвалюцыя, ён бы ўжо свой сепаратар меў бы.

– У мяне малако праз цынтрыфугу, пане мой, праходзіла б.

– Колькі ў вас парабкаў было да вайны?

– Найбольш два.

– А цяпер?

– А цяпер адно пастушок. Зімою ён у мяне таксама робіць, але за гэта я яму асобна прыплачваю. Бацька яго рад – хоць крыху малы заробіць. Я яго не крыўджу, хлеба даю. Бедната, не дай божа, галодныя і голыя. Сэрца баліць. На полі сын мой робіць. Вучыцца яму вайна не дала. Так давялося яму, небараку, астацца. Перарос зусім, пакуль там якое ўсталяванне… Я думаў Анатоля за доктара выводзіць, аж не выйшла. Час такі. Чатыры класы гімназіі прайшоў, і з-за неспакою на свеце прыйшлося кінуць. У нас мясцовасць добрая – лес смольны, рэчка, хоць невялікая. Каб сын выйшаў за доктара – ух, што б мы тут маглі б зрабіць! Я мог бы выбудаваць больніцу сваю ўласную, сын кіраваў бы ўсім. Фельчары былі б пры ім…

– Свае, – не вытрымаў Кандрат Назарэўскі.

– А што вы думаеце? Чалавек з галавою мог бы…

– Гэта ж можна было абагаціцца, маёнтак справіць…

– Пане мой, дзіва што!

– А вы лепш паганяйце каня, мне трэба скарэй даехаць.

Скуратовіч паглядзеў на Кандрата Назарэўскага і спыніў гаворку. Лясы адыходзілі на далягляды і пасля зноў сыходзіліся на дарозе. Лясныя выжарыны трапляліся часта, балотныя выспы, забалочаныя паляны ішлі ўсё часцей. Торф выступаў скрозь. Здавалася – уся зямля чарнее торфам з-пад травы. Лес пачынаў драбнець. Усё торф і торф. Часамі, дзе ўжо зусім нізка было, ішоў спрэс каржакаваты хвойнік, крывы бярэзнік, купчасты алешнік. Пасля дарога зноў ішла пад гару, і выносістыя хвоі зноў цягліся ў неба.

– Ах, лес, – гаварыў Скуратовіч, – балота. Гэта ўсё княжыя лясы. Каб не вайна, паны балота браліся б асушваць. Добры лес пакінулі б, дрэнны вырабілі б на поле. He пазнаць было б мясцовасці. Але, сказаць, і паны былі ўсялякія. Іншы не мог жыць інакш, як яго бацька жыў. Старыя паны як жылі? Ён сабе выязджаў на сваім фаятоне – і не знайся! А там зямлю гэтую корпалі парабкі на старасвецкі лад. А цяпер пара інакшая прыйшла. Цяпер народ размножыўся, маёнткі драбнець пачалі. Некаторыя паны дык проста паспродавалі іх або падаводзілі свае двары да няма нічога, не ўмеючы гаспадарыць па-новаму. Час інакшы прыйшоў. Новыя паны пачалі з’яўляцца. Унь Хурс, можа, і чулі, свіны купец. Гэты кожнага даўнейшага пана можа купіць з жонкаю і дзецьмі, як кажуць. Бо ён ведае, як цяпер на свеце трэба паварочвацца, ён практык. Або Кандыбовіч! Купіў спачатку маёнтачак нейкі задрыпаны і так яго, пане мой, вырабіў, што грашмі нажыўся. Тады і пачаў больш маёнткі скупліваць. Пашырыўся на цэлую губерню. Каб траха, дык і Радзівіл. Гэты ўжо зусім адменны пан, хоць бы сабе і Кандыбовіч. Гэты ўжо не выедзе ў фаятоне і на конях з белымі істужкамі на набадрах. Гэты ў аўтамабілі коціць і без шафёра, а сам. Ходзіць у вялікіх ботах, сам па балоце лазіць, калі дзе саломіна валяецца, дык і яе кіем тыцкане і за гэты непарадак парабку рубель з пенсіі вылічыць. Гэты б’е рублём. Ён не верыць аканому, а, прабуючы зямлю, сам за плуг возьмецца і паарэ да поту разам з парабкамі. Гледзячы на яго, і паны з даўнейшай натураю пачалі цягнуцца за ім. Напрыклад сказаўшы, аўтамабілі пазаводзілі. Але што ж, калі ён з белай рукі пярсцёнка не зніме. Без лёкая не нагнецца кветку паненцы вырваць. Дык што за карысць з гэтага яго аўтамабіля! Аўтамабіль яго маёнтка не выратаваў. Усё адно – ён павінен прадаць свой маёнтак таму, у каго новая натура. Каб не вайна, дык які-небудзь Кандыбовіч і разгарнуўся б тут. Але і так сказаць, вайна ні Хурсу, ні Кандыбовічу на згубу не пайшла. Яны на ўвесь фураж цэлага войска падрады бралі. Паазалочваліся. Паны, калі прадавалі зямлю, то не адзін жа які-небудзь там Кандыбовіч яе купляў. Купляў і народ. Каб не вайна, то я і сам прыкупіў бы яшчэ валоку якую. Народ багацеў бы. А багатыя гаспадары зрабілі б хаўрус, і балоты сушылі б, і машыны заводзілі б. А каля багатага і бедны карміўся б і капейку зарабіў бы… Мог бы жывіцца, калі не каля пана, то так, каля багатага гаспадара. Пан не кожны літасць меў над чалавекам. Што паноў страсянулі, то гэта ім варта. Падгрэблі былі сабе ўсё. А народу як? Калі маёнтак, то я рабіў бы яго невялікім, на дзесяцін шэсцьдзесят, і даволі. Няхай бы сабе кожны, хто мог спосаб мець, – набываў бы. Ён так верыў у сваю праўду, што нават не з’яўлялася ў яго і думкі, што той чалавек, якога ён вязе, глядзіць на ўсё інакш. Ён мог толькі адумацца тады, калі той чалавек часам устаўляў сваё слова. Ён і цяпер слова ўставіў:

