Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорный 5 стр.


– Нічога, спяць сабе, як анёлкі. Спакойна жывеце, сукіны сыны!

– Чаго ты?

– Дажыліся! Як сабакі, па лесе туляемся, дамоўку сваю меўшы.

– А ты толькі сёння гэта ўбачыў?

– Маўчы! Такі самы і ты, як усе. Дурань! Цьфу!

– Што на цябе ўссела сёння?

– Што ўссела? Пайдзі сёння дадому ўночы, паглядзі, можа, і ў цябе там усё перавярнулі, ператрэслі і перамацалі.

Паднялося яшчэ некалькі галоў, і пачалася гаворка. У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта. Тэрміны былі кароткія.

– Можа, пачакаць, – гаварыў Скуратовіч, – можа, якая змена будзе?

– He даваць пакуль што, прапусціць першы тэрмін, а там будзем бачыць, што яны будуць рабіць, – гаварыў Толік.

Бацька прасядзеў у лесе да вечара – баяўся людскога вока. А яшчэ праз тры дні ён зноў хадзіў у лес да сына раіцца: на яго націскалі.

– А калі не здам, то тады арыштуюць. Як народ церпіць – Божа мой! Ціснуць, як ты ім не дасі.

– Лепш спаліць вазоўню, няхай і ўсё збожжа згарыць.

– To адразу на нас саміх і падумаюць; што ты гаворыш! Так яны ні да чаго выразнага і не дагаварыліся. Праз дзён два Скуратовіч завёз першыя тры вазы знойдзенага ў вазоўні жыта. Але больш то ўжо не павёз, – сэрца яго не дазваляла. «Няхай бяруць самі». Пра гэта ён пайшоў сказаць сыну. Але ў лесе ўжо нікога на тым ранейшым месцы не знайшоў. Ён здзівіўся і ўстрывожыўся. Хадзіў па лесе і нават адважыўся гукнуць. Ніхто не абазваўся. Як прыйшоў дадому, трывога яго крыху развеялася. Там сядзеў сусед, хутар якога быў па той бок ляска, і гаварыў:

– Выразна гавораць: пад Варшавай ім не ўдаецца, можа быць, што яны і адступяць.

– Каб Бог даў! – устрапянуўся Скуратовіч.

3 няяснымі надзеямі ён пайшоў у гумно арфаваць на насенне жыта. Назаўтра ён хадзіў у мястэчка пацерціся паміж людзей, распытаць і памеркаваць – ці не адступаюць ужо ад Варшавы і на калі можна чакаць гэтага адступлення. Ён чакаў, спадзяваўся.

III

Надвечар усхадзіўся вецер, і пад поўнач захаладала. Малы Зосін брат змёрз, сплючы з бацькам у сенцах пад дзяругай.

– Мне холадна, – сказаў ён, прыціскаючыся да бацькі.

– Пачакай, – адказаў бацька. Зараз акрыемся чым-небудзь цяплейшым.

Ён хацеў ужо ўставаць, каб пашукаць чаго акрыць сына, але пачуў, што хтосьці ходзіць па хаце. Хатнія дзверы былі адчынены.

– Зося, ты? Чаму ты не спіш?

– Я звечара хлеб рашчыняла… Я вам рубашку зашывала.

– Вазьмі што-небудзь акрыць малога.

– Мукі не хопіць заўтра хлеб замясіць.

– Я дастану дзе-небудзь, на адработак дастану.

– Толькі каб рана, а то я заўтра пасля хлеба пайду к Іванавым да малатарні.

– To, можа, яны і мукі дадуць?

– На двары халат сохне на дрывах. Ён ужо сухі, мусіць. Я ім акрыю вас.

Праз момант яна прыйшла з халатам і сказала:

– У нас нехта стаіць за дрывамі.

– Табе здалося. Хто там можа стаяць.

– Гляну з хатняга акна… Стаіць, унь пры сцяне. Ой, а другі стаіць у Іванавым двары пры шуле.

– Ну, няхай стаіць, мала хто дзе стаіць.

– А чаго ў нас за дрывамі?

– Позна ўжо?

– Праз гадзіну, можа, світаць пачне.

– Кладзіся спаць хутчэй.

– 3 Іванавага двара ідзе пад нашу хату.

– He пазнаць хто?

– На дварэ цёмна… Яшчэ два падышлі… У наш двор ідуць.

