Пасля таго як надламаным голасам прахрыпеў малады пеўнік, Алесь больш не заснуў, ды і не хацелася. Паціху сабраўся, выйшаў на ганак, у ранішнім прыцемку ўбачыў па-летняму лёгкі нясмелы туман над возерам і, не раздумваючы, шустра пашыбаваў да вады, наўпрост, праз чыста праполатыя грады гародніны, міма парніка, у якім чырванню красаваліся памідоры, каля кустоў маліны і чорнай парэчкі. Напрыканцы агарода шмыгнуў у велікаватую дзірку ў плоце і з асалодай пабег басанож па роснай траве. Каля вады скінуў мокрыя да кален штаны, праз галаву сцягнуў кашулю і кінуўся ў янтарную трапяткую ваду.
Нырнуў і адразу зразумеў, што з ім нешта не тое. Спярша рукі, а праз некалькі хвілін і ногі пачало абвалакваць і як бы заблытваць. Каб вызваліцца, зрабіў рывок, потым другі, трэці, і рукі пазбавіліся цягучай павуціны. Ён вырваўся на паверхню, але ногі засталіся ў пастцы, іх хтосьці нябачны моцна стрыножыў, не шавяльнуць. Алесь набраў поўныя грудзі паветра і паднырнуў, паспрабаваў убачыць, памацаць рукамі тую жорсткую павуціну, а калі ўдасца, і разарваць. Вада трохі закаламуцілася, і ўсё ж Гурскі паспеў разгледзець каля ног некалькі шырокіх белых плах. Адразу здагадаўся, што гэта рыба, і ён таксама, як гэтыя бедакі-карпы, шчупакі ці ліні, трапіў у сетку. Моцна затахкала сэрца, зрабілася холадна, імгненна пацяжэлыя ногі пацягнулі на дно. Сілячыся прыглушыць нарастаючую гнятучую трывогу, Алесь сам сабе сказаў: