Буранны паыстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 34 стр.


I дамы вялiкiя i машыны бегаюць па вулiцах? А кавуноў i дыняў колькi хочаш? А марожанае там ёсць? А там ёсць мора?

Вецер залятаў у таварны вагон, лiўся роўным прыемным патокам у прачыненыя дзверы, загароджаныя драўляным шчытом на ўсякi выпадак, каб дзецi не ўпалi, хоць на самым праходзе ля краю сядзелi на парожнiх скрынях Едыгей з Абуталiпам. Задаволены быў Буранны Едыгей, што ехалi яны разам, што надвор'е добрае, што дзецi вясёлыя, але больш за ўсё радаваўся Едыгей не за малых, а за Абуталiпа i Зарыпу. Прасвятлелi iх твары. Вызвалiлiся людзi хоць бы на нейкi час ад пастаяннай заклапочанасцi, унутранай гнятлiвасцi. I падумалася тады Едыгею: можа, Абуталiпу будзе дазволена жыць у саразеках як можа i колькi зможа. Дай жа божа!

Прыемна было бачыць - Зарыпа i Укубала шчыра гутарылi мiж сабой пра справы жыцейскiя. I былi шчаслiвыя. А так i павiнна быць, цi многа трэба людзям. Вельмi хацелася Едыгею, каб Кутыбаевы забылi ўсе нягоды, каб змаглi яны ўкаранiцца ў iх баранлiнскiм жыццi, калi iншага не выпадала. Прыемна было таксама Едыгею, што Абуталiп сядзеў побач, кранаючы плячом яго плячо, ведаючы, што на Едыгея можна спадзявацца i што яны добра разумеюць адзiн аднаго без лiшнiх слоў, не абыходзячы балючыя тэмы, тое, пра што няма патрэбы гаварыць. Цанiў Едыгей Абуталiпа за тое, што ён разумны, стрыманы, а больш за адданасць сям'i, дзеля якой жыў Абуталiп, не здаваўся i знаходзiў у тым сiлу. Слухаючы Абуталiпа, Едыгей прыходзiў да думкi, што самае лепшае, што можа зрабiць чалавек для iншых, дык гэта выхаваць дастойных дзяцей. I не з чыёй-небудзь дапамогай, а самому дзень пры днi, па драбнiцы ўкладваючы ў гэтую справу ўсяго сябе.

Вось, здавалася б, дзе толькi нi вучылi Сабiтжана, з самага маленства па iнтэрнатах, па iнстытутах i па розных курсах павышэнняў. Бедны Казангап усё, што меў-зарабляў, аддаваў на ўтрыманне сына ў гарадах, каб не горш чым другiм жылося-былося Сабiтжану, - а што толку. Ведаць-то ён усё ведае, а нiкчэмны, як ёсць нiкчэмны.

Вось i думалася тады Едыгею, пакуль яны разам ехалi за кавунамi i дынямi на Кумбель, што як няма iншага выйсця, то варта Абуталiпу Кутыбаеву асесцi на Баранлы-Буранным. Гаспадарку займець, скацiны завесцi - падымаць сыноў сярод саразекаў як можа i колькi можа. Праўда, вучыць яго розуму ён не стаў, але зразумеў з усiх гутарак, што i Абуталiп так думае, мае такi намер. Бо цiкавiўся ён, як бульбы назапасiць, дзе валёнкi купiць на зiму жонцы i дзецям, сам, кажа, у ботах пахаджу. Ды яшчэ распытваў, цi ёсць бiблiятэка ў Кумбелi i цi даюць кнiгi на раз'езды для карыстання.

Да вечара таго ж дня зноў жа на спадарожным таварняку вярнулiся дамоў з дынямi i кавунамi, што выдзелiў орс баранлiнцам. Дзецi, вядома, прытамiлiся, але былi вельмi задаволены. Пабылi на Кумбелi, цацак накупiлi, марожанае елi i шмат чаго бачылi. Але была адна невялiкая замiнка ў станцыйнай цырульнi. Вырашылi падстрыгчы хлопчыкаў. А калi чарга дайшла да Эрмека, той справiў такi крык i плач, што рады было не даць хлопцу. Замучылiся ўсе, а ён баiцца, вырываецца, крычыць, бацьку клiча. Абуталiп адскочыў быў на той момант у краму побач. Зарыпа не ведала, што рабiць, i чырванела i бялела ад сораму. I ўсё вiнiлася, што нiколi яшчэ не стрыглi дзiця, шкадавалi - вельмi ўжо прыгожыя кудзеркi былi ў мальца. I сапраўды, валасы ў Эрмека цудоўныя, густыя i кучаравыя, да мацi падобны: як памыюць галаву i расчэшуць - любата.

Пайшлi на тое, што Укубала дазволiла падкарацiць валасы Саўле: вось, глядзi ж, дзяўчынка i то не баiцца. Гэта, здавалася, памагло, але як толькi цырульнiк узяў у рукi машынку, той зноў у крык i плач; Эрмек вырываўся, а тут якраз у дзвярах з'явiўся Абуталiп. Эрмек кiнуўся да бацькi. Той узяў яго на рукi i моцна абняў, разумеючы, што не варта мучыць хлопчыка.

- Прабачце, - сказаў ён цырульнiку. - Як-небудзь у другi раз. Асмелiмся i тады... А пакуль яшчэ так можна, так будзе... Не будзем спяшацца... У другi раз...

У час надзвычайнага пасяджэння асобаўпаўнаважаных камiсiй на борце авiяносца "Канвенцыя", паводле ўзаемнай згоды бакоў, на арбiтальную станцыю "Парытэт" пайшла яшчэ адна кадзiраваная радыёграма, якая прызначалася для перадачы парытэт-касманаўтам 1-2 i 2-1, што знаходзiлiся на планеце незямной цывiлiзацыi, - катэгарычна забаранялiся якiя-небудзь дзеяннi i прадпiсвалася знаходзiцца на месцы да асобага ўказання Абцэнупра.

Пасяджэнне iшло, як i раней, пры закрытых дзвярах. Авiяносец "Канвенцыя" таксама, як i раней, стаяў на сваiм месцы ў Цiхiм акiяне, паўднёвей Алявутаў, на строга аднолькавай адлегласцi напрасткi памiж Сан-Францыска i Ўладзiвастокам.

Як i раней, нiхто яшчэ ў свеце не ведаў, што адбылася найвялiкшая мiжгалактычная падзея - у сiстэме свяцiла Дзяржацель адкрыта планета незямной цывiлiзацыi, разумныя насельнiкi якой прапаноўвалi ўстанавiць кантакт з зямлянамi.

На надзвычайным пасяджэннi бакi абмяркоўвалi ўсе "за" i "супраць" гэтай незвычайнай i нечаканай праблемы. На стале перад кожным з сябраў камiсiй, акрамя iншых дапаможных матэрыялаў, ляжала дасье з поўным тэкстам пасланняў парытэт-касманаўтаў 1-2 i 2-1. Вывучалася кожная думка, кожнае слова дакументаў. Любая дэталь, якая прыводзiлася як факт разумнага жыцця на планеце Лясныя Грудзi, разглядалася перш за ўсё з пункту гледжання магчымых вынiкаў, сумяшчальнасцi цi несумяшчальнасцi з зямным вопытам цывiлiзацыi, з iнтарэсамi вядучых краiн планеты... З падобнымi праблемамi яшчэ нiкому з людзей не даводзiлася сутыкацца. I пытаннi трэба было рашаць адразу...

На Цiхiм акiяне па-ранейшаму штармiла напаўсiлы...

Пасля таго як сям'я Кутыбаевых перажыла самую страшную пару саразекскага летняга пекла i не схапiлася ў адчаi за пажыткi, не кiнулася з Баранлы-Бураннага куды-небудзь, абы найдалей адсюль, баранлiнцы зразумелi, што гэтая сям'я застанецца тут, будзе яшчэ трымацца. Прыкметна прыбадзёрыўся, дакладней, уцягнуўся ў баранлiнскую лямку Абуталiп Кутыбаеў. Ну, вядома, абвык, асвойтаўся з жыццём на раз'ездзе. Як любы i кожны мог бы i ён сказаць, што Баранлы - самае гiблае месца на свеце, калi нават ваду прывозяць у цыстэрне па чыгунцы i для пiцця i для iншых патрэб, а каму захочацца свежай, сапраўднай вадзiцы, той павiнен асядлаць вярблюда i адправiцца з бурдзюкамi да калодзежа за трыдзевяць зямель, на што, акрамя Едыгея i Казангапа, нiхто не адважваўся.

Сапраўды, так было яшчэ ў пяцьдзесят другiм годзе i аж да шасцiдзесятых, пакуль не ўстанавiлi на раз'ездзе глыбiнную электраветравую вадакачку. Але тады аб гэтым яшчэ i не марылi. I, нягледзячы на ўсё гэта, Абуталiп нiколi не кляў, не ганiў нi раз'езд Баранлы-Буранны, нi саразекi. Прымаў дрэннае як дрэннае, добрае як добрае. Зрэшты, зямля нi ў чым i нi перад кiм не вiнаватая. Чалавек сам павiнен рашаць, жыць яму тут цi не жыць...

I на гэтай зямлi людзi хацелi ўладкавацца як лепш. Калi Кутыбаевы канчаткова пераканалiся, што месца iх тут, на Баранлы-Буранным, i што далей iм няма куды падавацца, а трэба тут грунтоўна сядзець, то часу не ставала на хатнiя клопаты. Зразумела, кожны дзень цi кожную змену трэба было працаваць на чыгунцы, а ў вольны час клопатаў было праз меру. Закруцiўся, замучыўся Абуталiп - рыхтаваў жыллё да зiмы: печ перакладваў, дзверы ўцяпляў, рамы падганяў i прыладжваў. Звычкi да гэтага асаблiвай у яго не было, але Едыгей i iнструментам, i матэрыялам дапамагаў, не пакiдаў яго аднаго. А калi пачалi капаць склеп каля хлеўчыка, Казангап не быў убаку. Утрох змайстравалi невялiкi склеп, зрабiлi перакрыццё са старых шпал, саломай, глiнай зверху прывалiлi, накрыўку збiлi як мацнейшую, каб чыя-небудзь скацiна раптам не правалiлася ў склеп. I што б яны нi рабiлi, таўклiся i круцiлiся пад рукамi сынкi абуталiпаўскiя. Няхай i перашкаджалi часам, але так i весялей i мiлей было. Сталi Едыгей з Казангапам падумваць, як дапамагчы Абуталiпу завесцi гаспадарку, i ўжо што-нiшто прыкупiлi. Вырашылi з вясны выдзелiць яму дойную вярблюдзiцу. Галоўнае, каб ён даiць навучыўся.

Назад Дальше