– Ну, дзяўчаткі, пажадайце мне ні пуха ні пер’я, – цокаючы абцасамі на выхад, сказала Ірына.
– Ні пуха… – разам выдыхнулі прысутныя, а Дзмітрый, усё яшчэ трымаючыся за сківіцу, прагундосіў:
– Ірка, не ведаю, што ты задумала, але глядзі, не ўлезь к чорту ў балота.
– Ты нас ужо абараніў, цяпер дазволь мне за сябе і цябе, немаўлятку, заступіцца, – праходзячы міма, раскудлаціла вадзіцелю чупрыну дзяўчына і весела, па-блазенску рассмяялася.
Як толькі стрыжаныя ўбачылі дзяўчыну, адразу змяніліся: вонкавай абыякавасці і пагрозлівай засяроджанасці як і не было, на тварах імгненна з’явіліся гуллівыя, з’едліва-пошлыя ўсмешкі, да гэтага абыякавыя, немігатлівыя вочы ажылі, заіскрыліся прагавітым, бессаромным жаданнем.
Ашот, як і стрыжаныя, зразумеў, на што наважылася Ірына, і рашуча пераступіў ёй дарогу:
– Не рабі глупства, я за цябе заплачу…
– Адыдзі, ты мне не муж і не бацька, – як ад надакучлівай мухі, адмахнулася дзяўчына і гучна крыкнула: – Хлопчыкі, ёсць размова, толькі скажыце гэтаму лоху, каб сеў у машыну і не высоўваўся…
Тое, што потым адбылося на вачах дзяўчат, пасажырак «рафіка», не проста іх збянтэжыла, убачанае выбіла з каляіны і неймаверна ўзмацніла страхі, якімі і без таго поўніліся душы. Некаторых паводзіны Ірыны і рэкеціраў прывялі да нервовага зрыву.
Бачачы, як Ірына слізганула ў прачыненую дзверцу «Мерседэса» і як паважна ўслед за ёй залез адзін са стрыжаных, а астатнія, назіраючым за тым, што робіцца ў сярэдзіне, весела, па-блазенску скаліліся і пагойдвалі машыну, першай не вытрымала Кацярына. У яе руцэ няведама адкуль з’явілася небяспечная брытва, пагрозліва бліснула лязо.
– Я ім не дамся, няхай толькі сунуцца…
– Ты што, здурнела?!
Каля Кацярыны імгненна з’явіўся Ашот і, пераціснуўшы дзяўчыне запясце, адабраў брытву.
– Хіба не бачыш, што гэтая гадаўка сама пайшла? – Ашот абвёў пасажырак злым позіркам, секануў паветра рукой. – Ніхто, чуеце, ніхто вас не зачэпіць, калі, канечне, самі таго не пажадаеце!
Праз гадзіну напружанага чакання пасажыры «рафіка» убачылі, як Ірына вылезла з «Мерседэса» і, хістаючыся, няўпэўнена, па-матроску шырока ставячы ногі, пасунулася да «рафіка». Рэкеціры нешта крычалі ёй услед, але дзяўчына нават не азірнулася, толькі падняла рукі над галавой і развітальна памахала. Раптам яна спынілася, быццам наткнулася на нейкую нябачную перашкоду, скінула чаравікі, замітусілася, крутнулася ўправа-ўлева, як пераламалася напалам, і, прыкрыўшы далонню рот, подбегам кінулася да ўзбочыны. Стрыжаныя, убачыўшы, як дзяўчына, стоячы на ўзвале на каленях, ванітуе, зарагаталі, ды так, што здрыганулася шкло ў «рафіку».
У Любы саленаваты камяк перахапіў горла. І адразу, як калісьці ў дзяцінстве, яе імгненна агарнула даўно забытае, запаланіла міжвольнае і амаль непераадольнае жаданне ўцячы адсюль, схавацца, каб нікога не бачыць і нічога не чуць. Яна падхапілася і кінулася да дзвярэй, але ніяк не магла зразумець, чаму ногі не бягуць, а рукі не слухаюцца, не магла зразумець, чаму цяжка дыхаць, а ў вачах ружовы туман.