У гэты час ціха пастукалі ў дзверы.

– Адкрой, хазяін, – было сказана рускай мовай, але нават і дрэнны знаўца беларускай і рускай мовы заўважыў бы, што не прывык той чалавек гаварыць па-руску.

– Хто там?

– Краснаармейцы. Паспаць дзе-небудзь да сонца, можа, салома дзе ў вас ёсць?

– Саломы крыха ёсць. От я зараз адчыню, агонь толькі запалю.

– Ды ладна там, агонь! Нашто той агонь? Мы і заходзіць у хату не будзем. Вядзі адразу ў салому, хазяін.

Чалавек выйшаў на ганак і ўбачыў трох. Яму здалося падазроным, што яны не зусім у вайсковым адзенні. Толькі адзін быў у шынялі.

– Я вас завяду ў гумно.

I ён пайшоў паперадзе. Скрыпнулі дзверы, ён пераступіў падваротню і адразу ж з глухім стогнам асеў каленьмі на зямлю.

– От табе і развёрстка і дэзерціры. Ідзі цяпер навядзі, хто развёрсткі даваць не хоча.

Свядомасць ужо канчалася, і ён не мог выразна чуць гэтай фразы. He для яго ўжо яна прагучала. Яму здалося, што горла пачало цягнуцца ў рот. Ён душыўся. У вачах пайшлі чырвоныя кругі, пасля яснасць стала ні то сіняй, ні то зусім белай. Але гэта ўжо ўсё было па той бок свядомасці. Так усё і скончылася.

Зося пачула з хаты, што вярнуўся ў сенцы бацька.

– Паклалі іх у пуні? – падала яна з пасцелі голас.

Ёй не адказалі.

– Ну, дзе ж той халат? – сказаў хлапчук – Тата, акрывай хутчэй.

Малы пачуў, што тата падступіў бліжэй, але ў прасвеце адчыненых дзвярэй ён бачыў, што гэта не зусім татава постаць. У той жа момант гэтая постаць падступіла бліжэй і неўзабаве адышлася. Зося з хаты чула, як упала ў сенцах з калоды вядро з вадой. Нічога яшчэ нядобрага не адчуваючы, яна ўсхапілася з пасцелі і запаліла лямпу. У сенцах усё нехта мацаў паўз сцены. Яна пхнула дзверы, трымаючы ў руках лямпу, і аслупянела: хтосьці незнаёмы чыркаў запалкамі, а яны, мусіць, адсырэлыя, не запальваліся. Стаяў ён спіной да хатніх дзвярэй і абмацваў сцяну. Малы брат ляжаў скрываўлены ўпоперак пасцелі. Яна крыкнула і кінула ў сенцы лямпу. Кінулася назад у хату і з размаху высадзіла з трухлявых шуфлядаў гнілую аконную раму. За ёю ўбеглі ў хату. Яна выскачыла на вуліцу і пабегла. Крыкнула, ужо адбегшыся далёка. За ёю як быццам ніхто не гнаўся. Яна падбегла да акна і застукала. Яна крычала, што малога брата забілі і што бацька з пуні не прыйшоў.

Пакуль яна паабуджвала людзей, вуліца раптам асвяцілася дымным агнём. Полымя прабівалася праз страху сянец у яе хаце.

Праз хвілін дзесяць палала ўжо ў многіх месцах па вуліцы. Вецер кідаў агонь далёка. Але дзіўна было ўсім: адначасна з сенцамі гарэла і пуня: вецер быў якраз з боку пуні і не мог аніяк кінуць сюды агню з сянец ды і не блізка стаяла пуня ад хаты. Калі ля пуні з’явіліся людзі, то ўбачылі Зосінага бацьку. Ногі яго ляжалі цераз падваротню на двор, увесь жа ён быў у сярэдзіне. Там бушаваў агонь, і з страхі падалі ўжо на яго асмалкі латаў. Хтосьці пацягнуў яго за ногі на двор. Убачылі яго твар і шыю ў крыві. Льга было заўважыць, што кроў цякла ў яго з рота і вушэй. Яго занеслі ў сад і паклалі на траву.

– А пуню падпалілі яны ж, забіўшы яго, – сказаў хтосьці.

