Пошуки будучыни (на белорусском языке) - Кузьма Черный 33 стр.


Гэта там сабраў iх усiх сумлiчанiн Кастусь Лукашэвiч, а ў гэтага Лукашэвiча дачка, малая яшчэ, у лагеры сядзiць. Цяпер там, пад Сумлiчамi, немцы салдат больш наслалi i вынюхваюць усе норы, каб напасцi на след. Дык яны, тыя сумлiчане, сюды падбiраюцца, тут быццам вальней. Вось i раскiдай розумам як хочаш. Яны далi мне так ведаць. Калi я захачу яшчэ з iмi пагаварыць, то на Вялiкiм скрыжаваннi трэба толькi знак iм падаць, а знак такi: трэба там пад вялiкiм дрэвам тры разы засаб зрабiць што-небудзь такое, чаго сталы чалавек нiколi не робiць, i чакаць, пакуль хто-небудзь ад iх абзавецца. Але мне сказалi: пасябруюцца яны з намi толькi тады, калi ў нас кулакi здаровыя знойдуцца. А так, калi толькi каб пабедаваць - дык яны i гаварыць не будуць.

- Дык гэта i добра. Iдзi туды, зрабi там пад дрэвам, чаго добрыя людзi не робяць, i скажы, што я ведаю, з якога боку i калi падысцi да лагера. Я павяду ўсiх. Няхай iдуць сюды, адгэтуль блiжэй i зручней. Я пайду i прывяду сюды людзей. I мы тут спаткаемся, каб разам iсцi на Перабродскую Злыбяду.

- Добра.

- Я толькi падрамлю тут, i заўтра зранку разыдземся кожны ў свой бок.

- Ну, а Лiзаветы нiдзе так i не чуваць?

- Няма.

- Божа мой найвышшы, як жа так брыдка павярнулася ўсё.

- Чакай, давай лепш паямо з мае торбы i падрэмлем. Дзе тут каб зацiшней.

Тамаш страсянуў сваю торбу на руцэ i ступiў крокаў тры ў гушчар. I адразу спынiўся як аслупянелы. Там сядзеў малады абарванец з вялым позiркам. Каб не празмерная хударлявасць яго твару i каб не смуглявая загарэласць Тамашовага твару, можна было б адразу сказаць, што яны аднагодкi.

- Што ты тут робiш, хто ты?! - абрывiста i моцна сказаў Тамаш.

Абарванец паволi крутнуў направа i налева галавой, i за яго адказаў Сымон Ракуцька:

- Божа мой, я забыўся, што ён тут сядзiць, а мы ўсё гаварылi!

- Хто ён такi?

- Каб жа я ведаў. Дарогаю iшоў. Паспаць папрасiўся.

- Гэта ж не хата, што каб начаваць прасiлiся! Хто гэта ў каго просiцца спаць пад куст!? Э ты, ну абзывайся, не маўчы, кажы, хто ты такi?!

- Есцi дайце, - сказаў невядомы.

- На табе хлеба i сала, - Тамаш падсунуў яму яду, - але кажы, хто, адкуль? Куды цягнешся, да каго? Каму служыш? Каму служыш, немцам цi людзям? Ну, чаго ж ты жуеш моўчкi?! (Тамаш падняў кулак.) Расказвай усё чыста! А то зараз больш не дажджэш на зямлi сядзець! Калi што ўтоiш - на месцы палажу! (Тамаш выцягнуў з кiшэнi пiсталет.) Спавядайся!

Малады абарванец зварухнуўся. Па яго твары пайшла хваравiтая грымаса. Ён наморшчыў лоб i пачаў:

- Я ўсё чуў, што вы памiж сябе гаварылi. Я ведаю, хто вы, i кажу вам: i я ненавiджу тое i таго, што i каго вы ненавiдзiце. Але я скончу есцi i тады пачакаю i раскажу ўсё пра сябе. Бо я так згаладаўся i аслабеў, што ледзьве сядзець магу, нi тое, каб доўга гаварыць.

- Так i кажы, што гаварыць не хочаш!

- Не, не, я сам хачу паспавядацца, тады з мае душы спадзе цяжар, якi душыць мяне.

- Скажы коратка: па кiм-небудзь у цябе душа балiць?

- Па самiм сабе.

- I нiкога ў цябе няма? - выйшаў з панурасцi Сымон Ракуцька.

- Няма.

- Дзе ж ты ўсiх патрацiў?

Той маўчаў. Тамаш стаяў над iм i не спускаў з яго вачэй. Сымон Ракуцька пачуваўся так, быццам зараз лясне над iм гром. Малады абарванец так увайшоў у сябе i думкамi сваiмi i пачуццямi, што, здавалася, ён i позiрк вачэй сваiх паставiў у сярэдзiну самога сябе. Вочы яго i сапраўды ў гэты момант глядзелi самi ў сваю глыбiню. Пачалося маўклiвае чаканне. Невядомы раптам iрвануўся: на ногi, адзiн момант пастаяў i сеў на паваленае дрэва. I як толькi сеў, з першай жа секунды пачаў гаварыць:

- Я завуся Люцыян Акаловiч. Спавядаюся вам ад сэрца, бо можа я ў свае двадцаць год ужо дажываю апошнiя днi свайго жыцця. Я радзiўся там, дзе i вырас, гэта дробны фальварак памiж Клецкам i Нясвiжам, блiжэй да Клецка. Гэты фальварак мой бацька арандаваў з дзевяцьсот дваццаць першага года.

