Андрэй Латыголец
Дні без лета
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу выдавецтва.
© Латыголец, А., 2020
© Афармленне і распаўсюджванне e-book.
ТАА «Электронная кнігарня», 2020
⁂
Джордж Гордан Байран, «Цемра»1816Мне сніўся сон. Ці праўда ў ім была?Пагасла сонца яснае, а зорыБлукалі ў цемры космасу без промняў;Навослеп зледзянелая зямляГайдалася ў бязмесячнай прасторы;Світальны час ёй не прынёс відна…[1]
Аб’ектыў камеры праціраюць анучкай. Чуваць гук трэння, які звычайна выклікае дрыжыкі па ўсім целе. Потым пачынаюць невыразна вымалёўвацца абрысы твару. Гэта хлопец. Рэзкасць на нулі, аднак ён спрабуе круціць зум, каб наладзіць параметры здымкаў.
– Ты ўжо здымаеш? – за кадрам дзявочы голас.
– Ага, зараз толькі знайду неабходныя налады, – адказвае хлопец.
Рэзкасць мяняецца, і некаторы час у аб’ектыве наогул немагчыма нічога разабраць.
– Як гэта ўсё працуе?..
Паступова карцінка набывае выразнасць, і перад гледачом узнікае засяроджаная фізіяномія хлопца ў бейсболцы пясочнага колеру з мядзведзем грызлі і надпісам «California love». У маладога чалавека карыя вочы і даволі прыемныя рысы твару. Як толькі ён разумее, што карцінка наладзілася, адразу ўсміхаецца ў аб’ектыў і ўздымае руку.
– Хэлоў, мяне завуць Макар, са мной мая жонка Кіра.
У кадры з’яўляецца твар сімпатычнай шатэнкі з вялікімі зялёнымі вачыма, і яна прыемным голасам кажа:
– Прывітанне!
Пара добра глядзіцца ў кадры разам, яны нават чымсьці падобныя адно на аднаго.
– З усёй адказнасцю хочам усім вам заявіць, што сёння мы з’язджаем у Амерыку на пастаяннае месца жыхарства. Мы выйгралі Green Card – наша мара нарэшце спраўдзілася.
– «Грынку», дарэчы, выйграла я, – кажа Кіра.
– Так, Кіра выйграла наша новае жыццё з трэцяй спробы, мы ўжо спакавалі рэчы і цяпер вось сядзім на чамадане.
Камера пераходзіць на пакой. Паказваецца невялікае прастакутнае памяшканне з канапай, камп’ютарным сталом і шафай-купэ на ўсю сцяну. Макар факусуецца на шкле шафы, у якім адлюстроўваюцца дзве постаці. Усё так і ёсць: яны сядзяць на адным вялікім чамадане, побач – меншы, ружовы, а ля ног – дзве торбы (так званая ручная паклажа) і заплечнікі.
Макар зноў наводзіць аб’ектыў на сябе.
– У нас адносна нядаўна ўзнікла ідэя зняць усю нашу вялікую вандроўку на камеру. Можа, з часам я выкладу гэтае відэа ў інтэрнэт. Кіра вось наогул змушае мяне стварыць старонку ў ютубе і весці свой канал, тым больш што блогерства цяпер – папулярная рэч. Я набыў фотаапарат «Canon» з паваротным экранам для большай зручнасці, таму не ведаю – усё магчыма, калі толькі на гэта будзе час.
– А што, мы з табой прывабныя, – Кіра папраўляе валасы і, бы перад люстэркам, пачынае панадна грымаснічаць.
Макар усміхаецца.
– Тады, напэўна, зараз нам трэба крыху пра сябе расказаць.
Кіра супакойваецца.
– Што ж, мы з Беларусі, абое нарадзіліся ў Мінску… Вось… Пазнаёміліся недзе пяць гадоў таму.
– Шэсць ужо, – пхнуўшы яго локцем, перабівае Кіра і глядзіць, як муж адрэагуе.
– Выбачай, шэсць гадоў таму. Якраз перад тым, як Кіра выйграла латарэю, я зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і мы распісаліся. Сёлета ў нас было вяселле.
Кіра дэманструе на камеру заручальны пярсцёнак, Макар робіць тое самае.