Калі Люба расплюшчыла вейкі, зыркае сонца балюча сцебанула па вачах. Яна адвярнулася і ўбачыла перапалоханага Ашота, які трымаў каля яе носа ватку. Пахла нашатырным спіртам.
– Ну, дзякуй Богу, – узрадавана ўздыхнуў хлопец і пацёр ваткай Любіны скроні і шыю.
– Дасца ў знакі нам гэтая паездка, – незласліва прабурчэў Дзмітрый. – Адна трахаецца, можна сказаць, прынародна, другая з брытвай кідаецца на людзей, а трэцяя – зусім чокнутая, паміраць уздумала…
– Не балбачы, – рэзкавата сказаў Ашот, – лепш занясі Ірыне вады, няхай прывядзе сябе ў парадак… Ехаць трэба.
Праз некалькі хвілін у машыну цяжка паднялася Ірына. Валасы ўскудлачаныя, на вільготнай кофце расшпіленыя ўсе гузікі, станіка зусім не было, чырвоныя саскі высокіх грудзей задзірліва, быццам наўмысна, былі скіраваныя на Ашота і Дзмітрыя. Хлопцы, як па загадзе, адвялі позіркі, і гэта не засталося незаўважаным Ірынай. Яе перапэцканы памадай твар пераможна засвяціўся.
– Усім фізкульт-прывет, – зычна абвясціла яна, але голас прагучаў фальшыва і здзекліва. – А што гэта нашы дзяўчаткі галовы павесілі, а хлопчыкі вочкі пахавалі? Няўжо паснулі? А мо мяне ганіце? Дык я з таго, чым еду зарабляць грошыкі, таямніцы не рабіла і нікога, зрэшты, не абрабавала. А мо зайздросціце? Усё ж за гадзіну дзвесце баксаў зарабіла, вось гэтых, – Ірына патрэсла над галавой зеленаватымі паперкамі. – Напэўна ж, і вы не цэлкі, маглі б таксама паўдзельнічаць… Толькі я першай паспела…
– І хто цябе толькі нарадзіў? – непрыязна буркнуў Дзмітрый і завёў рухавік.
Ірына быццам толькі гэтага і чакала. Яна зусім скінула кофту, знізу далоньмі яшчэ больш высока прыўзняла грудзі і, усутыч наблізіўшыся да вадзіцеля, прашаптала:
– А ты, Дзімачка, зірні, памацай маё цела, няўжо адмовішся? Толькі не пужайся, дам за так, не за грошы… За іх ты засілішся… А мне жонку і дзетак тваіх шкада… Пагаджайся, пакуль не перадумала, а то аддамся Ашоту, а ён іншы, ён заплоціць, толькі не ў дарозе, усё ж адказвае за маю дастаўку, і не ў Берліне, дзе каштарыс высокі. Ён дачакаецца мяне ў Мінску і завалачэ ў які-небудзь ванючы гатэль з прусакамі…
– Датрахалася, зусім з глузду з’ехала. Гэта ў цябе ў галаве прусакі замест мазгоў, – прабурчэў Дзмітрый і, скрывіўшыся, як ад кіслага, пачаў вырульваць на шашу.
Люба яшчэ не зусім ачомалася ад нечакана нахлынуўшай млоснасці і цяпер, трошкі прыплюснуўшы вейкі, паволі, але без усялякага жадання вярталася ў рэальнасць. Нейкім нязведаным дагэтуль падсвядомым пачуццём яна ўбачыла вакол сябе празрыстую заслону, падобную на вадаспад, якая, здавалася, бараніла ад усяго нядобрага і злога. Люба чула, пра што гаворыць Ірына, бачыла яе голую і ніяк не магла дапяць, чаго дзяўчына торкае свае цыцкі вадзіцелю ледзь не ў самы твар. Яна бачыла, як Ашот укрыў Ірыну плашчоўкай і, прытуліўшы да сябе, правёў міма, чула, як, усаджваючы суседку ў крэсла, ён ціха спытаўся:
– Ты зноў наглыталася калёс?
– І запіла віном, – раўнадушна адказала Ірына і нечакана ўсхліпнула: – Я больш гэтага не вытрымаю…
– Хутка ўсё скончыцца, – пяшчотна сказаў Ашот. – Ты лепш засні.