А ў дваццатым годзе мой бацька, разам з маею, цяжарнаю мною, маткаю, выехалi туды, пад Клецак, следам за польскiм войскам, якое адыходзiла з усходняй Беларусi на захад. Мой бацька пакiнуў пад Бабруйскам свой невялiкi маёнтачак, дзесяцiн на сто. У гэтым маёнтку датуль i праходзiла яго жыццё. Мой бацька меў многа польскiх грошай i каля Клецка адразу заарандаваў фальварак, мог бы яго i купiць, але ён меў думку, якая не дазваляла яму рабiць гэтага. Думка яго была такая, што ён належаў да тых небагатых землеўласнiкаў, якiя былi ў блiзасцi з вялiкiмi тутэйшымi зямельнымi магнатамi цераз польскую думку. Спачатку гэтая думка была такая, што Польшча павiнна быць ад мора i да мора. А калi прыйшлося ўсiм выехаць на выгнанне ад бальшавiкоў, то думка гэтая стала такой: ад мора да мора як сабе там хоча, а самае важнае, каб Польшча стала шырэй - ад Нясвiжа да Бабруйска, каб хоць так, тады можна будзе вярнуцца ў свае маёнткi. Тады пачалася мара аб пашырэннi Польшчы на ўсход хоць на малую разлегласць. Арандуючы фальварак пад Клецкам, мой бацька толькi i думаў, што аб звароце ў свой маёнтачак. А дзеля гэтага iдэя пашырэння Польшчы на ўсход стала яго як бы мэтай у жыццi. I ўсё сваё жыццё ён гэтага чакаў. Раней ён проста жыў, а з гэтага часу пачаў ненавiдзець усё, што не польскае. Радзiўся i пачаў расцi я. Мне бацька i прышчапiў свае жаданнi. Яго думкi сталi маiмi думкамi, калi я даростаў ужо да свайго юнацтва. Я вырас з думкаю: калi-небудзь адбудзецца паход на ўсход i Польшча асталюецца па ўсёй усходняй Беларусi. А з слова "Беларусь" мы смяялiся. Нiякай Беларусi няма, а ёсць Польшча! Гэта была i мая вера. Я скончыў гiмназiю i праходзiў факультэт у Вiленскiм унiверсiтэце i мог стаць высокаасвечаным юрыстам, ды шчасця не было ў душы маей. Бо я вечна думаў пра тое, што недзе каля Бабруйска ёсць месца, якое чакае мяне i дачакацца не можа i што там гучыць мова такая, якая там ёсць, i гэта маё няшчасце, бо мне трэба, каб там анiчога (нават i шум ветру) не чулася, а толькi каб з таго месца, а не з Варшавы каб гучэла толькi польская мова. Я любiў той фальварак пад Клецкам, але ён жа быў i маёй атрутай. Там ёсць нiзкае i шырокае дрэва, клён, якi ўрэзаўся ў маю душу змалку, але i ён мне здаецца нечым несапраўдным, хоць мне i цяжка ведаць, што можа ўжо я нiколi там не буду i гэтага дрэва не ўбачу. "Усё гэта так сабе, а сапраўднае там, на ўсходзе, дзе павiнна стаць Польшча". Так мне здаваўся ўвесь свет, i я жыў як сярод прывiдаў i зданяў. Тым часам у нас пачалося расчараванне, бо нiякага паходу на ўсход не было, а годы iшлi, i мой бацька стаў старым чалавекам. Мы пачалi думаць супроць нашага ўрада, бо ён яшчэ ўсё не скамандаваў войску рынуцца на ўсход. А тут з'явiўся стары афiцэр пагранiчнай службы Палiводскi, якi дзеля сваiх мэт перавёўся з усходняй гранiцы на гранiцу з Германiяй. Мэты яго былi такiя: ён быў у змове з нямецкiмi агентамi i стаў завярбоўваць нашу моладзь для ўдзелу ў тым паходзе на ўсход, якi падрыхтоўваўся ў Германii. Служачы на германскай гранiцы, ён сам накiроўваў нас у Германiю праз гранiцу, а там нас аддавалi ў школы шпiёнаў, змоўшчыкаў, агiтатараў i дэсантнiкаў. Я пайшоў на гэта вельмi ахвотна, мой бацька благаславiў мяне ў дарогу i сказаў, што Палiводскi не якi-небудзь адзiнокi авантурыст i што яго добра ведае нават такая высокая асоба, як мiнiстр Бэк. Адным словам, я пакiнуў, як цяпер сам бачу, бацьку i матку, клён у фальварку i замiлаванасць да навукi ў Вiленскiм унiверсiтэце, сваю маладосць i жыццё будучае маё ў сталасцi, сцiснуў зубы i рынуўся, як мы ўсе думалi, насустрач нашай будучынi, якую мы спадзявалiся знайсцi, трымаючыся за абцас нямецкага бота. Палiводскi быў нашым шэфам. Ён наведваў нашы школы i казаў нам, што служыць Германii цяпер - гэта значыцца, дбаць аб Польшчы. У тыя часы ён ужо зусiм пакiнуў службу ў польскiм войску, а служыў i жыў недзе ў самой Германii.

Назад Дальше