«Хіба што здраднікам, ваша эксцэленцыя», – прамовіў уражаны Лёкса Шпуль, які стаяў, нібы прыбіты да падлогі гэтым вісклівым і ўладным голасам і гэтымі нечаканымі, але ў нечым вельмі разумнымі развагамі.
«Але, на шчасьце, гэта не пра цябе… – паволі прамовіў рэгент. – Ты прынёс нам добрую вестку. А значыць, ніхто не абвінаваціць цябе ў баязьліўстве, аслабленьні баявога духу і распаўсюдзе панічных чутак. Палкаводзец, які перамог, пасылае вестунамі дахаты найлепшых. Тых, кім ён па-сапраўднаму ганарыцца. Тых верных, хто будзе служыць яму незалежна ад колькасьці здабычы. Пакуль іншыя ваякі-пераможцы зьбіраюць трафэі і нагружаюць вазы, гэты адважны і самаадданы вястун з пустымі рукамі прабіраецца на Радзіму праз агонь і ваду, каб ашчасьлівіць суайчыньнікаў цудоўнымі навінамі. Хіба ён не заслугоўвае ўзнагароды ад тых, хто нястомна працаваў у тыле? Тых, хто начамі ня спаў, думаючы пра свайго караля? Тых, хто абараняў горад, пакінуты войскам! Тут засталося толькі некалькі сотняў жаўнераў! Калі б дзяржава, якую прадстаўляе тут шаноўны амбасадар Хынь, напала на нас падчас нашага паходу – горад ня змог бы пратрымацца і дня. Праўда, пане Хынь? Перакладзіце яму! Не, лепш ня трэба».
Амбасадар Хынь усьміхнуўся, пачуўшы сваё імя.
«Але горад стаіць як стаяў, наш дыпляматычны талент дапамог нам заручыцца абяцаньнем Імпэрыі Хум не нападаць на нас да поўнай нашай перамогі! – працягваў рэгент. – Мы тут таксама не сядзелі склаўшы рукі, Шпуль. Мы думалі. Увесь час думалі. Думалі шмат пра што. У тым ліку і пра важнасьць інфармацыі. Калі ідзе вайна – вельмі добра думаецца, вястун…»
Рэгент падняўся і захадзіў па залі сюды-туды.
«Як пакараць таго, хто прыносіць кепскія весткі? І як узнагародзіць таго, хто прыносіць добрыя? Першыя – здраднікі. На іх ляжыць віна за паразу. Віна, якой яны спадзяюцца пазьбегнуць! Такіх трэба вешаць! Вешаць – і чакаць добрых навін! Вешаць! Вешаць усіх, хто сустрэне такога дрэннага вестуна, вешаць, бо яны заразіліся ад яго духам паразы, жахам і нявер’ем! Вешаць – пакуль ня зьявіцца той, хто прынясе добрыя навіны. Вешаць!»
Рэгент вымаўляў гэтае слова з асаблівым задавальненьнем. Здавалася, ён будзе паўтараць яго зноў і зноў, пакуль яно ня зробіцца загадам. Але ён раптам супакоіўся і ўсьміхнуўся.
«А тыя, хто прыносіць весткі шчасьлівыя і радасныя… – працягваў ён. – О, як мы засумавалі па радасных навінах! Тыя, хто прыносіць іх, заслугоўваюць шчодрай узнагароды!»
Рэгент падышоў да Лёксы ўсутыч. Схапіў за гузік на запыленым мундзіры.
«Ты прынёс нам шчасьлівую вестку, вястун. Ты атрымаеш за яе дастаткова грошай, каб жыць шчасьліва і ня думаць пра заўтрашні дзень. Ты атрымаеш слуг, званьне афіцэра палацавай гвардыі і прыдворны статус Шчасьлівага Вестуна! Я ўпэўнены, Яго Каралеўская Вялікасьць ухваляць нашае рашэньне, калі вернуцца. Бог дасьць, гэта будзе ўжо зусім хутка. Панове…»
Рэгент павярнуўся да прыціхлых прысутных. Некаторыя яшчэ ківалі, пад уражаньнем ад ягонай прамовы.