– Тады ўжо ў вас парабкаў было б многа?

– Хто яго… чалавек наперад хіба ведае?

Скуратовіч як бы прыбянтэжыўся. У вачах Кандрата Назарэўскага ён раптам вырас. Яму дзіўна стала, як гэты чалавек не страляе дзе-небудзь у яго, а вязе на сваім возе. Такое з’явілася Кандрату Назарэўскаму адчуванне.

– Паганяйце каня, – сказаў ён пагардліва, – мы гэтак і да вечара не заедзем.

Скуратовіч таксама пагардліва, але паслушна, – сцебануў каня. Змучанае вайной і ранай, усё цела Кандрата Назарэўскага прасіла спакою. Ён цяпер прагнуў скарэй даехаць туды, дзе ён будзе адпачываць і лячыцца. Скуратовіч маўчаў. Кандрат Назарэўскі ўспёрся локцем на салому, прылёгшы. Локаць прыціснуў салому да драбіннага доння. Так стала спакайней ехаць. Мясцовасць плыла вельмі павольна.

Толькі на другі дзень убачыў Кандрат Назарэўскі свой родны гарадок. Ён не пазнаў яго. Муры, якія і былі ў ім, асталіся пабітыя гарматамі. Драўляныя вуліцы пакалечаны агнём. Сады чарнелі абсмаленым голлем. Людзі туліліся на вуліцах. Зборышчамі брудных лахманоў былі дзіцячыя пасцелі. Прыглушаныя горам жанчыны яшчэ ўсё не маглі апрытомнець. Людзі стаялі натоўпамі, яшчэ ўсё не могучы даступіцца да якой-небудзь сваёй справы. Кандрат Назарэўскі ішоў вуліцай, не пытаючы ні ў кога, што гэта. Яму і так было вядома: вайна і адступ варожага войска. Ён дайшоў да канца вуліцы. Які цяпер бацька? I як яны спаткаюцца? Ён убачыў, што два муры дробнай ткачоўскай фабрыкі спалены і разбураны. «Значыцца, цяпер ужо бацьку, старому ткачу, не будзе работы», – думаў Кандрат Назарэўскі, заварочваючы да старой драўлянай даміны. На парозе ў сенцы ён спаткаўся з дзяўчынкай малою, год ёй восем на выгляд. Яна штосьці несла ў зграбным кошыку з фарбаваных лучынак. Хутчэй па кошыку Кандрат Назарэўскі пазнаў дзяўчынку.

