– А што здарылася?
– Мне нават не верыцца, што той рамантычны хлопец, за якога я ішла замуж, і ты, практычны муж, – адзін і той жа чалавек. Ты забыў ужо, што прыносіў мне мілыя букецікі кветак, рабіў нечаканыя прыемныя сюрпрызы, кранальныя падарункі! – разышлася жонка. – Ты хоць памятаеш, колькі разоў у год прыносіш мне кветкі?
Васіль стаў успамінаць…
– Не моршчы лоб, я сама нагадаю: на мой дзень нараджэння ды восьмага сакавіка! Куды мы з табой хадзілі, акрамя кіно! Дый то гады ў рады, пасля маіх шматлікіх просьбаў і грозьбаў. Божа, як з табой стала сумна і нудна!
– Даражэнькая, – пачаў прасіцца Васіль, – я так стаміўся, што мне зараз зусім не да рамантычных глупстваў.
– Дык ты лічыш, што гэта глупства!.. – залемантавала Аксана.
На другі дзень на працы Васіль завёў размову на гэтую тэму з Наталляй Самсонаўнай, вядучым інжынерам іх аддзела, жанчынай перадпенсійнага ўзросту, вельмі дасціпнай і добразычлівай.
– Тваю бяду я рукамі развяду, – весела зашчабятала тая. – Ты, Васіль, да вяселля гэтую рамантыку, відаць, выкарыстоўваў, каб заваяваць каханне Аксаны. Але, даражэнькі, адносіны ў сям’і трэба будаваць і ўдасканальваць пастаянна. Інакш ты рызыкуеш страціць тое, што стваралася не адзін дзень: узаемныя пачуцці, душэўную блізкасць, радасць зносін…
Васіль ажно рот разявіў, слухаючы калегу. А тая працягвала:
– Ты, сябра, недаацэньваеш псіхалогію жанчыны. Думаеш, калі прыносіш грошы дадому, дык усё будзе ў парадку? Не забывай, што жонка чакае ад цябе ў першую чаргу пяшчотных слоў, хоць ты яе і золатам абсыпаў. Ёсць жа куча мілых дробязей, якія амаль не патрабуюць часу. Напішы ласкавую запісачку і пакладзі яе жонцы ў сумачку. Вось убачыш, тваё задавальненне ад уласнай фантазіі будзе не меншым, чым радасць Аксаны…
Васіль прыслухаўся да парады. На сваім рабочым камп’ютары набраў, затым вывеў на прынтэры запіску, у якой прызнаваўся ў каханні Аксане, напрыдумваў кампліментаў, прапанаваў сустрэчу ў гарадскім парку ў першы выхадны дзень, а падпісаў прыдуманым імем – Артур.
Вечарам, калі жонка была ў ваннай, ціхенька палажыў запіску ў сумачку.
Ідучы на працу раніцай, Аксана ўспамінала словы сваёй сяброўкі Ніны: «Час праходзіць, мілая. Іншы раз варта і па баках паглядзець!..» А на яе даўно заглядваюцца мужчыны не толькі з іх цэха, але і з іншых. Асабліва старшы механік Артур Краўцоў падоўгу затрымлівае свой позірк на яе твары, ласкава ўсміхаецца пры сустрэчах. «А можа, і сапраўды варта звярнуць увагу на паклоннікаў?» – пранеслася ў галаве Аксаны думка.
На прахадной завода Аксана, дастаючы з сумачкі пропуск, заўважыла запіску. Але чытаць яе не было калі. Толькі ў канцы працоўнага дня яна ўспомніла пра яе. Прачытала – і ахнула. Пра такое можна толькі марыць! Артур прызнаваўся ў каханні. А якімі ласкавымі словамі ён яе называў!.. Аж сэрца закалацілася.
Назаўтра, а гэта ўжо быў выхадны дзень, потайкам ад мужа Аксана купіла новую сукенку, схадзіла ў цырульню і з хваляваннем накіравалася ў гарадскі парк. Да прызначанага часу сустрэчы Аксана пахадзіла ўдалечыні, а затым рашуча накіравалася да месца спаткання.
Падышла – і аслупянела. Насустрач ёй з кветкамі ў руках рухаўся… яе Васіль…
«Вось табе і сюрпрыз, вось табе і рамантыка!» – падумала Аксана. Яна пачырванела і збянтэжылася.