Гэтае «засні» імгненным неймаверным цяжарам навалілася на Любіны вейкі. Яна міжвольна заплюшчыла вочы і цяпер не толькі ўбачыла вакол сябе серабрыстыя вадзяныя пырскі, але і пачула грукатлівы шум вадаспада, такі жывы і лагодна-пявучы. На душы стала лёгка і спакойна.
Апошняе, што пачула Люба перад тым, як заснуць, былі словы, сказаныя кімсьці з дзяўчат: «Як бы там ні было, а Ірына на нашых вачах за гадзіну зарабіла аж дзвесце долараў!»
За паўгадзіны да нямецкай мяжы Любу раскатурхаў Ашот і забраў пашпарт, які адразу ж аддаў Дзмітрыю.
– Апошняя праверка, – падаў голас вадзіцель і, пералічыўшы пашпарты, павучальна прамовіў: – На мяжы не мітусіцеся, сядзіце спакойна, у немцаў памежнікі і мытнікі працуюць на пару. Машыны шманаюць рэдка, а на людзей і зусім увагі не звяртаюць. Колькі езджу, у салон ні разу не зазірнулі, нават крыўдна…
Пра тое, што адбылося па дарозе на Варшаву, ні Люба, ні хто іншы не ўзгадвалі. Дый навошта? Праз некалькі гадзін іх шляхі разыдуцца, а там у кожнага свой клопат, як кажуць, свая кашуля бліжэй да цела.
Немцы і сапраўды вельмі хутка і без усялякай цікаўнасці да пасажыраў прагледзелі іх пашпарты, тут жа грукнулі штампам, але больш уважліва перабралі дакументы вадзіцеля, нават прымусілі завесці машыну і праверылі на «СО», яшчэ больш уважліва вывучалі страхоўку і зялёную карту. Зрэшты, калі ўсе пытанні былі знятыя, Дзмітрыю вярнулі дакументы, акрамя аднаго – пашпарта.
Малады, зусім юны, прышчаваты памежнік у велікаватай фуражцы, над губамі тоненькая палоска чорных вусікаў, зазіраючы ў салон машыны, на ламанай рускай мове крыкнуў:
– Фройлен Люба Аникейчик, ком цу мир, аусвайс фальшивка…
У Любы быццам нешта абарвалася ўсярэдзіне. Яна падхапілася на ногі, дрыготкімі рукамі пачала збіраць рэчы. На падлогу звалілася сумачка, з якой высыпаліся біжутэрыя, грошы, люстэрка закацілася некуды далёка пад крэсла, на вачах імгненна навярнуліся слёзы, а вусны шапталі адно:
– Як жа ж так, усё было нармальна…
– Ну, ні халера сабе!.. – вырвалася міжвольна ў Дзмітрыя. – Нашу і дзве польскія мяжы праехалі…
– Что ест хольера? – імгненна зрэагаваў памежнік і, зрабіўшы крок да машыны, паклаў руку на руль. – Это ест русский нецензурный брань в меня? Тогда ты в тюрьма!
– Што вы, што вы, якая цюрма? – замахаў рукамі перапалоханы Дзмітрый. – Халера – гэта… гэта як чорт…
– О-о, «чьёрт» моя знает, – твар памежніка расплыўся ў прыхільнай усмешцы, – русский «чьёрт побирай» Европа знает… Но тут, – памежнік зноў стаў сур’ёзны, нават вельмі, і, тыцнуўшы пальцам у нямецкі сцяг, які развяваўся над мытняй, строга сказаў: – Тут вам не «хальера» і не «чьёрт побирай», тут Дойчланд!.. А фройлен своя подпись в аусвайсе не имеет…
Праехаўшы не больш за кіламетр, Ашот запатрабаваў, каб Дзмітрый спыніў машыну каля першага прыдарожнага тэлефоннага аўтамата. Ён выглядаў заклапочаным, доўга шарыў па кішэнях скуранкі, перагарнуў партмане, зрэшты, знайшоў тое, што шукаў, – занатоўнік, перагарнуў некалькі старонак і адразу ж адкінуў, запусціў руку ў дарожную сумку. Зрэшты, твар прасвятлеў, Ашот выцягнуў блакітны сшытак, нешта ў ім прачытаў, скоса зірнуў на Любу. Сустрэўшыся з дзяўчынай позіркам, ён вымучана ўсміхнуўся і нават падміргнуў.