Назаўтра пад поўдзень тут здарылася быць старому Скуратовічу. Якраз бо ў той дзень ён надумаўся завезці яшчэ воз жыта на ссыпны пункт. Ехаць трэба было згарэлай вуліцай. Ён спыніў каня і горача расказваў людзям:

– Я прачнуўся позна, пад самы дзень. Выйшаў на двор – світае. Бачу, як бы зарыва над лесам. Я падумаў, – можа, дзе далей пажар. Зарыва слабое, тухла ўжо. Тым часам цяпер вязу жыта здаваць, пад’язджаю, бачу – Божа мой! Ай, што робіцца! To гэта ў вуліцы, сярод людзей. А як мне, на адзіноце? Калі дзе ўначы што якое шастане або сабака забрэша, паверыце – ну, думаю! Што ж, цяпер усялякіх людзей. Зоська, дзе яна?.. Як раней, то хоць сын быў дома, смялей было. А гэта… От пайшоў, вельмі ж ужо закона трымаецца. А каб пасядзеў дома, каб не ішоў, можа б, і тое самае было б. Перабылося б усё, перакруцілася б!.. (Ён знізіў да шэпту голас, але каб усе чулі.)

– А куды ж гэта пайшоў сын?

– Як куды, у войска.

– A то бо казалі, што ён каля дома, гавораць людзі.

– Людзі, гэтыя людзі! Людскога языка не завяжаш. У войску Толя, от ліст прыслаў.

Ён дастаў з кішэні пулярэс і сапраўды выняў з яго згорнуты ліст. Ці было каму цікава ў такі рэзрух слухаць яго, ці не, аднак жа ён пачаў чытаць. Некалькі чалавек з тых, што не пагарэлі, слухалі. Сапраўды, ліст быў ад сына, і сапраўды, сын пісаў, дзе ён цяпер; нават там было і пра тое, што неўзабаве, мусіць, пашлюць на фронт, толькі як сфармуюць часць. Быў у лісце і сум па старых бацьках і па дому і крыху нават нездавалення тым, што цяжкавата ў такі час быць у арміі. «Але нічога, – канчаўся ліст, – будзем спадзявацца, што вайна доўга не будзе». Давалася яшчэ парада, каб бацька не прадаваў цяляці ад чорнай каровы, а каб гадаваў.

Скуратовіч дачытаў да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку.

– А Божа мой, цьфу! – скончыў Скуратовіч гаворку. – Гэта ж я спазнюся. Но! Бывайце здаровы!

I паехаў далей, мала цікавячыся тым, што асталося ў яго за плячыма. 3 пустым возам назад ён ехаў перад самым вечарам. Ён сумысля спыніўся каля пажарышча і пачаў расказваць:

– Вы думаеце, гэта адно каля нас робіцца такое бясчынства? Вы не чулі, што ў горадзе парабілася? To я вам зараз раскажу. Прадразвёрснага камісара ў гэтую самую ноч забілі. Ён дома не начаваў, ён нібыта, кажуць, аб’езд рабіў, а тым часам бандысты нейкія, ці што, як мне здаецца, то грабіць хацелі. А можа, злабу хто меў! Бо скажыце, калі ласка, як жа іначай. Прымчаўся ў горад апоўдні салдат, што з ім ехаў, ледзьве сам уцёк. Я-то не чуў ад яго самога, але як здаваў жыта, то людзі гаварылі. 3-за кустоў, расказваў салдат, пачалі страляць. На месцы, казалі ў горадзе людзі, палажылі камісара і яго аднаго салдата, а другі ўцёк. Цела знайшлі ў Скабінскім лесе, на самай езджай дарозе. Чалавек з таго боку здаваў развёрснае жыта, то казаў, што якраз там, дзе са Скабінскай дарогі ў лесе паваротка пайшла на Кацельнікі, калі каму трэба. Калі бо адвагу трэба мець, у яго палажэнні ездзіць уночы! Тут, чалавек, дома сядзіш, а і то дрыжыш, калоцішся. Гэтакі час, пане мой. Жартачкі!

– У Скабінскім лесе? To гэта, можа, адна рука, што і ў нас! Бо гэты ж лес ад нас не вельмі далёка.

– Можа, добра кажаш, і адна рука. Можа, якая шайка бродзіць.