– Вяселле ў нас было толькі для блізкіх і знаёмых, нам не цікавыя ўсе гэтыя цырымоніі. Таму, скажам так, мы распісаліся і адзначылі ўсё гэта толькі дзеля галачкі ў пашпарце, тым самым зэканоміўшы кучу грошай.
– Ну, мы проста не хацелі рабіць так, як цяпер робяць усе: выкідаць шмат грошай, каб сабраць сваякоў, якіх мы бачылі раз ці два ў жыцці, чуць усе гэтыя «горка», есці салаты аліўе, танцаваць пад заезджаныя песні, глядзець тэматычныя конкурсы ці, яшчэ горш, адзначаць вяселле тыпу з сэнсам, на прыродзе, гангста-паці, эка, шмэка…
– Тым больш што грошы цяпер маюць для нас асаблівае значэнне. Наперадзе доўгі шлях праз Атлантычны акіян, пошукі прытулку, працы, адаптацыя… Што яшчэ можна сказаць… Вось, галоўнае! Наконт маршруту. З Мінска мы накіроўваемся ў Маскву.
– На маршрутцы, – смяецца Кіра.
– Ну а што? Потым у аэрапорт «Дамадзедава», праходзім пашпартны кантроль. Думаю, я часткова буду там штосьці здымаць. Далей наш самалёт ляціць у нямецкі горад Франкфурт-на-Майне і адтуль ужо да канчатковага пункта – Лос-Анджэлеса.
– Гэта будзе складана.
– Нас чакае дванаццацігадзінны пералёт плюс чаканне ў міжнародных аэрапортах. Як там усё будзе складвацца, пакуль невядома.
– Раскажы пра Лос-Анджэлес!
– Ага… Пра Лос-Анджэлес… Значыць, так, пасля доўгага роздуму мы вырашылі абраць менавіта гэты горад нашым месцам прапіскі. Наконт выбару ў нас з Кірай была працяглая дыскусія, я штудзіраваў гэтае пытанне, праглядаў у ютубе відэа розных блогераў, выдаткаваў пэўны час на форумы, каб канчаткова вызначыцца. Спярша мы планавалі пераехаць у Нью-Ёрк, гэты горад вялікі і надвор’е ў ім амаль адпавядае нашаму, беларускаму. Там можна абыходзіцца без прыватнага транспарту, таму што калі ў горадзе гіганцкія аўтамабільныя заторы, мець сваю машыну не мае ніякага сэнсу. Аднак Кіру засмучаў той факт, што ў Нью-Ёрку таксама будзе холадна: зіма, слота і шэрае неба.
– Ну сапраўды, надакучыла гэтая непагадзь! Усё ж наша мара спраўдзілася, а для мяне мара – гэта сонейка і пляж, – мнагазначна ўсміхаецца на камеру Кіра.
– Ну, і для твайго здароўя так, прынамсі, карысней. Пасля Нью-Ёрка я спыніўся на Чыкага. Чыкага – сапраўды горад-казка, адносна спакойны, з добрай інфраструктурай, зялёны мегаполіс.
– Хіба не Маямі?
– Маямі быў пасля. У параўнанні з Нью-Ёркам, Чыкага і Лос-Анджэлесам Маямі – самы танны для жыцця. Жыллё там каштуе нашмат менш, што на першых порах для нас вельмі важна. Аднак у Маямі ёсць праблемы з працай. Горад гэты пераважна курортны, год-два там пажыць можна, але потым усё роўна захочацца пераехаць. Таму мы вырашылі паспрабаваць раз і назаўжды абжыцца ў Лос-Анджэлесе. Жыллё там, вядома, даражэйшае, але з пошукам працы будзе значна прасцей.
Камера трохі ўздрыгвае.
– Прашу прабачэння за свае дрыготкія рукі.
– Спішам на хваляванне, у нас наперадзе доўгі шлях, – своечасова дапаўняе Макара Кіра.
– Штат Каліфорнія, як вядома, – Мекка для маладых сем’яў, там цудоўны цёплы клімат, няма забабонаў, людзі жывуць утульна і з камфортам…
– Як у раі, карацей…
Макар падсумоўвае:
– Што тут яшчэ расказваць; прыедзем – абавязкова ўсё знімем і пакажам.
– А цяпер трэба аддзячыць гледачам, сказаць, тыпу, дзякуй, што глядзелі, падпісвайцеся на наш канал, стаўце падабайкі, – кажа яму Кіра.
– Які канал? Я яшчэ дакладна не ўпэўнены, што гэта будзе канал. Спярша трэба паглядзець, як усё запісалася! – Макар з дакорам пазірае на Кіру.
– Тым не менш дзякуй, што нас глядзелі, да сустрэчы, – кажа замест Макара Кіра і ўсміхаецца ў камеру.
Запіс спыняецца.
Камера здымае з акна маршруткі. Шаша віецца шэрай стужкай, а цёмна-зялёны лес зліваецца ў суцэльны аднатонны фон. Макар паўшэптам вяшчае:
– Ну што ж, вось мы і ў маршрутцы «Мінск – Масква». На гадзінніку дзесяць раніцы, і мы ўжо далёка за горадам. Мінск, бывай! Як ні сумна з табой развітвацца, аднак нас чакае новае жыццё і, спадзяюся, гасцінны Лос-Анджэлес. У салоне шмат хто спіць, таму даводзіцца гаварыць ціха. Кіра дрэмле, яна дрэнна спала ноччу, няхай адпачывае. У нас было даволі сентыментальнае развітанне з бацькамі. Мне так падалося. Не абышлося без слёз. Асабліва перажываюць мае тата і мама. Яшчэ да ад’езду яны цэлы год не маглі змірыцца, што мы ўрэшце вырашылі пераехаць на іншы край свету. Я па-ранейшаму застаюся для іх маленькім хлопчыкам, а тут такая ашаламляльная навіна. Ну, нічога, думаю, справяцца. Яны ў мяне моцныя духам. Мы з Кірай паабяцалі высылаць ім відэа з усіх месцаў нашага падарожжа, я ўсталяваў бацькам скайп, паказаў, як карыстацца ютубам, таму гэтае відэа для іх. Мама, тата, прывітанне!
Аб’ектыў павольна пераходзіць ад акна на салон маршруткі. Падымаецца вышэй над спінкай сядзення, паказваючы шэраг наперадзе. У маршрутцы ціха, чуваць прыглушаны рык матора. Камера апускаецца ніжэй і факусуецца на Кіры.
– Няхай спіць. І я трохі пасплю.
Макар неахайна паварочвае да сябе аб’ектыў.
– Ну вось, з намі ўсё ў парадку, не хвалюйцеся, да сустрэчы. Амерыка, чакай новых перасяленцаў!
– Зноў усім прывітанне. Хачу сказаць, што колькі хвілін таму мы перасеклі мяжу і цяпер знаходзімся ў Расіі, – кажа Макар у аб’ектыў. – Цяпер тры гадзіны, Кіра прачнулася і хоча нам штосьці сказаць.
Камера накіроўваецца на Кіру.
– Як табе спалася? – пытае ў яе Макар. Кіра глядзіць у свой тэлефон.
– Не трэба мяне здымаць, я з гэтага ракурсу кепска атрымліваюся, – абураецца яна.
– А як жа твая ідэя блога? Пайграй трохі на камеру. Што ты адчуваеш? Якія ў цябе першыя думкі? Мы пакінулі радзіму, цяпер мы ў іншай краіне, на крок бліжэй да мэты.
Кіра ўздымае броўку.
– Хвалююся, вядома. Наперадзе пашпартны кантроль, уся гэтая валтузня з торбамі, праверкі. Цяпер галоўнае – нічога не забыць і паспяхова трапіць у аэрапорт. Потым пералёт, не ведаю… Думаю, выспімся мы толькі ў гатэлі, таму што ўсе гэтыя перасадкі нас добра вымучаць, а мне ўжо ногі баляць ад гэтага дурацкага сядзення.
– Ну, нам не прывыкаць, – кажа за камерай Макар. – Да гэтага мы шмат разам вандравалі па Еўропе, у нас былі пералёты на самалётах. Асабіста для мяне заўжды самай цяжкай праблемай было тое, што мяне ўвесь час пучыла.
