Литаратурныя творы з казачными матывами (на белорусском языке) - Автор неизвестен 6 стр.


Вяль прылёг каля кургана,

Каб, як заснуць толькi зоры,

Зноў дамоў вярнуцца рана.

Сьпiць зямля. Смугою лiпкай

Цёплым ценем сон лiецца,

Толькi часам цiхай скрыпкай

Заiграе польны вецер.

Частка шостая

Ходзiць, нукае Араты,

Конь, залёгшы, цягае шчыра;

I сярэбрацца нарогi

Ад пяску сырога жвiру.

Часам сталь скрабне палiцу,

Часам iскрай пырсьне крэмень...

I хаваюцца пад дзёрнам

Пiкi, панцыры i шлёмы,

Трупы царскiх слуг, ваякаў...

Колькi Вяль з братамi выбiў!

Колькi сiл варожых зьнiшчыў!

- Ну, раўней лажыся ськiба!

Зааром, забарануем,

Сыпнем ядраны насевак,

I запеняцца ўраджаi,

Закалышуцца напевы...

Толькi дзень замiтусiўся,

Вяль прачнуўшыся, гаворыць:

- Што за дзiва? - дзе нi глянеш

Ськiбы чорныя, разоры:

I на захад, i на поўнач

Без канца яны бяз краю;

Там, дзе бой кiпеў учора,

Навет месца не пазнаеш...

Сонца залатой пагодай

Дываны жытоў абмыла.

Сеў Музыка каля броду,

Пад бярозаю пахiлай.

Думы думае маркотны:

Цi жыве дзе Вяль з братамi?

Можа хмарай пералётнай

Цi вiхурамi-вятрамi

Мые косьцi iх на нiвах,

На прасторах, на шырокiх,

Дзе ўсе песьнi - шум прылiву

I марскi салёны рокат.

Лятучы з краёў заходнiх

Воран, кружачы, гаворыць:

- Ой, лягло нямала войска,

Войска царскага з-за мора...

I ў раку ён нешта кiнуў.

Паглядзеў Музыка ў тонi:

Зьзяе там красою дзiўнай

Камень, выдзерты з кароны...

I вясёлкамi зазьзялi

Воды сiнiя, здаецца,

I зноў тоны заiгралi

Ў зачарованай жалейцы

Цiхiм шэпатам крынiчным,

Шумам трысьнiкоў зялёных,

Медным коласам пшанiчным,

Васiльковым звонам лёну,

Рэхам збуджаным, вясёлым,

Даўняй казкай над калыскай...

I здаецца - нiвы, сёлы

Нехта гукамi апырскаў...

А кругом красуе лета,

Дрэмле вецер ў полi роўным;

Сонца сьпелаю ранэтай

Налiваецца над Нёмнам.

Максiм Танк

ЕХАЎ КАЗАЧНIК БАЙ

- Ехаў казачнiк Бай

Цераз сёлы i гай.

Баiць цi не?

- Бай!

- Ён пытаўся ў мяне:

- Што даць дзецям у сьне?

Баiць цi не?

- Бай!

- Я прасiў: дзецям дай

Казку-песеньку, Бай!

Баiць цi не?

- Бай!

- А найлепшую зь iх

Дам для самых малых.

Баiць цi не?

- Бай!

Тым хто любiць мяне

I хто першы засьне.

Баiць цi не?

- Не!

Максiм Танк

ДУДАР

Памёр стары Дудар, вясковы музыка, i душа яго, узяўшы дуду за пазуху, пашла ў неба.

Падыйшоў ён да неба - глядзiць: зачынена.

- Ну, - думае, - сьпяць.

Сеў на калодачку каля брамы i чакае дня. Доўга сядзеў, i стала яму маркотна. Дастаў з-за пазухi дуду, папрабаваў пiшчык i давай па-маленьку iграць. Пярвей цiха, пасьля ямчэй, а там i падпяваць пачаў.

- Хто там?

- "Мабыць сьвяты Пётра", - падумаў Дудар, але адказвае сьмела: - Я!

- Хто - "я"?

- Дудар!

- Чаго глотку дзярэш?

- Саўсiм не дзяру, - пяю.

- Каб цябе... А чаму-ж гэтак позна прыйшоў?

- Нiяк нельга было раней: памёр пад самы вечар.

- Пад вечар? - зьдзiвiўся за брамай. - Дык на добры лад табе трэба было-б яшчэ на палавiне дарогi быць.

- Ага, сьвяты Пётра. Я дасужы - Беларус, ведама.

- А адкуль ты? З-пад Барысава?

- З таго боку.

- А зь якой вёскi?

- Дык хоць i скажу табе, ты-ж усё роўна ня ведаеш.

- Кажы, кажы, я ўсё ведаю.

Сказаў Дудар i вёску.

- Як тваё iмя? - дапытваў далей голас.

- Янка.

- А па прозьвiшчы?

- Дудар.

- Ну, добра, Янка Дудар, пакуль разьвiднее, пасядзi каля брамы, ды глядзi не гаманi тут.

Стаў Дудар дня чакаць. Сядзеў, сядзеў, iзноў маркотна зрабiлася, да таго-ж перад ранiцай холадам пацягнула, хоць гэта i летам было. Iзноў дастаў ён сваю дуду, чуць-чуць наiгравае, каб за брамай не пачулi.

Зiрк - а на частаколе нейкiя галоўкi паказалiся: адна, другая, трэцяя... Анёлчыкi.

