Што ж, прамовіў Янка, падаецца, прыгоды нас клічуць ізноў?!
Падобна на тое, не магла не пагадзіцца Мілана.
Тады памкнёмся наперад? Ізноў да прыгод?!
Да новых прыгод! паправіла яго сястра.
Так. Мабыць, каралеўства ізноў у небяспецы, а яго жыхарам патрэбна наша дапамога.
У такім выпадку не будзем губляць часу.
Яны ўжо былі гатовыя адправіцца ў дарогу, як Мілана пра нешта ўспомніла.
Я зараз! папярэдзіла дзяўчынка брата і хутка выбегла з каморы.
Не прайшло і хвіліны, як дзяўчына вярнулася, трымаючы ў руках дыядэму і рыцарскія даспехі. Тыя самыя, у якіх яны вандравалі па каралеўстве.
Гэта дарэчы! Малайчынка! пахваліў брат.
Яны тут жа пераапрануліся і ўхваляльна агледзелі адзін аднаго.
Так значна лепей, прамовіла Мілана.
І сапраўды. Ты неверагодная! Ну што, а цяпер у шлях?
Так! А тое на нас, пэўна, ужо зачакаліся.
І, не кажучы больш ні слова, яны перасягнулі мяжу паміж іх светам і таямнічым каралеўствам.
Непрыемныя змены ў каралеўстве
Крок наперад, спуск долу праз патаемным ход, прасвет Яны так хутка павыскоквалі з дрэва, што змяя ледзь паспела адпаўзці ўбок і ўзлезці на валун, які ляжаў непадалёк ад магутнага разгалістага дуба.
Нават не верыцца яны ізноў на той самай дзівоснай паляне, на тым месцы, дзе ў мінулы раз пачаліся іх вялікія прыгоды. Чароўная краіна залюстрэчча каралеўства Сварга!
Усё амаль так, быццам нічога і не змянілася. Нават вужык на тым жа камяні, калі яны першы раз сустрэліся.
Дзень добры, пане Вуж! павіталася першай Мілана.
Дзень добры, шаноўныя!
Павітаўся і Янка, але затым дзеці падазрона ўтаропіліся на змяю. Яны быццам і пазнавалі свайго старога сябра, але нешта было не так. Вуж быццам памаладзеў, нават голас яго гучаў не так.
Бачу ў вашых вачах пэўную разгубленасць, пачаў вужык, заўважыўшы збянтэжанасць юнакоў.
Яны насцярожана маўчалі.
Так, я насамрэч не той, каго вы чакалі ўбачыць. Я зараз усё растлумачу. Справа ў тым, што я сын таго Вужа, якога вы ведалі.
Пана Вужа? нарэшце прамовіў Янка.
Так.
Ха! А мы глядзім і не можам зразумець. Быццам бы прад намі наш стары знаёмы, а быццам бы і не. Але ж як вы падобныя!
Дзякуй. Я вельмі ганаруся ім. Прызнацца, і я напачатку сумняваўся, ці то вы. Але ж цяпер, акінуў ён іх позіркам з ног да галавы, я дакладна бачу, што вы героі, якіх мне апісваў бацька.
Янка з Міланай пераглянуліся, і вочы іх у захапленні загарэліся. Яны ізноў былі тымі самымі статным рыцарам у бліскучых даспехах і прыгожай юнай каралеўнай з пераліўнай на сонцы шыкоўнай дыядэмай.
Але ж, пацікавіўся Янка, дзе ён, ваш бацька? Чаму ён сам не зявіўся? Мы былі б усцешаныя яго бачыць.
Ён адразу ж змяніўся той у твары, Баюся, вы не зможаце з ім пабачыцца.
Як?
Вуж цяжка ўздыхнуў:
Ён загінуў, як сапраўдны герой, у бітве за наша каралеўства.
Прабачце, мы не ведалі, засмуціліся Янка з Міланай. Як шкада. Мы шчыра спачуваем.
Дзякуй, з сумам у голасе прамовіў няшчасны.
У нас пра яго былі толькі найлепшыя думкі і ўспаміны. Мы разам з ім шмат праз што прайшлі. Ён быў побач з намі ўвесь той час, што мы правялі ў каралеўстве. Ад пачатку і да канца
Так, я ведаю. Ён таксама мне апавядаў пра вас толькі добрае заўжды. Нават у апошнія хвіліны, калі быў смяротна паранены падчас той бітвы.