– Як ты даведаўся? – разгублена прамовіла яна.
– А ты хіба чакала не мяне? – хітра заўсміхаўся Васіль.
Усмешка Джаконды
У ноч на мужчынскія святы
Святкавалі мы пад кіраўніцтвам дырэктара нашай фірмы «Перапрадай» Івана Мікітавіча ў адзін вечар адразу два мужчынскія святы: 23 лютага і 8 Сакавіка. Няважна, што ніхто з нас не служыў. Выкруціліся: хто «пласкаступ», хто «блізарукі»… А 8 Сакавіка?.. Дык мы ж усе жанчын кахаем. Якое ж без іх свята? Перш за ўсё, яны выдатна зарэкамендавалі сябе пры пераносцы сумак з пітвом і закуссю.
Разгавеліся ў мясцовым рэстаране – так бы давеку. На стале засталося ўсяго столькі, што вялікую рэшту ежы спакавалі жанчынам у сумкі. Пітво – два партфелі – узяў у рукі пад сваю адказнасць сам Іван Мікітавіч.
Ад рэстарана да мікрараёна, дзе фірма купіла шэфу двухпавярховы катэдж з басейнам, бліжэй за ўсё праз чыгунку. Але не праз станцыю, а цераз ускраіну. Вырашылі ўсёй грамадой правесці Івана Мікітавіча дадому: ёсць жа каго, а галоўнае, ёсць чым суправаджаць.
Вядома, па дарозе некалькі разоў спыняліся, бралі чарку, жадалі здароўя Івану Мікітавічу, шчасця яго сям’і і росквіту фірме «Перапрадай». Яна ж нас у людзі вывела – у кожнага свой дамок, рахуначак у банку.
Праўда, быў тост і за жанчын. Ужо ля чыгункі, калі пяты ці шосты раз чаркаваліся, шэф сказаў: «За жанчын! Каб квітнелі вакол нас!..»
Выпілі і заўважылі, што чамусьці наўкола цёмна, хоць мы каля чыгункі. І трэба ж – шлях перагароджвае грузавы састаў! Глядзім налева – хоць вока выкалі… Направа – удалечыні ледзь свецяцца агеньчыкі.
– Абыходзіць – няма дурных! – кажа шэфаў намеснік, брат яго жонкі Пятро Пятровіч. – І чакаць не будзем, невядома калі цягнік паедзе. Але ўспомніце маё слова – раніцай (машыністы таксама людзі, святкуюць) палезем пад вагон, мы яшчэ хлопцы – ого!.. Хто першы? (Што праўда, то праўда, старых у фірме няма, мажных, не раўнуючы, як вяпрук, акрамя шэфа, – таксама. Дык шэфу па пасадзе трэба быць важным. Ды яшчэ лысым. Зараз ці не кожны ўлюбёны ў сябе «круты» бізнесмен такі.)
– Я першым буду! – не раздумваючы, азваўся шэфаў рэферэнт невядома па якіх пытаннях, худзенькі цыбаты Толік. Але ён такі: за шэфа – хоць у пельку. Будучы шэфаў зяць: усе ведаюць, што Толік кахаецца з яго дачкой-банкіршай.
– Давай! – дазваляе шэф. І Толік ужо на тым баку чыгункі, вокамгненна пад вагон шуснуў.
– Не бойцеся!! – крычыць адтуль Толік. – Састаў стаіць. Калі будзе кранацца, абавязкова сігнал дасць.
– Ат, жывём адзін раз! – раптам крыкнула наш эканаміст Аляўціна Паўлаўна і з важка напакаванай сумкай кінулася пад вагон.
Які ўзрост яе – ніхто не ведае. Можа, трыццаць, калі не глядзець у пашпарт. Не ў гэтым справа. Спартсменка. За кошт фірмы наведвае спартзалу. Шэф заўсёды бярэ яе з сабой у камандзіроўкі. Кажа, для прадстаўніцтва. Маўляў, зараз сапраўдныя бізнесмены без прыгожага атачэння на людзі не паказваюцца.
Калі ўжо жанчына пад вагон нырнула, дык што застаецца рабіць нам, мужчынам?
