А за вокнамі пустыр: дно былых велічэзных, даўно спушчаных ставоў і бераг з рэдкімі купамі дрэў, за якімі праглядаюцца будынкі парніковай гаспадаркі.
З другога боку да дома прымыкаюць закінутыя могілкі. Іхнюю браму ў стылі позняга барока відаць, калі падыходзіш да дома напалову выпляжанай алеяй высачэзных ліп.
У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад столлю анёлы, ускідваюць крыжы з лазы Яны Ксціцелі, а Яны Непамуцкія нясуць пад пахаю ўласныя галовы, нібы кавун у трамваі. Юры з вылупленымі ад жаху вачыма папірае нагою цмока, рыдаюць ужо трыста год Магдаліны. Іконы на сценах, іконы, нібы ўкрытыя ржою па кутах, і іконы, распасцёртыя на сталах, свежанькія, нібы толькі з Ярдані, усміхаюцца чалавеку, што іх зноў стварыў. Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца спінкі кніг. Скаляць зубы грыфоны, падобныя на сумных курэй.
І ўсё гэта дзіва як хораша! І сярод усяго гэтага, створанага сотнямі людзей, два сабакі і чалавек. Лепшы мой сябар.
— Ёсць што-небудзь з марозу, іконнік?
— Адліга сёння, залатар, — сказаў ён.
— А з адлігі ёсць? — сказаў я.
— З адлігі ёсць сухія цёплыя батарэі… Вось.
— Законы продкаў забываеш? — спытаў я з пагрозаю.
— Пры Жыгімонту лепей было, — сказаў ён, несучы на нізенькі столік пачатую бутэльку віньяку, лімон, «мікалашку», талерку бутэрбродаў, сыр і, чамусьці, мочаныя яблыкі, — аднак і кароль Мар'ян немцаў не любіў, і ляхаў, і ўсіх іншых, а нас, беларусцаў, шкадаваў і любіцельна мілаваў.
— Пача-атая, — сказаў я.
— Будзе і поўная.
— То і ставіў бы.
— Ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?
— Ну?
— Бляваць на сярэдзіну стала. Вось што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам. Старажытны кодэкс прыстойнасці. «А нудзіць на сярэдзіну стала — кепска і пагана і нягожа ёсць».
— На край, значыцца, можна? — спытаў я.
— Нічога не сказана. Мабыць, можна. Дазваляецца. Што ж тут страшнага?
— Невук ты. На свой край дазваляецца. На чужы, vis a vis — ані!
— Прыемнага вам, — сказаў ён.
— Сам пачаў.
Сабе ён наліў на донца.
— Ты не сярдуй, — нібы апраўдваючыся, сказаў ён, і толькі тут я заўважыў, што на пазногцях ягоных блакітнае адценне. — Крыху — гэта не шкодзіць сэрцу. Наадварот, карысна. Усе лекары гавораць. Акрамя таго, мне хутка ўвогуле нічога не будзе шкодна.
— Ну-ну, — сказаў я.
— Самы момант, пэўна, не страшна, — задуменна сказаў ён. — Чаканне — вось што дзярмо сабачае. Сабачае прадчуванне на бяду.
Эльма і Эдгар уважна глядзелі на яго, часам пераводзячы на мяне вочы.
— Як вось яны. Уяўляеш, сёння пад раніцу вылі з гадзіну. Ніколі ў жыцці такога не чуў. І не дварнягі ж яны, а сабакі цывілізаванага стагоддзя… Ці ўдасца нам з табою яшчэ ў рыбку? Паедзем, як чыстая вада будзе?
— Нягож.
Усё жыццё буду катаваць сябе за свой тон падчас той размовы. Нібы чуў, як чалавек унутрана ўздыхае: «0-ох, пажыць бы», а сам у гэты час адказваў, таксама ўнутрана: «Не ный, хлопча, усё добра».
— Паказвай кнігу, — сказаў я.
Мы трымалі том на каленях і павольна гарталі старонкі. Падбор гэтых трох пераплеценых у адну кнігу быў дзіўны, але ці мала дзіўнага рабілі людзі тых часоў. Іхняя логіка цяжка даецца нам. Пераплёў жа невядомы манах у адну турму са скуры: «Казанне аб Індыі багатай», «Казанне аб Максіме і Філіпаце» і «Слова аб палку Ігаравым».
Евангелле Слуцкага. Дужа рэдкая рэч, але нічога асаблівага. Статут 1580 года. Сапраўды, першае друкаванне, паколькі я мог меркаваць (колькі б статут ні перадрукоўваўся — год ставілі той жа самы, 1580-ты). Але з ініцыяламі Евангелля Цяпінскага было сапраўды цікава.
Друк гэтай кнігі вызначаўся строгасцю. Кожная балонь тлуста, упоперак, нібы перарэзана напалам. На верхняй палове старонкі стараславянскі тэкст, на ніжняй — старабеларускі. Сухі, строгі шрыфт, нічога лішняга.
І раптам, сярод гэтай пратэстанцкай пустэчы, я ўбачыў дзіва: застаўкі і ініцыялы, што цвілі макамі, срэбрам і золатам так, што вачам рабілася балюча. Кветкі, сцябліны, воіны, коні — усё імкнулася ў зыркім, вычварным, радасным палёце са старонкі на старонку.
— Язычнік, — сказаў я. — Адкуль такое дзіва?
— Вось надпіс.
Надпіс на адвароце вокладкі быў, відаць, з чарнільных арэшкаў і камедзі: рыжыя чарнілы выцвілі. XVI-XVII стагоддзі. Самы пярэдадзень шалёнага націску Польшчы. Але я не мог адарваць вачэй ад цвітучага поплаву, і мне не хацелася ўглядацца ў блытаную рыжую вязь.
— Ты не адказаў. То ўсё ж адкуль?
— Альшаны.
— Нешта чуў, але цьмяна. Дзе?
— Гісто-рык. Мястэчка… Кіламетраў трыццаць ад Кладна… Князям Альшанскім належала. Гедымінавічы. Дужа старажытны беларускі род. Шматлікія маёнткі па Нёмане і Пцічы, некалькі ўласных гарадоў. Увесь час высокае становішча. Падмацоўвалі тым, што каралям гарады дарылі.
— Памятаю, — сказаў я. — Гэты ж адзін з іх Голаск — гарадок Жыгімонту Аўгусту «падарыў», а той яго «падарыў» Яну Хадкевічу.
— Но.
— І гэта адзін з іх падчас розбрату Свідрыгайлу ў палон захапіў.
— З гэных, — сказаў Мар'ян з некаторым задавальненнем, што вось, маўляў, і сябар не нагою шморкаецца. — А тыя Альшаны іхні маёрат і спрадвеку ім належалі. З бортнымі дрэвамі, і вёскамі, і рэчкамі, баброў каб ганіці.
— І кожнага пятага бабра сабе, — пачаў хуліганіць і я, — а астатніх пану або сабе пачэраўе ад кожнага бабра.
— Гля-адзі-і ты! І «ўстаў на валокі» ведае. Начытаны, халера!… Ну дык вось. Кнігу тую я знайшоў у Альшанах на гары ў хаце такога дзеда, Мультана. Вартаўнік пры замку і, галоўнае, пры касцёле. Надзвычай цікавы тып. Сагнуты, як мядзведзь. Паляўнічы крыху. Філосаф.
— Ты гэта мне дзеля чаго?
— Ды ўсё ў сувязі з гэтай трывогай. Мозг шукае. Ліхаманкава. Усе абставіны ўспамінае, усе самыя нязначныя здарэнні.
Ён глядзеў у акно на пустку і на шаты могілак воддаль.
— Замак той — звычайны палацава-замкавы ансамбль, — нібы прыпамінаючы, нібы трызнячы, сказаў ён. — Толькі што адзін з першых такога роду. Самая сярэдзіна XVI стагоддзя. Можа, дзесяццю — дваццаццю гадамі пазней. Ужо не зусім замак, хаця і бліжэй да яго, чым да палаца. Страшны будынак. Мясцовы валунны граніт, браце, барвяна-карычневы з куродымам, амаль чорны. Ну і вада вакол. А крыху наводдаль касцёл са званіцай. Гэты крыху пазнейшы. Пачатак семнаццатага. І ўсё гэта разам нешта гнятучае нараджае, цяжкае, змрочнае. Ну, як праклён на ім які, як здані ў ім дагэтуль блукаюць.
— Кніжак начытаўся, ёлупень.
Ён раптам павярнуўся. Рэзка. Імкліва.
— Так. І кніжак. Уяўляеш, не ў аднаго мяне ўсё гэта такое пачуццё выклікае. Ва ўсіх выклікала. Заўсёды. І гэта не маё, суб'ектыўнае, а агульнае пачуццё. Вось глядзі…
Мар'ян кінуўся да стэлажоў і, не шукаючы, — відаць, не раз ужо глядзеў, — дастаў маленькую пузаценькую кніжачку.
— Вокладкі няма. Нейкі з мясцовых правінцыяльных рамантыкаў мінулага стагоддзя. Ясна, што мясцовы, бо дыялектызмы на кожным кроку. І ясна, што піша па-польску, не дужа й тую мову ведаючы, а ведаючы яе мясцовы, шляхецкі дыялект. Р-рамантык! Знаеш усіх гэтых аўтараў «Пёсэнэк вейскіх з-пад Нёмана і Шчары» ды «Чароўных Янаў з-пад Нарачы». Напіша кнігу пад назваю «Душа ў чужым целе, або Незямныя радасці на берагах Свіслачы», дый радуецца.
Мне таксама стала ніякавата. Добры ўклад унеслі браткі-беларусы ў культуру свайго і братняга, польскага, народаў… І ўсё ж колькі ў гэтым было прыемнага: наіў, дабрыня, лёгкае адценне дурнаватай і шчырай чуласці, сардэчнасць. Словам, кажучы словамі аўтара «Завальні», «зацны прохі ойцув». І потым, не будзь гэтых людзей, не выраслі б на гэтай глебе ні Баршчэўскі, ні паэт-тытан, ад уласнай беднасці падораны намі Польшчы. Хай спяць спакойна: яны сваё зрабілі.