Якой бітвы? не зразумелі юнакі.
Наколькі яны памяталі, падчас ніводнай з бітваў, у якіх яны разам змагаліся, іх сябра не быў паранены. А тым больш смяротна.
Ах, вы ж не ведаеце. З таго часу, як вы былі тут апошні раз, шмат чаго адбылося. І ў тым ліку не самага лепшага.
Што такога страшнага магло адбыцца за той невялікі прамежак, які мы адсутнічалі?
Невялікі? Вас не было амаль сем гадоў!
Сем гадоў? Мілана не дала веры сваім вушам.
Яна нават падумала, што Вуж нешта блытае ці не тое хацеў сказаць. Але брат тут жа тузануў яе за сукенку:
Тут жа час па іншаму ідзе, чым у нас. Памятаеш?
А, так. Амаль сем гадоў сцяміла што да чаго Мілана і не стала спрачацца. Як жа час хутка бяжыць.
Прабачце, а што за бітва адбылася? ізноў пацікавіўся Янка.
Пасля вялікай перамогі, здабытай пад вашым кіраўніцтвам, мы нарэшце адчулі, што такое воля! Мы зноў былі свабодныя. Людзі абралі сабе новага караля, добрага і мудрага, які клапаціўся пра нас.
Але каго?
Аднаго з тых рыцараў-вайскаводцаў, што змагаўся плячо ў плячо разам з вамі. Ён кіраваў мудра і справядліва пасля ненавіснага Волха. Ды толькі нядоўга доўжыліся шчасце, мір ды спакой. Волх, адчуваючы, што яго перамога можа апынуцца пад пагрозай, адправіў сваю жонку ў небяспечнае месца у каралеўства да яе дзядзькі, караля Семаргала. У яе разам з атрадам аховы атрымалася пакінуць муры замка незаўважанымі праз патаемныя хады замкавых сутарэнняў.
Ух ты! Ну і навіны дзівіліся Янка з Міланай.
Так. А потым да іх яшчэ ацалелыя паслугачы ды ваяры Волха далучыліся. Ніхто такога і прадугледзіць не мог.
А што гэта яшчэ за Семаргал? Хто ён?
Яго каралеўства суседнічала з тым, адкуль прыйшоў на нашы землі Волх.
Яшчэ адзін кароль?
Так, дужа страшны. Волх быў каралём ваўкалакаў, іх гаспадаром. Хадзілі нават чуткі, што ён і сам быў пярэваратнем і ведзьмаком, але ж моцы яму надаваў збольшага яго чароўны кій. А Семаргал можа станавіцца ваўком з крыламі сокала. І здольны ён выклікаць не толькі вецер, але і спусташальны агонь. Там, дзе ён праскочыць на сваім златагрыўным кані, застаецца толькі выпалены след. Такі ён магутны!
І хіба няма яму якой рады?
А як жа, калі ён бессмяротны?
Хіба ж такое бывае?
Ну, можа, і не зусім бессмяротны, але, кажуць, калі ў яго нават галаву адсячэш замест яе зявіцца новая, бо ў яго іх сем!
Ну і справы
Але і гэта яшчэ не ўсё. Памятаеце, як скончыў Волх?
Ха, вядома ж! Па заслугах! У пашчы Цмока, якога ён доўгія гады трымаў у няволі.
Гэта так. Але пра кій ягоны памятаеце?
І тут Янка з Міланай прызадумаліся. Падаецца, яны памяталі ўсё яскрава і дасканала, як Цмок адным рухам заглынуў Волха. А што далей было?..
Што ж, дазвольце я вам нагадаю? Ён праглынуў таго ведзьмака, як закуску, а кій папросту выплюнуў, бы калыпок, што захрас у зубах.
А, так, нарэшце ўзгадалі яны тую карціну. Кудысьці далёка-далёка, што і не было відаць.