Вестка пра забойства камісара была другім грукатам грому пасля першага, пасля забойства Зосінага бацькі і брата. У наступную ж ноч, не зважаючы на тое, што і міліцыя і атрад чырвонаармейцаў зрабілі вартавыя пункты на дарогах, яшчэ раз, як гром даў, так пайшла раптоўная навіна: звечара, яшчэ не позна было, яшчэ людзі не паклаліся спаць, – запалала неба над лесам. Людзі баяліся бегчы туды праз лес, хоць відаць было, што пажар непадалёку. Угадвалі, што гэта гарыць як бы Скуратовічаў хутар. На агонь выехала некалькі конных чырвонаармейцаў. Сапраўды, гарэў Скуратовічаў хутар. Адначасна гарэла гумно, вазоўня, склеп. Скуратовічыха рвала на сабе валасы.

– Няхай бы яны над намі злітаваліся б і падпалілі што-небудзь адно. A то ўсё! (Добра, што хоць коні нанач з хлява выгналі.) Цяпер загінем і павек не паўстанем.

Яна згарнула рукі і пачала праклінаць падпалыпчыкаў. У вачах яе было гэтулькі сапраўднай роспачы, што хто бачыў у гэтую хвіліну яе твар, таму рабілася страшна. Скуратовіч бегаў навокал агню і прыгаварваў:

– Зрабілі б аблаву якую, вылавілі б гадаў. Прапаў цяпер увесь мой спосаб да жыцця.

Пад канец пажару ўсё ж назбіралася крыху людзей з блізкіх вёсак, але ўсё адно нельга было нічога ўтушыць – была суш, і вецер гнаў агонь.

Скуратовічыха паволі хадзіла па хутарскім двары, згарнуўшы рукі; нарэшце яна аслабела і села на ганак, прыпёршыся плячыма к сцяне.

– Чаму ты не плачаш, чаму ты не бядуеш? – сказала яна з нейкім злым дакорам мужу.

Той нічога не адказаў і адышоўся. Пасля вярнуўся:

– Ідзі ляж у пасцель, ты слабая здароўем. Шануй сябе. – Ён памог ёй падняцца і ўвайсці ў дом. Яна зусім аслабела з трывогі і дрэнных усялякіх уяўленняў. Лягла ў пасцель і пачала стагнаць і маліцца.

У наступную ноч людзі бачылі зарыва недзе далёка, угадвалі, што за вёрст пятнаццаць. А цераз ноч яшчэ бачылі далёка зарыва. Пасля стала спакайней. А дзён праз пяць пайшла па людзях яшчэ навіна: Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала Богу душу. Гаварылі ўсе адно: памерла яна з вялікай трывогі. Яна не вытрымала ўтрапення ад апошніх падзей.

Людзі да ўсяго прывыкаюць. Праз дзён дзесяць усе гэтыя страшныя падзеі пачалі рабіцца абыклымі. Пагарэльцы пачалі ўжо думаць пра забудову. Гаварылі, што Скуратовічаў Толік прыслаў з арміі другое пісьмо.

– Яшчэ, мусіць, не ведае, што маці памерла, – гаварылі жанчыны.

– А можа, ужо і ведае, – адказвалі другія – Калі пошта добра ходзіць.

Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць.

Неўзабаве да ўсіх гэтых гаворак дадалася яшчэ і такая:

– У Тварыцкіх, ведаеце, кожную раніцу цяпер, як запаляць у печы, смажаным салам пахне.

– Але, скажэце. Забагацеў ён раптам немаведама адкуль, ці што! Нічога ж не калоў.

– Што калоць, калі карміць няма чаго.

– Ды няма і чым. Каб і агораў якое свінчо, дык чым ён яго карміць будзе. Самі з голаду заходзяцца.

– А пастаў цябе на яго месца! Добра ён і так кідаецца. Ён жа ледзьве дыхае, здароўя ніяк у яго няма, хоць і не стары яшчэ чалавек.

– Які ён стары, калі на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век вечны.

– Газ ядавіты пускалі.

– Ды не толькі гэта! У яго кулі ці волава нейкага, як ранены быў, кавалак у целе астаўся. У яго ж абы надвор’е вільготнае, то ўсё цела ные і пячэ яму, небараку, што аж месца не знойдзе сабе.

– Каб было больш зямлі, то хоць на палавіну людзям аддаў бы. A то, што там аддасі! Нават каровы няма на чым пратрымаць. Каторы год ужо на каня якога-небудзь здохлага не можа ўзбіцца. Да вайны, пакуль быў здаровы, то хоць крыху, але лепш жыў.