Шэф, трымаючы ў кожнай руцэ па партфелю, не раўнуючы, як той герой, адчайна кінуўся пад вагон, ажно глуха брэнкнулі бутэлькі. Але не разбіліся.
Памятаеце, я казаў, што Іван Мікітавіч мужчына мажны, як і належыць сапраўды важнай асобе, бізнесмену. Ён і апрануты быў адпаведна: у скураным, да пят, паліто. І раптам з-пад вагона крычыць:
– Гэй, там, наверсе! Хто мяне трымае?
Ды ніхто… Эге, за нешта зачапіўся, значыць. Тым часам нечакана ў галаве састава, можа, за паўкіламетра ад нас – гудок лакаматыва!.. Пранізлівы. Усё, папярэджанне, састаў адпраўляецца!..
– Цягніце! – крычыць шэф не сваім голасам.
Мог бы і не лямантаваць: што трэба цягнуць у такой сітуацыі, мы і без яго ведаем.
З гэтага боку вагона ўхапіўся за партфель я, а Толік – за партфель з таго боку.
Не ведаю, што ў такі адказны для ўсяго калектыву час думаў Толік, а я меў, мяркую, правільную думку: як самому не трапіць пад колы і ўратаваць партфель! Шэф што? Фірма без яго абыдзецца вельмі проста. Хаця мільганула і іншая думка: у яго ж сям’я…
Зноў гудок…
– Ідыёты, – шэф ужо сіпіць, – мяне цягніце.
Паставілі мы асцярожна партфелі побач з рэйкамі. Я са свайго боку штосілы пацягнуў шэфа за рукаў – рукаў у мяне застаўся, Толік – са свайго.
– Дапамажыце!.. Міліцыя, міліцыя! Людцы!.. – вые, ну чыстая сірэна, як у кіно ў час авіяналёту, Аляўціна Паўлаўна.
Калегі вакол мітусяцца. Шум, гам… Адтуль, дзе цьмянае святло, даносіцца тупат ног па прамерзлай зямлі, чуецца міліцэйскі свісток. І тым жа часам – зноў гудок лакаматыва. Лязг буфераў… Усё, знясілены, падаю на снег побач з вагонам. І раптам крыкі «Ура!» з таго боку вагона і – «Жывы, жывы…»
Вось яно што, выратаваўся. Не паспеў усвядоміць усё, што здарылася, як нехта тыцкае мне ў твар вострым святлом ліхтарыка:
– У чым справа? Каго рабуюць?
Ды не рабуюць, тлумачаць нашы, а, маўляў, так і так.
Святло папаўзло па вагоне, міліцыянер кажа:
– Ды гэта спісаны вагон. Тут тупік! Дзе ж вы бачылі састаў? А станцыя – там, – паказвае направа ўдалечыню, дзе цьмяныя агні. – Вас бы, шаноўныя, – аштрафаваць! Але амністыя вам ад мяне. Сёння ж, як вы сказалі, ноч двух мужчынскіх святаў.
У каго пасля гэтага не адсохне язык, калі ён будзе на нашу міліцыю плявузгаць усялякае глупства? Міліцыянер, пасля нас суправаджаючы, строга сачыў, каб з намі больш нічога не здарылася… Сяржант нават ад пачастунку адмовіўся: служба… А на развітанне працытаваў, калі мы не ведалі, як яму аддзячыць: «Мая міліцыя мяне беражэ». Мы думалі, што сам датумкаў, але ён сказаў, што Маякоўскі: маўляў, бізнесмены, як вы ў школе і інстытутах вучыліся?..
Рукаў ад шэфавага паліто, як экспанат-доказ бяспрыкладнай адвагі і мужнасці Івана Мікітавіча, мы выставілі ў музеі фірмы «Перапрадай». А што, хай кліенты-пастаўшчыкі рознага замежнага ім непатрэбнага рыззя ведаюць, хто кіруе фірмай, і зайздросцяць нам.
Незвычайная хвароба
Іван Іванавіч Сініцын, начальнік нашай арганізацыі, нечакана захварэў. Дактары толькі рукамі разводзілі, не маглі паставіць дыягназ: тэмпературы няма, а галава і ўсё цела гарыць, кардыяграма выдатная, а сэрца – ледзь не выскачыць з грудзей…
У гэты час наш інжынер Антон Мяцёлкін быў прызнаны лепшым рацыяналізатарам у сістэме міністэрства, атрымаў салідную прэмію, стаў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Падзея для ўсяго калектыва прыемная і хвалюючая, вось толькі Іван Іванавіч з-за свайго недамагання не змог павіншаваць віноўніка радаснай падзеі.
Праз некаторы час Івана Іванавіча зноў прыхапіла хвароба. Гэта супала якраз з тым, што Змітрака Пятровіча, інжынера-планавіка нашай канторы, нечакана для кіраўніцтва запрасілі на працу ў міністэрства… Зноў урачы думалі-гадалі, шукалі прычыну нечаканага абвастрэння хваробы нашага шаноўнага Івана Іванавіча.
І калі ў трэці раз ён зноў захварэў, мы ўсе і без дактароў вызначылі дыягназ. Бо ў гэты час намеснік начальніка набыў новенькі «Мерседэс-600».
Нядаўна адзін наш калега выйграў у «Суперлато» трохпакаёвую кватэру ў сталіцы. Іван Іванавіч аб гэтым яшчэ не ведае. Мы не паведамляем яму, таму што баімся за яго жыццё…
Віртуальнае каханне
Артур, як i многія яго сябры-равеснікі, ацаніў перавагі навукова-тзхнічнага прагрэсу: не трэба бегчы на спатканне да дзяўчыны, каб сказаць ёй пяшчотныя словы, варта толькі націснуць на адпаведныя кнопкі на сотавым тэлефоне – i твая каханка атрымае пасланне. Артур стаў часта адпраўляць SMS-пасланні адной сваёй знаёмай, прывабнай і загадкавай Юліі. Нумар яе тэлефона ён даведаўся ад сябра.
І вось кожны вечар ідзе перапіска-тэлефанаванне.
– Ты мне вельмі падабаешся, Юленька! – піша на мабільніку дзяўчыны Артур, утульна ўладкаваўшыся на канапе перад тэлевізарам.
– Ты мне – таксама, – адказвае Юлія, націскаючы на кнопкі свайго мабільніка і адначасова займаючыся хатнімі справамі.
Праз некалькі тыдняў пасланні ідуць яшчэ больш пяшчотныя, страсныя, гарачыя.
– Я не магу без цябе, я згараю ад жадання!
– А ў мяне кружыцца галава ад уяўлення, як мне хораша з табой…
– Ты – мая, – ідзе праз некаторы час новае SMS-пасланне.
– Я заміраю ад слодычы! – ідзе адказ. – Ты – мой! У нас будзе цудоўны блакітнавокі хлопчык, назавём яго Ігарком! Ах…
Тэлефанаванне працягвалася яшчэ дзевяць месяцаў. І вось у адзін цёплы сонечны дзень Артур атрымаў на сваім мабільніку паведамленне:
– Любы мой Артур! Прыязджай тэрмінова на адрас: вуліца Садовая, дом 18. Я буду сустракаць цябе з нашым сынам! Ён вельмі падобны на цябе! Я – шчаслівая!..
Па прынцыпе «аднаго акна»
Васіль Пятровіч даўно ўжо збіраўся звярнуцца па дапамогу ў гэтую арганізацыю, але ўсё не было часу. Аднак далей цярпець было ўжо немагчыма, дый жонка, як кажуць, плеш пераела, таму сёння з раніцы ён адпрасіўся ў шэфа і паехаў у фірму па санітарна-тэхнічнаму абсталяванню жылых памяшканняў «Жывіце багата!» Тут, згодна рэкламе, рабілі ўсе магчымыя і немагчымыя аперацыі па рамонту і замене сантэхнікі на ўзроўні еўрастандартаў, прычым без валакіты, у сціслыя тэрміны.
Васіль Пятровіч паставіў свайго «Жыгуля» на пляцоўку побач з шыкоўнымі іншамаркамі і бадзёра накіраваўся ў кантору, над уваходам у якую вісеў кідкі плакат: «Мы працуем па прынцыпе «аднаго акна». Заглянуў у прыёмную дырэктара. Сімпатычная дзяўчына ў такой мініспаднічцы, што ў Васіля Пятровіча ажно дыханне перахапіла, ветліва сказала, выслухаўшы наведвальніка:
– Звяртайцеся да нашага майстра Ягора Мікалаевіча. Ён знаходзіцца ў восьмым кабінеце, гэта далей па калідоры.
