Калядны харал - Янкута Ганна В. 3 стр.


– Аднак ты заўсёды быў добрым дзялком і чалавекам справы, Джэйкаб, – прамямліў Скрудж, які пачаў ужо прымерваць да сябе словы прывіду.

– Чалавекам справы! – закрычаў дух, зноў заломваючы рукі. – Клопат пра людзей – вось мая справа. Грамадскі дабрабыт – вось мая справа. Дабрачыннасць, спачуванне, шчодрасць і спагадлівасць – вось мая справа. А грошы і гандаль – гэта толькі кропля ў бязмежным акіяне вызначаных мне абавязкаў.

І прывід выцягнуў наперад руку з ланцугом, нібы менавіта ланцуг быў прычынай яго няўтольнага смутку, а пасля грымнуў ім аб падлогу.

– У гэты час, пры канцы году, – сказаў прывід, – я пакутую найгорай. Чаму ішоў я калісьці ў натоўпе сваіх бліжніх з апушчанымі вачыма і ніколі не падымаў іх да блаславёнае зоркі, што прывяла трох вешчуноў да сціплага прыстанку? Чаму яе святло не скіравала мяне да хацінаў бедакоў?

Скруджу ад такой размовы рабілася ўсё вусцішней. Ён задрыжаў як асінавы ліст.

– Слухай мяне! – закрычаў дух. – Мой час на зыходзе.

– Я спрабую, – сказаў Скрудж, – але пашкадуй мяне! Не гавары так заблытана, прашу!

– Як атрымалася, што я з’явіўся перад табой у такім выглядзе, я не маю права казаць. Дзень пры дні я, нябачны, сядзеў каля цябе.

Адкрыццё было не з прыемных. Скруджа зноў затрэсла, і ён выцер з ілба пот.

– Гэта была не такая ўжо і лёгкая частка майго выкуплення, – працягваў прывід. – Сёння ноччу я прыйшоў папярэдзіць, што ты яшчэ маеш шанец і надзею пазбегнуць майго лёсу. Я прасіў для цябе гэтага шанцу, Эбенэйзер.

– Ты заўсёды быў маім сапраўдным сябрам, – сказаў Скрудж. – Дзякуй.

– Цябе наведаюць, – працягнуў прывід, – яшчэ тры Духі.

Цяпер сківіцу ледзь не страціў Скрудж.

– Гэта і ёсць той шанец і тая надзея, пра якія ты казаў? – спалохана спытаў ён.

– Так.

– Тады… тады лепей не трэба.

– Калі яны да цябе не прыйдуць, – сказаў прывід, – мае дарогі ты не пазбегнеш. А таму чакай аднаго з іх заўтра, калі праб’е гадзіна.

– А ці нельга запрасіць іх усіх разам і хутчэй з гэтым скончыць? – з надзеяй спытаў Скрудж.

– Другога чакай у наступную ноч у той самы час, а трэці прыйдзе трэцяй ноччу, як толькі сціхне дванаццаты ўдар гадзінніка. Са мной ты больш не сустрэнешся. Але глядзі, дзеля свае ж карысці не забывайся на тое, што сёння пачуў.

Сказаўшы гэта, прывід узяў са стала свой шалік і зноў абвязаў ім галаву. Скрудж здагадаўся пра гэта, пачуўшы рэзкі ляскат зубоў, калі сківіца, прыціснутая шалікам, стала на сваё месца. Тут Скрудж зноў асмеліўся падняць вочы і ўбачыў, што тагасветны госць стаіць перад ім, выцягнуўшыся ў поўны рост і наматаўшы ланцуг на руку. Прывід пачаў адступаць назад, і з кожным яго крокам акно ўсё больш адчынялася. Калі ён дайшоў да яго, росчынкі былі ўжо насцеж.

Дух павабіў Скруджа да сябе, і той падпарадкаваўся. Калі паміж імі засталося не больш за два крокі, прывід Марлі падняў руку, забараняючы ісці далей. Скрудж спыніўся.

І спыніўся не столькі на загад, колькі ад здзіўлення і жаху, бо як толькі рука прывіду паднялася, Скрудж пачуў невыразныя гукі, невымоўна скрушныя, поўныя горычы і жалю бязладныя стогны і енкі. Прывід на імгненне прыслухаўся, а пасля далучыў свой голас да журботных крыкаў і растаў у чорнай марознай ночы.