– To, можа, гэта хлапчук яго скораму запасвіў у Скуратовіча. Ён жа праз каторы ўжо час за пастушка ў Скуратовіча.

– Гэта Міхалка? Можа, ён там крыху і запасвіў, але ж яны ўслед забіралі. Нават наперад часта ў Скуратовіча выпрошвалі, то тады не толькі Міхалка адпасваў, але і сям’я хадзіла адрабляць. Малыя дзяўчаткі і тыя, небаракі, хадзілі грады палоць. Можа, хіба Тварыцкі грошы дзе знайшоў ці спадчыну якую мае. Нажаў жа ён дзве капы жыта, от і ўвесь яго хлеб. I нешта не чуваць было, каб малаціў, а ўчора ў млыне пудоў на чатыры мяшок жыта малоў.

Так гаварылі пра сям’ю Тварыцкіх. Думалі і ні да чаго не маглі дадумацца. Набеглі новыя інтарэсы і новыя гаворкі. I сярод усяго драбнейшага яшчэ ўсё гаварылі пра тыя страшныя падзеі, што так нечакана ўстрасянулі не толькі гэты куток, а ўсю акругу. Скуратовічыху пры жыцці мала хто далюбліваў, а цяпер некаторыя як бы нават са спачуваннем гаварылі:

– He дзіва, што не вытрымала яе сэрца, – такое няшчасце раптам у адзін момант. Паўнюткае гумно згарэла, хлеб згарэў, вазы пагарэлі. А яна яшчэ па сыне ныла, што на вайне недзе.

Каля таго самага часу, раз увечары, Скуратовічаў пастушок Міхалка Тварыцкі слаўся ў кухні спаць. Ён ужо скінуў свой халацік, каб класціся (вячэраў ён у халаціку), як у кухню ўвайшоў ляснік Сцепуржынскі. (Лясны абход яго быў над двума бліжэйшымі лясамі, і жыў ён вёрст за дзве ад Скуратовіча. Яго забудова была ў лесе на паляне.) Міхалка яго добра ведаў. Дзён пяць да гэтага ён нават адабраў у Міхалкі раменную папружку за тое, што той падпусціў каровы пад самы яго, яшчэ не звезены, авёс на ўскраі лесу.

– Добры вечар у хату! – сказаў Сцепуржынскі, не могучы адразу нічога разгледзець у цёмнай кухні.

– Добры вечар, – адказаў Міхалка.

– А дзе сам гаспадар?

– Недзе на двары. Я зараз паклічу.

– He трэба, я і сам яго знайду.

I Сцепуржынскі выйшаў.

«От гад, – думаў Міхалка, – назнарок не хоча маіх паслуг, каб не аддаць папружкі. Пачакай жа, калі не аддасць, то я выграбу ў яго ад дарогі цэлы канец бульбы. Схаваю ў лесе і пячы буду сабе на полі пакрысе. Ён тады мяне папомніць».

Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі.

«Пачакай жа, – раздумваў Міхалка, – пайду папрашу, каб аддаў папружку. Можа, і аддасць пры гаспадару. А калі ад дасць папружку, то як жа тады будзе з бульбай?.. А, чорт яго бяры з яго бульбай, я і так у яго навыграбаю. Няхай бы не забіраў папружкі!»

Міхалка падумаў і ўжо ўголас абгрунтаваў свой намеркаваны ўчынак: «За тое, што ён гэтулькі часу мучыў мяне з гэтай папружкай. Чорт яго бяры з яго бульбай, награбу, папяку і есці буду!»

Ён пасядзеў крыху на пасцелі і пайшоў туды, дзе гулі Сцепуржынскага і Скуратовіча галасы. Паміж кухняй і чыстым пакоем была баковачка. Тут цяпер было зусім цёмна. Міхалка пайшоў праз яе да дзвярэй у чысты пакой. Праз шчыліны паміж дрэнна прыпушчаных адна да адной дошак сцянной адгародкі Міхалка заўважыў, што па той бок сцяны гарыць агонь. Міхалка яшчэ пастаяў хвіліну – адразу ўвайсці ён не адважыўся. «Трэба абазвацца як-небудзь, каб мяне пачулі, можа, тады паклічуць самі», – думаў ён і, каб падаць які-небудзь гук, сціснуў пальцамі нос і смаркануў.

Назад Дальше