Васіль Пятровіч рушыў туды. У кабінеце за сталом сядзеў малады мужчына і разгадваў сканворд. Незадаволена адарваўся ад свайго цікавага занятку і стаў слухаць наведвальніка, які пачаў выкладваць сваю просьбу пераабсталяваць сантэхніку на кухні і ў ванным пакоі. Выслухаўшы да канца, ён прамовіў:
– Ведаеце, з задавальненнем дапамог бы вам, але ў нас, як кажуць, вузкая спецыялізацыя. З вашай праблемай лепш звярнуцца да Анатоля Сідаравіча, а ён будзе заўтра…
Васіль Пятровіч ветліва развітаўся. На другі дзень ён яшчэ з раніцы прыехаў у кантору, стаў шукаць Анатоля Сідаравіча. Той, аказваецца, і сёння, як сказала сакратарка, будзе адсутнічаць, бо ўчора павёз жонку з дзецьмі да цешчы ў вёску і яшчэ не вярнуўся.
«Вось табе і маеш! – з прыкрасцю падумаў Васіль Пятровіч, накіроўваючыся ў суседні кабінет, да дырэктара фірмы. – Тут у іх дзейнічае прынцып «трох дзвярэй», а не «аднаго акна»…
Дырэктар, як высветлілася, паехаў на нейкую тэрміновую нараду.
– Зайдзіце лепш заўтра, – пяшчотным голасам параіла сакратарка.
На наступны дзень дырэктар, невысокі, кругленькі мужчына з пышнымі вусамі, быў на месцы. Уважліва выслухаў Васіля Пятровіча і расплыўся ва ўсмешцы:
– Не хвалюйцеся, даражэнькі, мы вашаму гору мігам дапаможам! Толькі давядзецца крыху пачакаць, бо адзіны майстар, які займаецца менавіта гэтай аперацыяй, паехаў сёння ў камандзіроўку на тыдзень.
– А як жа яго завуць? – пацікавіўся Васіль Пятровіч.
– Ягор Мікалаевіч, яго рабочы кабінет нумар восем…
«Згарэла» пуцёўка
Адам Пятровіч Зазубрын штогод адпачываў у санаторыі. Быў ён яшчэ добры мацак, на спортпляцоўку заглядваў, асабліва калі там было начальства, на здароўе не скардзіўся, але расслабіцца ў час адпачынку любіў…
Паехаў у прэстыжны санаторый Адам Пятровіч і на гэты раз. Падначаленыя яго таксама сталі пачуваць сябе крыху вальней: праца тая ж, нават лепш справы пайшлі, не чуеш скрыпучага голасу шэфа, не бачыш яго вечна пахмурнага позірку, незадаволенага выгляду незалежна ад таго, добра ты працуеш, ці дрэнна. Тыдзень у канторы панаваў цудоўны настрой. А на наступным, у сераду, усе супрацоўнікі, прыйшоўшы на працу, ахнулі: Адам Пятровіч сядзеў у сваім крэсле і заўзята гартаў нейкія дакументы.
– Што здарылася, Адам Пятровіч? – першым кінуўся да яго намеснік, Сымон Вітальевіч, які якраз сёння паабяцаў цешчы даць дырэктарскую машыну, каб з’ездзіць да сястры ў іншы горад. Цяпер давядзецца прасіць дазволу ў Адама Пятровіча або даваць «адбой» цешчы, за што, зразумела, будзе страшэнны наганяй ад жонкі.
Адам Пятровіч адарваў вочы ад папер, незадаволена прабурчаў:
– Гэта ж прыдумалі, д’яблы, новаўвядзенне: хто тры разы запар пабудзе ў санаторыі, таму аўтаматычна прызначаецца трэцяя група інваліднасці і адпраўляюць на лёгкую працу. А я ж восьмы раз запар адпачываю ў санаторыях, ды яшчэ ў якіх!.. Дык кінуў сваё лячэнне-адпачынак ды прымчаў за пяцьсот кіламетраў. Карацей кажучы, «згарэла» мая пуцёўка сінім полымем…