– Таму што не трэба піць і есці ўсялякае паскудства…
– Так, гэтым разам мы вырашылі піць толькі звычайную ваду, ніякіх газаў, чыпсаў і спіртнога. Усё па-сур’ёзнаму, цяпер ад нас патрабуецца максімальнае валоданне сітуацыяй.
– Перакусім толькі перад адлётам.
– Паспрабуем рускага піва?
– Ну, калі будзе час…
Кіра глядзіць наперад.
– Можа, хочаш перасесці да акна, а я выцягну ногі ў праход? – пытае Макар.
– Давай.
Пакуль яны робяць ракіроўку, Макар наводзіць камеру на акно. Хуткасць не змянілася. Бачная зялёная палоска кювета і невыразныя абрысы простага прыроднага ландшафту.
– Дарэчы, пасля мяжы адразу кідаецца ў вочы неахайнасць мясцовага краявіду. У нас у Беларусі ўсё больш акуратнае, падстрыжанае. Шаша пакуль яшчэ прымальная, у Расіі дарогі, мякка кажучы, так сабе, але паглядзім. Дзякуй усім за прагляд.
У аб’ектыве з’яўляецца асветлены агнямі вялікі будынак аэрапорта «Дамадзедава». На вуліцы ноч, але дзякуючы падсветцы ўсё добра бачна. Чуваць голас Макара за кадрам:
– Мы на месцы. На гадзінніку поўнач, нас толькі што высадзілі з маршруткі «Мінск – Масква», мы выгрузілі свае рэчы і зараз пойдзем на пашпартны кантроль. Вылятаем у тры гадзіны ночы. Відэа кароткае, таму калі ўсё пройдзем, абавязкова раскажам, як яно было.
– Так, давай, пайшлі ўжо, – даносіцца нервовы голас Кіры, і здымкі абрываюцца.
Камера выхоплівае сувенірны кіёск. Праз шкло вітрыны бачныя матрошкі, а таксама значкі, плакаты, майкі і календары з выявай Уладзіміра Пуціна. Над кіёскам надпіс: «Patriot box».
– Мы ў Расіі, чаму б і не… – у голасе Макара гучыць сарказм. – Памятаю, калі мы колькі гадоў таму былі ў Піцеры, там якраз панавала ўся гэтая патрыятычная эйфарыя наконт анексіі Крыма. Дык вось, кожны пераход у метро быў проста засыпаны такімі цацкамі, і асабіста ў мяне гэта выклікала толькі агіду. Як бачна, нічога не змянілася, а маразм мацнее…
– Ты давай тут цішэй, а то яшчэ зараз павяжуць, і паедзем мы не на пляж да акіяна, а на нары ў «Бутырку», – кажа за камерай Кіра.
– Адно радуе: хутка для нас усё гэта скончыцца. І мы акажамся ў цывілізаваным грамадстве, дзе нам больш не давядзецца сутыкацца з цемрашальствам.
Аб’ектыў камеры трасецца, і перад выключэннем яго паварочваюць да бетоннай падлогі аэрапорта.
– Гэта зноў мы, – кажа Макар. Побач Кіра. Яны сядзяць на лаўцы. Аб’ектыў буйным планам захоплівае іх твары, стомленыя і заспаныя. За імі віднеецца зала чакання і частка электроннага табло, дзе высвечваюцца прылёты. Металічны голас аўтаінфарматара абвяшчае чарговае адпраўленне самалёта. Адусюль даносяцца галасы пасажыраў, чуваць плач дзіцяці.
– Толькі што мы прайшлі пашпартны кантроль, і гэта было сапраўднай пакутай, – працягвае Макар.
– Каля гадзіны нам давялося стаяць у доўгай чарзе. Людзей столькі, што здаецца, быццам уся Масква вырашыла адправіцца ў Амерыку. Выязджаюць цэлыя сем’і, а таксама замежныя турысты: згуртаванні кітайцаў і арабаў з індусамі, – дапаўняе яго Кіра.
– Мы вельмі стаміліся і засынаем на хаду, таму, каб чымсьці заняцца і не праспаць свой рэйс, запісваем гэтае відэа… Насамрэч я толькі і думаю, як бы заплюшчыць вочы і трохі паспаць. Мы на нервах, нават есці не хочацца…
– Ну, мы перакусілі, аднак сіл ісці паглядзець «д’юці фры» ўжо не засталося.
