Буранны паыстанак (на белорусском языке) - Айтматов Чингиз Торекулович 35 стр.


Гэта ж не карова. Вярблюдзiцу даiць трэба стоячы. Хадзiць за ёй па стэпе i, галоўнае, сысунка берагчы, падпускаючы яго да вымя своечасова, i ў час аднiмаць. Клопатаў пра яго нямала. Таксама трэба ведаць, што да чаго...

Але больш за ўсё радавала Бураннага Едыгея тое, што Абуталiп не толькi за гаспадарку ўзяўся, не толькi з дзецьмi дзвюх сямей займаўся, вучыў з Зарыпай iх па кнiжках i маляванню, але яшчэ дбаў i пра сябе. Ён жа адукаваны чалавек. Кнiгi чытаць, рабiць нейкiя запiсы - гэта проста неабходна яму. Едыгей ганарыўся тым, што меў такога сябра. Таму i цягнуўся да яго. I з Елiзаравым, саразекскiм геолагам, якi часта бываў у гэтых месцах, таксама ж дружба ўзнiкла не выпадкова. Паважаў Едыгей вучоных людзей, якiя многа ведалi. Абуталiп таксама многа ведаў, але стараўся менш разважаць услых. Але была ў iх аднойчы размова сур'ёзная.

Вярталiся пад вечар з пуцявых работ. У той дзень яны супрацьснежныя шчыты ўстанаўлiвалi на сёмым кiламетры, дзе заўсёды заносы бушуюць. Хоць восень яшчэ толькi ўваходзiла ў сiлу, але да зiмы трэба было рыхтавацца раней. Так вось iшлi яны дахаты. Харошы, светлы вечар стаяў, схiляў да размовы. У такiя вечары саразекскiя ваколiцы, як дно Аральскага мора з лодкi ў цiхае надвор'е, ледзь угадваюцца ў смузе.

- А што, Абу, вечарамi, як нi прайду мiма, галава твая ўсё над падаконнiкам тырчыць. Пiшаш нешта цi рамантуеш - лямпа побач? - спытаўся Едыгей.

- Дык гэта проста ўсё, - ахвотна адазваўся Абуталiп, перакладаючы лапату з аднаго пляча на другое. - Пiсьмовага стала ў мяне няма. Вось як толькi мае вiсусы ўлягуцца, Зарыпа чытае што-небудзь, а я запiсваю, пакуль у памяцi, вайну i, галоўнае, мае югаслаўскiя гады. Час iдзе, былое адыходзiць усё далей, - ён памаўчаў. - Я ўсё думаю, што магу зрабiць для сваiх дзяцей. Кармiць, паiць, выхоўваць - гэта само сабой. Сколькi змагу, столькi змагу. Я прайшоў i перажыў столькi, колькi другому за сто гадоў не давядзецца, а я яшчэ жыву i дыхаю, не дарэмна, мабыць, лёс дае мне такую магчымасць. Можа, для таго, каб я што-небудзь сказаў, у першую чаргу, сваiм дзецям. I мне належыць трымаць адказ за сваё жыццё, таму што я нарадзiў iх на свет, я так разумею. Вядома, ёсць агульная для ўсiх iсцiна, але ёсць у кожнага сваё разуменне. I яно адыдзе з намi. Калi чалавек праходзiць кругi памiж жыццём i смерцю ў сусветным сутыкненнi сiл i яго маглi сама меней сто разоў забiць, а ён выжывае, то многае ён пасцiгае - дабро i зло, праўду i няпраўду...

- Пачакай, аднаго не разумею, - здзiўлена перапынiў яго Едыгей. - Можа, ты i правiльна гаворыш, але хлопчыкi твае яшчэ зусiм малыя, дзецi яшчэ, цырульнiка баяцца - што яны зразумеюць?

- Таму i запiсваю. Для iх хачу захаваць. Буду жывы цi не, нiхто не ведае наперад. Вось трэцяга дня задумаўся, як дурань, ледзь пад састаў не трапiў. Казангап падаспеў. Паспеў адштурхнуць. Ды як закрычыць, сварыўся страшна: няхай, кажа, дзецi твае сёння на каленях дзякуюць богу.

- I праўда. Я табе даўно гаварыў. I Зарыпе казаў, - загневаўся ў сваю чаргу Едыгей, каб такiм чынам яшчэ раз асцерагчы Абуталiпа. - Што ты ходзiш па пуцях, нiбы паравоз павiнен з рэльсаў зварочваць, дарогу табе ўступаць? Ёсць жа правiлы бяспекi. Граматны чалавек, колькi разоў можна табе казаць? Ты цяпер чыгуначнiк, а ходзiш, як на базары. Пападзеш яшчэ, не жартуй.

- Ну, калi такое здарыцца, сам буду вiнаваты, - змрочна згадзiўся ён. Але ты ўсё ж паслухай мяне, потым будзеш дапякаць.

- Ды я так, да слова, кажы.

- Некалi людзi дзецям спадчыну пакiдалi. Цi на добрае, цi на лiхое выходзiла з той спадчынай - калi як. Колькi кнiг пра гэта напiсана, казак, у тэатрах колькi спектакляў пра тыя часы, як дзялiлi спадчыну i што пасля было з нашчадкамi. Найчасцей - благое.

А чаму? Таму што спадчына тая чужым мазалём часцей за ўсё нажывалася, на чужых нягодах, на падмане, таму ў самым сваiм пачатку тоiць яна зло, грэх, несправядлiвасць. А я цешу сябе тым, што мы, дзякуй богу, не такiя. Мая спадчына не зробiць нiкому шкоды. Гэта толькi мой дух, мае запiсы будуць, а ў iх усё, што я зразумеў i вынес з вайны. Большага багацця для дзяцей у мяне няма. Тут, у саразекскiх пустынях, прыйшоў я да такой думкi. Жыццё ўвесь час адцiрала мяне сюды, каб я згубiўся, а я запiшу для iх усё, што думаю-гадаю, i ў iх, у дзецях сваiх, здзейснюся калi-небудзь. Таго, чаго не ўдалося мне, можа, дасягнуць яны... А жыць iм будзе цяжэй, чым нам. Дык няхай набiраюцца розуму ззамаладу...

Некаторы час яны iшлi моўчкi, кожны заняты сваiмi думкамi. Дзiўна было Едыгею чуць такое. Здзiвiўся ён, што можна, аказваецца, i так разумець сваю сутнасць на зямлi. I ўсё-такi ён вырашыў высветлiць тое, што яго ўразiла:

- Усе думаюць, дый па радыё кажуць, што дзецям нашым будзе жыць лепш i лягчэй, а табе здаецца, што iм давядзецца цяжэй, чым нам. Атамная вайна надарыцца, цi што?

- Ды не, не толькi таму. Вайны, можа, i не будзе, а як i будзе, то не хутка. I не пра хлеб гаворка. Проста кола часу круцiцца ўсё хутчэй. Iм давядзецца да ўсяго даходзiць самiм, сваiм розумам i за нас часткова адказваць. А думаць заўсёды цяжка. Таму iм будзе цяжэй, чым нам.

Едыгей не стаў удакладняць, чаму ён лiчыць, што мыслiць заўсёды цяжка. I дарэмна не стаў, пасля вельмi шкадаваў, успамiнаючы гэтую размову. Трэба было распытаць, выведаць, у чым тут сэнс...

- Я да чаго гэта кажу, - нiбы адзываючыся на сумненнi Едыгея, працягваў Абуталiп. - Для малых дзяцей дарослыя заўсёды здаюцца разумнымi, аўтарытэтнымi. Вырастуць, глянуць - а настаўнiкi, гэта значыць мы, не так ужо i многа ведалi i не такiя ўжо разумныя, як здавалася. З iх i пасмяяцца можна, iншы раз нават не вельмi дасведчанымi здаюцца iм састарэлыя настаўнiкi. Кола часу ўсё хутчэй i хутчэй раскручваецца. I, аднак, пра сябе мы самi павiнны сказаць апошняе слова. Нашы продкi iмкнулiся зрабiць гэта ў сказаннях. Хацелi даказаць нашчадкам, якiя яны былi вялiкiя. I мы мяркуем цяпер пра iх паводле iх духу. Вось i я раблю, што магу, для сыноў, што падрастаюць. Мае сказаннi мае ваенныя гады. Пiшу для сыноў мае партызанскiя сшыткi. Усё, як было, усё, што бачыў i перажыў. Прыдадуцца iм, як падрастуць. Але i акрамя гэтага ёсць задумкi нейкiя. У саразеках давядзецца iм расцi. Зноў жа, як падрастуць, няхай не думаюць, што на пустым месцы жылi. Песнi нашы запiсаў старадаўнiя, iх таксама потым не знойдзеш. Песня, як я разумею, - вестка з мiнулага. Укубала твая многа iх ведае, як выявiлася. I яшчэ абяцала прыпомнiць.

- Ну а як жа! Усё ж аральская родам! - адразу заганарыўся Едыгей. - А пець на моры добра. Мора, яно ўсё разумее. Што нi скажаш - ад душы ўсё i да ладу на моры.

- Праўда твая. Перачытаў надаўна запiсанае - амаль да слёз з Зарыпай не дайшлi. Як жа прыгожа спявалi даўней! Кожная песня - цэлая гiсторыя. Так i бачыш тых людзей. I хочацца з iмi быць душа ў душу. I пакутаваць, i любiць, як яны. Вось якую памяць пакiнулi пасля сябе. Я i Казангапаву Букей упрасiў успамiнай, кажу, свае каракалпакскiя песнi, запiшу ў асобны сшытак. Будзе ў нас каракалпакскi сшытак...

I так яны iшлi, не спяшаючыся, уздоўж чыгуначнай лiнii. Рэдкая гадзiна выдалася. Лёгка, як працяглы ўздых, замiраў супакоены скок дня той перадвосеньскай пары. Здавалася б, нi лясоў, нi рэк, нi палёў у саразеках, але згасаючае сонца было супакойным дзякуючы наўлоўнаму руху святла i ценю па адкрытым аблiччы зямлi. Няўлоўная, цякучая сiнява прасторы пераймала дых, узвышала думкi, выклiкала жаданне доўга жыць i многа блукаць думкай...

- Паслухай, Едыгей, - загаварыў зноў Абуталiп, успамiнаючы пра тое, што адклаў на пасля ў думках i да чаго павiнен быў вярнуцца пры выпадку. - Даўно збiраюся спытаць. Птушка Даненбай.

Назад Дальше