- Слухайце, слухайце, - кажа адзiн,- вось хораша iграе!

Тут ужо Дудар ня вытрымаў i пачаў iграць на ўвесь голас.

- Ах, як хораша! Вось хораша! I што гэта за музыка такая? - дзiвуюцца анёлчыкi.

- Гэта барысаўская, - сказаў Дудар.

Раптам загрымелi ключы ў замку, i адчынiлася брама.

У браме стаяў нябесны ключар, сьвяты Пётра.

- Дудар!

- Чаго?

- Пойдзем!

А на небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў музыка зь Беларусi i дужа хораша iграе на дудзе. Дайшло гэта i да Самога Бога, каторы, выйшаўшы з пакояў, сеў на ганку прахаладзiцца: за работу ня браўся дзеля таго, што нядзеля была.

Не пасьпелi Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькi не такi, як папярэднiя - маленькiя, у белых кашульках, зь белымi крыльлечкамi, а вялiкi ў сярэбранай адзежы.

- Янка Дудар! - сказаў пасланец.

- Што, паночку?..

- Праўда, што ўмееш iграць?

- Праўда!

- А пайграў-бы?

- А чыму-ж не пайграць! Перад кiм?

- Перад Богам Сьвятым!

Пачухаў Дудар патылiцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы народ сьмелы.

- Пайграю, - кажа.

- Ну, дык пойдзем, - кажа анёл.

Пайшлi. Анёл сьпераду, Янка ззаду. Глядзiць, дзiвуецца.

Абапал дарогi сярэбраныя хаты, а жывуць у iх сьвятыя. У канцы вулiцы пабачылi самога Бога, каторы сядзеў на ганку i чакаў.

Дудар далiкатненька пакланiўся - быў ён чалавек бывалы i ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кiўнуў галавой.

А кругом ужо сабралiся анёлы - малыя i вялiкiя, арханёлы ў залатых i сярэбраных адзежах, сьвятыя i проста так справядлiвыя душы - мужыкi i бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасьцi, i ўсе хочуць паслухаць музыкi.

- Ну, Дудар, - сказаў Бог, - iграй.

А Дудар iзноў пакланiўся i кажа:

- Пакорна клакяюся Вяльможнаму Пану Богу i выбачайце, што я спытаю: цi няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскiх, толькi, каб з маладых?

- А нашто табе?

- Пад танцы iграць лаўчэй.

Усьмяхнуўся Бог i даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнулiся, кажуць:

- Знайшлi двох барысаўцаў, толькi дужа старых.

- Старыя няздатны, - сказаў Дудар, - не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды-ж падзелiся маладыя? I маладыя-ж iншы раз памiраюць.

А сьвяты Юр'я на гэта кажа:

- Маладых трэба ў чысцы шукаць.

- А i праўда, - сказаў Дудар, - ня йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы. На маей памяцi сколькi таго народу перамёрла: Мiкiта Гарбуз - той, што ад гарэлкi задохся, Сьцяпан з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалi, Арцём Лыка з-пад Зембiна i Антось Прычэпка з-пад Дзядзiлавiч, - добрыя танцоры былi: прыбiлi iх на iгрышчах.

Дудар доўга-б яшчэ вылiчаў памёршых маладымi барысаўцаў, але Бог кiўнуў рукой:

- Iграй!

- Якую?

- Якая лепшая. Вясёлую!

- Вясёлую, дык вясёлую.

Настроiў Дудар пiшчыкi, надуў мех, заграў.

Добра цi дрэнна iграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захвацiла ў яго дух ад радасьцi, што годзен стаўся iграць перад самым Богам.

Толькi, калi кончыў, бачыць - Бог кiваець галавой: здаволен. А анёлы i сьвятыя, дык тыя не нахваляцца.

- Ах, як добра! Во дык добра!

I калi Бог пайшоў у свае пакоi, яны пачалi прасiць Дудара, каб яшчэ пайграў. Пасьля папяяў. А музыка i рад гэтаму: iграе ды пяе так, што па ўсiм небе гул раздаецца. Слухалi, слухалi справядлiўцы, а пасьля i самi пачалi падпяваць - сьпярша ў паўголаса, а пасьля i ад Дудара не адстаюць:

Ох, ты дудка мая,

Ух-я!

Весялi ты мяне,

Ух-я!

На чужой старане,

Ух-я!

Пяюць усiм небам, падбiваючы ў далонькi.

Праходзiў мiма сьвяты Язэп. Глядзiць, што за дзiва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлiвыя душы нябесных сьпеваў, сядзiць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы - мужчынскiя i жаноцкiя - хорам адхватваюць сьвецкiя песьнi.

- Матухна Ты Сьвятая! - крыкнуў сьвяты Язэп, схапiўшыся за галаву, i пабег да сьвятога Пётры.

А туды якраз прыходзiць i сам Арханёл Гаўрыла, гэтак сама жалiцца.

- Так i так, - кажа. - Нiхто ня хоча вучыцца нябесных сьпеваў; усе пяюць беларускую "дудку". Дудар вучыць. Што рабiць?

Выйшаў Пётра на вулiцу, прыслухаўся, - праўда: па ўсiм небе лунаюць беларускiя песьнi.

- Гэтага нельга дазволiць, - кажа тады сьвяты Пётра арханёлу Гаўрыле. - Цi не паклiкаць нам сюды Дудара?

- Можна.

Назад Дальше