Той ноччу зноў прыходзіў чалавек ад Рэната, ён прынёс харчы і лекі.
Убачыўшы рэчмяшкі з прадуктамі, Айшэ без слоў усё зразумела і, стомлена апусціўшыся на табурэтку, ціха сказала:
– Я больш тут не застануся… Пайду разам з іншымі ў лагер бежанцаў…
– Ты носіш дзіця героя, а ягоны брат – брыгадны генерал, – пагрозліва працадзіў скрозь зубы агромністы чэчэнец з апаленай і ад таго рудаватай барадой. – Калі шакалы даведаюцца, хто ты, нарадзіць не дадуць… – у пацвярджэнне сваіх слоў і, відавочна, каб быць больш пераканаўчым, ён выхапіў з-за пояса вялізны бліскучы кінжал і, знізу ўверх рассекшы паветра, быццам нешта ўспароўшы, дадаў: – Яны зробяць гэта і выкінуць твайго сына шакалам… Выбірай!
У гэты самы момант прачнуўся Андрэйка. Убачыўшы чэчэнца і настаўлены на Айшэ нож, ён не раздумваючы кінуўся да барадача і ўпіўся зубамі ў ягоную руку. Нож зваліўся на падлогу, барадач ускрыкнуў, відавочна, больш ад нечаканасці, чым ад болю, і імгненна вольнай рукой ухапіў малога за доўгую чыпрыну, узняў у паветра. Страціўшы кропку апоры, Андрэйка закалаціў нагамі, адчайна замахаў рукамі.
– Адпусці яго, – рэзкім, напятым, як струна, голасам цвёрда сказала Айшэ.
Вочы чэчэнца бліснулі злымі, нядобрымі агеньчыкамі.
– Ты спіш з рускім у адным пакоі?
– Ён нам дапамагае…
– Ён вас здасць няверным, – пагрозліва прасіпеў барадач, – Рэнат забараніў табе…
– Мы выжываем тут, у Грозным, а дзе Рэнат, я не ведаю, – адчайна закрычала Айшэ, – праз тыдзень мне раджаць, і мы пойдзем да іх… А наконт малога не хвалюйся, ён глуханямы і, як бачыш, смелы, не хаваецца, як некаторыя…
– З яго атрымаецца добры раб, – адштурхнуўшы ад сябе Андрэйку, выскаліўся чэчэнец, – глухі, нямы, адданы… – ён падняў кінжал, плашмя паклаў на ўкушанае месца лязо і, думаючы пра нешта сваё, змрочным, цяжкім позіркам паглядзеў на малога, які імгненна зашыўся пад дзіравую аўчыну, што адначасова служыла і матрацам, і коўдрай. – Каб гэткім і застаўся, яго яшчэ трэба вылегчаць… Магу зрабіць паслугу…
– Бачу, што ты на большае не здатны, – стрымліваючы гнеў, задзірліва адказала Айшэ і, зірнуўшы на пасыльнага, адразу пашкадавала сваіх слоў. У наступнае імгненне іх вочы сустрэліся, і Айшэ з жахам зразумела, што ваяр не жартуе, ён і сапраўды гатовы ўчыніць здзек над глуханямым. Раней ёй ужо даводзілася бачыць гэткія звярыныя, як памутнелыя, абмярцвела-расшыраныя вочы, што праглі помсты і крыві. Невядомая сіла падхапіла Айшэ на ногі і кінула да хлопчыка. Яна рашуча стала на шляху барадача. – Ты ўжо зрабіў усё, што мог, а цяпер пакінь нас…
Чэчэнец імгненна насупіўся, лоб, пераноссе перасеклі глыбокія зморшчыны, позірк утаропіўся ў вялізны жывот жанчыны, здавалася, ён узважвае, ці варта звязвацца з цяжарнай.
– На хлопчыка па нашых законах ты не маеш ніякіх правоў, – пайшла ў наступ Айшэ, – кранеш яго – будзеш мець справу з Рэнатам.
Імя начальніка на пасыльнага падзейнічала ацверажальна, у яго адразу быццам заслона з вачэй упала. Мармычучы нешта няўцямнае, ён хуценька схаваў кінжал і, унікаючы позірку Айшэ, пасунуўся да выхаду. У дзвярах чэчэнец прыпыніўся:
– Што перадаць камандзіру?