– Ірка, Ірынка! – гукнуў ён. – Сястрыца!

Яна спачатку не пазнала, а пасля радасна збянтэжылася.

– Ты падрасла, Ірынка. Куды ты з кошыкам?

Яна падняла ў кошыку ручнік, і Кандрат Назарэўскі ўбачыў бутэльку малака, кавалак хлеба і палову шэрага праснака.

– Наш тата ў больніцы. Афіцэр яго шомпалам… ведаеш? Пранізаў.

– Ты гавары! Папраўляецца?

– Я не ведаю. Доктар кажа, што папраўляецца.

– Я з табой пайду.

На рынку захавалася колькі дамоў. У адным былі згуртаваны рэвалюцыйны камітэт, ваенкамат, чэка. Як праз туман, Кандрат Назарэўскі чытаў нязграбна, да часу намаляваныя чорным на фанеры шыльды. Нарэшце яны дайшлі да больніцы. Ён ішоў за сястрой, яна правяла яго разгароджаным дваром да трэцяга дома. Ён усё ішоў за ёю. Яна ўвайшла ў першы пакой, дзе ляжаў бацька, і раптам неяк дзіўна пачала аглядаць адзін ложак за другім. На тым ложку, дзе яна прывыкла бачыць бацьку, ляжаў хтосьці іншы, незнаёмы.

– Дзе ж ён? – запытала яна.

Жанчына ў белым халаце ўткнулася тварам у газету і, памаўчаўшы, вельмі неахвотна адказала, стараючыся не глядзець на Ірынку:

– Яго перанеслі ў той пакой.

Ірынка павяла брата туды. Але і там бацькі не было. Яны вярнуліся назад.

– Там яго няма, – сказала Ірынка, зноў аглядаючы ложкі. Жанчына ў белым зноў закрыла твар газетаю, пасля ціхом устала, нібы паправіць хвораму падушку. Ірынка стаяла збянтэжана. Можа, хвілін тры гняло ўсіх маўчанне. Тады падняў галаву адзін хворы:

– Скажу табе, дачушка, праўду. Твой бацька нядаўна памёр.

Ірынка выпусціла з рук кошык. Малако з бутэлькі палілося па падлозе, бутэлька з цвёрдым грукатам адкацілася ў кут. Цяпер ужо Кандрат Назарэўскі павёў сястру – яны памяняліся ролямі. Ён узяў Ірынку за руку, яна вырвала руку і адбеглася забраць кошык. Пасля яна сама дала сваю руку брату, і яны выйшлі на вуліцу. У трупярні яны ўбачылі бацьку. Ірынка як анямела. Твар яе да самага вечара быў мокры. Брат не сцішваў яе. Ён адаслаў яе дадому, а сам пачаў клапаціцца, перамагаючы боль ва ўсім целе. Ён пахаваў бацьку назаўтра зранку. Вярнуўшыся з могілак, ён адразу ж лёг у пасцель.

3 яго сям’і ў яго асталася толькі Ірынка. Яна і была пры ім. Кватэра іхняя была ў старым доме, нізкім і вільготным нават улетку. У даволі прасторным пакоі трухлявыя сцены былі абмазаны непабеленай глінай. Варыстая печ займала шмат месца. Два акны выходзілі на двор, а сенцы былі агульныя з суседняй кватэрай. У той кватэры было многа дзяцей, былі там і Ірынчыны аднагодкі, і ўжо ў наступныя дні яна спрабавала аднаўляць з імі перарванае страшнымі падзеямі сяброўства. А седзячы адна ў хаце, яна ціха плакала, хаваючы слёзы ад хворага брата. Твар у яе быў шырокі, з вялікімі сінімі вачыма. Слёзы пакідалі на ім сляды. На дзень пяты брат заўважыў, што яна не мыецца і не раздзяецца, кладучыся спаць. У адной і той жа сукенцы яна была ўсе гэтыя дні і спала ў ёй. Брат ёй заўважыў гэта, і яна паслушна стала скідаць нанач сукенку і мыцца.

– Ты і раней не мылася?

– Мылася і раздзявалася.

Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. I ён стараўся разважыць яе. Яна некалькі разоў расказвала брату, як памерла маці ў той год, калі ён пайшоў у Чырвоную Армію. Яна ўсё гаварыла, як дарослая, і, як дарослая, пачынала рабіць усё ў доме. Заахвоцілася нават раз мыць падлогу і даволі-такі чыста вымыла яе і выскрабла. Яна хадзіла атрымліваць братаў паёк, і на гэты паёк яны жылі ўдваіх. Яшчэ яна вадзіла на дарожныя адкосы пасвіць казу, сама даіла яе і малако ела неахвотна: усё ўгаварвала брата, каб ён, хворы, сам усё выпіваў і правіўся. Пры гэтым яна ледзьве стрымлівалася, каб не заплакаць.

Кандрат Назарэўскі пачаў правіцца на трэцім тыдні. За некалькі дзён да таго, як яму трэба было ад’язджаць назад у армію, прыйшоў у гарадок першы поезд па адрамантаванай чыгунцы. Вакзальны будынак быў спалены. Як ад’язджаў ён – быў хмуры дзень. Ірынка правяла яго да поезда. Пачынаўся вечар. На голым выгане, наводдалек ад спаленага вакзала, яны стаялі доўга, пакуль не пачалася пасадка ў пяць таварных вагонаў – гэта і быў увесь поезд. Кандрат Назарэўскі ўціснуўся ў вагон і захрас на самым уваходзе з пляцоўкі. Сціснуты, ён не мог паварушыцца, глядзеў на прывакзальны выган і бачыў там Ірынку. Яна падышла да самага вагона. Яна аставалася адна ў гэтым разбураным гарадку, на ўтрыманні камітэта дапамогі чырвонаармейскім сем’ям. Брат меў надзею, што скора будзе ў гарадку дзіцячы прытулак.

– Ты ж пішы мне, – сказала Ірынка вельмі стала, не зводзячы вачэй з брата, які ўсё стаяў у цеснаце адчыненага вагона. Гэтак яму трэба будзе, мусіць, праехаць шмат дарогі. Ён не заўважаў гэтага. Ён глядзеў на Ірынку, і сэрца яго пачынала сціскацца. Яму стала яшчэ горш, калі ён убачыў, што Ірынка выцірае слёзы. Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. У гэтую хвіліну яна зусім не падобна была да дзіцяці. Гэта быў дарослы чалавек. Брат не мог махнуць у адказ ёй рукой: рукі яго былі моцна прыціснуты натоўпам. Выган з Ірынкай астаўся далёка, ужо нават не відаць было разбураных гарадскіх муроў. У вагоне, мусіць, чырвонаармейцы заспявалі песню. Кандрату Назарэўскаму хацелася прабіцца туды, але гэтага нельга было зрабіць. I ён астаўся на шмат станцый стаяць так. У думках яго пачало праясняцца. Перад поездам шырока разыходзіліся чыстыя далягляды. Так Кандрат Назарэўскі зноў ехаў у першую ў свеце вялікую Армію.

II

У той час, калі Кандрат Назарэўскі, пахаваўшы бацьку, цешыў змучаную Ірынку і правіўся ад раны і хваробы, а пасля паехаў у Чырвоную Армію, на Скуратовічавым хутары адбываліся справы, водгаласкі якіх дайшлі да самых нашых дзён. Больш таго, яны паклалі вельмі выразна свой след на лёс некаторых людзей, можна сказаць, герояў гэтага апавядання.

Раз уночы з таго самага ельніку, у якім Скуратовіч хаваў свае коні, выйшла чалавечая постаць. Было вельмі цёмна і ціха. Яшчэ было не позна. Цёплыя хмары закрывалі неба, навісала чарната. Чалавечая постаць ішла паволі. Толькі не дайшоўшы крокаў дзесяць да дрэва, чалавек убачыў яго чорны сілуэт. Гэта была старая разгатая дзічка на Скуратовічавым полі. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так, паслухаць і паглядзець. 3 таго боку, дзе быў Скуратовічаў хутар, так, як і адусюль, ішла цішыня. Агонь там нідзе не свяціўся. Паслухаўшы цішыню, чалавек пайшоў проста на хутар.

Усё было так, як і трэба, як і заўсёды рабілася: як толькі зачарнеўся паперадзе хутарскі плот, каля яго паднялася з зямлі другая чалавечая постаць.