Пэўна, недастаткова далёка. Яго ваяры адшукалі кій. Так яны мелі хоць які шанс уласкавіць гнеў аўдавелай каралевы пасля таго, як не здолелі абараніць свайго ўладара. І дзякуючы гэтаму маглі разлічваць на літасць у Семаргала. Падацца ім больш не было куды. Семаргал сабраў магутнае войска і захапіў наша паслабленае ў бітве каралеўства. Для больш моцнага войска гэта амаль не склала цяжкасці. У нас не было ані шанцаў, ані сіл цягацца з імі.
Падаецца, ізноў прыйдзецца клікаць Цмока на дапамогу, разважліва падсумаваў Янка.
А вось тут і самае непрыемнае. На вялікі жаль, няма больш Цмока. Семаргал добра падрыхтаваўся да нападу. Ён выдатна разумеў, ад каго можа сыходзіць найбольшая пагроза для яго ад нашага высакароднага Цмока. А можа, гэта была і помста. За тое, што Цмок зеў Волха, мужа яго пляменніцы.
Брат з сястрой на хвіліну змоўклі, ачомваючыся ад гэткіх навін.
Але ж як яны здолелі забіць Цмока? не хацела ўсім сэрцам верыць у гэта Мілана. Ён жа быў непераможны.
На кожнага знойдзецца свая бяда.
Ахілесава пята, выказаўся Янка.
Прабачце, што? не зразумеў Вуж.
Гэта ў нас так пра слабое месца кажуць, праз якое можна нанесці нечаканую шкоду.
Так, магчыма. Вось і ён знайшоў спосаб, якім можна перамагчы Цмока. І ўсё пры дапамозе таго вядзьмарскага кія. Семаргал, відаць, адшукаў у старажытных кнігах, як надаць кію моцы, каб знішчыць любога цмока. Высветліўшы, дзе Цмок хаваецца, ён вычакаў, калі той засне, пракраўся са сваімі ваярамі ды ўторкнуў загавораны кій у слабое месца Цмока, што пад самай пашчай на горле. Хацеў ужо і цмокава дзіцяці забіць
Дзіцяці? перабіў яго Янка.
Так, з таго самага яйка, якое вы і ўратавалі, вылупіўся маленькі цмок. На шчасце, у яго атрымалася пазбегнуць той жа сумнай долі.
Вух, як здорава! Але ж як ён выратаваўся?
Семаргал усё разлічыў, але не ведаў ён, што ў пячоры любіў бываць Вярнігара, які моцна прывязаўся да малога, няньчыўся з ім. І ў тую ноч таксама волат быў у пячоры, спаў побач. У цемры яго ніхто не заўважыў. Толькі, на жаль, абудзіўся ён запозна, калі працяты Цмок перадсмяротна пачаў выгінацца ў пакутах. Але шанец дапамагчы малому яшчэ быў. Вярнігара ўступіў з ворагамі ў няроўную бойку. Ён змог даць ім рады, аднак у Семаргала атрымалася ўцячы. А Вярнігара разам з маленькім цмокам вымушаны былі схавацца ў небяспечным месцы. Дзякуй, што горы і разгалінаваныя хады ў пячорах ён ведаў як свае пяць пальцаў.
І што адбылося далей?
Гэтага ніхто не ведае, бо не бачылі больш ні волата, ні цмока. Кажуць толькі, што волат атуліўся ў пячорах і ўзяў на сабе клопаты за маленькім Цмокам. Той жа яшчэ нават лятаць не ўмеў
Хочацца спадзявацца, што ўсё абышлося, задумаўшыся, Янка працягнуў: Ці не трэба ізноў ісці да мудрага Пугача? Баюся, без размовы з ім і яго парад няма сэнсу нават штосьці і думаць, не тое што пачынаць.
Так, падтрымала Мілана. І гэтым разам усё значна цяжэй Але ж чакайце, узгадала нешта дзяўчына і дакранулася да кулончыка на шыі, які ўзяла з сабой у падарожжа па дзіўным каралеўстве. Калі Цмок жывы, то прамовіла яна загадкава і пацерла ўпрыгожванне.
Чамусьці цяпер ёй не здавалася, што яна ляціць недзе высока па-над лесам, як гэта было мінулым разам. Не было тых краявідаў, ад якіх дух перахоплівала. Цемра, быццам перад табою каменныя муры, пачуццё непакою і бездапаможнасці. Нешта незразумелае. Яна змоўкла і стаяла цалкам разгубленая.