З роспачнай цікавасцю Скрудж падышоў да акна і паглядзеў вонкі.

Двор за акном быў поўны зданяў, якія са стогнамі бязладна мітусіліся ў паветры. На кожным з іх быў ланцуг, падобны да таго, што насіў дух Марлі, некаторыя сярод іх (мабыць, з аднаго кепскага ўраду) былі скаваныя між сабой. Ніводзін прывід не быў вольны. Многіх Скрудж ведаў пры жыцці прыватна, а з адным старым духам у белай камізэльцы калісьці нават амаль сябраваў. Дух гэты, да шчыкалаткі якога быў прыкаваны вялізны жалезны сейф, жаласліва стагнаў, бо не мог дапамагчы беднай жанчыне, што сядзела з дзіцем на ганку. Усе здані пакутавалі з адной прычыны: яны хацелі ўмяшацца ў справы смяротных і дапамагчы ім, але больш не мелі на гэта сілаў.

Ці то прывіды паступова ператварыліся ў імглу, ці то імгла праглынула іх – Скрудж так і не зразумеў. Аднак расталі яны ўсе ў адно імгненне разам са сваімі прывіднымі галасамі, і цяпер ноч зноў зрабілася звычайнай, такой, якой была, калі ён вяртаўся дадому.

Скрудж зачыніў акно і агледзеў дзверы, праз якія ўвайшоў прывід Марлі. Нічога не змянілася з часу, калі ён уласнай рукой двойчы павярнуў ключ: замок цэлы, засаўка ў парадку. Ён паспрабаваў сказаць «шахрайства», аднак на першым жа складзе асекся. І стомлены ці то трывогамі сённяшняга вечара, ці то дзённай працай, ці то знаёмствам са светам духаў, ці то невясёлай размовай з прывідам Марлі, ці то проста з прычыны позняга часу, Скрудж раптам зразумеў, што яму неабходны адпачынак. Ён адразу ж скіраваўся да ложка і праз імгненне заснуў, нават не распранаючыся.

Страфа другая

Першы дух

Калі Скрудж прачнуўся, было так цёмна, што з ложка ён ледзь адрозніваў празрыстае акно ад непранікальных сценаў пакоя. Скрудж углядаўся ў змрок тхарынымі вачыма – і тут гадзіннік суседняе царквы прабіў чатыры чвэрці. Скрудж прыслухаўся да бою.

На яго здзіўленне, цяжкі гадзіннік прабіў спачатку шэсць разоў, потым сёмы, потым восьмы – і спыніўся толькі на дванаццаці. Поўнач! Калі ён лёг, была трэцяя ночы. Гадзіннік сапсаваўся: мабыць, у механізм трапіў лядзяш. Поўнач!

Скрудж націснуў на спружынку свайго рэпетыра, каб выправіць памылку недарэчнага гадзінніка. Рэпетыр хутка адбіў дванаццаць і спыніўся.

– Як так атрымалася? – здзівіўся Скрудж. – Не можа быць, каб я праспаў цэлы дзень ды яшчэ і кавалак наступнай ночы! Няўжо нешта здарылася з сонцам, і цяпер не поўнач, а поўдзень?

Думка гэтая так яго ўстрывожыла, што ён выкараскаўся з ложка і навобмацак рушыў да акна. Каб хоць штосьці разгледзець, давялося пачысціць заінелае шкло рукавом, але плёну з гэтага было няшмат. На дварэ, наколькі мог бачыць Скрудж, быў густы туман, страшэнны мароз і зусім не было людзей, што абавязкова мусілі б шумна бегаць туды-сюды, калі б ноч уварвалася ва ўладанні дня і захапіла цэлы свет. Скрудж з палёгкай уздыхнуў, бо ўсе патрабаванні накшталт «заплаціць па гэтым вэксалі містэру Эбенэйзеру Скруджу ці на яго рахунак праз тры дні пасля атрымання» страцілі б усялякі сэнс, і карысці з іх было б не больш, чым ад амерыканскіх каштоўных папераў, калі б знікла магчымасць вылічваць гэтыя самыя дні пасля атрымання.

Скрудж зноў лёг у ложак і пачаў думаць, думаць, думаць яшчэ і яшчэ, але так нічога і не прыдумаў. І чым больш ён думаў, тым больш збіваўся з панталыку, а чым больш спрабаваў не думаць, тым больш думак лезла яму ў галаву.

Назад