– Толік, – сказаў гэты другі чалавек.

– Бацька? Усё добра?

– Можаш зайсці ў хату.

Два сабакі, тыя, што кідаліся тады на Кандрата Назарэўскага, павільвалі хвастамі, тручыся аб халявы сваіх двух гаспадароў. Бацька і сын увайшлі ў кухню праз чорныя сенцы. У сенцах абазвалася сонная гусь, сабакі асталіся на двары. Скуратовіч запаліў лямпу; акно, як і заўсёды ў гэтых выпадках, завешана было ватовай коўдрай. Толік закурыў.

Гэта быў зусім малады хлапец, рослы, здаровы. Можа, ён проста здаваўся маладзейшым, чым сапраўды быў. Ён быў у ботах. I галіфэ і рубашка яго пад шырокім раменным поясам вельмі падобны былі да чырвонаармейскіх.

– Тут так, – сказаў бацька сыну, – зноў выклеілі ў мястэчку паперу і кажуць, што гэта ўжо апошняя. Хто з дэзерціраў пасля ўжо і гэтай паперы не з’явіцца, таго аддадуць пад суд. А хто ў тры дні з’явіцца, таму нічога не будзе.

– Нічога не будзе, акрамя таго, што пагоняць у часць. Дзякуй ім за ласку, – флегматычна заўважыў сын. – Я чытаў гэтую іх паперу, хай яны яе спажываюць самі.

– Яно ж гэтак, – згадзіўся бацька. – Гэта адно, каб перабыць гэтыя часы, перахавацца, а там бог бацька. Кажуць, што з-пад Варшавы пачалі іх ужо адганяць.

– Што больш чуваць?

– Раквізіца будзе.

– Можа, прыязджалі ўжо?

– He, мяне самога выклікалі ў воласць. Сёння. Пыталіся, колькі магу даць старога збожжа і колькі нажаў новага.

Адчыніліся дзверы, і старая Скуратовічыха ўнесла туга напакаваны мяшок. Яна заплакала:

– Божа мой, Божа, у гэтакія свае гады не жыве, а туляецца ў лесе, каб на людскія вочы не паказацца.

Праз хвіліну Толік Скуратовіч сядзеў за сталом і еў, а праз хвілін дзесяць ён ужо выходзіў з хутарскога двара. Ён нёс мяшок з прадуктамі і ціснуў пад рубашкай рэвальвер. Ён ішоў спакойна, нават крыху пачаў пасвістваць. Як і кожны раз, ён думаў так, без ніякіх прыгод, дайсці да ельніку і там далучыцца да сваёй кампаніі. Ён ужо мінаў разгатую дзічку, як недзе, далёка яшчэ, па той бок хутара, пачуў як бы тупат конскіх капытоў. Ён яшчэ раз абмацаў пад рубашкай зброю і вярнуўся назад да дзічкі. Прытуліўся да яе і пачаў слухаць. «Калі што якое, то павінны абазвацца сабакі», – думаў ён. Сапраўды, неўзабаве абазваліся сабакі. Гэта быў страшэнны брэх і скогат. Больш жа нічога не чуваць было, быццам сабакі брахалі на нежывога. Тым часам Толік Скуратовіч усё стаяў пад грушаю і прыслухоўваўся. Ён бачыў, як у вокнах хутарскога дома засвяціўся агонь. Пасля вуха яго ўлавіла чалавечыя галасы, але слоў ён не разабраў. От чуваць, як заенчыў сабака – відаць, далі яму. От раптам стала ціха, а от ужо ён выразна чуе з-пад сваёй дзічкі, як на гэты бок хутара ціха гавораць і коні стукаюць капытамі па дарозе. «Конныя», – думаў ён і як мага пабег у ельнік. Там ён доўга выглядаў з-за першай прыдарожнай яліны і прапусціў *** паўз сябе цэлы атрад вайсковых коннікаў. Ён здагадаўся, што гэта той атрад, які ловіць дэзерціраў. Як коннікі праехалі, ён паволі пацягнуўся ў лясную гушчарню. Пад дзень хмары разышліся, выглянуў месяц. Толік Скуратовіч ляжаў пад кустом на кажуху і бачыў навокал сябе сваіх хаўруснікаў.

Назад Дальше