– Ды і сэнсу няма, раней мы наведваліся туды, каб штосьці прывезці дамоў, а цяпер, я спадзяюся, у нас усяго будзе з лішкам…
Камера абводзіць залу чакання. Людзі сядзяць на доўгіх лаўках з зялёнымі сядушкамі. Усюды яркае асвятленне і суцэльныя буцікі. Аб’ектыў спыняецца на табло вылетаў. Зум набліжае надпіс «Масква – Франкфурт-на-Майне» з часам адпраўлення 3:15. Потым надпіс аддаляецца, і ў фокусе зноў Макар і Кіра.
– Што можна сказаць наконт пашпартнага кантролю, – стомлена гаворыць Макар. – У нас спыталі пра мэту візіту ў ЗША. Я адказаў, што мы ляцім па іміграцыйнай візе. І ведаеце, было нават прыемна гэта прамаўляць. Да пэўнага часу мы не распаўсюджваліся аб сваёй «грынцы», ну, ведаеце там, каб пазбегнуць плётак ці зайздрасці. Цяпер такі час. А тут, на кантролі, я нават з якімсьці гонарам адказаў, што мы, маўляў, махаем вам ручкамі і бачым вас апошні раз.
– Тым не менш персанал аказаўся даволі ветлівым, – кажа Кіра. – Пасля непрацяглых роспытаў у нас прагледзелі ручную паклажу, зірнулі на наш ноўтбук. Цяпер з гэтым сур’ёзна, ужо былі выпадкі, калі тэрарысты правозілі бомбу менавіта ў лэптопах. Потым нашы чамаданы адправілі на цялежцы да астатняга грузу, і ў нас засталіся толькі два заплечнікі і ручная паклажа.
– Пажадайце нам поспехаў і сіл, яны нам спатрэбяцца.
– А сіл ужо амаль не засталося.
– Нічога, справімся. Пазней я, мажліва, яшчэ буду здымаць нашу пасадку на самалёт альбо скажу колькі слоў ужо з самалёта, паглядзім. Да хуткай сустрэчы.
Здымаюць з акна аэрапорта. У шкле люструецца постаць Макара, які наводзіць аб’ектыў на пасадачную паласу. Праз акно відаць вялікі самалёт з надпісам «Аэрафлот». Самалёт марудна паварочвае нос, збоку да яго пад’язджае трап. Колькі чалавек з абслугі мітусяцца непадалёк. З другога боку да самалёта набліжаюцца кантэйнеры з пасажырскім грузам. На вуліцы цемень, аднак дзякуючы добраму асвятленню відаць, як неба на даляглядзе пачынае яснець.
Наступныя кадры робяцца на тэлетрапе. На першым плане Кіра. Перад ёй – пажылая пара. Твар Кіры заспаны, і яна стомлена ўсміхаецца на камеру. Чуваць чыесьці галасы. Мужчына спераду азіраецца і, заўважыўшы, што яго здымаюць, рэзка адварочваецца.
– Вось мы і на падыходзе, – кажа Кіра. – Давялося аднымі з першых заняць чаргу, каб хутчэй апынуцца ў самалёце. Зараз будзе праверка квіткоў, і мы ўрэшце трапім на борт. Усё – дарогі назад няма, мама, тата, бывайце…
– Ну, бывайце не назаўсёды, – абнадзейліва гучыць за камерай голас Макара. – Мы абавязкова яшчэ ўбачымся.
Камера здымае прастору за шклянымі сценамі тэлетрапа. Аэрапорт «Дамадзедава» паўстае ва ўсёй красе свайго асвятлення.
Фокус зноў на тварах Макара і Кіры. Яны ўжо размясціліся на сваіх месцах. За імі бачныя высокія спінкі сядзенняў.
– Усё, мы пагрузіліся, – кажа Макар. – Закінулі на паліцу рэчы і цяпер можам перавесці дух. У іншых пасажыраў шмат торбаў, таму некаторыя яшчэ не ўладкаваліся. Мы аказаліся ў дзясятцы першых, што трапілі на борт. Цяпер чакаем узлёту. Напэўна, атрымаецца трохі паспаць.