Штосьці не так? занепакоіўся брат.
Нават не ведаю. Напэўна, стамілася. Усё так нечакана.
Ну, тады адведаем нашага старога знаёмага. Вось ён здзівіцца! Заклад, ён, пэўна, і не чакаў такога!
Шчыра кажучы, гэта ён мяне і ўгаварыў адшукаць вас. Бо цяпер вы наша апошняя надзея, шматзначна прыжмурыўшы вока, прамовіў Вуж.
Дзіўна, але ж чаму ён сам да нас не завітаў?
Гэта ўжо асобная гісторыя. Ну, сябры, шлях у нас доўгі. Рушым!
І яны крануліся ў дарогу да мудрага Пугача, а Вуж распавёў ім яшчэ адну гісторыю:
Ці памятаеце вы, як сюды трапілі ўпершыню?
Гэта нібы ўчора было. Тут амаль нічога не змянілася, усё так жа прыгожа.
Бацька распавядаў пра тую сустрэчу. Ён казаў, што вельмі доўгі час цалкам не мог зразумець, адкуль вы ўзяліся ў такой глухмені. Пра паляну з выйсцем у іншы свет бадай ніхто не ведаў, таму ён і любіў там адпачываць. І ён не менш за вашага спалохаўся, калі вы зявіліся ніадкуль.
У пэўным сэнсе можна і так сказаць.
Мудры Пугач добра разумеў, што чым меней хтосьці будзе ведаць пра тое, адкуль вы зявіліся, тым у большай небяспецы будуць жыхары каралеўства. Ён адмовіўся дазнацца пра выйсце, як яму гэтага б ні хацелася і цікава ні было. Апроч майго бацькі, ніхто пра тое больш і не чуў. І толькі перад самай смерцю, калі ён ужо дакладна разумеў, што яго час палічаны, распавёў мне таямніцу. Бо нельга такое знесці з сабой, яшчэ можа надысці час, калі гэта яшчэ можа спатрэбіцца. І, на жаль, ён надышоў.
Але чым мы можам дапамагчы?
Як?! Вы нашы героі! Тыя, у каго мы верым! А без веры нам і не выстаяць. Зараз яна нам патрэбная, як ніколі. З верай мы пераможам! Зараз выйсця няма альбо перамога, альбо смерць.
Лепш перамога, прамовіў Янка.
Дакладна, падтрымала Мілана. Будзьма разам!
Дзякуй! з палёгкай радасна выгукнуў Вуж.
Шлях да мудрага Пугача
Яны ішлі праз лес, і яркія ўспаміны даганялі герояў з кожным крокам. Мяркуючы па ўсім, хутка быў павінен паўстаць каралеўскі замак. Наперадзе здаўся прасвет, але хаду замаруджвалі зарослыя павуціннем хмызнякі. То і справа даводзілася рассоўваць іх і абтрасацца ад наліплых смецця і лістоты, што псавала ўвесь настрой.
Ну і разраслося іх, прабурчаў незадаволена Янка.
Так, мінулым разам дарога была лягчэйшай, пагадзілася сястра.
Але ўжо хутка юнакі былі ў гуморы.
Нарэшце замак! усцешыўся хлопец.
Толькі пачуццё радасці тут жа змянілася трывогай. Па хмызах пранёсся трэск галін, усё захадзіла ходырам, і па верхавінах кустоў было відаць, як нешта набліжаецца ў іх бок даволі хутка. Яны ніяк не маглі разгледзець, што там, і гэта насцярожвала ды пужала. Да таго ж з усіх бакоў пачалі нарастаць пранізліва гідкія крыкі і воклічы, якія да дрыжыкаў казыталі нервы.
Ды праз момант Янка не толькі супакоіўся, але рашуча выпрастаўся і з сурёзным выглядам стаў, расставіўшы рукі па баках. Мілана здзівілася і ўважліва ўтаропілася на кусты. Цяпер было ўсё зразумела. Праз зараснікі, змінаючы ўсё на сваім шляху, несліся маленькія чалавечкі ў велізарных капелюшах і высокіх ботах. Гэта былі ўжо знаёмыя па мінулым падарожжы злыдні. Хіба што з той розніцай, што цяпер яны мелі невялічкія шаблі, якімі на бягу прачышчалі сабе шлях, нібы мачэтэ, скрозь сапраўдныя джунглі. Трэба аддаць ім належнае: з-за іх невысокага росту гэта было нялёгкай справай. Але ўпартасці ім было не займаць.
