Мар'ян, аднак, не быў настроены так лагодна. Ён аж кіпеў.
— Чорт бы іх пабраў. Калі ўжо на тое пайшло, то гэта яны насаджалі правінцыялізм, а не Дунін-Марцінкевіч, на якога столькі сабак вешалі з-за гэтага. Самі і вешалі. Дый рамантызм наш дурацкі, беларускі, паршывы, менавіта яны насадзілі.
— Паршывы беларускі рамантызм і гафманізм мы ў іх насадзілі, — сказаў я. — Але ў чым справа? І чаго ты той кантычкай у мяне пад носам махаеш?
— Адчуванне ад Альшан, — нібы асекшыся, сказаў ён і пачаў чытаць.
Сто разоў з таго часу перачытваў я гэтую легенду, напісаную наіўным і ўзнёслым стылем рамантыка (харошыя яны былі людзі, сумленныя аж да святасці, чыстыя да апошняга, не даносчыкі, не паршыўцы!). Сто разоў учытваўся ў радкі, то няладныя, а то й зусім някепскія. Нават, для зручнасці, пераклаў усё гэта на сваю мову, дарма што з юнацтва не пэцкаў рыфмамі паперу. Я і зараз падам яе вам у гэтым каструбаватым перакладзе. А тады я слухаў яе ўпершыню.
Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.
Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.
Слухаюць вецер золкі, вой далекі ваўчыны,
Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…
У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!
Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!
Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,
Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.
Далей быў звычайны рамантычны сюжэт, для нас ужо ў чымсьці дзяціны. Высакародны разбойнік з багатага, даведзенага да галечы роду зрабіў замах на жонку альшанскага князя. Тая таксама кахала яго. Князь быў скупы і жорсткі стары звер — па ўсіх канонах гэтага жанру.
Каханкі, забраўшы казну, уцяклі з замка. Князь пагнаўся за імі і забіў. І вось іхнія прывіды ходзяць пад аркадамі замка, чула і цяжка ўздыхаючы і палохаючы стогнамі добрых людзей.
— І што, праўда гэта? — спытаў ён, скончыўшы.
— А чорт іх ведае, — сказаў я, — гэтых рамантыкаў. Што, была на свеце Гражына? Ці горад на месцы Свіцязі?
— І цябе нічога не насцярожыла? — ён дапытліва глядзеў мне ў вочы.
— Насцярожыла, — сказаў я.
— Што?
— Адзіная рэальная дэталь. Тое, што княскую казну пабралі. Неяк такі ўчынак з рамантычнай паэтыкай не вяжацца. А ўжо да іхняга маральнага кодэкса — ані божа мой!
— Пр-равільна! — ляснуў ён мяне па плячы. — Разумнік! Сапраўды, як на рамантыка, то гэта хаця й пачварная, а рэалія. А калі так, то чаму б не быць праўдаю і ўсёй легендзе?
— І прывідам? — паддзеў я.
— Прывіды таксама ёсць на свеце, — пазмрачнеў ён. — Іх болей, чым мы думаем, дружа.
Ён закурыў. На гэты раз па-сапраўднаму, зацягваючыся. Я таксама выцягнуў з надрэзанай пачкі цыгарэту.
— Дык вось, — сказаў ён. — Я пачаў правяраць. І, самае дзіўнае, падобна тое, што наш паэт, як на легенду, не дужа і нахлусіў. Пастарайся слухаць мяне ўважна.
За акном ляжала шэрая пустка з рэдкімі бадыллямі бур'яну на ёй.
— Ты, мабыць, не ведаеш, што Альшанскія былі ледзь не самым багатым родам у Беларусі. Але толькі пэўны перыяд. Прыблізна сто год. Да гэтага часу і пасля яго — ну звычайная магнацкая фамілія, як усе. Але ў гэтае стагоддзе — крэзы, якія пабівалі багаццем самога караля.
— З чаго тое стагоддзе пачалося?
— З 1481 года. Ану, што за год?
Была ў нас такая гульня, ад якой іншы чалавек пасінеў бы. Так проста, бы з яра ў ваду, задаваць адзін аднаму пытанні накшталт таго, на якіх мовах быў напісаны бехістунскі надпіс (старажытнаперсідскай, эламскай і вавілонскай) або якога колеру былі выпушкі ў інжынерных войсках пры Мікалаі Першым (чырвоныя).
— Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар'ян, — сказаў я. — Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.
— Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі.
Што далей?
— Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.
— Так. І чым гэта скончылася?
— Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў «пасаг» «северскія землі».
— А іншыя землі куды падзеў? — іранічна спытаў Мар'ян.
— Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.
— Вось яно як, — сказаў Мар'ян. — Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?
— Валі.
— Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?
— Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.
— Глупства. Не паглядзелі б.
Ён адкінуў кніжку на стол. Моўчкі мы сядзелі адзін насупраць другога. Урэшце Мар'ян правёў рукою па твары, нібы ўмыўся:
— І якраз з гэтага года пачынаецца неверагоднае, проста несамавітае, фантастычнае багацце роду. Тысяча і адна ноч. Скарбы Галконды і Эльдарада. Дораць гарады. Сустракаючы вялікага князя, апранаюць у золата тысячы шляхцюкоў і сялян. Ліставым золатам абабіваюць замкавыя дахі. Словам, усё, на што здатны быў чалавек, раптам узбагаціўшыся.
— Звонку нібы культура, а знутры…
— Дзікунства? — спытаў Мар'ян. — Не. Тут танчэй. Лічы: толькі-толькі да сапраўднай улады прыйшлі. Над душамі, над целамі, над дзяржавай, урэшце. З Усяславам Чарадзеем не дужа паспрачаўся б… А тут… Ну і адмовілі цэнтры, якія стрымліваюць. Адмовілі, як ва ўсіх свежых паноў над усім, хаця многія з гэтых, свежых, і стагоддзямі свой род цягнулі, але на правах… ну, дружыннікаў, ці што. І вось пачалося: звонку гуманісты, звонку вытанчаныя, а ўнутры — тыгр.
— Тут ты, па-мойму, памыляешся, — сказаў я. — Астрожскіх успомні, Міколу Радзівіла, Сапегу Льва. Сапраўдныя, адукаваныя, стрыманыя людзі, хай сабе і страсныя.
— Вонкавы гэта разлад, — сказаў Мар'ян. — Ясна, што ў масе гэта не двор Чынгісхана і не апрычны двор. Усё ж на вачах у Еўропы, пачаткі галоснасці, пачаткі дэмакратыі, хай шляхецкай. Noblesse oblige*. Але ломкі хрыбтоў і тут хапала.
* Становiшча абавязвае.
— «Час — ён заўсёды такі, калі знаходзяцца людзі», — працытаваў я кагосьці. — Але ты ўсё ж гані сюжэт.
— Ну і вось. І раптам праз нейкія там сто год усёй гэтай раскошы — крэс! До — праз меру гуляць, до — ліставога золата, до — загонаў у парчы! Звычайны сярэдняга багацця род. У чым справа?
— Гэтага мы ніколі не даведаемся, — сказаў я. — Мала што там магло здарыцца. Ну, скажам, першае, гэта Пятро Давыдавіч, хаця й моцны, пабойваўся ўсё ж, што прыпомняць удзел у змове, і вырашыў багацце тое пратрэнькаць, пажыць на ўсю закрутку. І нашчадкі трэнькалі. А як пратрэнькалі, то й супакоіліся.
— Т-так, — сказаў ён. — Ты ведаеш, што то за знакі і што азначаюць?
На шматку паперы ён вывеў наступнае:
— Ну, ты мяне за дзіця лічыш. Гэта лічбавыя знакі літар. Першая — легіён, або сто тысяч, другая — леадор, або мільён.
— Ну, а так?
І ён напісаў яшчэ й такое:
— Ну, шэсцьсот тысяч, ну, сем мільёнаў.
— То вось, адкажы ты мне цяпер, даражэнькі мой лабузю, Антон Глебавіч, якім такім чынам мог чалавек, нават самы магутны, прыдбаць за палову года багацце ў шэсцьсот тысяч залатых ды на сем мільёнаў каштоўнымі каменнямі — гэта на той падлік, на той, калі й сапраўды «цялушка-палушка» была, — і якім чынам ён, нават калі б еў тое золата — і нашчадкі ягоныя елі, — мог за нейкія сто трыццаць год такі капітал струбіць? А яны ж кожны год і даходы фантастычныя да таго мелі.
— Магчыма, ведаў аб казне змоўшчыкаў і прыбраў яе да рук.