– Перадай, што, калі не вывезе, раджаць пайду да рускіх…
З першых дзён вайны з чатырох гадзін да сямі па няпісаных правілах у Грозным наступала перамір’е. У гэтыя гадзіны Айшэ, расчыніўшы ўсе дзверы, праветрывала памяшканне і пры дзённым асвятленні завіхалася ля хворай Лолы: рабіла ёй кампрэсы, прамывала пролежні, гатавала нешта гарачае. Звычайна разагравала на спіртоўцы тушонку, далівала вады, і атрымоўвалася наварыстая поліўка, адзінае, што свякроў магла яшчэ есці. На гэты час глуханямога выпраўляла на паверхню, часцей па ваду.
У той дзень Айшэ паспела толькі нагрэць вады і кінуць у яе бінты, знятыя з ран свекрыві, як зараўлі сірэны, цяжка затахкалі кулямёты, недзе зусім побач грымнула, ды так, што задрыжэла пад нагамі падлога, у лямпе-газніцы на дробныя аскепкі развалілася ўчарнелае шкло, са столі зацерушыла, пасыпалася тынкоўка. Ці то ад нечаканасці, ці то ад страху ногі Айшэ звяла сутарга, рэзкі боль працяў ніз жывата, яна не змагла дайсці нават да дзвярэй, каб іх зачыніць. Праз хвіліну ў пакой уварваўся віхор пылу і пах серы. «Хоць бы не заваліла ўваход у сховішча», – падумала Айшэ, і адразу ў вачах пацямнела, захісталіся сцены, нясцерпны боль новай хваляй уладарна ўварваўся ў цела, здалося, разарваў на часткі жывот, скроні, прымусіў апусціцца на калені. Яна закрычала, пакацілася па падлозе, але крыку ў гэткай калатнечы ніхто пачуць не мог, нават яна сама, наўкол усё грукатала і рушылася.
Айшэ страціла прытомнасць, а калі расплюшчыла вочы, зразумела, што ляжыць на падлозе з раскінутымі рукамі. Ніякага болю не адчувала, наўкол цішыня, толькі шэры пыл, асядаючы на падлогу, быццам некага карагодзіў у нябачным танцы, і ў гэтую хвіліну Айшэ здалося, што яна чуе шоргат сукенкі, сатканай з пылінак.
Уставаць не хацелася, баялася, што боль паўторыцца, і ад гэтага душа напаўнялася невыразным, нейкім загадкавым страхам. Нешта няўлоўнае быццам падштурхоўвала да імгненных рашучых дзеянняў, і адначасова Айшэ баялася нават паварушыцца, цяпер яна прагла аднаго: цішыні і спакою.
Аднекуль здалёк даляцела: «вжык… вжык… вжык…», але свядомасць не ўспрымала аніякіх гукаў. «Вжык» настойліва і неспакойна стукаўся да яе, вяртаў з небыцця, ажно пакуль Айшэ не зразумела, што гэта Лола падае знак, яна чакае дапамогі. «Жывая», – усцешана падумала пра свякроў Айшэ і паварушыла адной рукой, потым другой. Зноў грымнула, хоць і далекавата, але адразу трывожна ўскалыхнулася набрынялае пылам паветра, імгненна зрушыўся рытм танца, які толькі што прымроіўся.
Айшэ падцягнула пад сябе ногі, пачала паволі ўставаць і раптам адчула штуршкі ў жывот, спярша ціхія, нясмелыя, а праз хвіліну моцныя, нават балючыя. «А пра цябе я зусім забылася…» – абхапіўшы жывот рукамі, шчасліва засмяялася Айшэ. Цеплыня напоўніла грудзі, міжвольныя слёзы радасці пякучымі ручайкамі пакаціліся па шчоках. Неадчэпнае і свавольнае «вжык… вжык» прымусіла Айшэ азірнуцца.
Ложка Лолы на месцы не было, як не было і сцяны, каля якой яшчэ паўгадзіны таму ён туліўся. Праз яшчэ даволі шчыльную завесу пылу ў чорным пагрозлівым прадонні Айшэ ўбачыла толькі жалезную скасабочаную спінку з бліскучымі булдавешкамі па краях і руку свекрыві, падобную на ссохлую галінку, якая з апошніх намаганняў шкрэбла і шкрэбла напільнікам па правай булдавешцы. Востры халадок новай бяды імгненна падкаціў пад самае сэрца, стала горача, ліпкі пот засціў вочы, на сасмяглых вуснах адчула моташлівую, прытарную саленаватасць. Адразу быццам хто старонні чымсьці вострым цюкнуў у патыліцу: «Не даглядзела…»
Айшэ ўстала, зрабіла некалькі крокаў, галава кружылася, было млосна, ногі амаль не трымалі. Напэўна, яна павалілася б, але ў апошні момант паспела ўхапіцца рукамі за спінку ложка і нават дакрануцца да Лолы. Боль у патыліцы не праходзіў, ён пульсаваў і тузаў мышцы, па шыі цякло нешта цёплае. Айшэ, усё яшчэ трымаючыся за ложак, паклала руку на балючае месца і ад гэтага дотыку ажно ўскрыкнула. Яна азірнулася туды, дзе толькі што ляжала, і, убачыўшы невялікую чырвоную пляму і кавалак тынкоўкі памерам з кулак, зразумела, што павалілася і страціла прытомнасць невыпадкова.
З чорнага халоднага прадоння, куды рухнула сцяна і кульнулася палова Лолінага ложка, патыхнула сырасцю, гніллю і мярцвячынай, і адразу запяршыла ў горле, салёная прытарная сліна напоўніла рот, тузануўся жывот.
Айшэ званітавала, і нечакана стала лягчэй, у галаве прасвятлела, боль амаль знік. Яна толькі не магла прымусіць сябе прыняць з патыліцы далонь, баялася ўбачыць кроў. Пад матрацам, там, дзе высілася пакамечаная падушка, Айшэ хавала бінты, якімі карысталася, калі рабіла свекрыві кампрэсы і перавязкі. Не раздумваючы выцягнула велікаваты кавалак матэрыі, вольнай рукой склала яго ў некалькі разоў, хвіліну падумала і ўзяла з аптэчкі мазь Вішнеўскага, якой лячыла Лоліны пролежні. Зубамі скруціла з бутэлечкі накрыўку і вытрасла амаль палову змесціва на бінт. З вялікай перасцярогай і бояззю прыняла далонь, якой прыціскала рану, і адразу ж паклала на балючае месца гатовы тампон. Яшчэ некалькі хвілін пайшло на тое, каб забінтаваць галаву і сцерці з далоні кроў. Перавязку рабіла моўчкі, стоячы за спінкай ложка свекрыві, і Лола не бачыла нявесткі, таму, устрывожаная, зноў узялася за напільнік. Айшэ перахапіла руку хворай і як мага спакайней, нават з ноткамі бадзёрасці ў голасе, гучна сказала:
– Будзем мяняць жытло, тут занадта шмат скразнякоў.
Потым павязала хусцінку, каб свякроў не бачыла бінтоў на галаве, і толькі пасля гэтага паказалася ёй на вочы.
Лола ашалелымі вачыма глядзела на кучу камення, натужліва стагнала, сілячыся нешта сказаць, і торкала напільнікам у пустэчу. На яе ссінелых вуснах больш, чым заўсёды, ружавелася пена.
– Не вытрымала наша сховішча, – выціраючы свекрыві вусны, сказала Айшэ і толькі цяпер заўважыла, што другая спінка ложка заціснута вялізнай каменнай глыбай.
Лола працягвала торкаць рукой у навіслую глыбу, і Айшэ хутчэй адчула, чым убачыла, што камень варухнуўся і ў наступнае імгненне галава свекрыві разам з ложкам хістанулася і папаўзла ўгору. Часу на роздум не заставалася. Айшэ ўхапіла хворую за тулава і сцягнула на падлогу. І якраз своечасова. Дзесьці ў глыбіні, амаль пад імі, бы ў якім ненажэрлівым чэраве, грукатала і сыпалася каменне, быццам правальваючыся ў бяздонную прорву, рушылася нешта вялікае і цяжкае, і адразу глыба, што трымала ложак, таксама зварухнулася, зарыпела і ў наступнае імгненне знікла з вачэй, як яе і не было, а ўслед і Лолін ложак кульнуўся лёгка, быццам пёрка, толькі трывожна дзынкнулі шклянкі з-пад лекаў. І амаль адразу промні зыркага сонца, прабіваючыся праз шчыльную завесу пылу, па-гаспадарску ўварваліся ў пакой, напоўнілі яго сліпучым мітуслівым святлом.
Калі пыл асеў, Айшэ з жахам убачыла, што палова дома разбурана, усё быццам правалілася ў агромністае бяздонне, над руінамі курэў шызы дым, з нетраў даносіліся енкі аб літасці, людскія стогны і крыкі. Столь над галавой пагрозліва прасела і ў некалькіх месцах чарнела крывулістымі расколінамі, у якія папросту мог улезці кулак.
«Зараз рухне і гэтая палова», – застукалі малаточкі ў скроні, і Айшэ, не раздумваючы, пацягнула Лолу да дзвярэй, якія цяпер, матляючыся, рыпелі толькі на ніжняй завесе, і на адным дыханні пераадолела некалькі крутых прыступак. Зноў нешта вострае і балючае рассекла жывот, і зноў сутарга ў костцы сціснула сухажыллі на нагах. Айшэ разам з Лолай як падкошаная рухнула на прыступкі і, абхапіўшы жывот, скурчылася, не заўважыла, як пракусіла губу, і гэты боль быццам перамог, узяў верх над болем у жываце і нагах.
Праз некалькі хвілін палягчэла, толькі прытарна-саленаваты прысмак напоўніў рот. Сплюнула чырвоным, убачыла кроў, і зноў закружылася галава. Узняла вочы і нечакана ўспомніла, што, каб апынуцца на паверхні, трэба пераадолець пятнаццаць прыступак, і адразу імпэту паменела, зразумела: без старонняй дапамогі свякроў не ўратаваць. Узгадала глуханямога. Апошнім часам, каб падыхаць свежым паветрам, яна магла ўскараскацца на паверхню, толькі апіраючыся на плячо хлопчыка, але ж яго не было, мо трапіў, бядак, у каменнае месіва і цяпер недзе ляжыць, расціснуты глыбамі… Дый не памочнік ён у гэтай справе, сам ледзь ногі цягае, трэба шукаць некага дарослага…
Думка, што яны маглі і яшчэ могуць апынуцца пад абломкамі разбомбленага дома, надала Айшэ рашучасці, прымусіла дзейнічаць, штурхала ў плечы, падганяла на паверхню, да людзей, і цяпер было ўсё роўна, хто прыйдзе на дапамогу: рускія ці чэчэнцы, абы толькі вырвацца з гэтай каменнай пасткі-труны. Але ж і Лолу адну боязна пакінуць, што, калі і на самай справе дом рухне, чуваць жа, як нешта над імі рыпіць і варушыцца.
«Добра, што хоць дзверы з сутарэння расчынены», – падумала Айшэ і ў спадзеўцы, што яе нехта пачуе, крыкнула:
– Людзі-і-і!..
Крык атрымаўся слабы, шапялявы і балючы, шкодзіла пракушаная і цяпер неймаверна распухлая ніжняя губа. Яе пачула хіба што Лола, якая адразу расплюшчыла вочы і немігатліва ўтаропілася на нявестку, быццам упікаючы і вінавацячы ва ўсіх няшчасцях.
– Я паклічу некага на дапамогу, – адвяла позірк Айшэ і толькі цяпер заўважыла, што Лола ляжыць на прыступках у адной начной кашулі, на назе няма бінту, відаць, зляцеў, калі кульнулася з ложка, і пальцы, абгрызеныя пацукамі, цяпер кроватачылі. Яна хуценька сцягнула з галавы хусцінку, склала яе ў некалькі разоў і падсунула хворай пад галаву. Калі ж убачыла, што кашуля месцамі намокла і ўліпла ў пролежні, быццам усмакталася, зрабілася горача, адразу перад вачыма прамільгнуў Лолін ложак, і Айшэ з жахам зразумела, што яны засталіся без бінтоў і лекаў.
Апошнія сумненні імгненна зніклі, Айшэ прыняла канчатковае рашэнне: яна павязе Лолу ў лагер бежанцаў. Але ж спярша трэба выкараскацца з гэтага каменнага склепа, які ў любы момант мог стаць ім магілай. Айшэ зрабіла некалькі крокаў па прыступках угору, азірнулася і, цяжка ўздыхнуўшы, вярнулася да свекрыві. Яна не магла пакінуць напаўраспранутую бездапаможную жанчыну адну на гэтай халоднай небяспечнай лесвіцы. Трэба было нешта рабіць, але што? Зноў узгадала глуханямога і пашкадавала, што хлопчыка няма побач. Айшэ паправіла хусцінку, на якой ляжала галава Лолы, хоць патрэбы ў тым ніякай не было, і асцярожна, трымаючыся за шурпатую сцяну, пачала спускацца. Ёй хацелася ўбачыць нядаўняе жытло, хацелася пераканацца ў тым, што яно трывалае і яшчэ можа паслужыць хоць некалькі дзён. Яна спадзявалася на гэта, бо куды ж дзецца з нерухомай Лолай?
«Што, калі Лола нейкі час паляжыць на маім ложку? – разважала Айшэ. – Мне б толькі выбрацца на паверхню… там людзі, яны дапамогуць…»
Айшэ зрабіла некалькі крокаў уніз, але, убачыўшы пакой без сцяны з пагрозліва правіслай столлю, пасечанай чорнымі расколінамі, быццам павуціннем, адразу адмовілася ад задумкі перанесці сюды Лолу. Паспешліва, з затоеным дыханнем, увесь час спалохана азіраючыся і чакаючы, што ў любы момант нешта можа абрушыцца ці абваліцца, Айшэ рыўком сарвала з ложка коўдру, схапіла падушку і, паспешліва вярнуўшыся на лесвіцу, з палёгкай уздыхнула. Цяпер яна зусім па-іншаму ўспрымала і нізкаватую столь у калідоры, і сцены, шурпатыя, месцамі пакрытыя цвіллю, і вузкія прыступкі, на якіх двое не размінуцца… Тут Айшэ чамусьці не адчувала ні боязі, ні жывёльнага страху, які яшчэ хвіліну таму правакаваў патлівасць ва ўсім целе і калатнечу ў грудзях.
Праз некалькі мінут Лола ляжала на прыступках спавітая ў коўдру, быццам немаўля ў пялёнках. Айшэ абвязала сваю галаву хусцінкай, што да гэтага служыла свекрыві падушкай, і, трымаючыся за сцяну, пачала адлічваць прыступкі ўгору. На паверхні, зусім блізка ад дома, нечакана загрукацела, залязгалі гусеніцы.
«Рэнат не прыйдзе, гэта танкі федэралаў», – са скрухай падумала Айшэ, і невыразны, міжвольны страх імгненна агарнуў душу, у грудзях гулка затахкала сэрца. У нейкі момант зямля пад нагамі пагрозліва задрыжэла, а з набліжэннем скрыгатлівага лязгату захісталася, у расчыненыя дзверы нечакана ўварвалася чорнае воблака смуроднага дыму. Айшэ спінай прытулілася да сцяны, заплюшчыла вочы і ў чаканні сцялася. Неяк разам, як па загадзе, незадаволена рыкнулі рухавікі, і адразу ўсё сціхла: ні грукату, ні лязгату. Праз некалькі хвілін пачуліся галасы; Айшэ не памылілася, гаварылі па-руску. Яна ўжо наважылася крыкнуць, падаць аб сабе знак, але голас прапаў, быццам нешта горкае і слязлівае пераціснула горла. Узгадала Рэнатавага пасланца, вялізны крывы кінжал, якім ён страшыў яе, і міжвольныя слёзы закапалі на халодны цэмент.
Побач з уваходам у сутарэнне прайшло некалькі чалавек, і Айшэ спахапілася.
– Гэ-эй!.. – гукнула яна і, ражком хусцінкі выціраючы вільготныя шчокі, зрабіла некалькі апошніх крокаў, што аддзялялі яе ад паверхні. – Дапамажыце!.. – наўздагон вайскоўцам крыкнула Айшэ, але яе не пачулі.
У гэты момант затахкалі кулямёты, зацакаталі аўтаматныя чэргі, дзесьці грымнула раз, другі, трэці, над галавой Айшэ цвіркнулі кулі. Вайскоўцы кінуліся ўрассыпную і імгненна зніклі ў руінах, быццам растварыліся. Айшэ, думаючы пра тое, што наконт вайскоўцаў магла і памыліцца, бо і ў чэчэнцаў форма і зброя рускія, таксама крутнулася да выратавальнага ўвахода ў бамбасховішча.