Яны падбеглі, атачыўшы юных герояў з усіх бакоў, і наставілі на іх маленькія шабелькі. Хай тая зброя была для юнакоў не большай за сцізорык, але шкоды, ды яшчэ пры такой колькасці, можна было прынесці ёй не на жарт. Сітуацыя складалася даволі небяспечная.
Вы хто такія? Што вы тут робіце? звярнуўся да Янкі з Міланай адзін з іх, відаць, верхавода.
Хлопец адразу пазнаў таго самага злыдня, якога патурбаваў у зарасніках ядлоўцу падчас свайго былога падарожжа па каралеўстве.
Па-першае, дзень добры, панства, павітаўся Янка. Няўжо вы нас не пазналі?
Галоўны адышоў крыху назад і ўгледзеўся ў падарожнікаў.
А, гэта вы?! выгукнуў злыдзень і сунуў шаблю ў ножны. Яго падначаленыя зрабілі тое ж. Ну, дзень добры! Вы ўжо прабачце, служба ў нас такая, развёў рукамі маленькі чалавечак.
Служба?
Ну так. Мы ж цяпер на службе ў новага караля. Абыходзім дазорам тэрыторыю вакол замка. Ад нас ніхто не ўтоіцца, знізу кожную травінку відаць. Вось Семаргал нас да сабе на службу і паклікаў.
Як так? не зразумеў хлопча. Чакайце, вы ж, падаецца, далекавата жылі, за Чорным Лесам, каля Паганага Балота.
Мы на адным месцы не сядзім, хаця там быў наш дом. Мы, наагул, аматары прыгод, павандраваць любім.
Чакайце, што значыцца быў?
У сэнсе?
Вы сказалі, што там быў ваш дом.
А, пра гэта, дацяміў суразмоўца. Дом наш там і застаўся, хто пажадаў, там і жыве. Новы кароль нам падараваў усе кусты ў лесе і вакол яго палёў у абмен на тое, што мы будзем абыходзіць штодня гэтыя мясціны, не прапускаючы нікога старонняга. Дык зараз мы ў яго на службе.
Вось у чым справа! Зразумела, саркастычна ўсміхнуўся Янка. І як вам служыцца ў таго, хто, прыхапіўшы сабе землі іншых, раздае яе сваім паслугачам?
Мы не паслугачы! пакрыўдзіліся злыдні, незадаволена хістаючы галовамі ў вялікіх капелюшах.
Дзіўна. А хто тады? Як яшчэ вас назваць?
Мы збянтэжыліся яны. Мы вартаўнікі! Вось! нарэшце выдаў галоўны. А гэтыя землі нікому не належалі, нам няма чаго саромецца. Нам таксама трэба недзе жыць. Мы тут, на ўскрайку лесу, нікому не перашкаджаем.
Ага, канечне, пакрывіўся Янка. Ваша хата з краю!
Злыдні толькі незадаволена насупіліся, але прамаўчалі.
Ну што ж, глядзіце, працягнуў хлопец. Нездарма ж пра такое кажуць у народзе: «Чыя хата з краю, тая першая згарае».
Гэта вы пра што?
Ды гэта не мы, гэта ў народзе так кажуць.
Ну, досыць, наслухаліся мы ўжо вас, раззлаваўся галоўны. Кажыце лепш, з якой мэтай вы тут і што вам трэба?
Ды асабліва нічога. Мы так, праходам.
Дык і праходзьце, калі так!
То мы пайшлі?
Так, так, бывайце! Ходзяць тут розныя, розуму вучаць.
І хлопец з Міланай і Вужам, моўчкі пра сябе ўсміхнуўшыся, крануліся далей, праходзячы паміж невялічкіх, але ж такіх шкодных злыдняў. Але толькі яны прайшлі некалькі крокаў, як ізноў пачулі ў спіны голас таго злыдня: