Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) - Автор неизвестен 5 стр.


Iдзе дарогаю Музыка,

Галаву на грудзi зьвесiў.

Ўсiх пытаўся, можа бачыў,

Можа чуў хто пра зладзеяў?

Але вечарам апошнiм

Навет вецер спаў, ня веяў;

Камары ў густых чаротах

Не снавалi ў змроку сiльля,

Навет слонка позьнiм лётам

Не абмыла сваiх крыльляў.

Толькi, сьвечку запалiўшы,

Сьветлячок адзiн, на дзiва,

Бачыў, з папарацi нешта

Як паўзло па сонных нiвах...

Яшчэ нешта бачыў вожык,

Але што? - i сам ня ведаў...

Распытаўся iх Музыка

I пайшоў на захад сьледам.

Доўга ён iшоў...

Аж бачыць:

Баразной iдзе Араты

I зь сяўнi шырокай сее

Жменяй чорныя зярняты.

Зацiкавiўся Музыка

I Аратага пытае:

- Што ты робiш гэта, дзядзька?

- Потам нiву засяваю...

Ды пытаецца ў Музыкi,

Скуль iдзе, зь якога краю.

На дарогу даў у торбу

Хлеба чорнага акраец.

Цэлы дзень iдзе Музыка,

Iзноў дзiва спатыкае.

Волат горы крышыць, ломiць

I з далiнамi раўняе.

Прывiтаўся зь iм Музыка,

Пра няшчасьце сваё кажа...

А на гэта хлапцу Волат:

- Я пайду з табою разам.

Пазаву Асiлка, брата,

На другiм канцы разоры

Ён сядзiць i днём i ноччу,

Ўе пяньковыя аборы,

Каб разьвесiць свае сiльлi

I за лета, i за восень

Зьнiшчыць птушак пералётных,

Што пустуюць нам калосьсе.

А ён хай паклiча Вяля,

Што стаiць каля папару,

Разганяе дратаванай

Пугай статак цёмных хмараў...

У запас набралi лапцяў

I кранулiся пад вечар

У далёкую дарогу,

Торбы ўськiнуўшы на плечы.

Падыйшлi да сiня-мора.

Мора дрэмле, серабрыцца.

Толькi аднаму Музыку

Ноччу месячнай ня сьпiцца.

Чуе, на шляху паднебным

Гусi дзiкiя гавораць

Пра цудоўную жалейку,

Пра бяду яго i гора.

Што на родных яго нiвах

I над Нёмнам яго слаўным

Ня чуваць нiякiх песьняў,

Не сьмяюцца людзi даўна...

I задумаўся Музыка...

Гусi крумкаюць-гавораць:

- За трохтысячнаю хваляй

Востраў ёсьць на сiнiм моры.

Цар задумаў справiць сьвята,

Мёд па чарах палiецца,

Будуць на зачараванай

Там iграць-сьпяваць жалейцы...

- I мяне з сабой вазьмеце...

Ды ня чулi гусi крыку.

Толькi збуджаная хваля

Пенай пырснула ў Музыку.

Частка чацьвертая

Да ўсходу сонца ўстаў Музыка.

Ў сэрцы непакой i скруха.

Хутчэй сяброў паведамiў ён

Аб тым, што ў выраi падслухаў.

Рашылi: трэба секчы сосны,

Хутчэй зьбiваць вялiкi плыт

I хоць-бы леты, зiмы, вёсны,

А на далёкi востраў плыць!

Шумiць бор цёмны, уздыхае;

Кiпiць работа, звон ударыў.

Гатова мачта смаляная,

На ёй з кашулi белы парус.

I толькi збуджанае сонца

Праменьнi кiнула над логам,

Плыт цiха па гладкой затоцы

Крануўся ў дальнюю дарогу.

Вяслуюць, толькi толку мала:

Прачнуўся раньнi вецер шэры,

Насустрач гонiць вал за валам

I зноў варочае на бераг.

- За цяжак плыт, - Асiлак кажа

Хай едзе Вяль адзiн з Музыкам,

Каб не зьмяла iх бура часам,

Няхай сябе прывяжуць лыкам.

А сам пайшоў на бераг з братам,

Дзе леглi на пясчаны ўзгорак

I проста ў твар вятроў кудлатых

Дзьмуць пачалi на сiня-мора.

I мора грозна застагнала,

I мора грозна загрымела,

Як горы, ўсьпененыя хвалi

Панесьлi плыт на грывах белых...

Мiнаюць днi, то ў моры тонуць,

То зьзяюць зноў агнём зары.

Глядзiць Музыка зь Вялем ў тонi

I на каралы, i на рыб;

На груду пэрлаў i каменьня,

На вадаростаў сьвет багаты

I на затопленыя лодкi

Купцоў, ваякаў i пiратаў.

Над галавой, пад аблакамi,

Арол ляцiць з ахрыплым клiчам:

Мо' ён спрачаецца зь вятрамi,

Цi ўбачыў сьвежую здабычу?

Ды адлятае без абеду

За вадзяныя горы-хвалi.

I толькi доўга яго сьледам

Глядзяць сябры - Музыка зь Вялем...

Гаворыць Вяль: - Здаецца, востраў

Вiдаць, а можа гэта сон?

Сьцяной залочанай i вострай

Абнесены з усiх старон.

Калi наблiзiлiся, бачаць:

Зусiм нязнаны край зямлi;

Куды нi глянь - дамы, палацы,

А ў порце - мачты, караблi.

Шумiць натоўп, шумiць, сьмяецца;

Па цэлым беразе пакатым

Вясельле хмельнае лiецца,

Вiдаць, што цар спраўляе сьвята.

Сядзiць сам высака на троне,

Сем чалавек трымаюць бруха,

Ў брыльлянтах, янтарах карона

Цяжкая зьехала на вуха.

А слугi сьпераду i ззаду

Кругом стаяць на пагатове,

Каб выпаўняць цара загады.

На белых на сталох дубовых

Нямала мёду, рыбы сьвежай,

Хлябоў, зьвяроў i птушак дзiкiх

З глыбiнь Палесься, зь Белавежы...

Аж не надзiвiцца Музыка!...

Гаворыць цар: - Пара сягоньня

Гасьцей маiх павесялiць...

I вось з паклонамi да трону

Падходзяць царскiя паслы.

- Зайграем, - кажуць яны, - тое,

Што самi гукi запяюць...

Аж анямеў Музыка з болю,

Жалейку ўбачыўшы сваю...

На цэлым беразе ўсё змоўкла;

Застыла - цiшыня нямая.

Ды ня чуваць чароўных тонаў...

Маўчыць жалейка, ня iграе.

Цар узлаваўся: - Вось дык штуку

Прынесьлi мне з чужога краю!

Няўжо-ж нiхто ня збудзiць гукаў,

Нiхто на ёй не заiграе?

Маўчаць. Спусьцiлi ўсе галовы.

I, калi цар другi раз клiкаў,

Наперад у лапцях лазовых

Зь кiйком працiснуўся Музыка.

Узяў жалейку i шчасьлiвы

Абцёр крысом сярмяжным з пылу...

На ўсе лады i пералiвы

Яна ў яго загаварыла:

То звонам жаваранка ў жыце,

То салаўiным сьвiстам чулым,

Трывожнай кнiгаўкай ў ракiце

I ў лесе шэраю зязюляй.

Пазьней зайграў, як жнеi пелi,

Як вецер шапацеў саломай,

Сiвыя хвалi Нёмну пенiў

I абарваў акордам грому...

А рэха ўсё яшчэ iграла

I толькi змоўкла ў нетрах бору

Тады, калi Музыка зь Вялем

Дабеглi ўжо да сiня-мора.

Схапiўся цар: - Хутчэй вярнiце,

Пагоню шлеце за пагоняй!...

Ды белай чайкаю ў блакiце,

З кашулi белы парус тоне.

Частка пятая

Гаварыў Асiлак брату:

- Глянь, дзе хвалi пенiць шторм,

Цi то грывай вал дзявяты.

Цi то зломаным крылом

Птушка, тонучы, махае?

- Не, ня хвалi там iграюць.

Ня крылаты ўзмах птушыны,

Гэта парус ў моры сiнiм!..

Кажа зноў Асiлак брату:

- Глянь на сонечны загар,

Быццам коней ляцiць статак,

З шумам, навальнiцай хмар.

- Эх, ня хмары i ня конi

Пеняць вадзяныя горы,

Гэта царская пагоня

Паказалася на моры!...

Стогне вецер, вые дзiка,

Круцiць хвалi валам шэрым.

Ужо бачыць Вяль з Музыкам

Бор стары, знаёмы бераг.

Яшчэ вёсламi ударыць!

Плыт урэзаўся ў пясок,

Мачта хiлiцца набок,

Зьвесiў крыльлi мокры парус,

Пырскi мора на iм зьзяюць...

Вяль Музыку так гаворыць:

- Мы гасьцей з-за сiня-мора

Безь цябе тут прывiтаем.

Хопiць iм сталоў-курганаў;

Мёдам абнясём лiповым.

Хай даруюць, калi п'яна

З плеч пакоцяцца галовы,

Або ў скоках пад нагамi

Трэснуць панцыры iх, шлёмы...

Ты-ж iдзi далей шляхамi,

Дзе над Нёмнам вербы дрэмлюць,

Дзе шумяць прасторы жыта

Ў залатым iмглiстым цьвеце.

I што бачыў, раскажы ты,

Перадай ўсiм на жалейцы.

Разышлiся. Вяль з братамi

Ловiць мора сiнi подых,

А Музыка йдзе шляхамi

На сустрэчу сонца ўсходу.

Вось ужо ў далiнах тоне,

Вось хаваецца за межы,

Толькi ўсё жалейкi тоны

Разьлiваюцца ў бязьмежжы,

А тым часам у затоку

Караблi ўсё прыбываюць,

I на бераг на шырокi

Цар з дружынай высядае.

Сам цар выступiў наперад,

Кажа: - Гнiцеся мне ў пояс!

Сплёў густым для вас я нерат,

Каб цягнуць да вадапою.

Лепей самi аддавайце

Мне Жалейку i Музыку,

А то з вашых плеч на лапцi

Надзяру мяккога лыку.

I рагоча ўся дружына.

Вяль гаворыць: - Што хвалiцца!

Паглядзiм лепш, хто ў далiне

Выстаiць цi ляжа нiцам...

- Што, няўжо на вас, на гэткiх,

Маёй сiлы будзе мала?

Iзноў разам цар i войска

I паслы зарагаталi.

А пасьля пайшлi ўсе ў наступ

Чорнай ненавiснай сiлай.

Вырваў Вяль дуб каранасты,

Пояс патужыў Асiлак,

Волат парасправiў плечы

I сустрэлiся з навалай.

Пачалi мясьцi i секчы

Толькi рэха застагнала.

Быццам жнiвам на iржышчы

Сноп на сноп - кладзецца сiла:

Цэлы дзень грымiць iгрышча,

Як стагi, растуць магiлы.

Наступае вечар сiнi,

Сонца ў хвалях мора тае,

Позна волатаў з дружынай

Разьдзялiла ноч глухая.

Цар хутчэй уцёк за мора.

Назад Дальше