Люба нейкім, як кажуць, сёмым пачуццём адчувала, што размова Ашота па тэлефоне будзе тычыцца яе. Зрэшты, так яно і здарылася. Калі Ашот вярнуўся ў машыну, ён адразу падышоў да Любы і бадзёра сказаў:
– Праз гадзіну будзем на месцы, паціху збірайся. Цябе чакаюць.
– Я гатова, – хвалюючыся, прашаптала Люба і не пазнала свайго голасу. Зноў перахапіла дыханне, яна закашлялася.
– Ну-ну, толькі не ўздумай самлець, – лагодна паляпаў Любу па спіне Ашот, – хворая ты ім не патрэбна… – ён трошкі памаўчаў і, адчуваючы няёмкасць, дадаў: – І чаго цябе з такім здароўем панесла ў свет?
Люба нічога не адказала, але гэтае пытанне ўзяло за жывое. Імгненна, як на экране тэлевізара, перад вачыма прамільгнула яе жыццё. Пасля смерці маці, калі п’яніца-бацька прывёў у хату мачаху, у яе пачалося напаўжабрацкае дзяцінства і гэткае ж юнацтва. На выпускны школьны баль сама перашыла, пераніцавала старую суседчыну сукенку, якая і сёння як парадная ляжыць на дне чамадана. Пасля няўдалай спробы паступіць у інстытут – праца ў трамвайным дэпо. Заробак не дазваляў раскашаваць, ледзь хапала на пражыццё, бо амаль усе грошы аддавала цётчыным знаёмым на разлік за мінскую прапіску. Яна магла спадзявацца толькі на сябе, таму адразу і ўхапілася за прапанову паехаць у Нямеччыну ў заробкі. Няхай пакаёўкай, няхай пасудамыйкай, абы толькі вырвацца з абрыдлай нястачы…
– Я вельмі добра сябе адчуваю, – Люба адштурхнула Ашотаву руку і, злосна зірнуўшы на хлопца, дадала: – І, калі спатрэбіцца, змагу за сябе пастаяць…
– Гэткая ты мне падабаешся, – шчыра засмяяўся Ашот і, падышоўшы да вадзіцеля, гучна сказаў: – У нашага напаўсамлелага верабейкі вырасла дзюбка.
– Хто іх, жанчын, зразумее, – стомлена прабурчэў Дзмітрый. – Спярша дзюбка, а потым невядома адкуль з’явяцца і дзюба, і змяіны зуб…
Ён пазяхнуў і, трымаючы руль левай рукой, правай ухапіў поліэтыленавую двухлітровую бутлю з вадой. Спярша зрабіў некалькі вялікіх глыткоў, потым лінуў вады на галаву, шыю, парослую чорнымі валасамі грудзіну і, страсянуўшы патлатай галавой, выдыхнуў:
– Другія суткі за рулём, хоць бы не заснуць… Ірка, сцерва, падвяла, выбіла з графіка.
– Трымайся, перададзім дзяўчыну і заначуем, – зручней уладкоўваючыся ў крэсле, адказаў Ашот і, выцягнуўшы цыбатыя ногі, заплюшчыў вейкі.
Да скрыжавання, на якім чакалі Любу, пад’ехалі каля адзінаццаці гадзін вечара. Як толькі машына спынілася і Ашот адчыніў дзверцы, у салон цяжкавата і не без дапамогі хлопца ўскараскалася невысокага росту гадоў пяцідзесяці жанчына ў вялізных, на паўтвару, акулярах. Гладка зачэсаныя валасы былі сабраны на патыліцы і прыхоплены ярка-чырвонай шпількай. Жанчына, не вітаючыся, па-руску зняважліва заявіла:
– Я – фрау Эльза, эканомка пана Ганса. Мой гаспадар прасіў перадаць, што за спазненне ён спагоніць з вашай фірмы штраф.
Ашот у апраўданне хацеў нешта сказаць, але жанчына рашучым жэстам рукі перапыніла:
– Не трэба тлумачэнняў, Люба Анікейчык – на выхад!