«Панове! Чаму б не аддаць вестуну дом нашага дарагога Кавальды? Ён стаіць пусты… Дарэчы, скажыце, каб Кавальду зьнялі зь вяроўкі і пахавалі за мурамі. Бяз помніка! І каб ніякіх апазнавальных знакаў! Яны там унізе і так зразумелі, што бывае з тымі, хто настройвае людзей супраць улады».
Па залі прабеглі галасы – ад адной сьцяны да другой, ад дзьвярэй да дзьвярэй. Гэта перадаваўся з вуснаў у вусны загад. Рэгент стомлена сеў і зазірнуў у патухлую люльку.
«Ты можаш ісьці ў свой новы дом, вястун. Зайдзі да скарбніка, табе выдадуць твой ганарар. Ты заслужыў яго. Дзе мастак? Няхай напіша партрэт героя! І выдайце яму форму! Боты! Паглядзіце на ягоныя ногі! Ён заплаціў імі за тое, каб мы гулялі сёньня банкет! Вывесьце сьцягі! Выдайце нашым шчасьлівым падданым хлеб, салёныя агуркі і віно! І не шкадуйце! Пане міністар! Вы, вы! Загадайце герольдам трубіць у трубы! І абвясьціце ўсім пра вялікую перамогу! І як-небудзь патлумачце каралеве-маці, што мы перамаглі. Чаму яна сядзіць з такім кіслым тварам?»
3
Атрымаўшы на кухні раскошную вячэру, навюткую афіцэрскую форму на складзе, а да ўсяго – ганарар і загад з канцылярыі зьявіцца ў палац назаўтра раніцай, Лёкса Шпуль выйшаў з палацу і пастараўся адразу ж схавацца ў натоўпе, які запоўніў вечаровыя вуліцы і, відавочна, зьбіраўся сьвяткаваць да ўпаду. І толькі тады ён успомніў, што зь ім была Вераніка. Ён пакінуў яе недзе ў бясконцых палацавых калідорах, дзе ўсе глядзелі на яго з павагай і страхам – і цяпер ня ведаў, дзе шукаць. Зрэшты, бачыць Вераніку яму зусім не хацелася, лепш бы яна зьнікла ў гэтым горадзе, лепш бы вярнулася ў свой лес і забыла пра яго існаваньне. Лепш бы ён кінуў яе там, у высокай траве, пасьля іхнага дзіўнага танцу.
Ён ня ведаў, што яму цяпер рабіць – ясна было адно: ён мусіць як мага хутчэй пабачыць маці, сястру і брата. Лёкса Шпуль рашуча рушыў у самую гушчу вясёлых і ўжо п’янаватых людзей, што крычалі на ўсе лады: «Перамога! Слава каралю!», яму не хацелася, каб яго пазналі. Заўтра, няхай усё здарыцца заўтра, не цяпер. Ён насунуў афіцэрскую трывуголку на лоб, загарнуўся ў плашч і паспрабаваў выбрацца туды, дзе ад галоўнай плошчы адыходзіла доўгая цёмная вуліца, па якой можна было дайсьці да Старога Раўчука. Новыя, зь любоўю выбраныя ім боты грукалі па бруку, і гэты грукат тануў у гістэрычных воклічах, песьнях і бесклапотным сьмеху; Лёкса Шпуль зусім адвык ад абутку, боты мулялі, але глядзець на іхны бляск і адчуваць іх рыпеньне было прыемна. Ён чарговы раз апусьціў вочы, каб палюбавацца на іх добра апрацаваную скуру – і на яго наляцеў нейкі мінак.
«Ты што, вочы прапіў? – прабурчаў Лёкса Шпуль, адвярнуўшыся і хаваючы позірк пад афіцэрскай трывуголкай. – Глядзі куды прэш!»
«Гэй, прыяцель, не гані, – дабрадушна сказаў мінак, лыпаючы вачыма. – Перамога! Ты што, ня чуў? У палацы вястун ад караля! Сёньня ўсе п’юць і гуляюць, а ты чаго такі сярдзіты?»
«Ты як размаўляеш з афіцэрам! – крыкнуў Лёкса і выцяў п’янага ў зубы. Той паваліўся на брук. – Мы за перамогу кроў пралівалі! Пакуль ты тут…»
Ён разьвярнуўся і амаль подбегам кінуўся ў прасьвет між натоўпу, пакінуўшы зьдзіўленага мінака ляжаць на бруку. Незразумелая злосьць душыла яго. Дамоў, дамоў, пабачыць маці, і брата, і сястру, там спакой, там можна будзе ўсё абдумаць, там можна выспацца…
Ды толькі свавольныя ногі Лёксавы пацягнулі яго зусім у іншы бок. Туды, дзе ў самым канцы галоўнай плошчы стаяў высокі прыгожы дом з бальконам, чыгуннымі дзьвярыма і кветкамі на падваконьнях. Дом павешанага Кавальды. Ягоны дом. Дом шчасьлівага каралеўскага вестуна, афіцэра палацавай гвардыі Лёксы Шпуля.
У тое, што гэты дом належыць яму, Лёкса ня верыў – і ўсё ж ведаў, што так яно і ёсьць. «Інфармацыя!» – падумаў Лёкса, успомніўшы словы рэгента. Ён паддаўся спакусе, прабраўся скрозь натоўп, які крыху прыціх, слухаючы герольдаў, што абвяшчалі пра раздачу хлеба, салёных гуркоў і віна ў гонар перамогі – і спыніўся перад чыгуннымі дзьвярыма. Вокны глядзелі на яго варожа. Кветкі пагардліва адвярнулі ад яго свае галоўкі. Ён не наважваўся падысьці бліжэй. Там, у доме, былі Кавальдавы слугі. Ён ня мог уявіць сабе, як зойдзе і скажа: я ваш новы гаспадар. На іхным месцы ён бы выгнаў нахабнага госьця. Але яны мусяць яго слухацца! Дом належыць яму! Цікава, ці абвясьцілі ўжо герольды пра тое, якую ўзнагароду атрымаў вястун за сваю шчасьлівую вестку?
Нехта дакрануўся да ягонага пляча. Ён рэзка азірнуўся. Гэта была яна, Вераніка. Верная яму – і ўсё ж нейкая варожая.
«Я так і думала, што ты прыйдзеш сюды, – прамовіла яна ціха. – Я згубіла цябе там, у палацы».
«Хадзем, – сказаў ён змрочна. – Мы прыйдзем сюды пазьней. І няхай яны толькі паспрабуюць мяне не пусьціць! Сёньня мы будзем спаць на пуховых пярынах і піць шампанскае, як паны!»
Прыціскаючыся да сьценаў, яны пайшлі далей ад плошчы, да ўжо амаль цёмных вуліц. Герольды нарэшце змоўклі. З завулкаў выходзілі людзі з паходнямі. Плошча за іхнымі сьпінамі віравала. Здавалася, яны там ніколі ня стомяцца крычаць гэтыя словы.
«Перамога!»
«Слава каралю!»
Напэўна, яны зь Веранікай выглядалі падазрона, сыходзячы з плошчы ў той самы момант, калі ўвесь горад імкнуўся сюды, каб адзначыць трыюмф. Але мундзір афіцэра ратаваў Лёксу і Вераніку ад лішніх пытаньняў. Лёксу падавалася, што яна марудзіць, ён схапіў яе за руку і пацягнуў за сабой. Ён бачыў, што Вераніцы не падабалася, як на яе глядзяць. Зь цемры выплывалі ўсё новыя твары, скажоныя радасьцю, узбуджаныя, сьлізгалі нядобрымі позіркамі па Веранічынай шыі, па голай руцэ, якую трымаў афіцэр, шчэрыліся і зьнікалі…
«Што ты будзеш рабіць? – спытала яна, калі яны ішлі па пустой вуліцы ў напрамку Старога Раўчука. – Што ты надумаў, Лёкса?»
«Ня ведаю, – адказаў ён. – Заўтра. Яшчэ ёсьць час падумаць. Што я магу зрабіць зараз? Усё ідзе міма маёй волі! Лепш памаўчы!»
Вось і ён, Стары Раўчук. Доўгая чарада шчыльна прыціснутых адзін да аднаго дамоў, у вокнах ні агеньчыка. Селядцовы смурод – і пах дражджэй зь Пякарскай вуліцы. Брук, які канчаецца за паваротам. Сабачы брэх з двароў – у якім таксама чуецца: «Перамога! Слава каралю!» Нізка павіслая над вуліцай бляшаная каўбаса, аб якую можна стукнуцца галавой, калі не нахіліцца. Далёкі прыглушаны шум плошчы. Драўляная шыльда: «Швачка Шпуль».