– Бывай, сяброўка, – абыякава прабурчэла за Любінай спінай Ірына і, шчыльней захутваючыся ў плашчоўку, санліва дадала: – Добра, што гэты славуты нямецкі парадак для мяне пачнецца толькі заўтра…
Люба на развітанне моўчкі паціснула Кацярыне руку, ускінула на плячо дарожную сумку, падхапіла старэнькі чамадан.
Накрапваў невялікі дожджык, і першае, пра што падумала Люба, ступіўшы на зямлю, гэта быў парасон, які наўмысна не ўзяла з сабой з-за зламанай спіцы і зацыраванай у двух месцах матэрыі.
Насупленая і непрыступна халодная фрау Эльза была ў машыне. Яна дачакалася, калі Люба ўладкавалася на заднім сядзенні, і толькі пасля гэтага, прачыніўшы шкло, падала Ашоту аркуш паперы.
– Вазьмі распіску аб выкананні абавязацельстваў, а памер штрафу гаспадар перадасць па факсе.
Сказаўшы гэта, эканомка завяла рухавік і, рэзка развярнуўшы машыну, ажно завіскаталі колы, на вялікай хуткасці рванула з невядомага Любе скрыжавання, толькі мільганула перад вачыма агромністая шыльда-ўказальнік: «Берлін – 40».
2
Высока ў недаступных гарах, там, дзе раздольнае неразгаданае неба ўпала на мёртвыя, пабеленыя снегам каменныя глыбы і, быццам узяўшы іх у палон, ахутала аблокамі, кружыў стары адзінокі арол. Ён бачыў на вымачанай дажджамі, прапахлай смалой і кветкамі зямлі кожны каменьчык, кожную сцяблінку і кусцік, з-за якіх у любы момант мог выкуліцца заяц ці выскачыць з норкі палахлівы сурок, і ніяк не мог зразумець, чаму сёння паляну запаланілі людзі ў чорнай апратцы. Арол быў усхваляваны: жыллё і месца свайго палявання ён не хацеў саступаць ні чалавеку, ні маладому і нахабнаму суседу, які апошнім часам усё часцей і часцей спрабаваў завалодаць багатым на ежу лапікам зямлі. Маладзёну і ў галаву не прыходзіла, што спакушаецца на бацькоўскае, забыўся на тое, што колькі гадоў таму ўпершыню ўбачыў неба з гнязда старога арла.
Айшэ бліжэй за ўсіх стаяла да магілы, і ёй здавалася, што з кожным узмахам рыдлёўкі засыпаюць і яе. У нейкі момант пачало знікаць адчуванне ног, зрабіліся халоднымі, як у мерцвяка, рукі, здранцвела спіна, запаволілася дыханне. Нечакана Айшэ ўбачыла сябе, Лолу, Мусу, Рэната і іншых зводдаль, быццам і не стаяла побач са свякроўю. Свежавыкапаная, вільготная пасля дажджу зямля курэла парай. І раптам – балючы ўдар пад самае сэрца… Другі і трэці былі трошкі слабейшымі, але менавіта яны канчаткова вярнулі з небыцця. Вялікі жывот некалькі разоў скалануўся і стаў неймаверна цяжкім, у гэтую хвіліну Айшэ здалося, што ненароджанае дзіця цягнецца да невялікага пагорачка, хоча развітацца з нябожчыкам. Зноў затахкала ў скронях, гарачая хваля апякла грудзі, зрабілася млосна. Айшэ не магла больш чуць шоргату зямлі пад рыдлёўкамі, не ставала моцы бачыць, як засыпаюць Цімура, яе мужа і бацьку будучага сына. А што будзе сын, ніхто не сумняваўся, бо так сказала Цімурава прабабка – стогадовая Каміла. Айшэ, шукаючы паратунку, узняла вочы і, убачыўшы ў небе арла, ледзь не страціла прытомнасць. «Твая душа назірае за мной, – нячутна прашапталі бяскроўныя вусны, – яна ведае мой грэх… Я не любіла, але ж ты сам вінаваты, ты выбраў свой лёс і распарадзіўся маім…»